Свет мангі ў 2019-м. На што звярнуць увагу?
- 22.04.2019
- 4900
Продажы папулярнай мангі дасягаюць 430 мільёнаў копій, персанажам анімэ прысвячаюць гульні, а за экранізацыю японскіх коміксаў бярэцца Галівуд. Паглыбляемся ў свет мангі і раім, што пачытаць і на што падпісацца ў 2019-м.
Што гэта наогул такое?
Манга – гэта японскія коміксы. Калі штуршком да стварэння амерыканскіх коміксаў стала Вялікая дэпрэсія, то стымулам для развіцця мангі паслужыла Другая сусветная вайна: тады манга была інструментам прапаганды. Такія коміксы былі каляровымі і друкаваліся на добрай паперы, а пасля вайны і наступнага крызісу манга выходзіла на таннай паперы, але стала адрознівацца ад заходніх аналагаў: у ёй з'явіліся буйныя планы, малюнкі гукаў, змена кадраў і акцэнт на вачах персанажаў.
Сёння манга складае чвэрць японскай друкаванай прадукцыі, асобныя наклады друкуюцца ў іншых краінах. Большая частка мангі выходзіць у таўшчэзных штотыднёвых часопісах тыпу Weekly Shonen Jump. Тут публікуюцца як пачаткоўцы, так і вядомыя мангакі (аўтары мангі. – 34). Папулярныя манга-серыялы выдаюцца асобнымі тамамі-танкабонамі. Яшчэ ёсць айдзобаны – лімітаваныя выданні для калекцыянераў, аздобленыя прымочкамі тыпу каляровых старонак.
Чым манга адрозніваецца ад заходніх коміксаў?
Калі звыклыя коміксы чытаюцца злева направа, то манга – справа налева. Таксама вялікая частка мангі да гэтага часу выходзіць у чорна-белым варыянце: друк каляровых тайтлаў занадта дарагі. Каляровыя старонкі выкарыстоўваюцца альбо ў спецыяльных выпусках і ключавых разваротах, альбо для абазначэння важных глаў: да прыкладу, апошняя глава «Нарута» была выканана ў колеры.
Малюнак мангі – асобная размова. Японцы надаюць шмат увагі кампазіцыі: на адной старонцы можа быць дзесяць блокаў з рознымі сцэнамі, а на другой – усяго адна, пазбаўленая слоў і прысвечаная пейзажу або прадмету. Аўтары японскіх коміксаў любяць забаўляцца са стылямі: рысоўка можа быць знарочыста нядбайнай, як у манзе «Моб Псіха 100», або звышрэалістычнай, як у «Я – герой». Яшчэ мангакі надаюць шмат увагі вачам: з іх дапамогай прасцей за ўсё перадаць характар і архетып персанажа, так што велічэзныя вочы з'яўляюцца не проста так.
Чаму манга такая папулярная?
Па-першае, мангі папросту шмат. Штогод выданні публікуюць сотні новых работ, некаторыя тайтлы цягнуцца дзесяцігоддзямі: «One Piece», да прыкладу, сёлета адзначыць свой дваццаць другі год нараджэння. Так што ты можаш або шукаць патрэбную табе працу сярод безлічы пачаткоўцаў, або заахвоціцца на доўгайграючай манзе – у любым выпадку ў чытача ёсць магчымасць шырокага выбару.
Па-другое, у манзе прадстаўлены ўсе існуючыя жанры, сюжэты і архетыпы. Тут ёсць як класіка тыпу рамантыкі, дэтэктыва і камедыі, так і спецыфіка накшталт самурайскага баевіка, вампірскай драмы або гендарнай інтрыгі – жанру, у якім з полам галоўнага персанажа адбываюцца розныя метамарфозы. Так што ўсё, што ты зможаш сабе нафантазаваць, ужо ёсць у манзе – трэба толькі добра пашукаць.
Па-трэцяе, мангакі ведаюць сваю мэтавую аўдыторыю, і некаторыя працы ствараюцца для пэўнай катэгорыі людзей. Для дзяцей існуе манга ў жанры кодама, падлеткам пастаўляюць сенэн і сёдзё, а для дарослых дзяўчат і хлопцаў робяць дзёсэй і сэйнэн.
Ёсць яшчэ жанры тыпу «школы» і «спорту», якія ахопліваюць вялікую праслойку насельніцтва, і ўмоўныя «прыгоды», якія чытаюць усе, так што алгарытм тут просты: ёсць аўдыторыя – знойдзецца патрэбная манга.
Ці праўда, што мангу прасцей чытаць анлайн?
Так. У першую чаргу таму, што з папяровымі выданнямі ў нашых шыротах усё вельмі нестабільна. Напрыклад, у свой час выдавецтва «Эксмо» адмовілася ад выпуску буйных тайтлаў «Нарута» і «Бліч»: былі пытанні па камерцыйнай выгадзе рускамоўнай мангі.
Чытаць мангу анлайн або праз спецыяльныя прылады і зручней, і практычней: асобныя главы з’яўляюцца штотыдзень, у той час як аматарам папяровай мангі даводзіцца чакаць выхаду цэлага тома. У той жа Японіі ў 2017 годзе продажы папяровай мангі абваліліся на 14%, а рэалізацыя лічбавай версіі тайтлаў узрасла на 17%, што прынесла выдавецтвам прыбытак у памеры $ 1,6 млрд.
Чаму Галівуд экранізуе мангу?
