Наста Васючэнка: «Я найперш адчуваю сябе жанчынай, чым мастаком ці прадпрымальнікам»
- Рубрыка: ІНТЭРВ'Ю
- 28.09.2026
- 47
У жніўні Competence School і Belarus Future Leadership Award апублікавалі першы спіс Next 35, куды ўвайшлі маладыя беларускі і беларусы, праекты якіх заўважныя ў свеце. 34mag.net вырашыў, што гэта цудоўная нагода, каб пагутарыць з заснавальніцай брэнда KANVA Настай Васючэнка пра яе шлях у індустрыі моды, працу з беларускім кодам і выхад на міжнародныя арбіты.
Прызнанне і валідацыя
– Як ты патрапіла ў спіс «беларусаў і беларусак, за якімі варта сачыць»? І што адчула на гэты конт?
– Стваральнікі спісу робяць шмат розных адукацыйных праектаў, і я некалі трапіла на іх івэнт, дзе розныя малыя лакальныя бізнэсоўцы з Беларусі расказвалі пра сябе. А ўлетку некалькі сябровак мне сказалі: «Ты бачыла намінацыю? Калі не падашся, цябе падам я». Вырашыла падацца сама, бо хіба лепш ведаю, як пра сябе напісаць.
Упэўненая, шмат хто яшчэ маглі б у спісе быць і на 100% тое заслугоўваюць, але там былі свае крытэры, сярод якіх – праца на экспарт, а яшчэ – складанасць праекта. У гэтым плане я сапраўды магу вылучацца, бо першапачаткова перада мной стаяла задачка з зорачкай – выходзіць на міжнародны рынак з самым простым прыродным матэрыялам, які не асацыяваўся з тым, праз што я яго пазіцыяную.
У любым выпадку такія спісы – заўжды прыемна. Гэта валідацыя і спосаб распаўсюджваць гісторыю брэнда.
«Перада мной стаяла задачка з зорачкай – выходзіць на міжнародны рынак з самым простым прыродным матэрыялам»
– Пра валідацыю: як ты ўвогуле адчуваеш, што ты на слушным шляху? Гэта прызы, прыбыткі, пазітыўная зваротная сувязь?
– Яшчэ да таго, як я заснавала брэнд, былі перамогі ў розных прафесійных конкурсах: New Names Belarus Fashion Week і іншых – гэта мяне падмацоўвала. З часам мэты, вядома, змяняюцца, і я не буду адмаўляць, што адна з самых заўважных адзнак – гэта грошы, якія людзі нясуць табе за тое, што ты прыдумала. Магчыма, гучыць меркантыльна, але я не саромеюся. Я зарабляю выключна гэтай працай і добра стаўлюся да такога паняцця, як поп-прадукт. Разам з тым я разумею, што мой прадукт сапраўды складаны, і магу нават здзіўляцца, калі ён становіцца папулярным.
Рэстараны атрымліваюць зоркі «Мішлен», у кінаіндустрыі ёсць «Оскар» і «Пальмавая галінка», у любой сферы для валідацыі патрэбныя ганаровыя пазнакі. Аднак заўжды неабходная і дробка магіі. Ты можаш штосьці рабіць і рабіць, працаваць і працаваць, але патрэбна яшчэ, каб сышліся розныя абставіны. Як, напрыклад, здарылася з публікацыяй у красавіцкім Vogue [KANVA ўжо двойчы з’яўлялася на старонках Vogue Poland. – заўв. рэд.]. Але, канешне, не варта абясцэньваць свой унёсак у гэтую ўдачу: я lucky girl, але я гэта зрабіла. Значыць, у мяне ёсць прадчувальнасць, ёсць здольнасць працаваць паміж трэндамі.


