З кім гутарым? Антон Слепакоў, 43 гады, фронтмэн гурта «Вагоновожатые» (Украіна).
Да гэтага – стваральнік і лідар музычных праектаў «Я и друг мой грузовик», «...И друг мой грузовик», «Негрузовики». Разам са сваімі былымі групамі 4 разы даязджаў да Беларусі. З «Вагоновожатыми» прыехаў да нас упершыню. Іх альбом Wasserwaage можна паслухаць тут.
«Не магу назваць гэта супакаеннем, хутчэй дарослы перыяд жыцця чалавека, які ўжо трохі больш убачыў, чым той юнак, які быў тады»
Я вас пачаў слухаць з часоў гурта «Я и друг мой грузовик», потым быў праект «Негрузовики» – па-мойму, адзін альбом толькі выходзіў…
Так.
Зараз ёсць «Вагоновожатые». Чаму вы дастаткова рэгулярна змяняеце канцэпцыю, ідэю, назву? Як вы для сябе гэта тлумачыце?
Цяпер успамінаць справы мінулых дзён, як яно было ў «Негрузовиках», ужо досыць праблематычна. Гэта быў асобны праект, які мы вынеслі за рамкі творчасці «…И друг мой грузовик», і зрабілі больш канцэптуальную праграму з элементамі электронікі, іншых інструментаў, то-бок не «бас-бубны-вакал». Пры гэтым «Грузовик» у сваёй іпастасі заставаўся. Мы хацелі, каб была не адна добрая група, а дзве. Але не атрымалася, паколькі «Негрузовики» не былі гатовыя праходзіць шлях маладога перспектыўнага гурта яшчэ раз, і, на жаль, на адным альбоме ўсё захлынулася. Але многія ідэі, якія не ўвасобіліся ў другую праграму «Негрузовиков», потым былі рэалізаваны ўжо ў праекце «Вагоновожатые» з зусім іншымі музыкамі.
Зараз вы сканцэнтраваны толькі на «Вагоновожатых»? Вяртанне да старых праектаў не плануецца?
Я не бачу сэнсу вяртацца да таго, што было цікава і актуальна пэўную колькасць гадоў таму. Так, людзі працягваюць мяне асацыяваць з тым перыядам, з той групай, і я іх вельмі добра разумею як меламан. Але шчыра вам скажу: мне часам здаецца, што гэта быў не я, што гэта было ў нейкім паралельным жыцці, і я вельмі рэдка ўспамінаю тыя часы і не асацыюю сябе з тым сабой, які гучыць на кампакт-дысках «Грузовика».
А што ў вас асабіста памянялася? Як у аўтары?
«Я и друг мой грузовик» пачынаўся, калі мне было 24 гады, а зараз мне 43. Гэта вялікі адрэзак часу. Там былі юнацкія рэфлексіі, фантазіі, эксперыменты, але зараз… Не магу назваць гэта супакаеннем, хутчэй дарослы перыяд жыцця чалавека, які ўжо трохі больш убачыў, чым той юнак, які быў тады.
Калі я слухаю нашыя старыя запісы, мяне гэта ніяк не кранае. За шмат гадоў мы нагуляліся з гэтай голай рытм-секцыяй, з гэтым драйвам, овердрайвам, з гэтымі дысторшнамі, з усімі эфектамі. Я вельмі рады, што Слава Чабан (экс-калега Антона Слепакова па групе «Я и друг мой грузовик» – 34mag) працягвае, ён зараз грае ў гурце Shanti People, я не так даўно быў у іх на канцэрце, і ён у страі, ён у форме, і ягоная бас-гітара па-ранейшаму такая ж сакавітая, як і была.
З Беларусі здаецца, што апошнія 3-4 гады ва Украіне адбываецца сапраўдны музычны бум, з’яўляюцца новыя цікавыя гурты, і нават тое, што лайнап Mirum Music Festival ледзь не на палову складаецца з украінцаў, таму пацверджанне. Знутры гэтак таксама выглядае?
Гэта праўда, апошнія 2-3 гады так усё і ёсць. Магчыма, гэта адбылося некалькі штучна, але нарэшце людзі навучыліся шанаваць сваё. Адбылася нацыянальная самаідэнтыфікацыя, усведамленне, што не абавязкова глядзець убок, за мяжу… Раней да нас прыязджалі замежныя групы, і ва ўсіх арганізатараў ды і гледачоў было адчуванне, што яны значна лепш, трэба пастаянна даваць ім больш зручны час, толькі яны маглі быць хэдлайнерамі, а да ўкраінскіх артыстаў заўжды ставіліся так: маўляў, яны заўсёды ёсць, пад рукой, мы паклічам іх сыграць у пачатку…
Сёння, дарэчы, я назіраў падобнае стаўленне да беларускіх рабятаў. Я не ведаю гэтых імёнаў, гэтыя назвы, але вось было такое: зараз будуць усе беларускія групы, яны такой чародкай ідуць у пачатку, ну а потым хэдлайнеры… Мне асабіста гэта не вельмі прыемна чуць. Я не раз быў у такой сітуацыі. Хоць я асабліва не турбуюся з гэтай нагоды: мы да гэтага часу сябе лічым маладым перспектыўным гуртом. Але ёсць над чым задумацца.
