Усіх цікаўных запрашаюць на археалагічныя раскопкі ў Віцебскай вобласці
- Рубрыка: УЛОЎ
- 28.05.2025
- 163
Інстытут гісторыі НАН Беларусі запрашае ўсіх зацікаўленых у археалогіі і краязнаўстве далучыцца да Асавецкай экспедыцыі, мэта якой – даследаванне паселішчаў перыяду неаліту – бронзавага веку. Ніякіх спецыяльных навыкаў ад удзельнікаў не патрабуюць.
Раскопкі ладзяцца на Крывінскім тарфяніку, які знаходзіцца ў паўднёвай частцы Беларускага Паазер’я, на мяжы Бешанковіцкага і Сенненскага раёнаў Віцебскай вобласці. Культурны слой тамтэйшых паселішчаў утрымлівае не толькі больш распаўсюджаныя керамічныя і крамянёвыя артэфакты, але і рэчы з косткі, рогу, дрэва, кары, бурштыну. Гэта дае шмат дадатковых магчымасцяў для таго, каб рэканструяваць духоўную і матэрыяльную культуру старажытных жыхароў паўночнай Беларусі ў трэцім – другім тысячагоддзях да нашай эры.
Вучоныя і валанцёры збіраюцца на Асаўцы штогод. Падрабязней пра гісторыю археалагічнага даследавання ў тых краях і знаходкі розных гадоў можна пачытаць на асобным сайце.
Праграма ўдзелу ўсебаковая, гэта:
уласна раскопкі – праца з рыдлёўкай, са шпаталем, з пэндзлікам і з купай болей нечаканых інструментаў;
палявая апрацоўка накапанага – мыццё, чыстка, сушка, шыфроўка, пакетаванне;
міні-лекцыі па археалогіі ўвогуле і археалогіі Крывінскага тарфяніка, праілюстраваныя здабытымі на месцы артэфактамі;
спевы з гітарай, урачысты «прыём у археолагі», гульні ды забавы.
Экспедыцыя пройдзе з 28 ліпеня па 10 жніўня. Можна паехаць і не на ўвесь час.
Для ўдзелу неабходна запоўніць анкету на сайце экспедыцыі.