Нашы сябры з Press Club Belarus запрасілі з Польшчы крутога польскага рэпарцёра Якуба Гурніцкага, які заснаваў журналісцкі стартап Outriders, а мы зганялі на сустрэчу з ім і натхніліся. Як зрабіць паспяховае медыя з нуля, чаму нам не патрэбныя мемы з коцікамі і ў чым праблема польскіх СМІ — тлумачыць Куба Гурніцкі.
Хто такі Якуб Гурніцкі?
Якуб Гурніцкі – польскі рэпарцёр і заснавальнік некалькіх журналісцкіх праектаў. Жыве ў Варшаве. Летась Якуб стаў сузаснавальнікам журналісцкага стартапу Outriders. Мэта праекта – злучыць розныя культуры і супольнасці з дапамогай медыйнага асвятлення «з першых рук». Раней рэпарцёр разам са сваёй жонкай працаваў над праектам Podróżniccy, адзначаным узнагародай National Geographic Traveler. Ён стварыў фестываль travel-журналістыкі Wachlarz. Куба скончыў Варшаўскі ўніверсітэт, а яго дыпломная работа пра медыйны ландшафт Грузіі была прызнана наватарскай у Польшчы.
З чаго ўсё пачалося?
Дзесяць гадоў таму я ўбачыў аб'яву пра тое, што шукаюць маладых журналістаў з Еўропы, якія хочуць наведаць Беларусь і даведацца пра парламенцкія выбары ў 2008 годзе. Я быў негатовы да гэтага праекта і не ведаў, на што іду.
З дзевяці журналістаў на праекце я быў адзіным чалавекам, які нічога не ўмеў. Калі ўсе з разумным выглядам нешта абмяркоўвалі, я ківаў і рабіў выгляд, быццам усё разумею.
У 2008 годзе гэта быў мой першы этап знаёмства з журналістыкай. Я вучыўся ў інстытуце журналістыкі ў Варшаве і быў зачараваны гэтай прафесіяй. Тады я яшчэ не ведаў, што чакае нас наперадзе.
«Вытворчасць мема з коцікам каштуе адну мільярдную частку працы замежнага карэспандэнта»
З таго моманту многае памянялася. На працягу сямі гадоў я кіраваў арганізацыяй, якая займалася маніторынгам празрыстасці палітычных інстытутаў Польшчы. У гэтай арганізацыі я правёў 7 гадоў: ад нулявой кропкі я прыйшоў да таго, што кіраваў 12 супрацоўнікамі ў арганізацыі.
У той жа час я пачаў весці блог, які раптам стаў папулярным. Акрамя гэтага блога, я займаўся рэпарцёрскімі праектамі.
Да гэтага часу я не ў стане адказаць на пытанне, што насамрэч раблю прафесійна. Паўтара года таму я скончыў працаваць у гэтай некамерцыйнай арганізацыі і сышоў у журналістыку.
Журналістыка ў Польшчы: what’s wrong?
У польскіх СМІ ёсць тры важныя праблемы.
1. Засталося вельмі мала аўтарытэтаў у журналістыцы. Калі ўсё ж такі аўтарытэты прысутнічаюць у журналістыцы, то хутчэй за ўсё гэта рэпарцёры або карэспандэнты, якіх няма ў польскай медыйнай штодзённасці. Асацыяцыя журналістаў у Польшчы перайшла да правага флангу.
2. Калі я пачынаў свой шлях у журналістыку, у Польшчы было ўсяго два-тры факультэты журналістыкі. Зараз іх некалькі дзясяткаў. Кожны год каля 1200 чалавек сканчае факультэт журналістыкі – і нічога не мяняецца.
3. У журналістыцы вельмі мала добрых прыкладаў. Апошні раз калі я быў у alma mater, там віселі аб'явы аб стажыроўках у медыя і рэдакцыях. Цяпер там спрэс аб'явы пра тое, што шукаюць зорак YouTube.
Перамены – глеба для fake news?
Перамены ў польскім журналісцкім асяродку адбыліся ў 2015 годзе. Пасля прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў памянялася ўлада. Лёгка стварыць журналісцкі стартап, які займае той ці іншую палітычны фланг. Таму што мы ведаем, што (!) трэба гаварыць.
