Навошта адкрываць вінтажую краму мэблі ў Менску?
– Прывезці вінтаж у Беларусь – мая з сябрамі шматгадовая мара. Панабывалі, панабудавалі сабе маёнткаў у сталым веку ды захацелі іх цікава абставіць. А вось з цікавай мэбляй у Беларусі амаль ніяк.
У Даніі ці Галандыі ў кожным райцэнтры кшталту Мядзеля існуе па тры крамы, як нашая, а ў Менску не было ніводнай. Жданы даўно ўжо здзьмуліся, зніклі кудысьці камісіёнкі. Раней колькі іх было, а засталася адна, і то там палова – новае з ДСП. Яшчэ ёсць падазрэнне, што там склалася нейкая мафія, якая забірае ўсё цікавае. Як ні хочаш купіць што-небудзь – або яшчэ не аформлена, або ўжо прададзена.
У крамах у нас усё аднолькавае. Калісьці глядзеў артыкул на анлайнеры «Што можна арандаваць за 500 рублёў». Знайшоў 30 аднолькавых кватэр з тымі самымі горкамі, сценкамі, эмдээфнымі кухнямі. Альтэрнатыва – нешта шалёна дарагое.
Хацелася, каб мае творчыя сябры, такія як я, маглі што-небудзь тут зачапіць. Яны не могуць аддаць 2 000 еўра за канапу, а 200 еўра адшкадаваць – могуць. Атрымаўся фармат барахолкі, які хутчэй для душы, чым для бізнэсу.
Адразу я думаў назваць гэта крамай-музеем, бо дзе ў Беларусі яшчэ ўбачыш жывы прыклад стылю ар-нуво, ці дызайн Старка. Да нас нават прыходзілі хлопцы з izdereva.by пасля працы, каб проста памацаць-паглядзець, як усё зроблена.
Як арганізавалася крама?
– Мы спрабавалі прыватны шлях: ганяць мікрааўтобусамі з маленькімі партыямі. Але з беларускай мытняй так не спрацуеш. Я тады ехаў са смелым чалавекам, які павёў нас праз зялёны канал, маўляў, па дробязі ўсяго, прарвемся. Але калі мытнік убачыў, што мы вязем 18 кубоў мэблі, дык ахранеў: «на выхад», «канфіскацыя». Але неяк дамовіліся, нас загналі ў чырвоны калідор – у рэшце рэшт атрымалася дорага і па нервах, і па коштах: усю ноч на мытні і па 4 еўра за кілаграм вагі. Больш мы на такое не падпісваліся. Да і абмяжоўваць сабе памерам гаражных кантрабандзістаў нецікава. Зладзіць гэтую краму атрымалася толькі з дапамогай магутнай кампаніі-інвестара: НДЦ “Магістр”.
І як тады вы арганізавалі бізнэс?
– Інтэрнэт-краму з перадзамовай мы адмялі адразу. Што гэта за барахолка? Трэба ж прыйсці, памацаць, само наведванне такіх месцаў – прыгода. Ebay – гэта іншы фармат, яго аналагі ёсць у Беларусі (Kufar, Onliner, Ay.by). А афлайну не было. Хаця інтарнэт-крама ў нас ёсць, гэта абавязковая ўмова, сучасны стыль ужывання для моладзі. Але гэта ўсёж дадатак да сапраўднай афлайнавай крамы.
Праз тры гады выспявання ідэі знайшоўся інвестар, у якога ёсць грошы і жаданне рабіць нешта цікавае, таму што жыць цікава. У яго вялікая кампанія са шматлікімі патрэбнымі нашаму бізнэсу адмыслоўцамі: юрыстамі, лагістамі, дэкларантамі. Нашыя найменні сталі проста купкай у лісці яшчэ шмат чаго, што ў гэтых фурах катаецца. Дапамога моцнай кампаніі, якая возіць шмат грузаў, стала вырашальнай. Гэта іншая плынь, да яе па-іншаму ставяцца мытнікі. Складанасці ўсё адно ёсць, аднак мы працуем усё лепей і лепей. Зараз за тры месяцы мы ўжо выйшлі на ўзровень самаакупнасці, але без падтрымкі мы б гэта не здолелі.
Адкуль пайшоў трэнд на вінтаж і ці адчуваецца ён у Беларусі?
– Людзі не хочуць новага, і гэта сусветны трэнд. Нават пры тым, што ў іх ёсць свая крутая і цікавая вытворчасць. Усе Амерыкі, Азія (Кітай, Японія, Інданэзія), Еўропа хочуць старую мэблю.
