11 курсаў і стажыровак 2024 года для прасоўвання тваёй кар'еры

  • 03.02.2024
  • Аўтар: 34mag
  • 3482

Разам з партнёрамі з адукацыйнай праграмы MOST+, якая спансуе прафесійныя паездкі беларусаў і беларусак у краіны ЕС, выбралі навучальныя праграмы і стажыроўкі, дзе можна павысіць кваліфікацыю і атрымаць каштоўныя сумежныя навыкі.

 


Фота: staatstheater-stuttgart.de

Стажыроўка ў Штутгарцкім тэатры

Штутгарт, Германія / сакавік–красавік 2024 (да 6 тыдняў)

Калі ты плануеш звязаць жыццё з тэатрам і хочаш спазнаць усю тэатральную кухню знутры, вось табе шыкоўная магчымасць. Штутгарцкі тэатр рэгулярна запрашае стажораў на практыку ў розных кірунках – ад рэжысуры і медыядызайну да касцюмернага і дэкаратарскага майстэрства.

Бліжэйшым часам можна падацца на стажыроўку па рэжысуры і касцюмах для оперы і драмы і паўдзельнічаць у падрыхтоўцы рэальных тэатральных шоу. Напрыклад, опер Aufstieg und Fall der Stadt Mahagonny (1 красавіка – 11 траўня), Il trovatore (29 красавіка – 9 чэрвеня); драм Die Farm der Tiere (18 сакавіка – 27 красавіка), Sonne / Luft (2 красавіка – 15 траўня), Amerika (8 красавіка – 18 траўня).

  Падрабязнасці



 


Фота: ese.ac.uk 

Курс «Менеджмент у сферы моды і прадметаў раскошы» Еўрапейскай школы эканомікі

Fashion & Luxury Goods Management

Рым, Мілан, Фларэнцыя, Мадрыд / красавік 2024 (3 месяцы)

Назва курса гучыць як загаловак з глянцу або назва фільма, але сама праграма – рэальны пропуск у свет прафесіяналаў высокай моды. На курсе студэнты атрымліваюць магутную адукацыйную базу і пераймаюць навыкі ключавых постацяў фэшн-індустрыі. Сярод дысцыплін – кіраванне люксавымі брэндамі, модны маркетынг, прагназаванне трэндаў, электронная камерцыя, рост бізнэсу.

Пасля заканчэння вучобы паспяховым кандыдатам абяцаюць дапамагчы з працаўладкаваннем. Магчыма, гэта будзе твой першы крок да кіравання ці нават заснавання моднага дому.

  Падрабязнасці



 

 Курс «Музычны менеджмент» Еўрапейскай школы эканомікі

Music Management

Рым, Мілан, Фларэнцыя, Мадрыд / красавік 2024 (3 месяцы)

Курс музычнага менеджменту – лагічны працяг кар'еры для тых, хто ўжо мае музычную або сумежную адукацыю і хоча расці як кіраўнік і прадпрымальнік. Гэта няпростая мэта: івэнт-індустрыя развіваецца хутка і непрадказальна, а кіраванне творчымі людзьмі мае сваю спецыфіку.

На курсе абяцаюць актуальныя веды і натхненне на лекцыях, семінарах і майстар-класах з адмыслоўцамі галіны, а таксама вывучэнне дагаворнага і аўтарскага права, музычнага прадакшана, лічбавых медыя, PR і брэндынгу.

  Падрабязнасці



 

 

Праект MOST+ – гэта праграма, якая спансуе прафесійныя паездкі беларусаў у краіны ЕС. Каб стаць яе ўдзельнікам, неабходна мець беларускае грамадзянства, быць паўналетнім, не быць студэнтам і мець досвед працы ў адным з шасці сектараў: грамадства, бізнэс, культура, адукацыя, ахова здароўя або ўстойлівае развіццё.

Мэты праграмы – даць беларусам доступ да найбольш паспяховых прафесійных практык Еўропы, дапамагчы пашырыць сетку міжнародных кантактаў і ўсталяваць доўгатэрміновыя сувязі з партнёрамі ў ЕС, спрыяць кар'ернаму росту і абмену досведам з калегамі.

Прафесійную паездку заяўнік павінен арганізаваць сам: яе працягласць – ад 3 да 90 дзён, уключаныя ад 1 да 3 краін Еўрасаюза. У час паездкі можна ўдзельнічаць у міжнародных канферэнцыях, форумах, фестывалях, трэнінгах, майстар-класах, семінарах, стажыроўках і арт-рэзідэнцыях, азнаямленчых турах, распрацоўваць сумесныя праекты, прэзентаваць сваю прадукцыю і паслугі на выставах – або прыдумаць уласны фармат мабільнасці.

