Знакавая падзея для беларускага хіп-хопу: заўтра выходзіць другі рэп-зборнік Schod, які аб’ядноўвае як піянераў, так і наватараў беларускага рэчытатыву пад адной інтэрнэт-вокладкай. Мы пагутарылі з прадзюсарам плыткі Максімам Боднарам пра будучы зборнік і высветлілі, чаму рэп – гэта рок-н-рол сучаснага пакалення.
Максім Боднар aka Makka Nastra – беларускі прамоўтар і прадзюсар, менеджар Murovei, завадатар менскіх хіп-хоп ініцыятыў. У 2010 годзе арганізаваў першы батл бітмэйкераў Black Milk Beatmakers Battle, за ім яшчэ адзін, затым выпусціў кампіляцыю па іх матывах. У 2012-м справакаваў сталічны свэг на серыі вечарынак MINSKSWAG, у 2013-м арганізаваў маштабны фестываль Hiphopen. Летась на сваім дні народзінаў стаў інспіратарам дзвіжухі Bruuud – грайм-скрыжаванкі беларускіх рэпераў і бэйслайн-дыджэяў, – якая зараз грыміць зарадам у клубнай прасторы Менска.
У 2015 годзе Максім запусціў VK-паблік Story Telling, дзе распавядае як гісторыю беларускага рэпу, так і яго свежыя навіны. Паблік выконвае функцыю ледзь не адзінай сучаснай анлайн-пляцоўкі пра беларускі хіп-хоп. Сёлета ў лютым з яго мяккіх лап выйшаў рэп-зборнік Schod, заўтра плануецца другая частка гісторыі. Мы сустрэліся з Максімам пад прадымленымі вэйпінгам скляпеннямі іх з Мураўём студыі Odo Street, дзе пагутарылі пра будучы зборнік і высветлілі, чаму рэп – гэта рок-н-рол сучаснага пакалення.
Пра Story Telling
– Ёсць у рэпераў такі фармат трэкаў – storytelling, калі ты распавядаеш гісторыі: прачнуўся, пайшоў, жыццёвы вопыт, самарэфлексія. У 2014-м, калі мы з братам, Антонам Murovei, адкрылі студыю Odo Street, мне не хапала анлайн-пляцоўкі, якая б распавядала гісторыю беларускага рэпу.
Раней быў сайт з форумам і навінамі Bratinfo, блог Rap.by, праграма па ТБ Street Beat – але ўсё памерла. Хтосьці адышоў ад справаў, хтосьці скаціўся ў татальны хэйцінг. Было дзве ці тры старонкі ў VK, але яны вяліся неактыўна, працавалі, хутчэй, on demand. І гэта ўсё – пра рэп у Беларусі. З-за гэтага, калі гаворыш якому-небудзь маладому рэперу: «Ці чуў ты гэты трэк? Ці ведаеш ты пра гэта відэа?» – у адказ бачыш здзіўленыя вочы.
Я пачаў з гісторый з разраду «а памятаеце?». У мяне быў галоўны пасыл: беларускі рэп ужо не той, зараз няма ніводнага новага імя. Але потым ці то так супала, ці то справакавала – старыя рэперы аднавілі сваю дзейнасць, пачалі выпускаць новыя рэлізы. Мне сталі трапляць на вочы нармальныя трэкі маладых выканаўцаў – і пайшло-паехала.
Стартавала ўсё ў студзені 2015-га, і за год аўдыторыя вырасла ў 10 разоў. Тады я вырашыў, што час зрабіць зборнік беларускага рэпу.
Пра Schod
– Як і пра паблік, я разумеў, што даўно не было зборніка. На першы эдышн заявак падалі капітальна. Мы піярылі яго ад студый – нашая Odo Street, малінаўская Malibu Records і брэсцкая Boog Records, – бо неяк усе пішуцца дома, а прафесійны гук прастойвае.
Як назваць беларускі рэп-зборнік? Да гэтага былі ўсе тыповыя назвы: «Рэп-удар», «Рэп-абойма», «Рэп-прарыў», «Рэп-выбух», «Голас вуліц». Я прыдумаў назваць яго Schod. Зборнік ад слова «збор». Ці па-іншаму «сход», сход людзей: мы сабраліся, каб даць гэтую музыку. Адпаведную вокладку са старажытнаславянскім ідалам намаляваў Cowek. Атрымаўся стылёвы рэліз з 20-цю трэкамі адборнага стафу як ад абуджаных аксакалаў, так і ад дзёрзкага маладняку акурат на Дзень усіх закаханых.Тады я зразумеў, што можна валіць далей. За гэты год з’явілася шмат новых імёнаў. Прачнуліся старычкі, якія першапраходцамі рабілі рэп у Беларусі. На мінулым рэлізе ўдзельнічаў чувак па мянушцы Банкіла з лепельскай групы «Удар банды», што ў 1995 годзе выпусціла першы беларускі рэп-альбом. На другім зборніку будуць Кіндут, які ў свой час вёў хіп-хоп старонку для «Музыкальнай газеты», і ягоная жонка Кэт, якая, напэўна, была самай вядомай беларускай рэп-выканаўцай. Нядаўна яны прыходзілі да нас у студыю і запісалі трэк-бомбу. Будуць таксама на зборніку і малышы.