Праблемы пачынаюцца тады, калі мы хочам рабіць сапраўдную журналістыку. Лепшы прыклад – дыскусія пра бежанцаў у Польшчы. У кантэксце бежанцаў пра Венгрыю кажуць дрэнна. У 2015 годзе пісалі, што яны нікуды не хочуць ехаць, акрамя Германіі. Кожны бачыць тое, што хоча ўбачыць.
«Валюта блогера – давер чытачоў»
Мы ствараем камунікат – паведамленне. Апытанні паказваюць простую рэч: палякі не любяць ведаць, што яны ў чымсьці памыляюцца.
У нас ёсць дзве розныя рэчаіснасці. Колькі мусульман прыпадае на 100 немцаў? Людзі думаюць, што 24, але насамрэч – 5. Французы думаюць, што траціна іх нацыі – мусульмане. Ім здаецца, што на 100 французаў прыходзіцца 31 мусульманін, а насамрэч – 7,5. Уявіце, якое значэнне гэта мае ў перадвыбарчай кампаніі. Гэта выдатная глеба для fake news.
Хто вінаваты ў вытворчасці мемаў з коцікамі?
З майго пункту гледжання, медыя, якія абапіраюцца на рэкламу, ужо памерлі. Усё добра да таго моманту, пакуль «дрэнныя» рэчы аказваюцца танней. Лік замежных карэспандэнтаў памяншаецца з года ў год. У 70-х у ЗША палова кантэнту ў медыя тычылася замежных навін. У 2010 годзе – толькі 8%. Цяпер усяго 50 палякаў працуюць у якасці замежных экспертаў. А Gazeta Wyborcza – самая вялікая газета Польшчы – звольніла усіх замежных экспертаў.
Праца замежнага карэспандэнта каштуе Х. Вытворчасць мема з коцікам каштуе адну мільярдную частку працы замежнага карэспандэнта. Тое, што адбываецца, – віна выдаўцоў. Асноўная праблема ў тым, што мы глядзім на журналістыку праз прызму выдаўцоў.
Што важна на старце?
Запуск блога прыйшоўся на перыяд буму стварэння блогаў і праектаў у Польшчы. Я задаў пытанне, чаму так адбываецца. Па-першае, таму што людзі атрымалі ў рукі інструменты, якія маглі выкарыстоўваць. Па-другое, людзі перасталі верыць інстытутам. Мы замянілі сабой інстытут, якому можна давяраць.
Натхненне прыйшло, калі мы глядзелі інтэрактыўныя рэпартажы. Я зразумеў, што форма – афігенная пастка, якая прыцягвае людзей. У буйных СМІ не атрымліваецца гуляць з формай, таму што няма грошай альбо дазволу кіраўніцтва.
Валюта блогера – давер чытачоў. Яго можна пераводзіць у супрацоўніцтва, у грошы, а можна перавесці на славу. У Польшчы зорак YouTube пазнаюць часцей, чым селебрыці. На сустрэчы з youtube-блогерамі прыходзяць дзясяткі тысяч чалавек.
Што азначае назва «Outriders»?
У нас было дзве фінальныя версіі назвы: традыцыйная, як калі б мы стваралі СМІ ў 90-х, і трошкі бунтарская, якую не павінны выкарыстоўваць дарослыя журналісты. Я схіляўся да другога варыянту. Мой прыяцель сказаў мне: «Усе хочуць рабіць першае, але робяць другое». Усе хочуць рабіць нешта інавацыйнае, ездзіць верхам, але ў выніку робяць нешта традыцыйнае і называюць гэта стартапам.
У выніку мы абралі назву «Outriders» – няблізкі сінонім да слова «курьер». Гэта была прадуманая сувязь з традыцыяй. «Курьер» – афіцыйная назва польскіх газет. Outrider – гэта чалавек, які суправаджае групу наперадзе. Паколькі мы хочам займацца працай замежных карэспандэнтаў з пункту гледжання польскага медыйнага рынку, то атрымліваецца, што «rider» – гэта чалавек, які ездзіць, «out» – за мяжой Польшчы.
Як уладкаваная каманда?
