Пад нагамі Паўднёвая Амерыка – наш сусветны карэспандэнт Рома Свечнікаў з нязменнай паплечніцай Вольгай Палевіковай пракладвае свой маршрут праз наркатычную і шчырую Калумбію, пенсіённыя рэзервацыі Эквадора, бляск і галечу Перу. Як паесці ўкраінскіх пяльмешак пасярод джунгляў, атрымаць кулю ў горла ад суседскай бабулі і папрысутнічаць пры ўласным зачацці, ты дазнаешся з новай главы праекта «Рома едзе».
Хай лепш на тратуары валяюцца паўразумныя брудныя людзі і кожны квадратны метр гарадскіх фасадаў будзе ўшчэнт спісаны графіці. Хай лепш мяне абрабуюць ноччу ў падваротні і дадуць бутэлькай па галаве. Гэта сапраўды лепш, чым жыць у стэрыльным акварыуме з кормам для рыбак. Можа, таму, што тут ты павінен пастаянна глядзець пільна, мясцовыя людзі і не баяцца паказваць свае вочы?
У аўтобус заскокваюць двое няголеных мужыкоў з гітарамі і напаўняюць салон гучным: «Buenas tardes!» Дзіўна, але пасажыры поўным складам адказваюць: «Buenas tardes, señores!» Мужыкі расчахляюць інструменты і пачынаюць лабаць свае хіты, народ бадзёранька патупвае ў рытм і падпявае. Бабуля гадоў сямідзесяці ў смарагдавай сукенцы ўсміхаецца рэшткамі зубоў і выграбае са сваіх кішэняў усю дробязь. Я тайком дастаю камеру, але мужык з гітарай крычыць мне: «Не саромейся, сынок, фатаграфуй!»
З першай хвіліны ў Багаце я заўважаю, наколькі адкрытыя адзін да аднаго мясцовыя людзі. Варта табе ўсміхнуцца, і ў адказ умомант ляціць светлая шчырая ўсмешка. Гэта так падкупляе, што мімаволі забываеш пра ўсе тыя страшылкі, што некалі чуў або чытаў пра гэты горад. Праз пару прыпынкаў у аўтобус забіраецца малады пацан і пачынае бубніць у мікрафон свае рэп-куплеты. Бабуля ў смарагдавай сукенцы працягвае давіць лыбу.
Калумбія – лідар у вытворчасці і збыце какаіну. Усё дзякуючы групоўцы ФАРК, якая калісьці была ўсяго толькі ваенізаваным крылом камуністычнай партыі. Вытворчасць наркаты спачатку была спосабам сабраць касу на барацьбу з капіталістычным драконам, але паступова і незаўважна выцесніла начыста саму палітычную ідэю. ФАРК зрабіўся адной з самых уплывовых бандыцкіх груповак за ўсю гісторыю чалавецтва. Бабла ў банды было столькі, што яна магла дазволіць сабе любую зброю. Кажуць, што картэль меў нават уласны парк падводных лодак, на якіх перапраўляў какаін у Штаты.
І ўсё было б добра, калі б у сярэдзіне двухтысячных Калумбія не атрымала неверагодных памераў куш на барацьбу з наркатрафікам. Штаты перакінулі ў краіну столькі зброі, колькі змаглі сабе дазволіць. Некалькі гадоў улады паспяхова ціснулі ФАРК. Здавалася, перамога ўжо блізкая, але ў адзін момант супрацьстаянне спынілася.
Такім чынам, сумнеўная арганізацыя існуе дагэтуль. Вядома, групоўка страціла былую ўладу, але какаін усё яшчэ прэ з паўднёвай часткі краіны, як з жэрла вулкана. Унутры самой Калумбіі дзяржорганы ўжо даўно не змагаюцца са спажыўцамі стафу – турмы і без таго пад завязку забітыя наркаманамі. Існуе сакрэтная норма: калі ў тваёй кішэні знойдуць да грама рэчыва, цябе нават у пастарунак не забяруць. Дарэчы, парашок тут прадаецца літаральна на кожным рагу.
Праз увесь горад мы едзем у госці да Сары, з якой я пазнаёміўся яшчэ ў Менску. Яна тады была валанцёркай у адной моладзевай арганізацыі, і часам мы працавалі над агульнымі праектамі. Сара нарадзілася пад Венай у аўстрыйска-алжырскай сям’і і да сваіх дваццаці з капейкамі ўжо добра размаўляе на пяці мовах. Цяпер дзяўчына праходзіць універсітэцкую практыку ў мясцовым турыстычным агенцтве.
