Як хадзіць у тэатр у 2019-м?
- Рубрыка: ПРАЦЭС
- 11.09.2019
- 7440
Сумная статыстыка: 49,4% беларусаў(-ак) ніколі ў жыцці не былі ў тэатры. Яшчэ 25% ходзяць па тэатрах толькі раз на год. Калі ты раптам з гэтай выбаркі – ёсць нагода выправіць сітуацыю: хутка ў Менск прыйдзе «ТЭАРТ» – тэатральны форум, на якім можна пабачыць, куды скокнуў гэты від мастацтва, пакуль ты лекаваўся(-лася) ад алергіі на Грыбаедава.
Пагуглі месцазнаходжанне. Тэатры выходзяць за межы манументальных будынкаў у цэнтры горада. Ты можаш набыць квіток на «Песню песняў» або «Паветра» – і трапіць на паказ у «Ок16», на былы завод. Таму загадзя правярай па карце, як дайсці да кропкі Х у час.
Выключы гук на тэлефоне, пакінь у гардэробе вопратку, дапі і даеш, што ў цябе там у руках. Нават на «заводскіх» праглядах адміністратар(-ка) мае права не пусціць у залу хоць з яблыкам, хоць з кавай.
Калі трэба, то працверазей. Гледача ў нецвярозым стане адміністрацыя можа не пусціць не толькі ў залу, але і ў тэатр наогул (п. 3.2 арт. 216 КаК РБ).
Не. Праход у партэр пасля трэцяга званка забаронены. Гэтая інфа павінна быць адлюстраваная на тваім квітку або на сайце тэатра. Наведваючы мерапрыемства, ты пагаджаешся прытрымлівацца правілаў яго арганізацыі (п. 5 арт. 216 КаК РБ). Не мае значэння, наколькі блізка да сцэны першыя рады і што ты пройдзеш «вельмі ціхенька».
Але лайфхак усё ж ёсць! Калі ў спектаклі прадугледжаны антракт, то, спазніўшыся, можна папрасіцца на балкон, а ў антракце вярнуцца на роднае месцейка.
Здымаць пастаноўкі на фота і відэа можна толькі з дазволу тэатра. Калі вельмі хочацца зафоціць Зілава ў «Паляванні на сябе» – загадзя запытайся ў адміністратаў(-ак). Магчыма, пару здымкаў табе даруюць, калі адключыш успышку і гук затвора. Спектакль, як і кінастужка, ахоўваецца законам аб аўтарскім праве (п. 7 арт. 32 Закону РБ «Аб аўтарскім праве і сумежных правах»).
Ці можна сысці, пакуль яно не скончылася?
Ты не абавязаны(-ная) чакаць магчымасці збегчы ажно да апладысментаў. Але паважай тых, хто застаўся: не трэба гучным шэптам казаць: «Лайно!» (Потым у Facebook напішаш.)
Перадумаў(-ла) ісці. Як вярнуць грошы за квіток?
Вярнуць грошы за квіток можна не пазней, чым за дзень да спектакля (п. 5 арт. 217 КаК РБ). Квітковы аператар або адміністрацыя тэатра – у залежнасці ад таго, дзе ты набыў(-ла) квіток, – могуць вярнуць да 75% сумы. Камісію не вяртаюць: фактычна паслуга па продажы аказаная, таму гэтыя 20 капеек або рубель застануцца ў касе аператара.
Калі здаеш не электронны, а папяровы квіток, чэк захоўваць не абавязкова. Сам па сабе квіток – ужо пацверджанне пакупкі.
Папяровы квіток часта нельга проста аднесці ў касу і патрабаваць грошы. Ты павінен(-на) асабіста звярнуцца ў адміністрацыю тэатра або ў офіс аператара і напісаць заяву на вяртанне грошаў. Толькі ў дзяржаўных тэатрах можна здаць квіток у касу.
Жах! Спектакль адмяніўся! Што далей?