А ва Украіне – так, на выходныя кожны раз праходзіць 6-7 добрых канцэртаў, і амаль усюды поўныя залы. Я гэтаму толькі рады, што праз чвэрць стагоддзя незалежнасці ў нас навучыліся такой нармальнай рэчы – падтрымліваць сваіх. Пры гэтым я бачу, што цікавасць да груп ёсць у Беларусі, Галандыі, Францыі, нават у Расіі іх працягваюць слухаць.
«Калі твая краіна знаходзіцца ў стане вайны і ты пастаянна бачыш людзей абяздоленых, пакалечаных, якія страцілі свой прытулак, здароўе, блізкіх, ты хоцькі-няхоцькі становішся крыху больш міласэрным»
А назавіце некалькі імёнаў.
Я не магу сказаць, што асабліва сачу за новай сцэнай. Мне, дарэчы, шмат чаго і не падабаецца суб’ектыўна, але калі я пачну гаварыць пра гэта, адразу мяне абвінавацяць усе ў пафасе, што я лічу толькі сябе крутым музыкам. Але факт у тым, што гэтыя гурты існуюць, іх слухаюць людзі. І гэта самае важнае. Заўтра тут будзе граць Onuka – у прынцыпе, гэта з’ява для ўкраінскай, ды і не толькі ўкраінскай, музыкі. Такой якаснай актуальнай электроннай поп-музыкі нам вельмі не хапала.
Ва Украіне, як, зноў жа, мне здавалася збоку, доўгі час была сітуацыя, калі ўсё рабілася за грошы і толькі за грошы. Калі ў Беларусі часта многае будавалася на сяброўскіх адносінах, ва Украіне ўсё заўсёды пралічвалі. А цяпер настаў такі момант, што грошай стала значна менш, і гэта наадварот спарадзіла ў вас цэлую культурную хвалю – фестывалі, канцэрты, праекты, валанцёрства, калі ўсе шмат у чым гатовыя ўдзельнічаць бясплатна дзеля агульнай справы. Вы бачыце гэтую змену?
Калі твая краіна знаходзіцца ў стане вайны і ты пастаянна бачыш людзей абяздоленых, пакалечаных, якія страцілі свой прытулак, здароўе, блізкіх, ты хоцькі-няхоцькі становішся крыху больш міласэрным. І таму зараз шмат сіл, у тым ліку матэрыяльных, скіравана на падтрымку незнаёмых табе людзей, якія проста трапілі ў бяду. Ва ўсіх у нас ёсць сваякі, што жывуць у тых абласцях, дзе зараз ідуць ваенныя дзеянні. Ну і наогул гэта тычыцца не толькі вайны. Калі нехта захварэў на рак або дзіцяці патрэбна аперацыя, людзі гатовыя дапамагаць. Гэтая сітуацыя нас усіх зблізіла і навучыла дапамагаць абсалютна незнаёмым людзям.
Але гэта не адмяняе таго, што нам трэба гуляць камерцыйныя канцэрты, атрымліваць ганарары, каб укладваць у музыку, выпускаць альбомы, апгрэйдзіць інструменты. І, дзякуй Богу, што гэта таксама ёсць, і з гэтых заробкаў ты таксама можаш камусьці дапамагчы. Чалавек не можа быць задаволены жыццём, калі ў яго краіне ідзе вайна. Але ў прынцыпе з такім сардэчна-духапад’ёмным бэкграўндам не так усё дрэнна ў нашай краіне. І гэта дуже тішить.
Ва Украіне ёсць яшчэ такая дыскусія: «Нельга весяліцца, калі ідзе вайна». Як вы сабе адказалі на гэтае пытанне?
Я так не лічу. Немагчыма жыць увесь час пад прэсам, увесь час гараваць, і тым жа салдатам, абаронцам, ім трэба кудысьці вяртацца і бачыць, дзеля чаго яны ваююць. Дзеля жыцця ў гэтых гарадах. А не тое, што ўсе ходзяць у чорным, як сярод чумы, усе завешана, святломаскіроўка, жыцця няма. Але, апроч таго, зразумейце, многія людзі не ўсведамляюць, што музыкант – гэта таксама прафесія, свайго кшталту місія. І калі раптам яму забараніць гэта рабіць, ён проста нічым не зможа дапамагчы. Да таго ж мы страцім магчымасць займацца данэйтам.
Зваротнае пытанне. Наколькі я ведаю, вы добра знаёмыя з Іллёй Чарапко з «Петли пристрастия» і «Кассиопеи». У вас ёсць уяўленне аб тым, што адбываецца на беларускай сцэне? Да вас далятаюць нейкія нашы імёны?