Сара ўладкоўвае нас у агульным пакоі, насупраць прыстаўкі Sony PlayStation. Як нішто іншае, гарачы душ пераўтварае валацугу ў чалавека. Мы гатуем духмяны абед – спагеці з тушанай гароднінай. Пасля трох начэй у аэрапорце, пражытых дзякуючы чыпсам Lay's, талерка гарачай ежы падобная да эндарфіну ў чыстым выглядзе.
Наступныя пяць дзён мы будзем швэндацца па цэнтры горада. Багата – велізарны гучны мегаполіс, і тут ёсць некалькі пацанскіх раёнаў, куды лепей не совацца нават удзень. Але ў астатнім гэта сапраўды ўтульнае месца, з вялікай колькасцю паркаў і веладарожак ды развітой сістэмай грамадскага транспарту. Тут проста прыемна быць, таму мы цэлымі днямі блукаем па брукаваных вулачках і асфальтаваных сцежках.
Неяк увечары мы выпадкова натыкаемся на літаратурнае кафэ недзе зусім у нетрах сталіцы. Там мы і асядаем на наступныя тры дні, каб скончыць тэкст пра Цэнтральную Амерыку. Наведнікі кафэ – спрэс мясцовая інтэлігенцыя. Як бы пахабна гэта ні гучала, але я проста лаўлю кайф ад таго, што я ў атачэнні прыгожых адукаваных людзей. І падоўгу любуюся імі, седзячы пад прыкрыццем кутняга століка.
Праз некалькі дзён мы выпаўзаем на трасу ў бок эквадорскай мяжы. Напачатку аўтаспын даецца даволі лёгка, але чым далей мы рухаемся на поўдзень, тым складаней спыніць наступную машыну. Увечары нашая каманда намёртва заліпае ля паліцэйскага пастарунка непадалёк горада Калі. Транспарт увогуле не спыняецца. Палісмены кажуць, што мы можам прастаяць тут тыдзень – шанцы спыніць машыну ў гэтым рэгіёне проста адсутнічаюць.
Вырашаем прайсціся да дома добрага чалавека, які падкінуў нас у гэты штыль. Дзверы адчыняе жанчына гадоў сарака, з целам, сабраным паводле калумбійскіх стандартаў. Яна адразу пагаджаецца прытуліць нас на ноч. Мы атрымліваем прасторны пакой з гарачым душам і шчодры паёк. Наступнай раніцай, ступіўшы на трасу, мы спыняем першую ж машыну. Палісмены проста не вераць сваім вачам. Мы робім ім ручкай і зрываемся з месца ў кірунку мяжы. Калумбія пакідае пасля сябе прыемныя ўспаміны.
Увечары мы перасякаем эквадорскую мяжу. Градус напружання адразу падае.
На поўначы Эквадора большая частка насельніцтва мае індзейскі выгляд. Мужчыны носяць косы, гавораць размерана і спакойна. Мы едзем спынам да бліжэйшага горада, Сан-Габрыеля, і засяляемся ў гатэль усяго за чатыры даляры на дзень. Увогуле, з перасячэннем мяжы цэны на ўсе прадукты абвальваюцца амаль удвая. Бензін тут каштуе каля даляра за галон.
Спакойны ўклад мясцовага жыцця ўсыпляе нашу пільнасць, і калі ноччу мы выходзім у гарадок, каб ляснуць па кубачку гарачай кавы, то ледзьве не нарываемся на бойку з бухімі малойчыкамі.
Дарэчы, кожны лацінаамерыканскі горад з надыходам змроку пераўтвараецца ў небяспечную клааку, якая кішыць усялякай нечысцю. Сонца хаваецца за гару, і вуліцы адразу напаўняюцца оркамі і ваўкалакамі. Мы хутка шлёпаем ножкамі па дварах і падваротнях падалей ад непрыемнасцяў і прасочваемся ў гатэль літаральна пад носам у банды бамбізаў, якія для разагрэву б’юць бутэлькі ля ўваходных дзвярэй нашага прытулку.
Вось так, крок за крокам, горад за горадам, мы дабіраемся да сталіцы Эквадора, мегаполіса Кіта. У першага ж басаногага гітарыста, што трапляецца нам на вочы, даведваемся, дзе ў горадзе можна танна заначаваць. Вядома ж, гэта падпольны хостэл Casa de malabaristas («Дом жанглёраў»), прыстанак для загартаваных валацуг усіх масцяў. Пад уражаннем ад убачанага ў хостэле я, не разважаючы, купляю сабе камплект булаваў для жанглявання.
