Вільнюс ад інсайдара: інтэрв’ю з Кірылам Атаманчыкам
- Рубрыка: ІНТЭРВ'Ю
- 09.11.2018
- 8980
У Вільнюс мы ганяем хіба не часцей, чым на лецішча. Але нават той, хто аблазіў горад уздоўж і ўпоперак, не зраўняецца з тутэйшымі ва ўменні спасцігнуць яго сутнасць. Як стаць сваім у літоўскай сталіцы? Як убачыць па-за звычнымі дэкарацыямі больш? Распытваем пра інсайды стваральніка праекта Vilnius Relax Кірыла Атаманчыка.
– У якім настроі трэба асвойваць Вільнюс?
– Па-першае, будзь ветлівым(-ай) з горадам і яго жыхарамі. Літоўцы стрыманыя, але любяць, калі замежнікі шануюць мясцовую культуру і лад жыцця. У адваротным выпадку яны рэагуюць балюча: калі ты пакінуў(-ла) машыну на дарожцы для ровараў ці заблакаваў(-ла) праезд, чакай паднятыя дворнікі ці бананавую скурку на капоце. І май на ўвазе: ты казёл.
Па-другое, будзь адкрытым(-ай) і не бойся праяўляць ініцыятыву. Хоць тутэйшыя трапляюць у топ самых неэмацыйных людзей, гэта зусім не значыць, што табе ў Вільнюсе не радыя. Проста іх трэба запаліць.
Па-трэцяе, будзь праактыўным(-ай). Без ляноты! Каб атрымаць больш асалоды ад горада, трэба загадзя пакорпацца, павывучаць, пачытаць водгукі – што ў ім ёсць яшчэ, апроч фланёрства па Старым горадзе?
– Якія вільнюскія лакацыі – твае месцы сілы?
– Пучкарайскі абрыў, парк Вінгіс разам з набярэжнай Нерыс і Стары горад раніцай, калі там яшчэ нікога няма.
«Хоць тутэйшыя трапляюць у топ самых неэмацыйных людзей, гэта зусім не значыць, што табе ў Вільнюсе не радыя»
– Куды весці людзей, якія тут не ўпершыню?
– Трэба здзіўляць. Небанальныя куткі ёсць нават у Старым горадзе. Можна заладзіць шпацыр па яго падзямеллях і іншых месцах, звычайна закрытых для падарожнікаў.
Альбо падняцца на Тэлевежу, калі ты не наглядзеўся(-лася) на Вільнюс зверху. Яшчэ варыянт – разбавіць маршрут нечаканым музеем кшталту сучасна аформленага Музея грошай пры Нацбанку Літвы (дарэчы, з бясплатным уваходам).
Варта разведваць менш цэнтральныя, але не менш атракцыйныя раёны. Калі Ужупіс цікавы хутчэй для тых, хто ў горадзе ўпершыню, іншым лепш пабадзяцца, напрыклад, па Жвірынасе. Гэта атмасферны прыватны сектар: ты ў цэнтры Вільнюса, але ніколі пра гэта не здагадаешся.
Прасунутым час выбірацца на ўскраіны: пазнаёміцца з маляўнічым Пучкараем, Вінгісам, Бельмонтасам ці скіравацца яшчэ далей, за горад, – у Кернаве, парк Нерыс, на Зялёныя азёры ці возера Бальжыс.
«У Вільнюсе шмат “хіпстарскіх” месцаў, дзе бяруць не столькі за якасць, колькі за імя»
– Якія малавядомыя кавярні – альтэрнатыва мэйнстрыму?
– Наконт культуры харчавання ці бараў усё вельмі суб’ектыўна. Кожнае месца – альбо частка сеткавага бізнэсу, альбо прадукт людзей, якія гэтым гараць. Заўсёды абірае кліент. Кавярні накшталт Vero Cafe ці Caif Cafe аднастайныя, але гэта не паказальнік кепскага ці нясмачнага. Калі проста хочацца кавы – можна зайсці і ў сеткавую кавярню. Іншая рэч, калі хочацца разыначкі.
Crooked Nose and Coffee Stories – месца для тых, хто моцна любіць каву. Выбар ежы ў кавярні невялікі, затое там ладзяцца кававыя дэгустацыі. Насупраць ёсць пякарня: яны сябруюць, таму ніхто не перашкодзіць табе ўзяць да свайго кубка з Crooked Nose свежы круасан у суседзяў.
Больш банальнае месца – сеткавая кавярня Crustum Bakery. Але яна надзейная, бо спалучае кошт, якасць і добры выбар.
Побач з універсітэцкім касцёлам ёсць алдскульная кандытарская Pilies Kepyklele. Кава ў іх – звычайная Lavazza, але выпечкі і ласункаў мора.
Неблагую каву гатуюць у Galo do Porto. Гэта партугальскі рэстаран, але там між іншым падаюць традыцыйныя партугальскія дэсерты паштэл-дэ-ната, якія смакуюць амаль як аўтэнтычныя.