На гэты раз будзе менш трэкаў, але кожны – вытанчаны. Калі першы рэліз адсылаў да каранёў, то другі будзе пра постсавецкі перабудоўны перыяд. Тэма вокладкі – беларускае адраджэнне з адсылкай да пачатку 90-х, за дызайн адказвае Atmo.
Пра мову
– У першым зборніку няма ніводнага трэка на беларускай мове. Прыкінь, беларускі рэп-зборнік: «Сход» называецца, адсылкі да традыцый, у бажка, які Cowek намаляваў, «Пагоня» на грудзях – і ніводнага трэка на беларускай мове. Разгарнулася дыскусія, у якой Hleboki Smak – беларускамоўны рэпер – даводзіць пра гэтыя недарэчнасці. Праходзіць нейкі час – і Tom and Trey, два хлопцы з Маладзечна, адзін жыве ў ЗША, другі – у Эміратах, запісваюць інтэрнацыянальны трэк на дзвюх мовах – рускай і беларускай – адказ усім моўным інспектарам. Трэк назвалі «Крэмль».
Мова перш за ўсё – гэта інструмент. Наша руская мова не такая ж самая, як расійская. Той рэп, які робіцца ў Расіі, хай завецца расійскім рэпам. Рускі ж рэп робіцца на ўсёй постсавецкай прасторы. Я ў Менску ведаю, хто такія Улад Валаў, Дэцл і Лігалайз. І ва Украіне ведаюць. На жаль ці на шчасце, але ад гэтага нікуды не падзенешся.
Пра папулярнасць
– Рэп стаў даступным інструментам. Як на гітары ў рок-н-роле можна было праспяваць Шаўчука ў двары, так і сёння любы можа напісаць біт на кампе і зачытаць у скайп-мікрафон. Усё гэта даступна. Выкінуць у інтэрнэт – і стаць рэзка папулярным. Для гэтага не патрэбныя нават грошы. І гэта, натуральна, вабіць. Мне падаецца, кожную секунду выходзіць рускі рэп. А раз у гадзіну, можа быць, выходзіць нармальны трэк.
Сёння рэп гэтак жа папулярны, як у нашых бацькоў быў папулярны рок-н-рол. Гэта быў асноўны спосаб выказвання пратэсту: тое, што ты належыш да субкультуры, а не да камсамолу. Зараз рэп збірае стадыёны гэтак жа, як Цой збіраў іх напрыканцы 80-х.
«Сёння рэп гэтак жа папулярны, як у нашых бацькоў быў папулярны рок-н-рол»
Самаму старэйшаму прадстаўніку рэп-дзвіжухі можа быць пад 40, а самаму малодшаму – напрыклад, 12. А далей яны яшчэ падрастуць – і будуць міністрамі эканомікі. Патэнцыйна.
Усё залежыць ад людзей, асабліва ў такой невялікай краіне, як Беларусь. Як толькі адзін чалавек перастае рабіць, гэта страта для ўсёй культуры.
Што зараз адбываецца ў Расіі? Adidas і Reebok цяпер актыўна падтрымліваюць рэп-тусоўку. Oxxxymiron стаў тварам Reebok. У Штатах, напрыклад, твар Reebok – Кендрык Ламар. Для Расіі гэта проста – вау! Такога тут раней не было. Adidas стаў падтрымліваць дзвіжуху Boiler Room, з якой зрабіў серыю вечарынак Future Shift, зняў ролік пра расійскую тусоўку Young Russia, куды ўваходзіць Pharaoh. Там такі ролік!
Як эканоміка павінна быць рынкавай, так і культура: мусіць быць канкурэнцыя. І тады нешта атрымаецца. Як кажа Смокі Mo: «Мастак павінен быць галодным толькі cпачатку, галодны мастак па жыцці – гэта сумна».
- Tom and Trey. Год таму вярнуліся да творчасці і цяпер валяць на адлегласці паміж Санта-Фэ і Дубаем неверагодна якасны прадакшн (у тым ліку відэа).
- Модны, дзёрзкі і дзіўны Бакей. Асабліва звярні ўвагу на нацыянальны продукт-плэйсмент.
- Клаўд-рэп з Асіповіч (уяві гэта!) ад Kakora.
Як з'ездзіць у тур з адным з ключавых беларускіх рок-гуртоў і выжыць? Саша Лашкевіч праверыў гэта на сабе.
Жми на «пуск» – и узнай, где ждут таких молодых и неугомонных, как ты.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
КАМЕНТАРЫ (2)
Интересно . Особенно рекомендации Макса .
Здоровские исполнители в нашей стране , а я и незнал !!
Спасибо !
Топ! Дзякуй