Горад Кіта нельга назваць спакойным месцейкам. Праз два блокі ад цэнтра пачынаюцца сапраўдныя трушчобы, і гэта значыць, што нарвацца на лязо тут можна нават удзень. Асаблівага жадання доўга затрымлівацца ў гэтым бандыцкім раі няма. На сайце пошуку валанцёрскіх праектаў мы атрымліваем запрашэнне на працу ў хостэле на ціхаакіянскім узбярэжжы і ўжо праз пару дзён гнём спіны ва ўстанове пад назвай Donkey Den.
Гэта невялікі гатэль-хостэл за дваццаць кіламетраў ад горада Манта. Уладальніца бізнесу – сямідзесяцігадовая амерыканская бабка па імені Лінда. Нас адразу ж запэўніваюць у тым, што Лінда толькі на першы погляд здаецца божым дзьмухаўцом. Насамрэч у дамскай сумачцы яна пастаянна носіць стары масіўны пісталет па мянушцы Молі. З яго старая нядаўна ледзь не заваліла аднаго рускага, які па п’яні спрабаваў забіць ейнага сабаку.
Важна адзначыць, што на тэрыторыі гатэля жывуць ажно чатыры сабакі і адзінаццаць катоў. Наогул, Лінда больш любіць катоў, таму, калі на ўчастку суседняга гатэля быў знойдзены трупік адной з жывёлін, гаспадыня ледзь не перамачыла з Молі ўвесь персанал канкурэнтаў. Карацей, нягледзячы на сталы ўзрост, Лінда, як кажуць, не дае пораху папсавацца ад вільгаці.
Другі паводле важнасці чалавек у Donkey Den – менеджарка Шэрыл. Ёй за пяцьдзясят, яна маленькая, стройная і вельмі спрытная для сваіх гадоў. Я знаёмлюся з гэтай далікатнай на выгляд жанчынай у момант, калі яна ўсталёўвае дваццацілітровую баклагу з вадой на кухонны кулер. Наогул, Шэрыл – клёвая цётка! За наступныя два месяцы мы з ёй моцна пасябруем і будзем часцяком абмяркоўваць плёткі з усяго ўзбярэжжа.
На радасць нам Эквадор перанаселены састарэлымі экспатамі з Канады, Штатаў і Еўропы. Берагавая лінія па большай частцы пад дышаль забітая пенсіянерамі з Паўночнай Амерыкі. Кожную нядзелю кафэ пры нашым гатэлі прымае больш за паўсотню старых, якія вырашылі кінуць усё чарцям на разарванне і пачаць новае жыццё на суседнім кантыненце.
Наогул, дзіўна днямі назіраць за натоўпам старых, якія, нібы каралеўскія крэветкі, пад завязку запаўняюць сеці нашага гатэля. Шмат хто з іх прадаў усю маёмасць, пакінуў за плячыма большую частку жыцця і ўспамінаў ды з канцамі пераехаў у новую экзатычную краіну. Цяжка ўявіць сабе беларускую бабулю, якая возьме за шкірку свайго старога і пацягне яго на ціхаакіянскае ўзбярэжжа дажываць апошнія салодкія дзясяткі. Гэтыя ж пенсіянеры відавочна не згодныя з тым, што яны дажываюць – кроў кіпіць у іхных жылах, кожны новы дзень поўніцца авантурамі ды інтрыжкамі.
Амерыканец Стыў, які нядаўна размяняў сёмы дзясятак, каламуціць з мясцовай дваццаціпяцігадовай трэнеркай па валейболе. Сівыя сужэнцы Лора і Дэйвід штодня прыязджаюць у кафэ з велізарным Canon'ам і трохсотміліметровымі лінзамі, каб паляваць праз аб’ектывы на кітоў, што плешчуцца ў акіяне. Вось і былы хімік Раві ўзводзіць велізарны комплекс будынкаў, у якім хутка паселіцца новая партыя амерыканскіх ветэранаў жыцця.
