У Менску ўпершыню станцуюць супраць гвалту публічна
- Рубрыка: УЛОЎ
- 12.02.2020
- 7065
14 лютага ў 19:00 на першым узроўні гандлёвага цэнтра «Сталіца» адбудзецца танцавальны флэшмоб супраць гвалту над жанчынамі One Billion Rising. Міжнародная акцыя праходзіць у Менску з 2016 года, але толькі сёлета арганізатаркі – цяпер гэта «Цэнтр па прасоўванні правоў жанчын – Яе правы» – змаглі атрымаць дазвол на танцы ў публічным месцы.
One Billion Rising (= «адзін мільярд паўсталых») – міжнародная танцавальная кампанія, сэнс якой – звярнуць увагу на праблему гендарнага гвалту. Па статыстыцы ААН, кожная трэцяя жанчына хоць раз у жыцці сутыкалася з сэксуальным або фізічным гвалтам, а гэта прыкладна адзін мільярд жанчын на планеце. Упершыню акцыя адбылася ў 2012 годзе. З таго часу да яе далучыліся жанчыны больш чым з 200 краін.
У Беларусі флэшмоб пройдзе ў пяты раз. Далучыцца да танцаў могуць усе жадаючыя. Вывучыць рухі і пазнаёміцца з удзельніцамі можна на рэпетыцыі, якая пройдзе 12 лютага ў 18:30 у галерэі «Ў» (вул. Кастрычніцкая, 19). Патэнцыйных удзельніц ласкава просяць зарэгістравацца па спасылцы, але гэта не абавязкова. Калі трапіць на рэпетыцыю зусім не лёс, вывучыць простыя рухі дапаможа відэа.
Таксама можна далучыцца да флэшмобу анлайн. Трэба выкласці фота або відэа са сваім танцам у сацсеткі з хэштэгам #onebillionrising2020.