Гісторыя знесенага ВMX-парку пад Тарасавам
- 07.02.2018
- 6619
На днях у Беларусі выбухнула гісторыя пра знос велапляцоўкі пад Тарасавам, якую каманда Buzzit самастойна ўладкоўвала 10 гадоў. Зараз рабятам пагражае крымінальная адказнасць або штраф. Мы сустрэліся з Дзімам і Ягорам, заснавальнікамі Buzzit і той самай нашумелай велапляцоўкі, і пагаварылі пра тое, як стварыць усе ўмовы для спорту без падтрымкі дзяржавы.
Buzzit: пачатак
Дзіма і Ягор моцна вылучаюцца на фоне бруднаватага зімовага лесу. Справа не столькі ў яркай вопратцы, колькі ў нейкім унутраным ззянні. Такія хлопцы вечна нешта прыдумляюць, трапляюць у розныя калатнечы і са смехам з іх выблытваюцца, нібы героі прыгодніцкіх кніжак і фільмаў.
10 гадоў таму хлопцы вырашылі прасоўваць рух BMX і MTB у Менску. Тады ім было па 15-17 гадоў. Пачыналі ўдваіх: Дзіма і Ягор. Сваю каманду яны назвалі гучным словам Buzzit. Іх сябры, Дзяніс і Улад, таксама дапамагалі прасоўваць BMX і MTB рух. На днях Дзяніс узяў другое месца ў міжнародных спаборніцтвах сярод прафесійных BMX-веласіпедыстаў – праўда, у Штатах, куды ён з'ехаў пяць гадоў таму. Пасля віншаванняў Дзяніс распавёў, што яму сніліся вяртанне ў Менск і сумесныя пакатушкі. А Улад пару месяцаў таму пераехаў у Польшчу.
У 2007 годзе хлопцы трапілі на спаборніцтвы Coca-Cola Velodrive па BMX і MTB. Менавіта гэта і было вырашальным паваротам у іх жыцці, хоць яны пачалі асвойваць мотакрос крыху раней. Яны захацелі трэніравацца часцей, пачалі шукаць пляцоўкі, але ў горадзе не было спрыяльных умоў.
Ягор
Дзіма
Беспаспяховыя пошукі пляцоўкі
Хлопцы дачакаліся паўналецця і зарэгістравалі ТАА па стварэнні скейтпаркаў і спартыўных аб'ектаў. Яны ўжо паспелі пасябраваць з дасведчанымі паплечнікамі з Расіі і пачалі разбірацца ў тэматычных тонкасцях. Дзіма і Ягор зрабілі праект скейтпарку і пайшлі па міністэрствах распавядаць пра новы від спорту, для якога трэба вылучыць пляцоўку. Але слова «не» яны чулі як ніколі часта.
Тады Buzzit прыдумалі іншы варыянт. Пасля Coca-Cola Velodrive застаўся драўляны скейтпарк, які мог бы проста згніць, калі б яго не выкарыстоўвалі па прызначэнні. Нашы героі вялі перамовы з Беларускай федэрацыяй веласіпеднага спорту і адміністрацыяй «Менск-Арэны» аб тым, каб перадаць усе патрэбныя ім фігуры і ўстаноўкі. Хлопцы нават знайшлі інвестара, які быў гатовы арандаваць спартзалу на плошчы Бангалор і ўкласціся ў развіццё BMX у Беларусі. Адзіная ўмова заключалася ў тым, што хлопцам неабходна было займець той самы пакінуты скейтпарк. Усё ішло ў бадзёрым тэмпе: заставалася толькі падпісаць дакументы аб перадачы абсталявання. Але людзі «зверху» раптам перадумалі, і гэты парк таксама згніў.