За два месяцы валанцёрства ў гатэлі я запілю трывалыя сайты для Donkey Den і новага бізнесу Раві. Буду свідраваць дзіркі ў сценах, вешаць карціны, рамантаваць унітазы, мяняць маскітныя сеткі, лямпачкі і дзвярныя ручкі ды, вядома, фіксіць ноўты і мадэмы для ўсіх пенсіянераў узбярэжжа. Воля будзе працаваць афіцыянткай і як след прапампуе сваю іспанскую ў зносінах з эквадорскімі кухарамі. Штовечар перад захадам сонца мы будзем выводзіць зграю сабак на шпацыр па гарачым пяцікіламетровым пляжы.
Я моцна прывяжуся да гэтага месца, да людзей і асабліва да сабак.
У канцы чэрвеня я раптам знаходжу ў «Скайпе» незвычайнае паведамленне. Украінская прадакшн-кампанія выпадкова наткнулася ў інтэрнэце на праект «Рома едзе» і прапаноўвае мне весці адну вельмі папулярную праграму пра падарожжы. Пішуць, што я патрэбны ім вельмі тэрмінова, і просяць вылецець у Кіеў на наступным тыдні. Абяцаюць катаць па ўсім свеце і, вядома, шчодра плаціць за працу.
Гэтая прапанова выбівае мяне з каляіны. З аднаго боку, тупа кідаць кругасветку цяпер, калі за плячыма ўжо два гады вандроўнага пылу, а да фінішу застаецца зусім нічога. З другога боку, я ўжо так укатаўся ў дарозе, што новыя краіны не прыносяць былога драйву, вочы заплюшчваюцца. Думка пра тое, што ўжо праз тыдзень я магу ўбачыць сваіх родных, падсаджвае мяне «на измену». Некалькі дзён я блукаю па беразе сам не свой. Рашэнне працягваць падарожжа даецца нялёгка.1
Лупіць дождж. На вуліцы яшчэ цемрадзь. Я ляжу і гляджу ў столь. Усё ўнутры мяне дрыжыць. Я мог бы ўбачыць дарагіх мне людзей ужо заўтра, але ўбачу калі-небудзь, магчыма, праз год. Такое адчуванне, што ўсе яны існуюць толькі ў маёй галаве. Дом ужо перастаў мне сніцца – я забыў, як ён выглядае. Хочацца завыць ваўком. Стрэлы дажджу малоцяць па шыферы. Столь ледзь бачная праз слёзы.
Наступае той дзень, калі Лінда з сябрамі з’язджае па справах у горны гарадок Баннёс. Мы з Воляй напрошваемся ў заднік ейнага пікапа. Развітваемся назаўсёды з душэўнымі Шэрыл і Раві, ціснем лапы кожнаму сабаку. Гэты адрэзак жыцця таксама падышоў да канца. З гарачага ўзбярэжжа мы ляцім у халодныя горы.
Ужо ў Баннёс на рэсэпшне самага таннага гатэля ў горадзе мы знаёмімся з блатным рускім хлопцам Сярогам. Ён некалькі тыдняў падзарабляе тут швейцарам у начную змену. Як і большасць рускіх, Сярога нездарма асеў у Эквадоры – ад выплаты падаткаў або крымінальнага тэрміну тут хаваюцца злачынцы з усёй галактыкі. Эквадор – адна з шасці краін планеты, якая прымае пашпарт грамадзяніна свету як афіцыйнае пасведчанне асобы. Пашпарт гэты можна набыць у інтэрнэце за дзесяць хвілін і шэсць дзясяткаў баксаў. Сапраўднае імя называць не абавязкова.
За вуглом гатэля Сярога знаёміць нас з Галінай Іванаўнай, «сваёй жанчынай» з Мікалаева, якая гандлюе самаробнымі ўкраінскімі пяльмешкамі. Вось так нечакана, пасярод паўднёваамерыканскіх джунгляў, мы дакранаемся стомленымі языкамі да непаўторнага смаку родных краёў. Пасля гэтага на заробленыя ў Donkey Den грошы мы з Воляй арандуем квадрацыклы і нясёмся мясіць бруд па горных серпанцінах. Напэўна, упершыню за год мы дазваляем сабе проста так зліць грошы на забаўку.
Наступны дзень застае нас на шляху да перуанскай мяжы. Аўтаспын ідзе на рэдкасць удала, але на апошніх трыццаці кіламетрах мы трапляем у пастку – дарога да мяжы перакрытая. Наперадзе рэлігійнае шэсце, мэта якога – даставіць статую Найсвяцейшай Панны Марыі да мяжы з Перу. Гэтыя трыццаць кіламетраў мы вымушаныя плесціся пешшу ў хвасце бясконцай калоны пад рэлігійныя напевы з рупара.
