Спыніся і пачні: як дазволіць сабе маляваць, калі ты ўжо дарослы(-ая)?

Хочаш разнастаіць будні творчасцю, але не ведаеш, як абысці ўсе гэтыя «няма часу», «мастаком трэба нарадзіцца», «мне ўжо позна»? Давай зламаем сістэму і вернем табе права маляваць калі і што заўгодна. Як? Наталька Кухарчык, якая штотыднёва малюе скетчы ў свае 30 з хвосцікам, дзеліцца вопытам і падказкамі ў нашай рубрыцы пра хобі «Спыніся і пачні».


– Цяпер я ўспрымаю маляванне як масаж для галавы, спосаб расслабіцца і адпачыць. Але яшчэ пару гадоў таму белы аркуш глядзеў на мяне зверам. Калі ад адчаю і злосці я намалявала на ім вочы, яны глядзелі на мяне з пагардай. Так мне тады падавалася.

Цікава, калі згубілася лёгкасць, з якой я малявала, ляпіла з гліны ці рабіла калажы ў дзяцінстве? Можа, калі мне ў шостым класе сказалі намаляваць яблык, не патлумачыўшы, як гэта зрабіць? Вынік маіх намаганняў не задаволіў настаўніка, што і было агучана на ўвесь клас. Пасля гэтага штотыднёвыя 45 хвілін «ІЗО» сталі маім кашмарам.

Многія дарослыя маюць сваю гісторыю запальвання стоп-сігналу да творчасці. Абразлівыя словы, насмешкі, адсутнасць падтрымкі. Але ў кожнага – веру! – можа быць гісторыя паспяховага вяртання. Вяртання да радасці ад малявання зялёнага неба і ружовых зуброў.

Мой шлях ляжаў праз IT. Гадзіны працы за камп’ютарам, бясконцыя сумоўі і пастаяннае стасаванне з калегамі. Я – экстравертка, але ў суме гэтага было ўжо зашмат. Напрыканцы працоўнага дня хацелася выпрастаць звіліны і заняцца простай бессэнсоўнай дзейнасцю. Так я пераадкрыла для сябе маляванне.

 

 

Як «дазволіць» сабе маляванне?

Каб адключыць той самы стоп-сігнал, трэба перазапісаць вопыт. Паказаць мозгу, што цяпер усё не так страшна, і стварыць новую пазітыўную асацыяцыю. Так, лёгка сказаць і няпроста зрабіць. Спатрэбіцца месца, дзе будзе бяспечна, і людзі, якія падтрымаюць.

Мне дапамаглі курсы малявання для дарослых. Буду шчырай, ісці на першы занятак было так жа складана, як першы раз у трэнажорцы. Ногі падкошваліся, галава працівілася: «Наташа, ты ўжо дарослая жанчына, ты ўвогуле ўсведамляеш, што робіш?» Але, сціснуўшы аловак, блакнот і зубы, я адчыніла дзверы ў клас.

 

«Ісці на першы занятак было так жа складана, як першы раз у трэнажорцы»

 

Выкладчыца, якая заснавала і вяла курсы, вучыла нязмушана і з азоў. Паступова станавілася зразумела, што такое перспектыва, як працуюць цені, перадаецца аб’ём. Праз пару заняткаў я намалявала той самы яблык, які гэтым разам выглядаў упэўнена і апетытна. Гештальт закрыўся, і я адчула палёгку. Са зводу незразумелых патрабаванняў маляванне пераўтварылася ў сістэму паслядоўных і лагічных правіл. Іх можна было выконваць бездакорна, а можна было хуліганіць і парушаць. На курсах вучылі абодвум падыходам.

Маім аднагрупніцам было за 30, 40, 50, 60. Некаторыя малявалі раней, але праз працу і быт закінулі. Некаторыя, як і я, прыйшлі вучыцца з нуля. Але кожная знаходзіла для іншай добрыя словы. Праверана на сабе: асяроддзе, якое прымае неідэальны вынік тваіх намаганняў, працуе станоўча не толькі з дзецьмі, але і ў дарослым жыцці.

 

Дзе ўзяць час?

Здавалася б, робат-пыласос і ШІ мусяць вызваляць гадзіны жыцця, але стрэсу і чаканняў ад сябе ў высокатэхналагічным свеце не паменела. Таму вельмі лёгка заліпнуць у серыяльчык або глядзець рылсы пра тое, як малююць іншыя, замест таго каб маляваць самой. Але вадзіць рукой па паперы – прыемна, а яшчэ, як кажа той самы ШІ, «маляванне паляпшае канцэнтрацыю і памяць, развівае аналітычныя навыкі, зніжае трывогу і спрыяе выпрацоўцы дафаміну».

