10 скульптараў і 3D-мастакоў з Беларусі, работы якіх уражваюць
- 16.07.2020
- 4723
У трэцяй сумеснай культпадборцы 34mag і часопіса пра беларускі сучарт Chrysalis Mag расказваем пра класных скульптараў і 3D-мастакоў. Ступень вядомасці тут – самая розная, стыль і творчыя інтарэсы – таксама, галоўнае – за творчасцю кожнага і кожнай назіраць вельмі займальна.
Цімафей – скульптар і мастак з Менска. З дзяцінства захапляецца скульптурай, мае профільную адукацыю. Цяпер актыўна вывучае ўсё, што звязана з 3D, і хоча развівацца ў гэтай сферы. Любіць працаваць з формай, часцей за ўсё ў жанры абстракцыі, хоць рэалістычная манера таксама яму не чужая. Натхняецца ўсім, што ёсць у інтэрнэце: музычныя кліпы, ілюстрацыі, скульптуры, фота. У інстаграме Ціма нас больш за ўсё ўражваюць відэа, на якія можна заліпаць бясконца (клікай на імя).
Мастацтвам Дзмітрый пачаў захапляцца яшчэ ў школе, тады ён маляваў графіці. Пасля вучыўся ў ІСВ ім. А.М. Шырокава на культуролага. Акрамя абстрактных работ, робіць аўтарскія вінілавыя цацкі. Дзіма ўпэўнены: самыя крутыя рэчы часта знаходзяцца побач – у штодзённасці.
Антон – 3D-мастак, якому ў працы дапамагае звычка назіраць за людзьмі ў грамадскім транспарце: глядзець, які ў чалавека нос, ці з'яўляюцца ямачкі, калі чалавек усміхаецца, вывучаць характар і паводзіны. Мастацкай адукацыі ў Антона няма: у 2009 сябар падарыў яму дыск з 3DS Max – і закруцілася. З усімі цяжкасцямі разабраўся сам, адначасова працуючы на заводзе. Паспеў праявіць сябе не толькі ў графіцы, але і ў прадакшане мультфільма.
Кацярына займаецца скульптурай пятнаццаць гадоў. Вышэйшую адукацыю ў гэтай сферы атрымлівала ў Санкт-Пецярбургу, там яна цяпер і жыве – працуе як скульптар, стварае курсы па скульптуры, курыруе праект Agile gallery. Яе працы і выставы прысвечаныя тэмам успрымання прасторы, сутворчасці і негвалтоўнага ўзаемадзеяння. Дадому ў Беларусь Кацярына прыязджае часта і нават плануе адкрыць тут міжнародную рэзідэнцыю для мастакоў і куратараў.
Канстанцін – вядомы беларускі скульптар, мастак і графік. Ты дакладна знаёмы(-ая) як мінімум з дзвюма яго працамі: «Музай Оперы» каля Тэатра оперы і балета і мемарыялам загінулым падчас тэракту ў метро на Кастрычніцкай «Рака памяці». Канстанцін шматкроць прымаў удзел у выставах з размашыстай геаграфіяй – ад Германіі да Японіі. Удзельнічаў у Венецыянскім біенале ад Беларусі. А яшчэ ён – «Мянчук года – 2012».
Жэня вучыўся ў Акадэміі музыкі, але маляваць пачаў яшчэ ў дзяцінстве. Аднойчы ён уразіўся тым, як яго сябар працаваў у 3D Max, і пачаў у вольны час мадэляваць, а потым посціць вынікі ў Instagram. Яго акаўнт – партал у новыя светы, са сваёй фізікай, і зборнік зачаравальных відэа.
Базыль Стахіевіч – аўдыявізуальны мастак і даследчык, сузаснавальнік праекта Artonist – з адукацыі біёлаг, і, магчыма, таму часта ўпісваецца ў разнастайныя экапраекты. Праз даследаванне мікра- і макраструктур ён прапануе ўздзейнічаць на навакольны свет, выкарыстоўваючы для гэтага ўсе даступныя формы мастацтва і навуковыя веды. Самая вядомая скульптура Bazinato – «Вялікая істота» – была створаная ў рамках фестывалю Vulica Brasil. Але і іншыя яго працы не менш яркія, запамінальныя і кранальныя.
У Арцёма за плячыма – і каледж мастацтваў, і Акадэмія мастацтваў, у якой адразу пасля заканчэння ён застаўся, каб выкладаць на кафедры скульптуры. Арцём не зацыклены на жанры, абірае тыя сродкі, якія могуць максімальна перадаць яго бачанне свету. У творчасці ім рухае ўнутраная патрэба гаварыць з дапамогай пластычнай мовы.
Максім – член Саюза дызайнераў і Саюза мастакоў. Вышэйшую адукацыю атрымліваў у ЕГУ на факультэце тэорыі і практыкі сучаснага мастацтва. Прыхільнік канцэптуальнага мастацтва. Часта працуе з грамадскімі прасторамі. Ацаніць майстэрства Максіма ты можаш кожны раз, калі стаіш на пероне станцыі «Малінаўка» і «Грушаўка»: ён – аўтар часткі дэкаратыўных элементаў. Работы скульптара знаходзяцца ў музеях розных краін, але асабліва актыўна ён супрацоўнічае з Кітаем і не аднойчы выстаўляўся, напрыклад, на Пекінскім міжнародным Арт-Біенале.
У 2010-м Вольга скончыла Акадэмію мастацтваў. Удзельнічала больш чым у 40 выставах. У сваіх працах Вольга імкнецца да сімволікі, лаканізму і максімальнай выразнасці пачуццяў. Натхненнем можа стаць што заўгодна: ад рук сяброўкі да чыгуннай кілаграмовай гіры часоў СССР. Летась заняла першае месца ў намінацыі «Скульптар года» на « VI Біенале жывапісу, графікі і скульптуры» ў Палацы мастацтва.
Выявы ўзятыя з персанальных акаўнтаў аўтараў і аўтарак у інтэрнэце.