«Самае простае – пабыць побач». Псіхалагіня – аб падтрымцы, якая працуе

  • 15.06.2022
  • Аўтар: 34mag
  • 7833

У тэорыі мы можам добра ўяўляць, што такое сапраўдная сяброўская падтрымка, але ў моманце бывае цяжка знайсці слушныя словы, атрымліваецца нешта тыпу «Не сумуй, усё будзе добра». Праверыць сваю эмпатычную прапампоўку дапаможа тэст, які мы прыдумалі ў падтрымку кампаніі «Поддержи подругу». Ён на простых прыкладах даводзіць, чаго рабіць дакладна не трэба. А што трэба? Каб даць грунтоўныя адказы, мы пагутарылі з псіхалагіняй Алінай Бычковай, якая працуе з дзяўчатамі і маладымі жанчынамі ў крызісных сітуацыях. Распыталі, чаму «пазітыўныя» фразы не даюць плёну, як правільна прапанаваць дапамогу і як заспакоіць чалавека ў слязах.

 

 

Пра словы, якія падтрымліваюць

– Чаму ў адказ на твой боль людзі кажуць нешта пустое накшталт «Трымайся!»?

– Камунікацыя часта звязаная з нашымі асабістымі перажываннямі. У нас можа быць траўматычны вопыт, і калі да нас прыходзіць іншы чалавек і распавядае сваю гісторыю, мы вымушаныя сустрэцца і з яго перажываннямі, і са сваімі таксама. У гэтым пункце падвойных перажыванняў магчымыя страх, хваляванне, нават агрэсія. Вось чаму людзям часам прасцей адкідваць чыйсьці боль ці казаць пазітыўныя фразы, якія дазваляюць не паглыбляцца: «Трымайся», «Усё будзе добра», «Ты справішся», «Ты моцная».

– Чаму фраза «Усё будзе добра» ніколі не супакойвае?

– Таму што ніхто не ведае, ці будзе ўсё добра. Можа быць як добра, так і не вельмі добра. Ці ўвогуле дрэнна. «Усё будзе добра» гучыць так, быццам мы пабывалі ў будучыні і ведаем, як яно там, але мы не пабывалі і не ведаем. Мы знаходзімся тут і цяпер, і ў гэтых каардынатах трэба рассудзіць: што я магу зрабіць канкрэтна тут і цяпер для канкрэтнага чалавека? Самае простае – пабыць побач з сяброўкай і выслухаць яе гісторыю, калі яна захоча ёю падзяліцца.

– Як правільна пачаць размову аб тым, што здарылася?

– Калі сяброўка звяртаецца да цябе і кажа, што з ёй нешта адбылося, то яна, хутчэй за ўсё, ужо гатовая да першага кроку. Гэта, аднак, не значыць, што трэба засыпаць яе пытаннямі. Лепш удакладні: «Ці магу я спытаць у цябе пра гэта?», «Ці будзе табе камфортна, калі я ўдакладню такі момант?» Вельмі важна пытацца дазволу. Нават калі нам здаецца, што мы ведаем, як правільна падтрымліваць, мы не ведаем напэўна, якая падтрымка патрэбная чалавеку, нават калі гэта наша блізкая сяброўка. І калі ў нейкі момант яна цябе спыніць: «Пра гэта пагаворым, а вось пра гэта не будзем» – гэта нармальна, гэта вельмі добры ўзровень камунікацыі і даверу.

 

«Нават калі нам здаецца, што мы ведаем, як правільна падтрымліваць, мы не ведаем напэўна»

 

– А што, калі сяброўка нічога не кажа, але ў мяне ёсць сур'ёзныя падазрэнні?

– Можна паказаць, што ты адкрытая да дыялогу: «Я бачу, што ты сумуеш, ты мне дарагая, і калі захочаш нешта расказаць мне, ты можаш зрабіць гэта тады, калі захочаш».

– «Мне вельмі шкада» – дрэннае клішэ з амерыканскіх фільмаў?

– Так. Бо гэта больш пра жаль, чым падтрымку. Ты быццам перажываеш, але ў той жа час шкадуеш сяброўку. Замест гэтага лепш спытаць: «Што я магу для цябе зрабіць?», «Як я магу цябе падтрымаць?» Калі хочаш, можаш дадаць нешта пра сябе і сваю ўключанасць – «мне так балюча», – але галоўнае ўсё ж стварыць умовы для зваротнай сувязі.

 

 

Пра парады, якія не гояць раны

– Як зацягнуць сяброўку да спецыяліста(-кі)?

– Адэкватны(-ая) псіхолаг(-іня) дакладна не будзе працаваць з той, хто прыйшла нядобраахвотна. У любых дзеяннях трэба адштурхоўвацца ад ідэі, што іншы чалавек – дарослы чалавек. Дарослыя людзі прымаюць рашэнні самі. Мы можам толькі прапанаваць нешта (калі, вядома, нам дазволілі прапаноўваць). Напрыклад: «Магу рэкамендаваць табе спецыяліста. Як на гэта глядзіш?» Але пазбаўляць чалавека выбару ні ў якім разе нельга.

– Ці можна прааналізаваць разам з ёй, што пайшло не так?

– Цяпер трэба разбірацца з тым, што ёсць цяпер. Мінулае мы змяніць усё роўна не зможам. У мінулым усё, што ні зрабі, усё будзе не так. Такія «разборы» могуць быць канструктыўныя толькі ў працяглай тэрапіі са спецыялісткай(-ам).

– Але сказаць, што крыўдзіцель(-ка) заўсёды быў(-ла) чалавекам-гнільцом, – можна?