Як змяняецца ДНК дызайнерскага брэнда
– Што ты лічыш пунктам адліку брэнда KANVA?
– З сярэднеспецыяльнай адукацыі я графічны дызайнер, касцюм у Акадэміі мастацтваў быў ужо пасля. І мне здаецца, што дызайнерская частка ў мяне добра распрацаваная – я на ўсё гляджу з пункту «як я магу гэта выкарыстоўваць?». Напрыклад, бачу павука – і думаю: «Гэта ж завушніцы!» Неяк я разглядала архіўныя фота дзяўчат у традыцыйных строях. Яны трымалі вялікі керамічны гарлач, гарлавінка якога была абвязаная тоўстым шнурком. Маё вока зачапілася за гэты шнурок – я стала ўяўляць, як пераўтварыць яго ў падвеску.
То-бок у мяне такі позірк на рэчы, і з саломай адбылося гэтаксама. Ёсць такі матэрыял, а што, калі паспрабаваць зрабіць яго вось такім? На паказе ў 2018-м, з якога я адлічваю гісторыю KANVA, упершыню з’явіліся саламяныя прыкрасы, завушніцы-павукі з саломкі. Потым, праз некаторы час, я знайшла матэрыял, які імітуе салому і з якога можна зрабіць ужо насібельнае ўпрыгожанне.
– Як змянілася марка за восем гадоў?
– Марка і ўсе ідэі вакол яе трымаюцца на энергіі адной маёй асобы, і ў Варшаве гэта стала толькі больш адточвацца. Беларуская спадчына – крыніца натхнення шмат для каго, але сапраўды ўнікальны прадукт не адбудзецца без другога складніка – ідэнтычнасці аўтара, якую ён прыўносіць у тое, што робіць. Вядома, можна наняць каманду, каб яны распрацавалі табе стратэгію, але, каб дадаць разынкі, прафесіяналы ўсё роўна будуць капаць праз цябе: твае рысы, твае цікавосткі.
Разам з тым, як ты расцеш і раскрываешся, змяняецца і ДНК маркі. Я такая ўся рамантычная, летуценная, з актыўна праяўленай жаноцкасцю, і гэта безумоўна ўплывае – нават на выбар матэрыялаў. Напрыклад, я рабіла серыю фартушкоў, хустачак, панамак з празрыстай арганзы і з шоўку. Мне было цікава стварыць нешта прывабнае і спакуслівае, таму што я найперш адчуваю сябе жанчынай, чым мастаком ці прадпрымальнікам. І я пераношу тое, што адбываецца ў маёй прыродзе, на свой бізнэс.

KANVA у Vogue Polska

KANVA у Vogue Polska
– Часта, калі людзі працуюць з культурнай спадчынай, з'яўляюцца канфлікты з тымі, хто кажа, што яны робяць гэта «няправільна». Ці сутыкалася ты з такім?
– На шчасце, не.
– Цябе абараняе моцны індывідуальны складнік?
– Па-першае, так: чым больш ты перапрацоўваеш, тым менш застаецца ад першакрыніцы. А па-другое, у мяне ёсць досвед і практыка такой працы, мая адукацыя тут дапамагае, і я атрымліваю рэспекты ад тых, хто займаецца беларускай культурай.
З аднаго боку, вядома, да спадчыны трэба далікатна падыходзіць, а з іншага – калі штосьці не даставаць з музейных паліц і архіваў і не паказваць па-новаму, то як у грамадства прабудзіцца цікаўнасць да гэтага? У мяне ёсць свая стратэгія і свая аўдыторыя. Калі камусьці штосьці не падабаецца, значыць, не для гэтага чалавека яно зробленае.
«Я атрымліваю рэспекты ад тых, хто займаецца беларускай культурай»
– А што яднае тых, каму падабаюцца твае рэчы?
– Калі намагацца напісаць партрэт аўдыторыі праз адну асобу, то ёй усё роўна будзеш ты. Таму і прыхільнікі – людзі, нечым да цябе падобныя. Агулам гэта будзе жанчына, якая хоча падкрэсліць сваю ідэнтычнасць і не баіцца прыцягнуць увагу, таму што нават самыя мініяцюрныя мае зорачкі могуць развязаць з табой дыялог, які ты не заказвала: напрыклад, хтосьці зробіць камплімент.