«Мы ніколі не разлічвалі на дзяржаву. І не разумелі спартсменаў з іншых сфер, якія нылі, што ім няма дзе займацца. Бярэш і робіш, ствараеш сабе ўсе ўмовы»
«Мы хадзілі да кіраўніцтва парку Горкага, парку Чалюскінцаў, мы былі ў Раўбічах, Лагойску і Сілічах. Усім прапаноўвалі супрацоўніцтва, хацелі стварыць пляцоўку для трэніровак. Мы не прасілі фінансавай дапамогі – нам толькі быў патрэбны дазвол на трэніроўкі. Але ў адказ чулі, што ў парках нічога нельга будаваць, – кажа Дзіма. – Магчыма, тады людзі былі недастаткова дасведчаныя, ды і BMX яшчэ не быў Алімпійскім відам спорту. Нават у ДТСААФ нам адмовілі».
Калі хлопцы зразумелі, што яны ўжо абышлі ўсе інстанцыі і прапанавалі ідэю ўсім магчымым партнёрам на любых умовах, але паўсюль атрымалі адмовы, то вырашылі знайсці пляцоўку самастойна.
«Можна было ўсю маладосць прахадзіць па гэтых інстанцыях, але так і не пачаць катацца. А спартсменам патрэбна месца для трэніровак», – кажа Дзіма. «Мы моцна расчараваліся і вырашылі сысці ў падполле», – сумна дадае Ягор.
«Можна было ўсю маладосць прахадзіць па гэтых інстанцыях, але так і не пачаць катацца»
Вяртанне ў лес з купінай
Месца знайшлі выпадкова. Улад раней жыў непадалёк ад Тарасава ў доме, які збіраліся зносіць. Ён гуляў па лесе і знайшоў там купіну, якую пры жаданні можна было выкарыстоўваць як трамплін. Хлопцы зацанілі лакацыю: яна сама па сабе рэльефная, схаваная ад лішніх вачэй – увогуле, там было значна круцей, чым у горадзе. Яны сабралі каманду з 20 чалавек, і ў выніку ўсё ўладкаванне разгарнулася вакол той самай адной-адзінай купіны.
Пакуль свая траса яшчэ не была гатовая, хлопцы знайшлі трэк ва Уруччы, зрабілі там трампліны і пачалі катацца. На той момант гэта была афіцыйная велатраса, хоць і ў закінутым стане. Але праз два гады туды вярнуліся рэйсеры. Яшчэ адна магчымая гарадская лакацыя стала непрыдатнай.
Buzzit канчаткова развіталіся з надзеяй на дапамогу дзяржавы і вярнуліся ў свой лес з купінай. Хтосьці бываў там ледзь не штодзень, хтосьці падладжваўся пад надвор'е і працу, каб уладкаваць тэрыторыю. Летам гэты кавалачак лесу стаў галоўным месцам сустрэчы.
Месца сілы
Хлопцы стараліся трымаць месца ў сакрэце, але пра яго ведалі ўсе спартсмены. Пастаянна там каталася каля 20 чалавек. Агулам пра лакацыю ведала не адна сотня людзей, якія прыязджалі на выходныя. Сябры, у якіх ужо паспелі з'явіцца дзеці, прыязджалі з дзецьмі: ім важна было паказаць маладому пакаленню такі від спорту. Перыядычна наведваліся і жыхары Тарасава, глядзелі з цікаўнасцю. Прыходзілі ў госці і леснікі: здымалі катанні на тэлефон, выказвалі рэспект. У хлопцаў ніколі не было канфліктаў з лясніцтвам: яны выносілі смецце, чысцілі лес.
«Нават не спартсменам было зразумела, што мы займаемся крутой справай. Прычым па ўласнай ініцыятыве і без якой-небудзь камерцыі», – уздыхае Дзіма.
«Мы ўклалі велізарную колькасць часу ва ўладкаванне пляцоўкі. Страшна падумаць, колькі гэта чалавека-гадзін, – падтрымлівае Ягор. – Мы ніколі не разлічвалі на дзяржаву. І не разумелі спартсменаў з іншых сфер, якія нылі, што ім няма дзе займацца. Бярэш і робіш, ствараеш сабе ўсе ўмовы».
За 10 найважнейшых гадоў маладосці хлопцы паспелі скончыць універсітэты, знайсці класныя працы, а на спот сталі прыязджаць на сваіх машынах. Дзіма – магістр тэхнічных навук, Ягор – эканаміст, але абодва цяпер працуюць у відэа-прадакшне. Часу і сіл на BMX стала значна менш, але ўсё адно гэта іх вялікая любоў і вялікая частка жыцця.