Для гэтага заяўніку неабходна спланаваць паездку, звязацца з партнёрамі ці арганізатарамі мерапрыемства ў ЕС, атрымаць пацвярджэнне ўдзелу, зарэгістравацца на партале GAP, запоўніць там заяўку і прымацаваць рэзюмэ. Далей заяўку будзе ацэньваць каманда беларускага прафесійнага журы. У выпадку адабрэння праграма пакрые ўсе зацверджаныя выдаткі паездкі.

 Што спансуе праграма: 

 выдаткі на міжнародныя пераезды; 

трансферы паміж гарадамі краін прызначэння;

  выдаткі на пражыванне ці «суткавыя»;

  рэгістрацыйныя зборы (акрэдытацыя на канферэнцыях, форумах, кірмашах, трэнінгах); 

  візавы збор;

 медыцынскую страхоўку; 

 іншыя выдаткі, непасрэдна звязаныя з паездкай (аплата дадатковага багажу для музычнага інструмента, аплата рэкламнай прадукцыі і да т.п.); 

  дадатковыя выдаткі, звязаныя з адмысловымі патрэбамі, і г.д.

Падаўшы заяўку сёння, заяўнік можа атрымаць грант на прафесійную паездку ўжо праз 2 месяцы (калі патрэбная віза – праз 3). Апошні тэрмін падачы заявак – 3 чэрвеня 2024 года.

 

 

 

Гульнявое навучанне і гейміфікацыя ў класе

Game-Based Learning and Gamification in the Classroom

Прага, Чэхія / 22–27 красавіка, 24–29 чэрвеня 2024

Гульня – адзін з самых прыемных і займальных спосабаў пазнання свету незалежна ад узросту. Тыднёвы курс прысвечаны гейміфікацыі, то-бок уключэнню элементаў гульнявога дызайну ў розныя віды дзейнасці. Праграма пасуе работнікам сфер адукацыі і камунікацыі.

Курс ахоплівае такія тэмы, як традыцыйныя, ролевыя, настольныя гульні, LEGO, а таксама лічбавыя і відэагульні. Асаблівую ўвагу надаюць сацыяльным і адукацыйным гульням. Удзельнікі пазнаёмяцца з канцэпцыямі і мадэлямі гульнявога дызайну і атрымаюць досвед самастойнай распрацоўкі гульні. Калі ты любіш гуляць і хочаш інтэграваць такія практыкі ў сваю працу, падавай заяўку.

  Падрабязнасці



 

Ахова навакольнага асяроддзя: як уз'яднацца з прыродай

Environmental Stewardship: How to Reconnect With Nature

Ніца, Францыя / 22–27 красавіка 2024

Курс, накіраваны на выкладчыкаў і экаактывістаў, вучыць перадаваць веды аб захаванні навакольнага асяроддзя, прыроднай спадчыны наступным пакаленням. Удзельнікам на практыцы пакажуць, як працуюць розныя экасістэмы, каб яны маглі трансляваць гэтыя веды сваім вучням.

Падчас заняткаў студэнты будуць ператвараць школьны сад у «мікраферму», праводзіць урокі ў лесе, перапрацоўваць харчовыя адкіды, вырошчваць грыбы з дапамогай другаснай сыравіны і рабіць іншыя карысныя рэчы. Па выніках курса ўдзельнікі атрымаюць пакрокавы план, які можна выкарыстоўваць для ўласных экалагічных праектаў.

  Падрабязнасці

 

 


Фота: Jason Goodman 

У дзікай прыродзе: навучанне ўстойліваму развіццю праз кіно

Into the Wild: Teaching Sustainability Through Cinema

Прага, Чэхія / 22–27 красавіка 2024

Экалагічная асвета і барацьба са змяненнем клімату сёння ў ліку сусветных прыярытэтаў, а кіно дазваляе засвойваць гэтыя веды з цікавасцю і дастатковай глыбінёй. Курс будзе карысны не толькі работнікам адукацыйнай сферы, але і тым, у чыё кола інтарэсаў уваходзяць экалогія, абарона навакольнага асяроддзя, устойлівае развіццё.

Студэнты даведаюцца аб ролі экалагічнай адукацыі ў ЕС і сістэме кампетэнцый у галіне ўстойлівага развіцця GreenComp. Таксама ўдзельнікі атрымаюць каштоўныя практычныя навыкі: як выбіраць фільмы ў якасці навучальных дапаможнікаў і весці прадуктыўныя дэбаты на экалагічныя тэмы.

  Падрабязнасці



 

Штучны інтэлект у адукацыі: даследаванне межаў інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій

Artificial Intelligence for Education: Exploring the Frontiers of ICT

Берлін, Германія / 29 красавіка – 4 мая 2024

У шуме вакол штучнага інтэлекту не так проста разгледзець яго сапраўдны патэнцыял. Курс для спецыялістаў адукацыйнай і сацыяльнай сфер дапаможа разабрацца, якія інструменты ШтуІн варта ўкараніць у працу і як менавіта іх ужываць.

