Сяргей Расюк

  • 14.06.2016
  • 3261

 

Як можа быць звязаны аўтаканал з дапамогаю дзіцячаму дому і што ўвогуле робяць людзі, якіх аб’ядноўвае аднолькавая частата? Пра гэта і не толькі мы запыталі заснавальніка і аднаго з актыўных удзельнікаў грамадзянскай ініцыятывы «Светлагорскі аўтаканал» – Сяргея Расюка. Гоў энд рыд.

 

 Герой:  Сяргей Расюк, 35 гадоў. Цікавіцца ўсім, звязаным з радыётэхнікаю, скончыў Гомельскі прафесійна-тэхнічны каледж электратэхнікі.

 Чым займаецца:  каардынуе «Светлагорскі аўтаканал», які дапамагае людзям на дарогах і не толькі, разам з камандай вядзе паблік аўтаканалу ў ВК, дзе размяшчае аўтамабільныя навіны гораду і іншыя цікавосткі.

 

VK   YouTube

Арыгінальная дата публікацыі – 14.06.2016. Матэрыял выходзіць з невялікімі праўкамі, якія дазваляюць зразумець, як мяняўся герой і яго актывізм праз гады.

 

Гісторыя Сяргея

– Яшчэ ў дзяцінстве я пачаў захапляцца электронікаю. Калі быў школьнікам, ужо меў сваю радыёстанцыю з самаробным узмацняльнікам і антэнай. Гэта дапамагло мне вызначыцца з паступленнем. Гэтак я скончыў Гомельскі прафесійна-тэхнічны каледж электратэхнікі. Пасля вучобы вярнуўся ў Светлагорск і ўладкаваўся ў дзяржаўны дэпартамент аховы на пасаду электраманцёра. Потым нейкі час працаваў у мясцовай тэлерадыёкампаніі «Ранак»: падключаў людзей да інтэрнэту і тэлебачання. Цяпер сам сабе гаспадар.

Праз недахоп працы ўзімку ў мяне было вялікае жаданне заняцца чым-небудзь карысным. У горадзе адбывалася вельмі мала падзеяў, толькі афіцыйныя гарадскія мерапрыемствы. Таму я пачаў шукаць актыўных і цікавых людзей, якія маглі б што-небудзь прапанаваць. Так з’явіліся новыя знаёмствы, дзякуючы якім я даведаўся, што ў Гомелі існуе свая радыёчастата для размоваў. Я згадаў дзяцінства і любоў да радыёмеханікі, і мне захацелася стварыць нешта падобнае і ў Светлагорску. Я падзяліўся гэтаю ідэяй са сваім сябрам Юрам, які таксама радыёаматар. Гэтак мы пачалі працаваць над стварэннем такога каналу ў Светлагорску. 

 

Слухаем FM

– Пачыналася ўсё з пакупак рацыяў. Высветлілася, што ў некаторых кіроўцаў ужо ёсць свае з частатою для размоваў. Гэта былі дальнабойнікі, з якімі мы спачатку мелі зносіны. Але, улічваючы спецыфіку іхнай працы і пастаянную нецэнзурную лаянку, мы вырашылі стварыць сваю радыёчастату.

За свае асабістыя грошы я замовіў налепкі, якія інфармавалі пра наяўнасць у горадзе каналу на асобнай FM-частаце. Абвесцілі ўсім, у каго ўжо меліся рацыі, што з 1 сакавіка мы пераходзім на новы канал. Гэтую дату можна лічыць днём народзінаў «Светлагорскага аўтаканалу».

Мы інфармавалі людзей аб дарожным стане як у горадзе, гэтак і ў прыгарадзе. Аказвалі беспасярэднюю дапамогу тым, хто з якіх-небудзь прычынаў не змог працягнуць рух або аказаўся ў складанай сітуацыі. Да гэтага моманту да нас падключыўся Андрэй, сябар дзяцінства, і прапанаваў, апроч налепак, стварыць суполку ва «УКантакце», дзе б людзі маглі больш даведацца пра нашую дзейнасць. Нам гэта дапамагло ўбачыць, як успрымаюць ініцыятыву жыхары гораду.

Апроч таго, мы зрабілі яшчэ і мабільны дадатак у праграме Zello − аналаг нашага аўтаканалу, але толькі праз інтэрнэт, бо не ўва ўсіх ёсць рацыі. Гэта быў таксама свайго роду эксперымент.