Прыгажосць як універсальная мова
– Літаратару, які працуе з беларускай ідэнтычнасцю, даводзіцца складана, калі ён адарваны ад «зямлі», яе мовы і паўсядзённасці. А як эміграцыя адчуваецца мастачкай? Што ёсць крыніцай для твайго дызайнерскага вока ў Польшчы?
– Калі я жыла ў Менску на плошчы Перамогі, то ідэі для калекцый прыходзілі проста: адарвеш галаву ад тэлефона – і звернеш увагу на ляпніну, рэльефы, якія-небудзь вазы з кветкамі і фруктамі на «Вячэрнім Мінску». Цяпер такія штукі дасяжныя праз кнігі. Цікава паглядзець штосьці і на мяжы, у тым жа Падляшшы.
Мая крыніца натхнення застаецца такой жа самай, але змяняецца падыход і настрой. Нават на тую ж самую хустку ці фартух я магу паглядзець па-іншаму, узяць тую ж самую форму – і зрабіць яе ў новым спосабе, зыходзячы са свайго новага адчування. У мяне шмат ідэй, якія ляжаць у стале і чакаюць матэрыяльных і эмацыянальных рэсурсаў.
– А наколькі твае ідэі ўбудоўваюцца ў еўрапейскі кантэкст? Палякі цікавяцца? Павукі для іх нібыта і не чужое зусім.
– Так, у іх яны проста па-іншаму выглядаюць: яскравыя, каларытныя і як жырандолі, бо ў аснове круг.
Сярод маіх пакупнікоў ёсць і палякі, і іншыя замежнікі. Мяркую, тут важная не толькі думка, якую я нясу, але і каб гэта было канвенцыйна прыгожа. Я абрала сабе чырвоны колер, ён вельмі шмат для мяне азначае, але для замежніка гэта ў першую чаргу можа проста прывабна і незвычайна выглядаць, а ўжо ў другую чаргу ён адкрые ў гэтым сэнс. Для беларусаў можа быць наадварот: ёсць сэнс і каштоўнасць, а гэта яшчэ і прыгожа.
.jpg)


– То-бок прыгажосць – універсальная мова, як музыка? У тваёй справе няма праблемы з цяжкасцямі «перакладу»?
– Я працую не з такой тонкай матэрыяй, як спевакі, якім патрэбны моцны вайб, каб публіка ішла на іх канцэрты, нягледзячы ні на мову, ні на што. Са свайго боку я ўжо ўсё зрабіла і аддаю канчатковы вынік, да якога ніякая «суправаджальная запіска» не патрэбная. Канешне, я ўкладаю картку, пра што гэта, але пакупнік першапачаткова звяртае ўвагу на знешні выгляд.
Хтосьці набывае ўпрыгожанні выпадкова ў анлайн-краме без ведання брэнда, а бывае іншая гісторыя, калі ты расстаўляеш вакол сябе маячкі, і чалавек можа доўга сачыць, прыглядацца, а ў нейкі момант засацыяваць сябе з гэтым і набыць.
«Бабуля і смяецца, што я нашу яе “старую і непрыгожую” хустку»
– Для многіх рэчы KANVA прыцягальныя як нагадванне пра дом. А якія рэчы ў настальгічных мэтах захоўваеш ты?
– Ёсць некаторыя кнігі, фотаздымкі з дзяцінства чорна-белыя і каляровыя. Вялікая частка майго гардэробу – адзенне маёй бабулі і матулі. Я не магу пазбавіцца гэтых рэчаў, працягваю іх насіць, з чымсьці міксуючы, і перавозіць за сабою, хоць бабуля і смяецца, што я нашу яе «старую і непрыгожую» хустку. Таксама матуля прывезла мне белы абрус, які ткала прабабуля. Гэта ўсё суперсентыментальнае для мяне.
Фота з архіва гераіні