«Гэта цэлая эпоха не толькі для нас, але і для спорту ў Беларусі. Да нас прыязджалі сноўбардысты, скейтбардысты, мы ўсе разам трэніраваліся», – узгадваюць рабяты.
Сама траса была доўгай, на ёй было 14 трамплінаў – гэта лічыцца крутым маштабам. Калі пляцоўка пачала набываць ясныя абрысы, да Buzzit сталі прыязджаць спартсмены з іншых гарадоў Беларусі і з Расіі.
Летам 2017 года хлопцы прывялі пляцоўку ў ідэальны выгляд. Да гэтага 70% часу сыходзіла проста на капанне зямлі. Летам 2017-га ва ўсіх спартсменаў ужо быў заўважны прагрэс.
Таймлайн развіцця велафрыстайлу ў Менску
ліпень 2007 праходзяць спаборніцтвы Coca-Cola Velodrive па BMX.
2007–2008 каманда Buzzit спрабуе атрымаць дазвол на афіцыйныя трэніроўкі па BMX.
2008 Buzzit пачынаюць уладкоўваць сваю пляцоўку пад Тарасавам.
2008 BMX становіцца Алімпійскім відам спорту.
2011–2012 Buzzit трэніруюцца на трэку ва Уруччы.
27 студзеня 2018 удзельнік каманды Buzzit прыязджае на трасу пад Тарасавам і застае руіны.
29 студзеня 2018 на Onliner выходзіць матэрыял пра знос пляцоўкі.
30 студзеня 2018 на Onliner выходзіць відэарэпартаж з каментарамі прадстаўнікоў адміністрацыі. Па словах загадчыцы сектара спорту і турызму Ларысы Кірэевай, гэты ўчастак быў выдзелены для будаўніцтва пад'язной дарогі ў Дразды.
30 студзеня 2018 у лесе пачынаецца масавы зруб дрэў і распальванне вогнішчаў людзьмі ў спецвопратцы.
31 студзеня 2018 Дзіма і Ягор падаюць заяўкі на атрыманне спартыўнай ліцэнзіі. Цяпер яны ўваходзяць у Беларускую федэрацыю веласіпеднага спорту і могуць легальна займацца сваёй дзейнасцю.
1 лютага 2018 на БТ з’яўляецца сюжэт, дзе журналіст распавядае пра прычыны зносу і кажа, што рабятам можа пагражаць крымінальная адказнасць.
Зіма 2018
«Бязвіз ёсць, а пляцоўкі няма»
Мы прыязджаем на пляцоўку напрыканцы студзеня. Прабіраемся скрозь сухія галінкі і брудны снег. Бачым дзясяткі вогнішчаў, вакол якіх кампаніі людзей ва ўніформе. Трактар з прычэпам загружаны гіганцкімі бярвёнамі. На здаровых дрэвах – чырвоныя пазнакі. Пра легендарную велатрасу нагадваюць толькі рэдкія рэшткі трамплінаў. Убачыўшы нас, людзі спешна сыходзяць з лесу і з'язджаюць на старэнькіх службовых машынах. Вогнішчы працягваюць гарэць.
Каманду Buzzit пра гэта не папярэдзілі – проста без тлумачэнняў знеслі іх дзесяцігадовую працу.
Некаторыя спартсмены з СНД доўгі час хацелі прыехаць на культавыя менскія дзёрты, але ўжо не змогуць іх застаць. Хтосьці хацеў прыехаць з Еўропы, але з-за складанага візавага рэжыму не вырашаліся. Цяпер бязвіз ёсць, а пляцоўкі няма.
«Каманду Buzzit пра гэта не папярэдзілі – проста без тлумачэнняў знеслі іх дзесяцігадовую працу»
«Нас адпіхнулі на 10 гадоў назад»
Ужо тыдзень Дзіма і Ягор праводзяць увесь час на сустрэчах з чыноўнікамі, інстанцыямі, федэрацыямі, журналістамі. Пра гэтую гісторыю напісаў нават расійскі сайт pikabu. Ім пішуць людзі, з якімі яны не кантактавалі ўжо многа гадоў, і выказваюць словы падтрымкі. Ягор кажа, што сын мамінай сяброўкі даведаўся пра сітуацыю і заплакаў: ён марыў аднойчы пакатацца там на ровары.