Не зусім. У мяне ёсць такі таварыш у фэйсбуку Дзмітрый Безкаравайны, і ён дасылае мне кожны год падборку беларускай музыкі. Шчыра кажучы, я спатыкаюся роўна на палове гэтых маладых імёнаў, хоць нешта і атрымоўваецца паслухаць. Мне здаецца, што такі бум беларускай музыкі быў у 2007-м, калі гучалі фестывалі «Можна!», шмат груп займалася прамоўшнам разам з Папам Бо, ён рабіў гэтыя фэсты, і тады сапраўды было адчуванне, што Беларусь – гэта новая музычная сталіца. Цяпер усё сціхла, і тыя гурты, за якімі я сачу, яны адносяцца яшчэ да таго перыяду – «Петля», «Кассиопея», Port Mone. Групу Shuma вось пару гадоў таму я адкрыў, але гэта таксама, здаецца, старая школа. Была яшчэ такая сімпатычная група «Гурзуф», нічога цяпер пра іх не чую. Або «Нагуаль» калісьці таксама здаваўся неверагодна цікавым калектывам.
У нас ёсць праблема, што большасці груп даступны толькі Менск, яны не даязджаюць нават да абласных цэнтраў, таму што быццам бы няма індустрыі. Ва Украіне ж ёсць не толькі Кіеў і не толькі Днепр, Адэса, Львоў і гэтак далей, музыкам ёсць дзе катацца і выступаць. Ёсць прыклад групы Brutto, якая, пераехаўшы з Менска ва Украіну, прымудраецца адкатваць нават самыя невялікія гарады…
Гэта, вядома, іншая гісторыя. Brutto – не зусім паўнавартасны малады гурт, які пачынаў з нуля. Усё роўна ў іх усё грунтуецца на вядомасці іх лідара і папулярнасці старых «Ляпісаў». Хоць я паважаю прадуманасць іх менеджменту, вось гэтага ўсяго тымбілдзінга, заняткаў фізкультурай – не гурт, а такая перасоўная спартзала.
Вы бачыце ў гэтым канцэпцыю?
Маркетынг добры я ў гэтым бачу.
А ў вас як з маркетынгам, з мерчам, з тым, што вакол музыкі?
У нас ён ёсць. Скажам, нашыя футболкі з прынтам Wasserswaage былі вельмі папулярныя… (У гэты час з цемры на нас выходзіць чалавек у футболцы з прынтам Wasserswaage.) Вось, дарэчы, ідзе чалавек у футболцы Wasserswaage, толькі я пра гэта пачаў казаць. Вітаю! (Антон вітаецца з хлопцам у футболцы.) У прынцыпе, гэта адны з самых папулярных футболак, у Кіеве быў нядаўна фестываль Atlas Weekend, там было 130 музычных калектываў і жудасныя праблемы з таймінгам, і ўсе журналісты пісалі, што, калі пачынаўся выступ «Вагоновожатых», усе разумелі па такой цеснаце людзей у гэтых футболках, што менавіта адбываецца. Увогуле ў нас ёсць вінілы, майкі, займаемся гэтым самі, усё робім сваімі рукамі.
Гэта значыць, адмыслова навучанай каманды менеджараў няма.
Наш бубнач Станіслаў займаецца ўсёй гэтай менеджарскай дзейнасцю, у тым ліку і адпраўляе рэчы поштай.
Зборная Замбіі таксама разбілася на самалёце ў пачатку 1990-х, і гэта таксама адна з сумных футбольных гісторый. Я глядзеў у 2012-м фінал Кубка афрыканскіх нацый, у якім Замбія атрымала перамогу, і на трыбунах сядзеў адзін з гульцоў, які тады па шчаслівай выпадковасці не трапіў у гэты самалёт. І ён убачыў трыумф зборнай Замбіі, быў вельмі шчаслівы і плакаў. І таму, што застаўся жывы, і таму, што ўбачыў на ўласныя вочы перамогу сваёй краіны.
Вы заўзятар футбольны?
Я б так не сказаў, проста для мяне футбол – гэта вельмі цікавае назіранне: гэта і тэатр, і драматургія, і мадэль нашага свету з яго подласцю, брудам, карупцыяй, тым жа маркетынгам, з уладай мільянераў і нафтавых магнатаў – вельмі цікава ўсё гэта назіраць. Ну і, апроч таго, гэта неверагодна прыгожая гульня і спартовае спаборніцтва, і яшчэ трошкі гэтага ў футболе засталося.
Фота by palasatka
Пагаварылі з Сашай Курковай пра ювелірныя сімвалы настальгіі і бізнэс у эміграцыі.
Ужо экс-дырэктарка крэатыўнага агенцтва getbob Каця Саковіч – пра пераезд у Сан-Францыска, жаданне вучыцца і недахоп пазітыўных калабарацый.
Вялікая размова з зорным пісьменнікам-рэпарцёрам Вітальдам Шаблоўскім пра прафесію, Турцыю, Сталіна і танцуючых мядзведзяў.
Напярэдадні выхаду на «Першаку» новага альбома Pafnutiy’s Dreams гутарым са стваральнікам гурта Паўлам Кузюковічам.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
КАМЕНТАРЫ (1)
Выступ Вагоновожатых быў сапраўды моцны!! Даўно я так не скакаў. Дзякуй!!!