Спыніся і пачні: як паверыць у свой голас?
- 08.09.2026
- 53

У гэтым выпуску «Спыніся і пачні» прыглядаемся да вакалу. Калі ты таксама разважаеш пра тое, каб сагнаць з вуха мядзведзя і прыняць свой голас, табе могуць быць карыснымі разважанні Валерыі, якая тры гады наведвае заняткі вакалам, без аніякага сораму спявае за стырном аўто і кажа, што спевы дапамагаюць ёй лепш рухацца па жыцці.
Невідавочныя профіты ад заняткаў вакалам
Менш баішся публічных выступаў
Для многіх людзей чуць свой голас – пакута. Але падчас заняткаў даводзіцца карыстацца мікрафонам і чуць сябе пастаянна. Праз пару тыдняў да гэтага прызвычайваешся. А заадно заўважаеш, што браць слова на працоўным мітынгу ці выступаць на канферэнцыі становіцца не так страшна.
Разнявольваешся
Зрабіць вымаўленне выразным і паставіць голас дапамагаюць распеўкі – спецыяльныя практыкаванні для разагрэву звязак. Яны бываюць даволі смешнымі: кшталту, расслабце губы і на выдыху зрабіце «тпру», і так разоў дзесяць запар. Усе гэтыя «тпру» вельмі дапамагаюць адпусціць сябе. Уяві: сядзіць перад табой дарослы чалавек, выкладчык з музычнай адукацыяй і шматгадовым вопытам, і тут – раз! – паказвае язык, пачынае крыўляцца, а табе трэба ўсё за ім паўтараць. Практыкаванні дапамагаюць зняць заціскі з губ, сківіцаў, шчок. Але напэўна з імі злятаюць заціскі і ў паводзінах – твая ўнутраная малпачка гатовая гарэзіць і выдурняцца.
«Злятаюць заціскі ў паводзінах – твая ўнутраная малпачка гатовая гарэзіць і выдурняцца»
Не саромеешся эмоцый
Праз спеў становіцца лягчэй адчуваць і паказваць радасць, злосць, смутак, задавальненне, агрэсію. Таму што песні – легальная магчымасць пражыць свае эмоцыі і выказаць іх. Тут як на трэнажоры: спачатку вучышся даваць волю пачуццям на занятках, потым – у жыцці. І яно становіцца больш напоўненым і яскравым. Калі дазволіць сабе шчыра паплакаць, то і смяяцца ўголас потым лягчэй.
«У амерыканскай спявачкі Beth Hart ёсць кампазіцыі пад любы настрой, – распавядае Валерыя. – Спяваю яе песні і калі трэба выпусціць пару, і калі мне самотна. Яшчэ люблю Ніно Катамадзэ. Гэта грузінская джазавая спявачка. У яе творчасці асаблівая ўласцівасць выклікаць настальгію па месцах, дзе я нават не была. Самае тое, калі засмучаешся».
Пераадольваеш сорам
Вядома, самае складанае, з чым працуеш на занятках вакалам, – гэта сорам. Табе сорамна за голас, за непападанне ў ноты, за фальшывае выкананне і яшчэ безліч усяго. Але ў спевах ты, па-першае, не сам-насам: побач выкладчык, які падтрымлівае і пры неабходнасці падпявае. Па-другое, ты вучышся і з цягам часу бачыш свой прагрэс.
«У мяне ёсць такі лайфхак, калі я сабой незадаволеная, – дзеліцца Валерыя, – пасля заняткаў запісваю песню на дыктафон у тэлефоне і не праслухоўваю адразу. Адкладаю гэты запіс, выкідаю яго з галавы. Праз пару месяцаў ці паўгода раблю новы і толькі тады праслухоўваю папярэдні. Заўважаю, наколькі маё выкананне палепшылася за гэты час. Цешуся і разумею, што так, у мяне не атрымалася адразу, але я працягнула займацца – і вось ён, мой прагрэс!»
Дзейнічаеш неадкладна
Навучыцца спяваць можна толькі праз практыку. Гэта дапамагае адключыць функцыю бясконцага абдумвання і перайсці на рухавік дзеяння. Калі выкладчык дае чарговае практыкаванне, яго лепей выканаць як мага хутчэй, бо толькі задумаешся, як усё выглядае збоку, – прачнецца няўпэўненасць у сабе, страх выглядаць недарэчна ці памыліцца. Калі не марудзіш, а робіш адразу, то ўключаешся ў працэс і часу на ваганні не застаецца. Ты ўжо ці тпрукаеш, ці спяваеш.
Гэты скіл дапамагае не толькі на занятках вакалам. Прасцей пачынаць працоўны дзень, брацца за не самыя прыемныя справы ў жыцці. Таму што вучышся не гасіць імпульс, а паддавацца яму і дзейнічаць замест таго, каб сумнявацца і пракрастынаваць.