Я ўсё паставіў на адну карту. Я сышоў з фонду, які забяспечваў мне фінансавую стабільнасць на наступныя чатыры гады, праз месяц пасля таго, як у мяне нарадзілася другое дзіця. Але калі ты ведаеш, што ёсць брамка, то можна скарыстацца гэтай брамкай.
Перш чым ты вырушыш у шлях, трэба сабраць каманду. Мы не хацелі нічога аддаваць на аўтсорсінг, таму ўзялі ў каманду дызайнера, праграміста, SMM-спецыяліста, фатографа, карэктара і трох рэпарцёраў. Мы працуем са студзеня. Яшчэ ніхто не атрымлівае заробкі. Аднак усе ўступаюць ва ўмовы кантракта на дзевяць месяцаў.
«Мы адразу пачалі ад сутнасці – ад матэрыялаў. Гэта мяса»
У нас пакуль няма галоўнай старонкі. Вісіць толькі мая фатаграфія. Мы пачалі з канца. Традыцыйна сайты праектуюцца так: галоўная, рубрыкі, матэрыялы. Мы адразу пачалі ад сутнасці – ад матэрыялаў. Гэта мяса.
Што аб'ядноўвае паспяховыя медыя?
Я прааналізаваў пяць найбольш буйных журналісцкіх краўд-кампаній у свеце. У іх ёсць аднолькавыя элементы.
• Няма галоўнай старонкі.
• У іх свая ўласная сістэма аплаты.
• Чытачы плацяць ім за інфармацыю на іх старонках.
• Больш за ўсё грошай яны атрымалі, перш чым што-небудзь паказалі.
Што не так з paywall?
У нас ёсць маральны хрыбет і тэхнічныя асаблівасці, але няма грошай. У верасні мы збіраемся запусціць кампанію, каб чытачы маглі нас падтрымаць: плаціць 4 еўра ў месяц. Гэта шмат. Але мы таксама хочам тлумачыць чытачам, што журналістыка каштуе грошай.
У нас не будзе paywall – платнай падпіскі. Я разумею гэтую матрыцу так: калі я плачу за paywall, я атрымліваю кантэнт, эксклюзіўны для мяне. Мы хочам мець групу чытачоў, якія падтрымліваюць вольную журналісцкую інфармацыю для іншых.
«У нас ёсць маральны хрыбет і тэхнічныя асаблівасці, але няма грошай»
Я не хачу мець такую сітуацыю, калі бедныя людзі і тыя, хто недастаткова зарабляе, атрымліваюць кантэнт дрэннай якасці. Гэта не адпавядае ідэі журналістыкі. Для мяне гэта капіталістычная мадэль без умяшання журналіста ў лёс медыя: калі ў цябе ёсць грошы, ты атрымліваеш кантэнт лепшай якасці. Таму я не веру ў paywall.
Коцікі vs. якасны кантэнт
Ніхто не хоча глядзець дрэнныя фільмы. Большасць палякаў чытае таблоіды, проста таму што ў іх няма выбару. Калі рэдактары кажуць, што палякі хочуць бачыць коцікаў, гэта няпраўда. У іх няма выбару.
Цягам апошняга года ў медыйнай сферы столькі ўсяго адбывалася, што чытачы пачалі разумець, навошта ім добрае медыя. Асабліва ў такіх краінах, як Польшча ці Беларусь.
У нас няма 200-гадовай журналісцкай традыцыі. Журналіст асацыюецца з прапагандыстам. Так ці інакш, у Беларусі гэтая прапаганда працавала ўвесь час.
Запускаем у Telegram фірмовы стыкерпак 34mag – цяпер табе ёсць што сказаць, калі «курлык» – адзінае, што прыходзіць у галаву.
Чаму мы заплюшчваем вочы, калі нам хлусяць у твар, – разбіраемся, як нам выжыць у эпоху постпраўды.
Актывісты «Правінцыі» распавядаюць у твітар-фармаце, які эфект яны атрымалі ад калабарацыі з медыя.
Запытваемся ў журналістаў, чаму стрымы – гэта «новы чорны» для медыя і як прамыя трансляцыі мяняюць перажыванне пратэстных акцый.
12 пытанняў.
Дыскусіі, прэзентацыі, інтэрактыў.