– Па-першае, у такім «клопаце» праяўляецца наш ахоўны механізм. Калі ты заяўляеш: «Я ж казала», «Ён заўсёды здаваўся мне небяспечным хлопцам» ці «Яна адразу не выклікала ў мяне даверу» – ты выказваеш перакананасць у тым, што нядрэнна разбіраешся ў людзях, а значыць ніколі не памыляешся. Па-другое, мяркуючы, што можаш адразу выявіць «не такога» чалавека, ты супакойваеш сябе, быццам з табой такога дакладна не адбудзецца. У любым выпадку паток негатыву ў адрас крыўдзіцеля(-кі) – гэта не пра падтрымку, а пра сябе, пра нашы ўнутраныя страхі і перажыванні.

– Але калі сяброўка сапраўды паводзіла сябе не вельмі?!

– Хочацца прымераць ролю настаўніка? А навошта? Ты ўпэўненая, што сяброўка будзе паводзіць сябе менавіта так, як ты лічыш патрэбным? У яе ёсць свой погляд на сітуацыю і свая галава на плячах. Яна ў стане сама падумаць і вырашыць, што лічыць правільным. Далёка не заўсёды тое, што лічыш слушным ты, правільна для іншага чалавека.

 

«Памятай пра тое, што любая ацэнка суб'ектыўная»

 

– Калі ў мяне была падобная гісторыя, я магу падзяліцца досведам?

– Няма чаго ссоўваць фокус з сяброўкі, якая пакутуе, на свае перажыванні. Можна сказаць, што ў цябе былі падобныя пачуцці: «Я крышачку ўяўляю, што з табой адбываецца цяпер», – але ты не можаш прадстаўляць усё дакладна так, як яно ёсць. Калі адзін чалавек трапіў у аварыю і другі чалавек трапіў у аварыю, а потым яны сустрэліся і размаўляюць пра гэта, то аварыя ў іх усё роўна не адна і тая ж, і самі людзі таксама розныя.

– А што наконт сяброўскай парады?

– Калі парады ў цябе не пыталіся, у ёй няма патрэбы. Звычайна людзі раздаюць парады, калі хочуць сказаць, што ведаюць, «як жыць», або такім чынам дэманструюць уласную перавагу. Жаданне параіць нешта з'яўляецца выключна ад жадання зняць уласнае ўнутранае напружанне.

– Ці можна ацэньваць поспехі сяброўкі на шляху да «вылячэння»?

– Звяртаць увагу на поспехі важна, але памятай пра тое, што любая ацэнка суб'ектыўная: у нас няма агульнай для ўсіх шкалы «поспехаў». Адзначыць, што сяброўцы палепшала пасля таго, як яна звярнулася да псіхалагіні, – гэта окей. Магчыма, гэта дапаможа ёй самой звярнуць увагу на поспехі, якія яна не заўважае, спраўляючыся са складанай сітуацыяй аб'юзу. Але такія заўвагі дарэчныя толькі на адрас блізкіх людзей, гэта ніяк не можа быць каментар з боку калегі, з якой па жыцці амаль не камунікуеш.

 

 

Пра тактыльны і грашовы сапорт

– Як рэагаваць на слёзы? 

– Слёзы часта палохаюць людзей, спыняюць, замарожваюць. Не паддавайся першаму парыву, пабудзь побач з сяброўкай. Тактыльныя штукі часта працуюць, і калі ў цябе ёсць парыў яе абняць, так і спытай: «Можна я цябе абдыму?» Калі прычына слёз не ясная, не трэба нападаць з пытаннямі, абмяжуйся беражлівым: «Можаш расказаць мне, што здарылася, калі захочаш». Выкарыстоўвай актыўны слуханне: ківай, глядзі ў вочы, выказвай зваротную сувязь мімікай. Гэта працуе куды лепш за бадзёрыя парады, што рабіць і куды бегчы.

 

 «Калі ў цябе ёсць парыў яе абняць, так і спытай: “Можна я цябе абдыму?”»

 

– Як правільна прапанаваць дапамогу?

– Спачатку падумай, што ты сапраўды можаш прапанаваць. Ці ёсць у цябе рэсурсы? Калі ты гатовая дапамагаць, скажы: «Я побач з табой, я адкрытая, я хачу табе дапамагчы». Можна канкрэтызаваць, калі ты дакладна ведаеш, што ёй цяпер трэба: напрыклад, перавязеш рэчы, з'ездзіш з ёй кудысьці і гэтак далей.

– Як даць сяброўцы грошай?

– Неабходнасць знайсці грошы – прастора для змены чалавека, таму наўпрост даваць іх патрэбы няма. Акрамя таго, псіхалагічную дапамогу можна атрымаць і бясплатна. Калі сяброўка ў цяжкай сітуацыі, можаш дапамагчы ёй не наяўнымі, а патрэбнымі кантактамі або рэлевантным падарункам на дзень нараджэння.

– Калі сяброўка раней паводзіла сябе таксічна і цяпер хочацца пазлараднічаць, то як быць з гэтай эмоцыяй? 

– Тое, што ты пра гэта задумалася, ужо добра, бо гэта праява ўсвядомленасці. Карысна весці з сабой унутраны дыялог. «Чаму я цяпер адчуваю злараднасць? У які момант наша сяброўства зламалася?» У сітуацыі, калі адна сяброўка віктымблэйміць іншую ў адказ, варта пагаварыць пра тое, што паміж імі наогул адбываецца і якая каштоўнасць іх сяброўства. Сяброўства ўзнікае там, дзе ёсць цікавасць і цікаўнасць. Уласна, цікавасць і цікаўнасць у адносінах да іншага чалавека і нараджаюць жаданне дапамагчы так, як у гэтым мае патрэбу канкрэтны чалавек у дадзенай сітуацыі.

 

Фото: EKATERINA BOLOVTSOVA / Pexels