Аўтаспын у Перу неяк не задаўся. Мабыць, гэта першая краіна ў свеце, дзе я адчуваю віну перад кожным кіроўцам за тое, што не магу даць яму грошай за праезд. Больш за тое, я нават адчуваю віну перад мясцовымі жыхарамі, што гэтак жа не магу падаць ім капейчыну на тое-сёе.
Кожны сустрэчны малец тыкае ў нас пальцам і з ваяўнічай грымасай крычыць на ўсю вуліцу: «Гры-ы-ынгас!» Мясцовыя вытрэшчваюцца на нас, як ведзьмы на інквізітараў. Нават усмешка не дапамагае. Нешта намёртва стала клінам у мазгах тутэйшага насельніцтва. Ад гэтага наша паўтаратыднёвае падарожжа па горных вёсачках поўніцца сярэдневяковаю халоднаю злосцю.
Усё навокал нібы пад уздзеяннем нейкай асаблівай сацыяльнай радыяцыі. Мы бачым толькі доўгую горную грунтоўку і непрыветлівых брудных людзей, якія рэдкімі зубамі жуюць жылістае мяса. Яны хрумсцяць храсткамі і глядзяць на мяне з пагардаю. Яны лічаць мяне вінаватым у тым, што іхныя адзенне, твар і будучыня брудныя. Ім здаецца, што горад іхны засраны таму, што ў мяне белы твар. У іх для мяне на ўсё падвойная цана, але ад гэтага іхныя халупы не становяцца зграбнейшымі. Уся краіна – суцэльная дэкарацыя да фільма «Цяжка быць богам».
Я не хачу бачыць гэтых людзей. Я абмінаю іх позіркам. Я раздражнёны да такой ступені, што гатовы даць па носе першаму сустрэчнаму, якога не задавальняе колер маёй скуры. Шкада, але нават ад удару пад дых ён не ўцяміць, што я на тым жа дне, што я прачнуся на гары і пайду сраць у кусты, а падатруся сурвэткай, якую ўзяў у крайняй забягалаўцы. Збольшага цяпер мы адрозніваемся толькі тым, што я прынамсі карыстаюся паперай.
Я не разумею, як можна ставіцца з павагай да чалавека, у якога прама на ўваходзе ў дом ужо тыдзень стыне велізарная куча сабачага гаўна. Як можна зразумець кіроўцу, што спыняецца пасярод вёскі, каб пасцаць на нечы плот, замест таго каб зрабіць гэта праз дзвесце метраў у лесе? Я двойчы ездзіў па мясцовых рэзервацыях на аўтобусах і з упэўненасцю кажу, што лепей буду плесціся пешшу пад праліўным дажджом, чым яшчэ раз залезу ў прапахлую мачой сталёвую скрынку на колах, з якой на поўнай гучнасці даносіцца здзеклівая песня пра «каразон».
Мы паглынаем ночы ў касцёлах, паліцэйскіх пастарунках і пажарных станцыях. Як толькі нам выпадае магчымасць зашыцца ў зацішны куток, нямытыя ўжо тыдзень, стомленыя атракцыёнамі горных серпанцінаў, мы адразу хаваемся ад рэальнасці за кніжкамі, робім выгляд, быццам не заўважаем гэтага малога зябкага свету. Я злуюся на сябе за злосць на гэтых людзей, але нічога не магу з сабой зрабіць.
Праз дзесяць дзён бадзяння па горных дарогах мы раптоўна разумеем, што з такімі тэмпамі дабяромся да Куска толькі праз месяц. Насуперак жаданням даводзіцца вяртацца на Панамерыканскую шашу, што ідзе па ўзбярэжжы, і ехаць у Ліму. Рабіць гэтае кола вельмі не хочацца, але намотваць па сто кіламетраў на дзень больш няма сілы.
Ліма паўстае перад намі гіганцкай клаакай. Вялізны горад, патанулы ў смогу. Палова будынкаў пабудаваная з фанеры і кардону. Сталіца нагадвае адзін вялікі гараж, падлога ў якім па шчыкалатку залітая адпрацаваным алеем. Дзверы нашага аўтобуса расхінаюцца, і прама па курсе на тратуары ляжыць спарахнелы ад алкаголю мужык у балотцы ўласнай блявоціны. Едзем далей. Маршрут канчаецца каля нейкага гандлёвага цэнтра, і мы адразу хаваемся ўнутры будынка.
