Паліна Дабравольская – пра бюракратыю ў тэатры, адзіноту і чаканыя прэм'еры
- Рубрыка: ІНТЭРВ'Ю
- 27.05.2020
- 9745
Паліна Дабравольская – актрыса тэатра «Тэрыторыя мюзікла» – летась зрабіла свой першы спектакль як рэжысёрка. Пастаноўка называецца «Пакой памірае». У ёй Паліна паказала «пакой памерам з краіну» і прадэманстравала гатоўнасць падсвятляць самае балючае для маладых беларусаў: тэмы эміграцыі, алкагалізму, адносін з бацькамі, ЛГБТ, etc. Цяпер, калі тэатральны сезон форс-мажорна згарнуўся, мы пагаварылі з 24-гадовай Палінай пра тое, якіх вялікіх рэчаў можна чакаць ад яе ў найбліжэйшай (верым) будучыні.
Час без тэатра
– Апошні выходны ў мяне быў сто гадоў таму, таму што мозг думае 24/7: нават калі ў цябе вольны дзень, ты працуеш над сваім тэатральным праектам.
Калі хочаш рабіць нейкія пастаноўкі і як мінімум есці, то ў цябе павінна быць 2-3 працы. Але цяпер мая адзіная праца – дастаўкі са студыі дызайнерскай бялізны. Людзі сядзяць дома і хочуць радаваць сябе прыгожымі рэчамі, а ў мяне адзінай з кампаніі ёсць машына.
За апошнія два месяцы я толькі пару дзён правяла дома. Адзінае, што змянілася, – я не прыходжу праз дзень у Ок16 або тэатр, каб убачыць і абняць любімых людзей. А мне цяпер так не хапае абдымкаў.
Мы жывём учатырох: я, сястра, брат і мама. Я адзіная, хто штодня выходзіць з дому. У мяне, вядома, выдатная масачка, але я ўжо трэці дзень кашляю. Учора прыйшла дадому – Даша пакашлівае, Ягор пакашлівае. Адчуваю ўнутраны наезд на сябе: калі хтось і прынёс заразу, то гэта Паліна. А што я магу зрабіць з гэтым? Дурны кашаль, але я проста спадзяюся, што гэта я шалік не надзела і магла сабе нешта застудзіць.
«Я жыву на вуліцы Яна Чачота і падумала: было б класна стварыць мюзікл пра яго»
Меладзэ і дваццацігадовыя ў бронзе
– З актрысай нашага тэатра Ксюшай Харашкевіч мы жывём у суседніх дамах. Неяк я ёй кажу: «Ксюха, мы павінны запісаць кавер на песню з брадвейскага хіп-хоп-мюзікла “Hamilton”». А потым мы проста пачалі дурэць: «Давай праспяваем якую-небудзь песню». – «Давай Меладзэ». – «У мяне любімая "Салют, Вера!"» І мы запісалі гэты відос за тры хвіліны. Цяпер у нас ёсць гурт Pishevaya dobavka. Збіраемся запісаць кавер на Агуціна, толькі трэба знайсці час.
А «Hamilton» я глядзела раз дваццаць пяць дакладна. Ведаю на памяць усе песні. І, вядома, Лін-Мануэль Міранда [стваральнік мюзікла. – заўв. 34mag] – гэта той чалавек, на якога хочацца раўняцца, таму што я не ўяўляю, як гэта ўсё можна было прыдумаць. А яшчэ ў яго надзвычайны твітар – чытаю, калі мне вельмі-вельмі дрэнна.
Я жыву на вуліцы Яна Чачота і падумала: было б класна стварыць такі мюзікл, толькі пра яго. У іх была кампашка з чацвярых, як у «Гамільтане»: Чачот, Міцкевіч, Зан, Дамейка. Дзевятнаццаці-дваццацігадовыя дзёрзкія пацаны збіраліся раз на тыдзень, чыталі свае апазіцыйныя вершыкі, пілі з дзяўчатамі – свая тусоўка. Што яны там толькі ні вытваралі! Мы ж заўсёды ўспрымаем гэтых гістарычных дзеячаў як нешта такое... Тое ж самае, што казаць потым пра нас: «Яны займаліся толькі тэатрам – узнёслым мастацтвам!» А там відавочна быў трэш на трэшы. І паўстанне класна кладзецца як гістарычны сюжэт. І каханне. У Яна Чачота было каханне ўсяго жыцця – ён нават у ссылку ўзяў яе касу. А яна выйшла замуж за Тамаша Зана – яго лепшага сябра. Сюжэт гатовы.
Я спадзяюся, што калі-небудзь я буду як Лін-Мануэль Міранда. І сыграю Яна Чачота.
Тэатр не храм
– Неяк мне патэлефанавала Мая Актрыса – Анжаліка Барчан: «Палін, не хочаш што-небудзь паставіць у Магілёўскім тэатры?» Вядома, хачу. Яна даслала п'есу «Бог ездзіць на ровары», я прачытала – і гэта аказаўся не мой тэкст. Мне сказалі, што могуць паглядзець мае варыянты. Я даслала, як я люблю: жарсткач, чарнуха, 18+.
Так, я мацюкаюся. Тэатр – гэта не храм. Калі нешта адбываецца, мы ж думаем не «божа, які жах», а «бл*дзь, які п*здец!» Чаму тады мы не можам гэта прамаўляць? Часта кажуць, што мат павінен быць апраўданы. Камон, усё павінна быць апраўдана. Якая мне розніца, скажаш ты ніс*уя мат на сцэне або скажаш не ў тэму «прабач мяне». Любое слова, любы крок, любое дзеянне павінна быць апраўданае. І не важна, гэта 18+ або 5+. Людзі такія дзіўныя.