Потым мы пачалі праводзіць для зацікаўленых людзей невялікі сход кожны чацвер. Так з’яўляліся новыя знаёмствы і розныя прапановы. На сустрэчах удзельнікаў станавілася ўсё больш і больш. Мы распавядалі пра нашую ініцыятыву, дзяліліся парадамі па аўтамабільнай тэматыцы, адукоўвалі людзей па тэме дарожнага заканадаўства. Сталі свайго роду «цэнтрам асветы» у галіне культуры кіравання.

 

 

 

 

«Праз недахоп працы ўзімку ў мяне было вялікае жаданне заняцца чым-небудзь карысным» 

Лакмусавая паперка

– Цягам года аўтаканал развіваўся больш інфарматыўна. Гэтак, у нас стала не толькі шмат сталых удзельнікаў, але і актыўных валанцёраў, якія гатовыя былі аказваць розную дапамогу і ўдзень, і ўначы. Але, апроч інфармацыйнай асветы і дарожнай дапамогі, мы сталі задумвацца пра тое, як бы зрабіць гарадское жыццё ярчэйшым. Для пачатку вырашылі правесці невялікія гарадскія спаборніцтвы сярод кіроўцаў, падобныя да заданняў у аўташколе − картаграмы, паркоўкі, аб’езды.

 

«Дзякуючы нашым намаганням Светлагорск уключаны ў спіс гарадоў, дзе праходзяць аўтагонкі»

 

Нас падтрымаў мясцовы прадпрымальнік. Ён даў нам сваю пляцоўку з аўтамойкаю і шынамантажом. Мы набылі сімвалічныя сувеніры і прызы для ўдзельнікаў. На гэтае мерапрыемства прыехала нечакана вялікая колькасць людзей. Гэта стала паказнікам і свайго роду «лакмусаваю паперкай», каб даведацца, чаго не стае гораду і ў якім кірунку нам рухацца далей. Пасля да нас сталі звяртацца хлопцы, якія таксама хацелі нешта рабіць у Светлагорску. І на нашых сходах мы ўжо вырашалі, што яшчэ мы будзем арганізоўваць і як. У гэтым плане мы адкрытыя для прапановаў, якія не супярэчаць нашаму заканадаўству.

 

Пра актыўнасці аўтаканалу

– Мы таксама бяром удзел у дабрачынных мерапрыемствах. Нашыя актывісты робяць добраахвотныя ўнёскі, на гэтыя грошы мы набываем неабходныя тавары для дзіцячых дамоў. Гэтак жа возім дзяцей на экскурсіі: у пажарную частку, АСВОД ды інш. Вазілі ветэранаў ВАВ на парад, а потым развозілі іх па дамах.

Пасля атрымання дапамогі ад нашага выканкаму ў выглядзе дазволаў на правядзення марапрыемстваў істотных праблемаў у нас няшмат, у асноўным яны датычаць фінансавага боку для ўвасаблення вялікіх праектаў. Адзінае, што засталося, так гэта ўспрыманне некаторымі людзьмі нас як службы, якая абавязаная рабіць усё: ад складанага і дарагога рамонту аўтаў – да перавозкі рэчаў на лецішча. Мы людзям не адмаўляем, калі яны ветліва просяць, але калі патрабуюць і кажуць, што мы абавязаныя, то спрабуем растлумачыць, што гэта не так.

 

«Пасля да нас сталі звяртацца хлопцы, якія таксама хацелі нешта рабіць у горадзе»

 

Калі мы ўзімку 2016-га мы рыхтавалі мерапрыемства «Снежные гонки» за горадам, праз моцныя снегапады нашая пляцоўка была не гатовая і самім нам не пад сілу было яе пачысціць. Тады сам начальнік Дарожна-эксплуатацыйнага кіравання прапанаваў дапамогу і ўжо на наступны дзень патэлефанаваў сказаць, што ўсё зрабілі. 

Галоўная задача аўтаканала − развіццё аўтаспорту ў Светлагорску. Дзякуючы нашым намаганням Светлагорск афіцыйна ўключаны ў спіс гарадоў, дзе праходзяць аўтагонкі. Апроч гэтага, будзем працягваць арганізоўваць гарадскія мерапрыемствы, дапамагаць на дарогах і працягваць займацца дабрачыннасцю. 

 

Тэкст і фота by Дзяніс Марсэль