Студэнтаў навучаць працаваць не толькі з Chat GPT, але і з іншымі праграмамі, напрыклад PowerPoint Speaker Coach, Perplexity, Yippity, Grammarly. Пад канец курса ўдзельнікі атрымаюць практычныя веды, разбяруцца з захаваннем этычных норм і зразумеюць, як бяспечна і эфектыўна інтэграваць ШтуІн у адукацыйную дзейнасць.

  Падрабязнасці



 


Фота: Dynamic Wang 

Палітыка жаночага прадпрымальніцтва

Women Entrepreneurship Policy

Маастрыхт, Нідэрланды / 3–7 чэрвеня 2024

Кароткі курс для кіраўніц і кіраўнікоў «Палітыка жаночага прадпрымальніцтва» прасоўвае і стымулюе ўдзел жанчын у бізнэсе. Арганізатары падкрэсліваюць, што мэтай з'яўляецца не гендарная дыскусія, а пашырэнне эканамічных правоў і магчымасцей жанчын. У многіх краінах гэты патэнцыял пакуль недастаткова рэалізаваны.

Праграма прапануе жанчынам інструменты для распрацоўкі і рэалізацыі эфектыўных стратэгій. Навучанне пабудаванае на практычным досведзе, якім са студэнткамі падзеляцца бізнэсвумэн з розных сфер. На курсе будуць асвятляцца і псіхалагічныя тэмы, такія як упэўненасць у сабе, самаацэнка і ўстойлівасць, паколькі яны шчыльна звязаныя з пашырэннем жаночых правоў і магчымасцей.

  Падрабязнасці



 

Летняя школа Пізанскага ўніверсітэта «Лічбавыя інструменты для гуманітарыяў»

Digital Tool For Humanists. Working on Texts, 3–7 чэрвеня 2024

Digital Tools for Humanists. Working with AI, 3–12 чэрвеня 2024

Піза, Італія

У рамках летняй школы Пізанскага ўніверсітэта ў чэрвені стартуюць два кароткія курсы для спецыялістаў гуманітарнага профілю. Праграмы адрасаваныя ўсім зацікаўленым у атрыманні практычных ведаў аб лічбавых інструментах, даступных сёння навукоўцам у розных галінах гуманітарных навук.

У пяцідзённым курсе «Праца над тэкстамі» акцэнт зроблены на тэхналогіях, якія выкарыстоўваюцца ў тэкстах і медыя. У больш разгорнутым дзесяцідзённым курсе «Праца са ШтуІн» асаблівая ўвага надаецца магчымасцям штучнага інтэлекту для вывучэння гісторыі і культурнай спадчыны.

  Падрабязнасці Working on Texts / Падрабязнасці Working with AI



 

Тэхнікі драмы: развіццё навыкаў самавыяўлення, камунікацыі і сацыяльных навыкаў ва ўсіх навучэнцаў

Drama Techniques: Developing Self-Expression, Communication and Social Skills for All Students

Афіны, Грэцыя / 3–8 чэрвеня, 1–6 ліпеня 2024

Захапляльна цікавы курс для тых, чыя дзейнасць звязаная з навучаннем. Арганізатары прапануюць паглядзець на адукацыю як на выканальніцкае мастацтва і зрабіць драму інструментам для развіцця сацыяльных і камунікатыўных навыкаў.

Заданні курса ўключаюць тэатральныя практыкаванні, прыёмы імправізацыі, мадэляванне сітуацый, тэхнікі камунікацыі, цялесныя і групавыя практыкі. Удзельнікі даведаюцца новыя спосабы ўцягвання, матывацыі, самавыяўлення, навучацца творча вырашаць канфлікты і бачыць у сваіх вучнях герояў іх уласных займальных гісторый.

  Падрабязнасці



 


Фота: clsbe.lisboa.ucp.pt 

Летняя акадэмія стратэгіі і лідарства Каталіцкага ўніверсітэта Партугаліі

The Strategy and Leadership Summer Academy

Лісабон, Партугалія / 1–12 ліпеня 2024

Двухтыднёвая праграма накіраваная на развіццё стратэгічнага мыслення і моцных лідарскіх якасцей. Модуль «Бізнэс-стратэгія і аналіз» ахоплівае асноўныя прынцыпы стратэгічнага кіравання, дае інструменты для дбайнага аналізу стратэгіі кампаніі і яе самастойнай распрацоўкі. Модуль «Адказнае і ўстойлівае лідарства» пазнаёміць удзельнікаў з ключавымі практыкамі лідарства ў фармаце дыскусій і практыкаванняў.

У дадатак да акадэмічнай часткі праграма ўключае наведванне мясцовай кампаніі, экскурсію па Лісабоне, пляжны адпачынак і сёрфінг, а таксама развітальную вячэру ў аўтэнтычным партугальскім рэстаране.

  Падрабязнасці