Але тады ў Магілёўскім тэатры мне сказалі: «Ой, зусім забыліся, гэта трэба на падлеткавы ўзрост». Часу на падбор іншага тэксту ўжо не было. Месяцы два я глядзела на тэкст «Бог ездзіць на ровары» і думала: «Божа, што мне з табой рабіць?»
«Мне сказалі, што могуць паглядзець мае варыянты. Я даслала, як я люблю: жарсткач, чарнуха, 18+»
Потым пачаліся пытанні дзяржаўнага тэатра: «а ў нас грошай няма», «а прыдумайце мінімальныя дэкарацыі», «а можа, наогул без дэкарацый?» На вялікай сцэне без дэкарацый? Калі б у вас усе заднікі былі ідэальная чорная чарната без старога бруду, то можа быць…
Добра, зробім мінімальна: вось нам трэба збіць такі кут. І яны збіваюць роўна наадварот. Кайф, акцёры! Мы цяпер робім усе мізансцэны з іншага боку, таму што я не збіраюся чакаць, пакуль гэта ўсё пераробяць.
Мы з маім мастаком Сашам Адамавым максімальна абразалі любы бюджэт, бо прывыклі ўсё рабіць за свае грошы. Але з аднаго боку, грошай няма, а з другога: «Патрэбныя шпалеры для дэкарацый? Можам узяць вось гэтыя – 90 рублёў за рулон». 90 рублёў за рулон! А можна я мастаку 90 рублёў аддам? Я вам такія ж шпалеры знайду за 10 рублёў.
Яны ўсе добрыя, з імі можна дамовіцца. Дырэктар усё разумее. Але гэта дзяржаўны тэатр – там усё на паперках. Пакуль падпішуць, пакуль перапішуць, пакуль адправяць. А ў гэтага працоўны дзень скончыўся хвіліну назад – ён ужо не можа аднесці паперку ў суседні кабінет.
Дзве прэм'еры
– Я прыдумала вакальна-пластычны спектакль «Sviciaź», калі проста слухала музыку – трапілася нейкая песня, дзе былі напевы тыпу русалчыных. І ў мяне адразу ў галаве карцінкі: можна пасадзіць гледача па паддонах у кола, і каб актрысы-русалкі рабілі нешта ўнутры.
Стала гугліць беларускія легенды, адразу выпаў Адам Міцкевіч са «Свіцязем». Гляджу на карту – возера Свіцязь практычна ідэальна круглае, як я дэкарацыі і ўяўляла. Акей, пачакайце, а якая гісторыя? Што, яны сышлі пад ваду? [па сюжэце на месцы возера быў горад, які сышоў пад ваду. – заўв. 34mag] Клас, бяром!
З Сашам Адамавым я пазнаёміліся, якраз калі прыйшла ідэя «Sviciaź». Ён сядзеў на бары ў Ок16: «Я тыпу мастак у Ок16. Калі раптам захочаш тут спектакль, дэкарацыі – звяртайся». «А я толькі што прыдумала адну ідэю, літаральна пару гадзін таму. Давай абгаворым, там пра возера». – «О, можна зрабіць купал, вось гэта вось усё». – «Так, купал, клас. А яшчэ трэба, каб ён падаў». – «Так, давай паспрабуем».
«У працы над спектаклем мне падабаецца працэс. Пошук – самае крутое, што можа быць. Калі ты не ведаеш, як гэта будзе, але вы спрабуеце»
Прэм'ера была запланаваная на ліпень, аднак у цяперашняй сітуацыі здаецца, што гэты ліпень не надыдзе ніколі. І я не ведаю, калі будзе прэм'ера, але вось-вось, як толькі будзе можна. Усё будзе.
Яшчэ адна прэм'ера, запланаваная на восень, – гэта «Сарматыя». Да мяне дзесьці год таму трапіў гэты тэкст Марыі Мартысевіч – і я такая: «Я павінна яго зрабіць!» Была ў нейкім шоку ад таго, што прачытала. Але тады не ведала, як да яго прыступіцца і што гэта павінна быць. І вось два месяцы таму я сядзела ў Ок16 – і... гэта павінен быць рэп-альбом! Я зраблю «Сарматыю» як рэп-альбом. Вядома, гэта крыху не так, але мне прыемна думаць, што я быццам Лін-Мануэль Міранда.
«Я зраблю "Сарматыю" як рэп-альбом!»
Галоўная тэма Паліны
– Калі ты не адукаваны культурна, не адукаваны сацыяльна, калі не ведаеш, што адбываецца ў свеце, калі не падключаешся да працэсаў, якія вакол цябе, у тваёй краіне, і кажаш: «Я – актор, я палітыкай не цікаўлюся», – то нахер тады гэта ўсё трэба. Гэта так не працуе.
Асабіста для мяне мае працы магічным чынам зводзяцца да тэмы вечнай адзіноты і блукання ў самім сабе сярод людзей – і «Пакой памірае», і «Бог ездзіць на ровары», і «Sviciaź», і «Сарматыя». Не адзінота, калі я адзін і ў мяне нікога няма; не адчуванне, калі цябе пакінулі і ты самотны; а адзінота, калі ты ўвесь час з людзьмі і разумееш, што ты да канца жыцця самотны чалавек.
Але, як бы ні было цяжка, я заўсёды імкнуся пакідаць святло ў канцы і для сябе, і для гледачоў. Таму што ўсё можа быць нашмат горш.
Фота: з асабістага архіва гераіні