Як жа крута апынуцца сярод вітрын з кітайскімі шмоткамі! Падобна на тое, што мясцовыя людзі таксама ходзяць сюды, як на свята: усе назойліва прыадзетыя, часам нават расфуфыраныя, смакуюць марожка, прыцэньваюцца да новых тэлевізараў. Напэўна, калі будучы мэр вырашыць змяніць гэты горад да лепшага, яму прасцей будзе знесці ўсё нахер і пабудаваць нанова.
Мы выдатна разумеем, што выбрацца з Лімы аўтаспынам будзе немагчыма, таму трацім апошнія грошы на аўтобус да суседняга горада. Перу становіцца для нас сур’ёзным выпрабаваннем.
Па прыездзе ў Куска мы адразу ўладкоўваемся на працу ў хостэл. Гэта бадай што самая танная дзірка ў горадзе – усяго два з паловаю даляры за ноч. Бясплатны начлег і абед мы аплачваем тым, што шэсць гадзін на дзень сустракаем пастаяльцаў і ціснем сокі для наведнікаў кафэ. Здавалася б, нічога складанага, калі б не перуанскі падыход да вядзення бізнесу.
Першае правіла кафэ Let's go Bananas! з дэвізам «Найлепшыя фрэшы ў горадзе»: ніколі не кладзі дастаткова садавіны ў сокавыціскалку, ці, як фармулююць яго мясцовыя, «мала садавіны шмат не бывае». І вось, замест таго каб радаваць наведнікаў смачнымі напоямі, мы цягам двух тыдняў у прамысловых маштабах робім вадзяністую жыжку з лёгкім, а-ля дэжавю, прысмакам садавіны. Другое правіла хостэла: вырубі ў будынку на паўдня ваду і звалі ўсё на гарадскія службы. Дзякуючы гэтаму важнаму правілу талканы ў хостэле паўдня даверху забітыя дзярмом, але «жыровачка» ў канцы месяца важыць на пару капеек менш, чым у канкурэнтаў. Ну і, вядома, трэцяе правіла: самае важнае ў кавярні – гэта музыка, насраць на пастаяльцаў! Згодна з апошнім пункцікам бос здабыў на сметніку дзве важкія і афігіцельна рыпучыя калонкі, з якіх мы выціскаем максімум дні напралёт.
Словам, два тыдні ў Куска, самым турыстычным горадзе Перу, цяжка назваць вакацыямі ў Прастаквашыне. Мы так і не з’ездзілі на Мачу-Пікчу, бо квіткі туды каштуюць непамерна дорага. Мы не выправіліся на Інка-трэк з той жа прычыны. Калі шчыра, больш за ўсё цягам двух тыдняў нам хацелася хутчэй зваліць з гэтай памыйніцы. Але, перш як выпусціць нас за мяжу, Перу ўсё ж такі прынёс нам свае прабачэнні.
На цырымонію аяўаскі мы запісаліся ў адмысловым рэтрыт-цэнтры непадалёк ад Куска. Аяўаска – гэта натуральны напой, завараны на абрэзках Banisteriopsis caapi, або «лазы духаў», і Diplopterys cabrerana, або чаліпонга. Шаманы Паўднёвай Амерыкі спакон вякоў выкарыстоўваюць гэты брутальны эліксір для рытуальнага пашырэння свядомасці. Часам у сумесь дадаюць іншыя спецыфічныя расліны, але класічная «цёмная аяўаска» гатуецца менавіта з двух вышэйназваных інгрэдыентаў. Асноўным дзейным рэчывам напою выступае дыметылтрыптамін (ДМТ) – адзін з самых моцных вядомых псіхадэлікаў. Цырымонія праходзіць ноччу, бо яркае сонечнае святло проста немагчыма вытрываць падчас псіхадэлічнага трыпу.
Шаман раздае напой усім удзельнікам рытуалу – прыкладна па дзвесце міліграмаў кожнаму. На смак аяўаска нечым нагадвае брагу або квас. Псіхадэлічны спектакль пачынаецца прыкладна праз дваццаць хвілін і доўжыцца каля шасці гадзін. Праз некаторы час пачынаюцца прыступы млоснасці, але ў цэлым працэс пераносіцца лёгка.