Старое не старэе. Калі ты набываеш сёння новае, яно заўтра з’яўляецца ва ўсіх. А гэта ў адзіным экзэмпляры. Глядзеў нядаўна калекцыю нейкіх кубічных бліскучых італьянскіх тумбаў. Каштавалі 2 000 еўра, модна было. А зараз не модна, і модным не будзе яшчэ доўга. Я вось ненавіджу гэты бляск новай мэблі. Старое набыў, сеў і адчуваеш: маё. А тут хвалюешся пра кожную пляму.
«Інтэрнэт-краму мы адмялі адразу. Што гэта за барахолка?»
Потым, усё новае ў Еўропе – дарагое, бо на стварэнне працуе армія дызайнераў і канструктараў, укладаюцца інвестыцыі. Каб набыць сучасную дызайнерскую мэблю, трэба быць вельмі багатым. Такі вось сучасны буфет каштуе 10 000 еўра. А можаш тое ж набыць у «Ікеі», але будзеш такім, як усе.
У Беларусі трэнд таксама ёсць. Кожны дзясяты да нас прыходзіць і кажа: «О, гэта ж мая мара! А як вы гэта робіце?» То-бок шмат людзей хацела б займацца вінтажнай мэбляй, і гэта зразумела. Яе адсутнасць – гэта як узяць і вырубіць нейкую частку культуры, як забараніць, напрыклад, калекцыяніраванне. Гэтую краму варта было адкрыць, проста каб выйсці на пэўную ступень свабоды.
Адкуль прыязджае вашая вінтажная мэбля?
– Канцэпцыя была ў тым, каб прывозіць з Еўропы. Мае пастаўшчыкі – з Галандыі і Даніі. Гэта дазваляе стварыць цалкам эклектычную падборку: ад антыкварных галандскіх ды бельгійскіх стыляў, да больш сучасных скандынаўскіх. Пастаўшчыкі – гэта не маленькія крамы, гэта вялізны бі-ту-бі з магчымасцю выбара і нізкімі аптовымі коштамі. У маіх партнёраў пад 4 000 м2 ангар, паўнюткі ўсякага вінтажу. З вуліцы туды не трапіш.
Беларусь – гэта для іх незразумела складаная тэрыторыя. Столькі папер, маніпуляцый. Але вось склаўся кантакт і працуем. Мы ім падарылі вагі. Іх за 40 год працы ніхто не прасіў узважваць і апісваць кожны кубачак, які каштуе 40 цэнтаў. Не кожны гандляр пагодзіцца на такое.
Шмат народу пытаецца, а чаму няма нашага савецкага, бо старое ж. Па-першае, не лічу савецкае за наша. А па-другое, так а няма там цікавых стыльных праектаў. Навошта браць дээспэшную савецкую шафу? Там жа людзей лічылі ледзь не жывёламі, для іх нічога прыгожага не рабілі. Было ў 50-х трошачкі выбару: 5 буфетаў розных – і ў пасляваенны час нешта трапляла з ГДР ды Чэхаславакіі. Але яно ўсё другаснае: гэта спрошчаныя копіі таго, што адбывалася ў Італіі у 50-60-х, а потым выбухнула ў Скандынавіі ў 60-70-х. Навошта такое ставіць?
Як выбіраецца тавар?
– Складана было абіраць першы раз асартымент. Артур Клінаў, які звычайна аперыруе дакладнымі лічбамі, у якасці жарту падлічыў, што ў мяне 135 700 кліентаў. Трэба было абстрагавацца ад свайго густу, падумаць пра гэтыя 135 тысячы і ўявіць, што ім падыдзе.
Тады я браў усё, нават тое, што мне не падабаецца. Я проста прасіў галандцаў падабраць, бо ў іх ёсць вопыт працы з Расіяй, Грузіяй, Украінай – ужо крыху ўяўляюць густы. Для мяне, напрыклад, вось гэтая італьянская кераміка Capodimonte з ружамі – гэта жудасная папса. А галандцы мне кажуць: «Бяры, з рукамі адарвуць». Ну і вось, скончылася ўжо.
Мне падабаюцца мастацкія рухі, якія чапляюць і прыкладное мастацтва. Вось і абіраю прадметы, у якіх увасобілася пэўная плынь: ар-дэко, ар-нуво, мінімалізм. Мне падабаецца пачатак 20-га стагоддзя, лічу, што гэта быў сапраўдны залаты век. Як дызайнер я пруся ад баўхаўзу 30-40-х, потым – скандынавія. Зараз мы шмат завезлі скандынавіі 70-х, бо гэта ўсё-ткі трэнд. Дарагавата, канешне, будзе, бо за гэтыя рэчы мы канкурыруем з Амерыкай і Японіяй, якія ад гэтага стылю шалеюць і грошы не лічаць.
За які кошт можна зашопіцца ў краме?