Я гэта адчуваю, калі датыкаюся да шурпатай акварэльнай паперы ці да гладкіх старонак скетчбука; калі бяру ў руку то аловак, то лайнер, ці мяняю пэндзлі, набіраючы розныя фарбы. Малюнак патрабуе прысутнасці. Выпусціш працэс з-пад увагі – і на аркушы з’явяцца не ў тым месцы хвалістыя лініі ці каляровыя плямы (але не забывай: усё можна паправіць). Раю даць сабе шанец адчуць гэтае засяроджанне і заліпанне без сораму за змарнаваны час.

Выбірай даступны курс або суполку, афлайн ці анлайн, прычым пажадана – з раскладам заняткаў, каб было менш магчымасцяў саскочыць. Калі малюеш сам(-а), то забівай у каляндар абавязковыя паўгадзіны хаця б раз на тыдзень. Але папярэджваю: падсесці на гэтае хобі можна не горш чым на сацсеткі. І вось ты ўжо робіш накіды на занятках, у кавярні, парку, чарзе. Калі вярнуць сабе лёгкасць і на пачатку вылучыць час, то маляванне ўвойдзе ў звычку.

 

«І вось ты ўжо робіш накіды на занятках, у кавярні, парку, чарзе»

 

На каго падпісацца:

  YouTube «Империя Пикчер» – тут шмат пакрокавых відэа, як маляваць простым алоўкам, акварэллю, гуашшу, маркерамі.

  YouTube Nano Art – тут сярод іншага ёсць урокі, якія дапамогуць падступіцца да акварэлі.

  YouTube Emma Jane Lefebvre – яшчэ адзін канал для пачаткоўцаў, аўтарка якога дапаможа разабрацца з акварэллю.

  YouTube Sketching Scottie – вельмі круты канал по скетчынгу.

  Тэлеграм «Наташа Соболева» – канал творчай прадпрымальніцы і настаўніцы па маляванню, класны вайб, творчая атмасфера; дапамагае цаніць сваё хобі і знаходзіць для яго час.

 

Што рабіць з комплексам «мне ўжо позна»?

Сярод маіх аднагрупніц былі жанчыны ўзросту Мэрыл Стрып, і ім гэта абсалютна не перашкаджала. Яны вучыліся маляваць і атрымлівалі ад працэсу задавальненне. Акварэлі, гуашы ці акрылу ўсё роўна, колькі табе гадоў. Прадаўшчыцы з крамы матэрыялаў для творчасці – таксама. І калі я пачала выкладаць малюнкі ў сацсеткі, то сустрэлася толькі з сэрцайкамі і захапленнем.

Насамрэч адзінай асобй, якой была справа, у якім гэта такім узросце я пайшла на маляванне, аказалася я сама. У крызісныя моманты, калі «заваліла гарызонт, а пражыла на свеце 30 гадоў», я зноўку звярталася да прыкладаў. Таму ведаю, што Васіль Кандзінскі скончыў юрфак, ажаніўся – і ў 30 неспадзеўкі вырашыў стаць мастаком. Толькі ўяві рэакцыю яго бацькоў!

Але мой улюбёны прыклад – Напалеон Орда, які пачаў больш актыўна вандраваць і скетчыць, калі яму было за 70. Ён рабіў замалёўкі беларускіх, літоўскіх, польскіх мястэчак. Ты напэўна бачыў(-ла) іх у музеях ці кнігах. Таксама нясвіжскі замак аўтарства Орды красаваўся раней на беларускай купюры ў 100 000 рублёў. Па сутнасці, мастак стварыў візуальную картатэку гарадоў, вёсак, замкаў у часы, калі яшчэ не было фота. У XXI стагоддзі спадар Орда мог бы зрабіць неблагі ютуб-канал і вучыць скетчынгу іншых.

У сучасным свеце пачынаць і развівацца яшчэ прасцей. Сеціва, тэхналогіі, веданне замежных моў – нашыя будні. Мы часта вучымся новым інструментам на працы ці прасунутым прымочкам у аўто, нават не заўважаючы гэтага. Не надавай творчасці сакральнага значэння.

 

«Не надавай творчасці сакральнага значэння»

 

Як пачаць?

Мой рэцэпт такі. Вазьмі аркуш паперы. З альбома, блакнота, з сшытка – любы. Алоўкам, асадкай ці маркерам намалюй на ім вочы. Як бы яны ні глядзелі – першая замалёўка ў цябе ўжо ёсць. А далей шукай курсы, падпісвайся на блогераў(-ак), дазволь сабе ў рэальнасці маляваць з вялікай «М» ці пэцкаць паперу. Без розніцы. Галоўнае – рабі гэта з асалодай.

 

Фота: з асабістага архіва аўтаркі. Фота на галоўнай: Unsplash.