Падчас цырымоніі шаман грае на музычных інструментах і спявае свае дзікія песні – па сутнасці, акурат гэтыя спевы і выступаюць праваднікамі ў іншыя сусветы. Пад уздзеяннем напою чалавек становіцца неверагодна ўспрымальным да гукаў. А вось здольнасць распазнаваць мову можа часова прытупіцца. Паддоследны хутчэй успрымае інтанацыю, чым саму лірыку. Ад гэтага падарожжа набывае нейкае жывёльнае, першабытнае адценне, калі ты можаш толькі выць, скуголіць ды рыкаць. У нейкай ступені гэта абмяжоўвае спектр успрымання, бо пад уздзеяннем аяўаскі рацыянальныя развагі губляюць усялякі сэнс, але, з іншага боку, ты зверам апускаешся на дно неўтаймаванай дзікай прыроды, дзе перад табой расхінаецца таямнічае падзямелле свядомасці. Праз шэсць гадзін трыпу мозг вынырвае ў рэальнасць, а цела адчувае лёгкую стомленасць. Прывітанне! Ты ў звычайным жыцці.
Штодня тысячы людзей па ўсёй Паўднёвай Амерыцы ўжываюць аяўаску ў пошуках адказаў на няўрымслівыя пытанні, што б’юцца ўнутры двухногіх чалавечых клетак. Шмат каго падарожжа да вытокаў быцця мяняе назаўжды.
Я пачынаю выразна чуць жаночыя стогны. У цемры мне складана зразумець, рэальнасць гэта ці ўжо галюцынацыя. Раптам да мяне даходзіць, што гэта голас маёй маці. Яе ўздыхі ўпярэмешку з шолахам лісця паўтараюцца ўсё часцей. Аднекуль з’яўляецца бразгатлівы металічных гук. Потым – галасы птушак і выццё ветру. Усё закручваецца ў адзіную плынь – шум, у якім усё цяжэй разабраць асобныя складнікі. Ад гэтага гулу нікуды не падзецца, ён ахінае мяне. Я скурчваюся і сціскаю сківіцы. Робіцца страшна.
Раптам я пачынаю змяншацца і падаць унутр сябе. Маё цела ўсё хутчэй і хутчэй сціскаецца да памеру пясчынкі. Я раблюся бясконца малым, але пры гэтым адчуваю ўнутры сябе неверагодную сілу, быццам уся жыццёвая энергія сабралася ў маёй мікраскапічнай істоце. Гук паступова знікае, і я застаюся ў ліпкай цеплыні сам-насам з сабой. Здаецца, я перажываю момант свайго зачацця.
Праз некаторы час я пачынаю бачыць святло. Нейкія яркія абстрактныя формы, нібы мае зрэнкі набылі ўласцівасці калейдаскопа. Малюнкі пачынаюць захапляць мяне, становіцца вельмі весела. Я – дзіця, што гуляе з формамі і колерамі, выкладае карцінкі ў такт маналітнаму гуку джунгляў. Цяпер гэты гук ужо не палохае, а наадварот – закалыхвае і абараняе.
У гэты момант я трапляю ў пустэчу – не страшную, але і не безабаронную – у абсалютную пустэчу, у якой няма ні грама інтэнсіўнасці. Ні гуку, ні святла, ні паху. Ні жыцця, ні смерці. Нічога. Ні-чо-га.
Праз некаторы час я разумею, што вецер шамаціць па даху. Можа, нават капае дождж. Я азіраюся ў цемры. Шаман запальвае ліхтар і рыхтуе музычныя інструменты. Раптам перад ім з’яўляецца дзіця, а сам шаман набывае біблейскае аблічча. Ён паказвае хлопчыку на штосьці, і той паслухмяна ківае. Я адварочваюся – вакол абсалютна нічога не відаць, я блукаю позіркам па паўценях, пакуль зноў не натыкаюся на шамана. Ён глядзіць мне проста ў вочы. Я заплюшчваю іх.
Перада мной усплываюць слайды з дзяцінства. Бабулі і дзядулі, цёткі і дзядзькі. Сусед, які даўно памёр. Вёска, карова, лес. Старэйшая сястра дастае рыбу з сажалкі і ўсміхаецца. Маё сэрца б’ецца бойка, яно б’ецца ў рэбры, як поршань новага матора. Я дыхаю так, быццам акрамя паветра мне больш нічога не трэба.
Час паскараецца, я праношуся праз школьныя гады. Азвярэлыя настаўніцы малодшых класаў малоцяць у барабаны і махаюць чырвонымі сцягамі. Рыкаюць і напінаюць. Я хаваюся пад парту і зноў трапляю ў пустату.