Усё, што хлопцы хацелі і хочуць цяпер, – развіваць BMX-спорт. На аднаўленне свайго ўлюбёнага споту Buzzit яны ўжо не спадзяюцца. У лясгасе ім параілі сабраць разнастайныя дазволы ад эколагаў і міністэрстваў – і тады ім дазволяць займацца экатурызмам. Але праблема ў тым, што ў Беларусі забаронена насыпаць зямлю на зямлю – гэта псуе глебу. Хлопцам прапаноўвалі даволі абсурдныя варыянты: напрыклад, стварыць парк на палях. Але гэта зусім не падыходзіць для BMX.
У Менску ёсць скейтпарк на вуліцы Сталетава, але ён знаходзіцца ў стане, які Buzzit лічыць непрымальным для прафесіяналаў: той зроблены для дзяцей і аматараў.
BMX і сумежнымі відамі спорту цяпер цікавіцца шмат людзей – ужо цалкам можна праводзіць спаборніцтвы. Толькі для гэтага трэба ўсталяваць лакацыі, але – парадокс! – у Беларусі легальна гэта зрабіць нельга.
«Пакуль мы будзем гадамі хадзіць па кабінетах, увесь свет ужо сыдзе наперад», – кажа Ягор.
«Ды мы і самі пастарэем і перахочам катацца, а ў маладога пакалення па-ранейшаму не будзе ўмоў для трэніровак», – дадае Дзіма.
«Бярэш і робіш сам, а потым цябе караюць»
«У 2007 годзе мы цалкам маглі дагнаць тую ж Расію па ўзроўні прафесіяналізму ў BMX. Мы ездзілі да іх на спаборніцтвы, і нашы скілы былі прыкладна аднолькавыя. У Маскве і Піцеры ёсць скейтпаркі: дзяржава арганізавала Федэрацыю экстрэмальных і тэхнічных відаў спорту, удзельнікам сталі даваць званні майстроў спорту за ўдзел у спаборніцтвах. У 2007 мы былі прыкладна на адным узроўні, але толькі што адпіхнулі нас на дзесяцігоддзе таму», – развівае думку Ягор.
Рабяты кажуць, што пры наяўнасці ўмоў для трэніровак, нашых атлетаў можна падрыхтаваць да Алімпійскіх гульняў па BMX-фрыстайле за некалькі гадоў. Яны спадзяюцца, што іх гісторыя набудзе яшчэ большую агалоску і дапаможа развіць гэты від спорту ў Беларусі.
«Сын мамінай сяброўкі даведаўся пра сітуацыю і заплакаў: ён марыў аднойчы пакатацца там на ровары»
«Бярэш і робіш сам, ствараеш сабе ўсе ўмовы, – паўтарае Ягор. – А потым цябе караюць». «Калі цяпер на дзяржаўным узроўні не атрымаецца зрабіць усё афіцыйна і якасна, то BMX-спорту ў нас у краіне проста не будзе. Але мы спадзяемся, што нам дазволяць знайсці новае месца, дзе мы зможам спакойна катацца», – падсумоўвае Дзіма.
Калі мы апошнімі сыходзім з лесу і сядаем у машыну, хлопцы пытаюцца, што я думаю пра гэтую сітуацыю.
– Гэта самая моцная гісторыя пра любоў, якую я чула за доўгі час.
– Любоў мужчын да зямлі? Можа, таму ўсе так адгукаюцца?
Хлопцы пасмейваюцца і задуменна змаўкаюць.
На сайце сhange.org можна падпісаць петыцыю за абнаўленне знесенай пляцоўкі. Яшчэ ты можаш выкарыстоўваць хэштэг #savebuzzittrails, каб падтрымаць хлопцаў.
Фота – Таня Капітонава і з асабістых архіваў герояў
Відэа – Buzzit, Red Soul Media