Анансаваная «Reshape 2021» – канферэнцыя пра будучыню Беларусі
- Рубрыка: УЛОЎ
- 23.02.2021
- 5188
2020-ы стаў для Беларусі пераломным годам. Што рабіць далей? Адказ можна знайсці на «Reshape 2021» – канферэнцыі Цэнтра новых ідэй пра тое, як беларусам(-кам) даць рады выклікам супольнай будучыні.
Са слоў даследчыцы ЦНІ Лесі Руднік, рышэйп – гэта не традыцыйная канферэнцыя, а серыя сучасных і цікавых дыскусій, якія могуць быць карыснымі ўсім – ад IT-спецыялістаў да палітыкаў.
Тэматычна канферэнцыя разбітая на чатыры дыскусійныя блокі – па адным на дзень:
«Грамадства і Дзяржава»: Арыся Луцэвіч з Chatham House разам з Лесяй Руднік, даследчыцай Цэнтра новых ідэй, абмяркуюць, што такое ўстойлівасць у кантэксце нацыі і чаму думаць пра яе трэба ўжо сёння.
«Эканоміка»: размова адбудзецца паміж Канстанцінам Соніным (Чыкагскі ўніверсітэт і Вышэйшая школа эканомікі) і прадстаўніком Святланы Ціханоўскай па эканамічных пытаннях Алесем Аляхновічам (віцэ-прэзідэнт даследчага цэнтра CASE Belarus, аспірант Варшаўскай школы эканомікі).
«Расія і Беларусь»: Фёдар Лук’янаў з часопіса «Расія ў глабальнай палітыцы» паразмаўляе з дырэктарам Цэнтра новых ідэй Антонам Раднянковым пра дыялог паміж Расіяй і Беларуссю.
«Захад і Беларусь»: Мелінда Хэрынг (Atlantic Council) і Рыгор Астапеня, заснавальнік і дырэктар па даследаваннях ЦНІ, эксперт Chatham House, абмяркуюць адносіны Беларусі і Захаду і антыкрызісны менеджмент у аўтарытарных краінах.
Антон Раднянкоў, дырэктар Цэнтра новых ідэй
«Гэта ўжо наш чацвёрты Reshape, але першы ў анлайн-фармаце. Мы вырашылі скарыстацца гэтым і запрасілі выбітных замежных мысляроў, каб зразумець, як выглядае будучыня нашай краіны звонку. Беларусаў чакаюць найбольшыя змены ў гісторыі краіны, і рыхтавацца трэба ўжо цяпер».
Размовы будуць адбывацца з 23 па 26 лютага, штодня а 19:00. Папярэдняя рэгістрацыя абавязковая.