Калі я недалёка ад ратушы, захаджу ў Italala Caffe. У гэтай кавярні выдатны сэрвіс, файная кава і смачныя сіцылійскія канолі. І арэлі ў памяшканні: можна пагушквацца і глядзець адтуль на горад.
У Вільнюсе шмат «хіпстарскіх» месцаў, дзе бяруць не столькі за якасць, колькі за імя. Напрыклад, кавярня BREW, дзе фармальна лепшыя барысты ў Літве, бо летась яны перамаглі ў конкурсе. Але наўрад ці гэта прыкмеціць сярэдні наведвальнік.
– А дзе падсілкавацца?
– Лепшая ў Вільнюсе піца, на мой густ, у Pizza Di Ascari. Там яе гатуюць па італьянскім рэцэпце з добрай італьянскай мукі. Замаўляй Meat Lover’s (калі ясі мяса) – дакладна не прагадаеш. Таксама смачную, у печы і на адкрытым агні, робяць у Pizza Verde.
Месца, дзе атмасферна і смачна, – Gaspar’s. Гэта адзін з топ-10 рэстаранаў Літвы, там на кухні смела міксуюцца азіяцкія гастранамічныя традыцыі з еўрапейскімі.
Да катэгорыі «смачна-нядорага» (па віленскіх цэнах) пасуе Grill London. У гэтым грыль-рэстаране заўсёды натоўп, але работа ідзе хутка: доўга чакаць табе не давядзецца.
Па традыцыйную літоўскую ежу лепш ісці альбо ў папсовы Forto Dvaras, альбо ў Aline Leiciai, дзе можна пакаштаваць нацыянальныя стравы больш высокага ўзроўню.
Па фаст-фуд трэба ехаць на Open kitchen, кожную пятніцу і суботу летам.
«Вільнюс зусім не страшны: можна сяліцца дзе заўгодна»
– Ці ёсць класныя бары па-за Ужупісам?
– Аматарам віскі раю наведаць бар King and Mouse (але віно і піва там ёсць таксама). Гэта стылёвае месца з велічэзнай віскі-картай. Тое ж самае, але пра ром – The Rum Room.
Што тычыцца піва, у Вільнюсе з гэтым не засумуеш. Каларытных месцаў шмат (Špunka, Šnekutis), і патрапіць варта ўсюль. Ладны, стары і папулярны ў тутэйшых бар – Alaus Studio са знатным выбарам замежнага піва. А на самых розных гатунках літоўскага бутэлечнага спецыялізуецца Bambalyne, вельмі прыкметны піўны падвал.
Калі шукаеш чагосьці больш таннага ды жорсткага – абірай пунктам прызначэння піўнуху ад Vilnius Alaus (у панадворку; Piles, 6). Там яшчэ здолееш знайсці куфель смачнага фірмовага піва за € 2.
Годных кальянных у Вільнюсе таксама хапае. Напрыклад, лаунж-зона рэстарана Merci.
– Якія гандлёвыя споты Вільнюса цябе вабяць?
– Цікавая хіба што рыначная традыцыя. Летам і восенню самую свежую і смачную садавіну і агародніну можна набыць на Кальварыйскім базары. Гэта алдскульны кірмаш а-ля мінская Камароўка. Цяпер у яго павольна адкрываецца другое дыханне.
Паралельна існуюць і больш гламурныя варыянты. Недалёка ад вакзала – Hale Turgus. Гэта мікс тыповага базару з трэндавым фермерскім гурмэ-кірмашом: і продаж, і споты, дзе можна паесці. Здаецца, цяпер там адкрылі яшчэ і начны клуб. Летам з’яўляецца Turgus 2.0, канкурэнт Open Kitchen, які метадычна пераманьвае тусоўку адкрытай кухні да сябе, на Hale Turgus.
Але найбольш гламурны – новы Бернардзінскі кірмаш (у спальным раёне, крыху за Акропалісам). Ён сапраўды gourmet: і па прадуктах, і па цэнніках.
«Тут не нудна»
– Дзе лепш спыніцца?
– Вільнюс зусім не страшны: можна сяліцца дзе заўгодна. У адрозненне ад гарадоў Заходняй Еўропы, камфортны гатэль ці апартаменты тут зусім не б’юць па кішэні. Бо, калі Літва перайшла на еўра, цэны на жыллё істотна не змяніліся.
Адзінае: калі ў Вільнюсе ты з машынай – лепш абірай гасцініцы з паркінгам. Інакш платныя стаянкі будуць флагманам у артыкуле выдаткаў.
– Чаму Вільнюс закохвае ў сябе?
– Мне складана ацэньваць, бо для мяне Вільнюс – амаль родны горад. У ім шмат пераваг і недахопаў, больш ці менш важных для мяне асабіста. З аднаго боку, гэта сталіца з бляскам і рухам. Тут не нудна. Гэта транспартны вузел, сучасны мегаполіс. У той жа час гэта сталіца невялікая, не горад-мільённік. Менавіта таму ён утульны, выгодны, чысты, усё больш bycicle-friendly, на палову пакрыты лясамі і паркамі.
Фота: Віялета Саўчыц, palasatka, Alena Mikhailava
ООО «Ирвинга группа»
УНП 191751509