Усімі птушынымі галасамі дрыжыць будзільнік. Я рашаюся на ўцёкі. Дрэвы пачынаюць расці проста ва ўніверсітэцкай аўдыторыі. Студэнты – усе, ад яшчарак да дзікоў. Я падаю ў раку і чапляюся за бервяно, яны падаюць за мной, але тонуць у бурнай плыні. Я больш не трымаюся за дрэва рукамі. Бо я – вада.
У маіх грудзях поўна сілы – хоць пруты гні, хоць разгружай вагоны. Я дыхаю ўпэўнена, мне нічога не перашкаджае. Я брыду па джунглях і гарадах. Вакол дахалеры небяспечнага. І я не промах. Мне бывае страшна, але нож навостраны. Скокні на мяне з гушчару тыгр – я сам учаплюся яму ў горла. Побач нясуцца ровары з кітайцамі, табуны мангольскіх авечак, басаногія мулаты з мачэтэ. Яны то ўсміхаюцца мне, то наровяць атакаваць. Аголеныя жанчыны з прыгожымі целамі запрашаюць да сябе ў хаціны, п’яныя мужыкі з бяззубымі ўсмешкамі косяцца на мяне чырвонымі вачыма. Я прабіваюся ўсё глыбей і глыбей.
Час паскараецца. Урыўкі маёй дарогі ўсплываюць перад вачыма. Усё нясецца ваўчком, не паспяваю нават толкам разгледзець. Я быццам аднекуль зверху назіраю за гэтым калаўротам. Пачынаю стамляцца.
Я дыхаю роўна. Мне спакойна. Ува мне па-ранейшаму поўна сілы, якую я не марную папросту. Воля кажа, што яна цяжарная. Мы няньчым дзіцё, і здаецца, што новае жыццё становіцца маёй кропкай апоры. Усё ўнутры мяне перакручваецца. Я сам для сябе перастаю быць важным.
Заўважаю, што зрабілася цяжэй дыхаць. Гэта вельмі дзіўнае адчуванне, калі табе даводзіцца прыкладаць хай і невялікія, але намаганні, каб жыць. І яшчэ адно дзіўнае пачуццё, якога я раней ніколі не заўважаў: зямля – магніт. Яна прыцягвае мяне. Пакуль я з лёгкасцю магу гэтаму працівіцца, але адчуваю, што надыдзе час, калі супрацьстаянне зробіцца куды больш сур’ёзным. Малюнкі ўсё лятуць і лятуць перад вачыма. Кітайцы ўсё нясуцца.
Я ўжо амаль не рухаюся. Толькі выявы змяняюцца за акном. Думак робіцца нашмат менш. Мяне часам падхоплівае і кудысьці нясе, але потым я нязменна знаходжу сябе ў тым жа крэсле, з якога ўсё пачалося. Дыханне? Так, дыхаць – гэта праца. І я працую. Сяджу ў крэсле і працую. Дыхаю. Дыхаю. Дыхаю. Не дыхаю.
Я не дыхаю і больш не сяджу ў крэсле. Я больш не я. Дажджом праношуся па планеце. Попелам выстрэльваю ў неба. Ветрам гну дрэвы на гары. Хваляй качаю лодку.
***
Я пішу гэты тэкст, седзячы ў самым танным гатэлі балівійскай пустыні.
Прайшло два тыдні пасля цырымоніі аяўаскі. Я плачу – які ж прыгожы наш свет!
Мой тэкст – гэта прызнанне яму ў каханні. Гэта мой нядзельны паход у царкву.
Мой паранены звер, што ўзіраецца ў пустэчу адданымі вачыма.
Продолжаем вспоминать старые сокровища 34mag. Ноябрь 2014-го. В Беларусь возвращается Рома Свечников и дает первое большое интервью после кругосветки.
Нянавісць паводле Карану, разборкі з мянтом наконт марыхуаны і дрэнныя весткі з радзімы.
Нелегальнае перасячэнне межаў, заматаныя калючым дротам людзі і начны напад коста-рыканскіх бандытаў.
Спадарожнікі-маньякі, какаінавыя войны і цэнтральнаамерыканскае ачышчэнне ад матэрыялізму.
«Каб больш уважліва ставіцца да навакольнага асяроддзя».
Псіхадэлічная музыка з глыбокай лірыкай.
Паменшыць шкоду, падвысіць карысць.
Тэматычныя медыя і першыя лэйблы.