«Revision 30» – фотапраект пра Беларусь ад перабудовы да сёння
- Рубрыка: УЛОЎ
- 08.02.2021
- 5321
7 лютага на фестывалі Eclat у Штутгарце ў межах выставы «Беларусь. Шлях да сябе» прэзентавалі фотапраект «Revision 30».
Праект дэманструе, як змянілася беларускае грамадства ад перабудовы да нашых дзён, праз архівы Сяргея і Дзмітрыя Брушко. Фотааповед пабудаваны на рыфмах відавочных і не вельмі: напрыклад, Брушко-бацька зняў сталую пару на матацыкле ў 1997 годзе, а Брушко-сын – маладых у белым на электраскутары перад шчытамі амапаўцаў у жніўні 2020-га; фота чаргі па малако суседнічае з фота чаргі са скаргамі ў ЦВК; а фота выступу Зянона Пазняка – з фота Марыі Калеснікавай у натоўпе.
Дзмітрый Брушко
«Сёлета ў снежні – 30-я гадавіна распаду СССР, і гэта падстава не толькі параўнаць свае здымкі з бацькаўскімі, але і Беларусь цяпер і тады. Мы з татам розныя людзі, якія здымалі ў розны час, з дапамогай розных тэхналогій. Але адначасова ў нас ёсць агульнае – мы пражылі і адчулі два важныя перыяды беларускай гісторыі. Без 1991 года не было б 2020-га. Як не было б і мяне без бацькі.
У аснове фотапраекта Revision 30 – архіўныя фотаздымкі; ён не здымаўся як параўнальная характарыстыка эпох, гэта, хутчэй, пошук ва ўжо знятым матэрыяле сюжэтаў, герояў і адсылак блізкіх па духу адно аднаму. Гэта пошук цыклаў у коле гісторыі і спроба адказаць на пытанне: як мы змяніліся і што нас чакае ў новай дарослай будучыні».
Даведка: Сяргей Брушко (1958–2000) працаваў фатакорам у газетах «Калійшчык Салігоршчыны», «Чырвоная Змена», «Народная газета». Акрамя Беларусі выстаўляўся ў Германіі, Швейцарыі, Ірландыі. Яго дакументальны стыль часта параўноўваюць са стылем Карцье-Брэсона. Дзмітрый Брушко (нарадзіўся ў 1981 годзе) працаваў у розных дзяржаўных выданнях, з 2014-га – фотакарэспандэнт TUT.BY. Публікаваўся ў выданнях «TIME», «The Herald Tribune», «Newsweek», «Коммерсант» і шмат дзе яшчэ.