Гэта прыбыткова. У фільмаў «Аліта: баявы анёл», «Грань будучыні», «Касмічны пірат Харлак» і «Олдбой» ёсць паспяховая аснова ў выглядзе мангі: аматары не маглі прапусціць экранізацыю, а правераны сюжэт прыйшоўся даспадобы гледачам, якія не чыталі першакрыніцу.
Наогул экранізацыяй мангі займаецца не толькі Галівуд: у Netflix ужо ёсць фільмы па «Сталёвым алхіміку» і «Сшытку смерці», а ў будучыні кампанія выпусціць рымейк «Каўбоя Бібопа».
Дарэчы, экранізацыі тайтлаў не заўсёды атрымліваюць станоўчы фідбэк. Згаданы «Сшытак смерці» быў адрынуты фанатамі мангі праз перакручаны сюжэт і бляклых герояў, фільм «Драконаў жэмчуг: Эвалюцыя» спадабаўся 19% гледачоў, а экранізацыю «Прывіда ў даспехах» успрынялі ў штыкі праз тое, што галоўную ролю аддалі акторцы з еўрапейскай знешнасцю.
А якая манга цяпер актуальная?
Дамінуючага жанру і стылю няма: адну мангу адзначаюць за цікавую рысоўку, іншую – за чапляльны сюжэт, а трэцюю чытаюць толькі праз пэўных персанажаў. Ёсць класіка тыпу «Сшытка смерці» і «Берсерка», якая будзе актуальная заўсёды, а ёсць працы накшталт «Дабранач, Пунпун» і «Настольны тэніс» – яны спецыфічныя, але маюць сваю фанбазу. Усё залежыць ад таго, што шукае чытач: хтосьці з 1997 года сочыць за «Ван Пісам», а хтосьці кожны месяц гойсае па парталах у пошуках навінак.
Школьная тэматыка – вельмі выгадны ход для мангака. Чытачы ці пойдуць у школу, ці ўжо вучацца ў ёй, а яшчэ ёсць дарослыя людзі, якія будуць смуткаваць па сваіх школьных часах, так што жанр пакрывае вялізны ўзроставы спектр. Пры гэтым манга з тэгам «школа» не заўсёды распавядае пра падручнікі і ўрокі. «Нарута» – гэта гісторыя пра ніндзя, але яе галоўны герой – школьнік. Хочаш больш актуальнай мангі, зробленай у гэтым жанры, чытай «Маю геройскую Акадэмію», «Прытворнае каханне» і «Я дзяўчына!».
Яшчэ адзін запатрабаваны жанр – ісекай. Галоўны персанаж такой мангі трапляе з нашага свету ў свет фантастычны: там ён можа стаць героем, уладаром дэманаў, памяняць пол, ператварыцца ў разумную слізь або выратаваць Сусвет. Гэта прывабна, многія хоць бы раз задумваліся над тым, як гэта – пражыць жыццё ў іншым амплуа. Калі табе такія прыгоды да душы, бярыся за «Узыходжанне героя шчыта», «Жыццё ў альтэрнатыўным свеце з нуля» і «Пра маё перараджэнне ў слізь».
Што папулярна тут і цяпер?
Зручней за ўсё адсочваць папулярнасць мангі ў японскіх продажах – астатні свет у любым выпадку падладжваецца пад іх. У Японіі самым папулярным тайтлам 2018-га выявіўся «One Piece»: было прададзена больш за восем мільёнаў копій мангі пра прыгоды піратаў. На другім месцы манга «Мая геройская Акадэмія» з шасцю мільёнамі копій, а на трэцім – тайтл «Атака тытанаў» з пяццю мільёнамі копій. З поўным топам, складзеным японскай кампаніяй Oricon, ты можаш азнаёміцца тут.
На што падпісацца, каб сачыць за мангай?
Gigguk – англамоўны канал пра анімэ і мангу. Тут табе падкажуць, што трэба чытаць і глядзець у цяперашнім сезоне, разбяруць папулярныя тайтлы на складнікі і выдадуць неабходныя топы і рэйтынгі;
Anidub – тэлеграм-канал з анонсамі анімэ і мангі;
Oh, Manga! – канал з аглядамі мангі на рускай мове. Стрым, разборы навінак і класічных тайтлаў, а таксама розныя туторыялы;
Whyt Manga – навучальны канал для тых, хто хоча маляваць мангу;
Only Manga – рэгулярная рассылка мангі для тых, хто лянуецца шукаць тайтлы самастойна;
Tenmanga и Baka-Updates Manga – зручныя сэрвісы, каб заўсёды заставацца ў курсе рэлізаў і абнаўленняў.
Што раіце пачытаць?
«One Piece» – бясконцы тайтл пра піратаў, сяброўства і прыгоды;
«Rock 'n' Roll Ricky» – манга пра ператварэнне шалапутнага рокера ў зорку бокса;
«Solanin» – гісторыя пра сталенне, адказнасць і каханне на фоне меланхоліі;
«The Shape of the Voice» – праца Есітокі Аоймы, прысвечаная інклюзіўнасці і спагадзе. Гэтая манга мае выдатную адаптацыю анімэ: паглядзі, калі чытаць лянота.
«Hellsing» – алдскульная манга пра вампіраў, начыненая чорным гумарам і дыхтоўным экшэнам.
З манхвы (карэйскі комікс) мы параім «Sisters XO» і «Girl The Wild's», з маньхуі (кітайскі комікс) «Megan he Danai» і «Shepherd of Souls». Калі хочацца чагосьці заходняга – бярыся за «Chew» і «Transmetropolitan». Прыемнага чытання!