Калі спектакль адмяніўся, табе павінны вярнуць грошы. Працэс роўна такі ж, як пры здачы квітка (п. 6.2 арт. 217 КаК РБ). Адрозненне толькі ў тым, што тэатр налічыць табе ўвесь – 100% – кошт квітка, за выключэннем камісіі.
Некаторыя тэатры прапануюць па тым жа квітку схадзіць на спектакль у наступны раз або наведаць любую іншую пастаноўку (п. 6.1 арт. 217 КаК РБ). Пра такую магчымасць запытвайся непасрэдна ў адміністрацыі.
У выпадку, калі пастаноўку адмянілі, а грошы не вяртаюць і бонусы не прапануюць, ты маеш права пакінуць запіс у кнізе скаргаў. Нават у праектных тэатрах адміністратар(-ка) павінен(-на) мець яе на пляцоўцы.
У мяне няма сукенкі/касцюма-тройкі!
Скажам шчыра: чапурыцца ў тэатр як на вяселле да сваякоў нікому не патрэбна. Выключна па сваім жаданні ты можаш выпрасаваць смокінг або сукенку. Але ніхто не будзе паказваць пальцам, калі ты прыйдзеш у кашулі і штанах або спадніцы. У праектны тэатр ты можаш прыйсці нават у джынсах.
Адзінае, што варта мець на ўвазе: твая адзежа павінна быць чыстай і ахайнай. У брудных кедах, што зведалі 50 гадзін «Басоты», могуць і не пусціць, выбачай.
Чакаў(-ла) прэм’еру год, а квіткоў няма.
Сядзець у праходзе, на лесвіцы, на падлозе пад сцэнай нельга па тэхніцы бяспецы. Нават калі ты абяцаеш нікому не перашкаджаць. Арганізатар(-ка), які(-ая) пасадзіць табе ў праходзе, рызыкуе заплаціць штраф.
Але ўсё роўна раім не страчваць надзею. Некаторыя тэатры практыкуюць «уваходныя квіткі»: калі раптам застаюцца рэзервовыя месцы або пастаноўку магчыма паглядзець стоячы – табе могуць прадаць квіток. Запытвайся.
А калі грошай няма?
Студэнтам(-ткам) тэатральных спецыяльнасцяў – тэатразнаўцам, рэжысёрам(-кам), акцёрам і актрысам – можна праходзіць на спектаклі па студэнцкім білеце. Некаторыя тэатры прапускаюць маладыя таленты бясплатна, некаторыя просяць сімвалічную плату. Звычайна ў тры разы ніжэйшую за кошт квітка.
Такі ж лайфхак дзейнічае і для прафесіяналаў: працаўнікоў(-ніц) тэатраў, тэатральных крытыкаў і тэатразнаўцаў. Калі не запрашаюць на прэм’еры па акрэдытацыі – заўсёды можна сходзіць за пяць-восем рублёў.
Нарэшце, сачы за навінамі. Ад дзяржаўных Купалаўскага і Опернага да праектнага «АРТ Карпарэйшн» – тэатры часта прапануюць зніжкі на пастаноўкі і ладзяць розыгрышы ў сваіх сацыяльных сетках.
Мяне абражаюць працоўнікі(-цы) тэатра. Куды скардзіцца?
У першую чаргу падумай: ці сапраўды яны абражаюць? Або ты проста парушаеш правілы і цябе просяць не перашкаджаць іншым гледачам(-кам)? Разбярыся ў сітуацыі. Ты маеш права папрасіць адміністрацыю аргументаваць, на якой падставе з табой так паводзяцца.
Калі адчуваеш, што твае правы сапраўды парушаюць, – патрабуй кнігу скаргаў. У зусім цяжкім выпадку ты можаш звярнуцца ў міліцыю і спаслацца на п. 3 арт. 9 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях («Абраза»).
Iлюстрацыя by Sheeborshee