«Сожскi стрыт»: новы фестываль вулічнай культуры ў Гомелі

Раўнютка год таму ў Гомелі адкрыўся доўгачаканы скейт-парк. Доўгачаканы – бо адкрыцця яго дамагаліся цэлых 10 гадоў. Збор подпісаў, даўжэзныя перамовы, узгадненні з горадам – і ўжо на скейт-пляцоўцы нясецца новая ўспышка. Хлопцы на колах адначасова з адкрыццём сезона вырашылі запусціць паўнавартасны праект, ахрысціўшы яго фестывалем «Сожскі стрыт». 

 

«Сожскі стрыт» – гэта аб'яднанне розных стыляў вулічнай культуры. Рэпартажная фатаграфія, жывая музыка, цюнінгаваныя тачкі і шмот ад мясцовых дызайнераў, графіці і, уласна, скейтбордынг затусілi на адной пляцоўцы і хвалі. Усё ідэяй і магіяй рук двух хлопцаў – Максіма Дзмітрыева і Харытона Цярэшчанкі, родапачынальнікаў гомельскай супольнасці скейтараў Katka.

«Усе, хто тут удзельнічаюць, – арганізатары, – сціпла паціскае плячыма Максім. – Нам у галаву прыйшла ідэя, а сябры дапамаглі яе рэалізаваць у нерэальна кароткія тэрміны. Мы самі шукалі спонсараў. Напісалі, напэўна, па 20-ці адрасах. У выніку ўсё атрымалася – людзі адгукнуліся, купілі нам фарбу для графіці і лісты фанеры, прызы для ўдзельнікаў спаборніцтваў. Крута, калі падтрымка робіцца з паветра і ўсё застаюцца задаволеныя».

Пацаны лічаць, што іх праект – гэта лепшая магчымасць даказаць, што «альтэрнатыўшчык» – не сінонім слову «маргінал». І нават Гарадскі цэнтр культуры іх у гэтым падтрымлівае.
«Мы хочам паказаць людзям, якой бывае вулічная культура і што яна ёсць у прынцыпе, – дадае Харытон. – Паціху набіраем абароты. Прыехалі рабяты з вобласцi, з Берасця, Віцебска, Менска. Нават чувак з Піцера! Многія ўдзельнікі дзівяцца, што такое робіцца ў Беларусі і на досыць высокім узроўні. Як па мне, гэта яшчэ і выдатная альтэрнатыва для вольнага часу».

Як мінімум сотня ўдзельнікаў і некалькі сотняў гледачоў лічаць гэтак жа, інакш бы не ламіўся парк над Сожам ад грукату дошак, крыкаў балельшчыкаў і блаславёных танцаў пад гітарна-вінілавыя рытмы. І ці тое яшчэ будзе, ой-ё-ёй!

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Фота by Davydenko