– Мы робім кошты максімальна даступнымі. Можна было б зрабіць такі рускі фармат – антыкварны буцік, дзе ўсё залатое, дарагое і прадаецца раз на квартал. Прадаваць адну камоду, якая мне нават не падабаецца, раз на тры месяцы якой-небудзь партыйнай эліце? Мне гэтага не хацелася. Ну і рэальны антыкварыят – маральна цяжкі, для яго кватэра мусіць быць нейкай асаблівай, і ты мусіш быць такім. А вінтаж можна камбінаваць, спалучаць баўхаўз са скандынавіяй або ар-дэко. З ім можна вольна пачувацца, а не хадзіць з прамой спінай.
Мае літоўскія сябры накручваюць дзесьці ў 3 разы. Хацелася, каб у нас, з улікам мытні, кошты былі не большымі. Нашыя кліенты – простыя людзі з арт-тусоўкі, цану не заломіш. Я добра разумею, што вось мастак(-чка) атрымаў(-ла) ганарар і хоча сябе нечым пацешыць. І гэтая асалода знаходзіцца ў тым, каб палазіць сярод драбязы, якая і за 50 рублёў сублімуе табе шчасце. А вось яшчэ прыклад: стол 19 стагоддзя ( у нас з 19 стагоддзя мо тры рэчы на ўсю краму). Я набыў яго на свае грошы, у нашай майстэрні мы вывелі яго з вельмі кепскага стану, і мне неверагодна падабаецца, што гэтую рэч я магу прадаць беларусу за 400 рублёў.
Што набываюць звычайна?
– У выніку ўсё набываюць. Усё знойдзе свайго чалавека. Тая ж скандынавія – гэта рызыкоўна. Мы прывозілі з Даніі разведкавую партыю, яе разабралі ўмомант.
А яшчэ ёсць традыцыі. Гэта не нейкія мастакі з сусветных выстаў, якія вынаходзілі сацыякультурныя рэвалюцыі ў сваім дызайне, а простыя народныя стылі. Іх такімі шмат гадоў таму прыдумаў нейкі сталяр. Напрыклад, rifle cabinet – шафа для стрэльбаў. Ну якія стрэльбы зараз? Так, куртачку павесіць. Але стыль – ну натуральна rifle cabinet. Або вось так званы milk cabinet, як у нашых бабуль, скалочаны з пяці дошак для бідонаў малака. Ва усіх крутых інтэр'ерах будзе такі стаяць.
«Людзі не хочуць новага, і гэта сусветны трэнд»
Пакупнікі вельмі розныя. Мы спачатку ўсё пачалі марафеціць, а потым зразумелі, што не трэба, што ёсць нармальныя кліенты, якія хочуць плаціць за гэтую пацёртасць.
Прыкольна, што бяруць некамплектныя штукі. Антыквары ведаюць, што каштоўнасці дадае камплектнасць. А ў нас прывязеш 4 крэслы, а разбяруць па адным. Захапляюцца так, што хочуць узяць хоць што-небудзь.
Шмат чаго прывозілі, што шкада было прадаваць. Але ўсё сабе не забярэш. Ставіць няма куды, ды грошай таксама няшмат, тут мы добра разумеем сваіх кліентаў.
Якая будучыня ў вінтажнай крамы ў Беларусі?
– Мы пакуль выйшлі на ўзровень нейкай надзейнасці і акупнасці, можам сабе дазволіць выдаткі. У ідэальнай сітуацыі, напэўна, рабіў бы так, як яно ёсць на развітых рынках. Сегментаваў бы па стылях. Ёсць свае плюсы ў гэтай эклектыцы, але зусім іншае адчуваеш, калі ідзеш у краму ар-дэко, дзе кожная дробязь выканана ў адным стылі.
Але гэта ўжо пэўны ўзровень насычанасці рынку і ўзровень спажыўца. Таму пачнем з заніравання на нашай пляцоўцы, каб не стаялі розныя аб’екты на адным рагу і можна было адчуць розныя стылі і ўявіць сабе інтэр’ер.
Зараз спрабую завезці мастацтва, бо сцены высокія, дазваляюць. Хачу знайсці нейкі цікавы канцэпт, бліжэй да барахолкі, каб не ператварацца ў галерэю. Пакуль што салянка: ёсць вядомыя мінскія мастакі, побач галанскія пейзажы, танныя студенцкія працы з нашай Акадэміі. Зараз у нас можна набываць і мастацтва і музыку. Вырашаем з букіністыкай.
«Ну якія стрэльбы зараз? Так, куртачку павесіць. Але стыль – ну натуральна rifle cabinet»
Таямнічая супольнасць менскіх музычных імправізатараў напярэдадні вялікага канцэрту распавядае аб сваім прынцыпе руху ў музыцы і жыцці.
Пазбегнуць канфліктаў, але не закрыцца ў «бурбалцы».
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.