Міні-гайд на «ТЭАРТ»: здымаем вяршкі, ірвём шаблоны

  • 23.08.2019
  • Аўтар: Rudenka
  • 5276

Каса ў агні: на гэтым тыдні разышліся апошнія квіткі на тэартаўскі «Сталінград». Калі ты яшчэ не выбраў(-ла), з кім і на што ісці, або ўвогуле не разумееш, навошта табе той «ТЭАРТ», раім самае моцнае і нестандартнае. Ад гэтых пастановак сапраўды займае дух.

 

 «Родныя людзі?» 

Беларусь

 

 

Рэжысёрка: Валянціна Мароз.

Калі: 21 верасня ў 12:00.

Навошта: уключыць эмпатыю.

 Набыць квіток 

Лабараторыя сацыяльнага тэатра ECLAB стварае пастаноўкі пра няёмкае і часам нават жудаснае. Гэтыя рабяты не баяцца ўзяцца ні за тэму тэракту ў менскім метро, ні за тэму дыскрымінацыі ЛГБТК+. Для пастаноўкі, якую мы рэкамендуем, акцёры сабралі рэальныя гісторыі гвалту партнёраў над партнёркамі, бацькоў над дзецьмі. І цяпер кожны раз перажываюць іх на сцэне.

 

 

 «Песня песень» 

Беларусь

 

 

Рэжысёр: Юра Дзівакоў.

Калі: 21 верасня ў 20:30.

Навошта: парваць шаблон.

 Набыць квіток 

Спектакль, які нарабіў шуму яшчэ зімой. Раім ісці тым і з тымі, каго ўжо нічым не здзівіць. З вялікай верагоднасцю цябе ўразіць касмічны голас Марты Голубевай, гульня святла і гуку, а таксама свежасць трактоўкі старазапаветнага тэксту, які прыпісваюць цару Саламону. Менавіта так – фрыкавата і заварожвальна – пералапаціць гэты кантэнт мог толькі Дзівакоў.

 

 

 «Паветра» 

Беларусь

 

 

Рэжысёрка: Вольга Лабоўкіна.

Калі: 25 і 26 верасня ў 20:00.

Навошта: атрымаць візуальны кайф.

 Набыць квіток 

Танцоры, сярод якіх сама рэжысёрка Вольга Лабоўкіна, з першай хвіліны завалодваюць прасторай і ўвагай гледача. Яны гуляюць з ідэяй паветра і яго адсутнасці. «Паветра» паказваюць некалькі разоў на год. І ўбачыць яго двойчы на «ТЭАРТ» – вялікая ўдача.

 

 

 «Адысея» 

Германія

 

 

Рэжысёр: Анту Рамэра Нуньес.

Калі: 28 верасня ў 19:00.

Навошта: праверыць сябе на моц духу.

 Набыць квіток 

Нарэшце ўсім фіялетава, што ты не прачытаў(-ла) «Адысею» ва ўніверы. Тэлегон і Тэлемах будуць чакаць свайго бацьку з бензапілой, а на сцэне паставяць натуральную труну. Спектакль ідзе на няіснай мове без субцітраў, што здымае апошнія хістанні, ісці або не. Канешне, ісці.

 

 

 «Піксель» 

Францыя

 

 

Рэжысёр: Мурад Мерзукі.

Калі: 1 кастрычніка ў 19:00.

Навошта: паглядзець на захапляльныя танцы і wow-графіку.

 Набыць квіток 

Ніколі яшчэ ў Беларусі не ставіліся і не прывозіліся пастаноўкі такога ўзроўню харэаграфіі. Танцоры і танцоркі будуць спаборнічаць з 3D-графікай. Мазгі абяцаюць загрузіць на поўную: у спалучэнні рухаў і лічбавай выявы амаль немагчыма зразумець, як гэтыя людзі адрываюцца ад зямлі.

Фота: Вольга Савіч, Ганна Шарко, Armin Smailovic, Agathe Poupeney