«Вучышся не гасіць імпульс, а паддавацца яму і дзейнічаць»
Прымаеш сваю неідэальнасць
«Апошнім штуршком да таго, каб пайсці на спеў, для мяне стаў прыклад знаёмай, – успамінае Валерыя. – Неяк я пабачыла ў сторыс кавалачкі яе вакальных заняткаў. Яна шчыра паказвала і прызнавала хібы свайго выканання, але працягвала займацца і верыць, што з часам будзе спяваць лепш. Мяне гэта вельмі натхніла, я падумала, што таксама магу. Магу дазволіць сабе спяваць недасканала. І пайшла на вакал. Цяпер я ні на што не прамяняю свае штотыднёвыя заняткі».
Спеў, як і многія іншыя рэчы ў нашым жыцці, патрабуе рэгулярных трэніровак. Ніхто не нараджаецца прафесіяналам. За добрымі вынікамі хаваюцца як мінімум дзесяць тысяч гадзін працы. Таму, калі прымаеш, што будзеш спяваць недасканала на пачатку шляху, у цябе ёсць шанец прайсці яго і навучыцца – вызваліць вушы ад мядзведзя і праспяваць на ўвесь голас любімую кампазіцыю.

Як пачаць
Знайсці выкладчыка можна праз сацсеткі ці па рэкамендацыях знаёмых. Многія школы вакалу прапаноўваюць пробныя заняткі. Схадзі на два-тры, каб паглядзець, якая тэхніка навучання пасуе табе.
«За тры гады ў мяне было пяць настаўнікаў, – распавядае Валерыя. – З кімсьці мы расставаліся праз мой пераезд. Але бывала так, што я ішла на пробны ўрок да іншага выкладчыка і разумела, што яго падыход адгукаецца мне больш».
Заняткі спевам – месца, дзе табе павінна быць камфортна. Дзе зараджаешся энэргіяй, а не губляеш яе.
Займацца можна афлайн і анлайн. У апошнім выпадку галоўнае – з павагай ставіцца да суседзяў. Валерыя, напрыклад, ходзіць у студыю, а практыкуецца за стырном асабістага аўто.
Заняткі звычайна складаюцца з дзвюх частак: распеўкі і працай над песнямі. На пачатку навучання ты складзеш wishlist. Таму развучваць будзеш кампазіцыі, якія табе насамрэч хочацца праспяваць. Гэта яшчэ адна прыемнасць у занятках вакалам. Нічога навязанага. Толькі тое, што падабаецца табе.
Рэкамендацыі ад Валерыі: што ты можаш паслухаць ці спець ужо сёння
Каб пабыць дзёрзкім(-ай): Beth Hart – Bad Woman Blues
Каб пагрузіцца ў меланхолію: Tanita Tikaram – I Think Of You
Каб вярнуць веру: Within Temptation and Jerry Heil – Sing Like A Siren
Каб адчуць пяшчотны сум ад таго, што ты ўжо дарослы(-ая): Tori Amos – Winter
Каб панастальгаваць: Nino Katamadze – Once In The Street
Каб разбіць міленіяльскія сэрцы: Evanescence – My Immortal
Дзе шукаць аднадумцаў
Калі цікавяць не толькі спевы, але і спеўнае кам’юніці, пашукай у сваім горадзе аматарскія хоры. Хутчэй за ўсё, там трэба будзе прайсці сякое-такое сіта адбору, але патрабаванні могуць быць мінімальныя. У хоры змяншаецца страх памылак і можа быць прасцей раскрыцца, калі адчуваеш таварыскае плячо (ды не адно). Таксама гэта ўнікальная магчымасць рабіць нешта разам з вельмі рознымі людзьмі, пашырыць не толькі кола знаёмстваў, але і кругагляд.
Караоке-вечарыны і адкрытыя мікрафоны – магчымасць выйсці з зоны камфорту ў прасторы, дзе ад цябе ў прынцыпе ніхто не чакае вакалу ўзроўню Adele. Для падтрымкі дастаткова будзе адной сяброўкі ці сябра, перад якімі ты раскрыешся з новага боку. Звычайна на такіх івэнтах збіраецца даволі прыемная аўдыторыя, не скупая на апладысменты, а гэта падштурхвае займацца спевамі далей.
Калі адчуеш сябе ўжо больш упэўнена, можна далучыцца да джэм-сесій, дзе пазнаёмішся з музыкамі-аматарамі, і нават калі вы не згуртуецеся ў забойны кавер-бэнд, у цябе з’явіцца класны спосаб бавіць час.
А яшчэ ты можаш скарыстаць цягу да вакалу, каб палепшыць веды замежнай мовы. Збяры колца зацікаўленых хадзіць у караоке, каб спяваць па-іншаземнаму, або далучыся да такой групы. Спеў на замежнай мове – адзін з непрымусовых інструментаў моўнай практыкі, дзе ты аўтаматычна капіруеш вымаўленне, інатанацыі, націскі, запамінаеш новыя словы і выразы не ў вакууме, а ў звязцы з эмоцыямі. Гэта вельмі добра працуе на моўны прагрэс і гэта незабыўны калектыўны досвед.
Калі шукаеш новае хобі, раім таксама пачытаць нашы артыкулы пра бёрдвочынг і скетчынг.