Запусцілася платформа пра сучасную беларускую фатаграфію SHKLO
- Рубрыка: УЛОЎ
- 04.09.2019
- 8740
Беларускія фатографы Юлія Ваўчок і Максім Сарычаў запусцілі SHKLO – платформу пра сучасную беларускую фатаграфію і візуальнае мастацтва.
Аўтары праекта жадаюць зрабіць беларускія фотавынаходкі больш прыкметнымі для знатакоў і аматараў фатаграфіі па ўсім свеце. SHKLO мае намер прыцягнуць увагу замежных медыя і прафесійных суполак да тых дыяментаў, якія створаныя беларускамі рукамі на беларускай зямлі.
Першыя ластаўкі ад SHKLO – прэзентацыі праектаў Аляксея Шлыка і Святланы Ярковіч.
Юлія Ваўчок
«Пачалося ўсё яшчэ, па-мойму, у лютым. І ў самым пачатку мы дамовіліся, што ад працэсу будзем толькі кайфаваць. Г. зн., робім да таго часу, пакуль нам падабаецца. І таму платформа SHKLO з'яўляецца прадуктам, заснаваным на пазітыўнай энергіі, дзе сустрэчы перарасталі ў тусоўкі, прыемныя размовы перацякалі ў працу, а людзі вакол толькі натхнялі.
Увогуле мы будзем расказваць пра нашых фатографаў. Старацца, каб пра іх даведалася як мага больш людзей як у мага вялікшых месцах і краінах. Мы робім лакальны прадукт, якім можна ганарыцца і прадстаўляць яго зацікаўленай аўдыторыі. Мы робім платформу для сябе, таму што да канца не разумеем, што ў нас адбываецца тут, на родненькай зямлі, і чым дыхаюць нашы аўтары.
Бабла мы пакуль на гэтым не зарабляем і наогул у гэтым выпадку не ставілі мэты такой. Усё абсалютна нонкамершыял».
Максім Сарычаў
«Наша мэта – зрабіць больш прыкметнымі аўтараў з Беларусі ў полі міжнароднай фатаграфіі і лепш бачыць самім, што адбываецца тут і цяпер. Платформа будзе весціся на англійскай мове».
Падпісацца на SHKLO: