Кінафестываль «Паўночнае ззянне» адбудзецца анлайн
- Рубрыка: УЛОЎ
- 29.07.2020
- 6417
Сёлета фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне» адклалі праз пандэмію COVID-19, але яму ўсё роўна быць. З 21 па 27 верасня кінаманаў(-ак) запрашаюць перанесціся ва ўяўныя сусветы анлайн.
Фільмы і майстар-класы будуць трансляваць праз стрымінгавую беларускую платформу, распрацаванаую ў калабарацыі з партнёрамі фестывалю ー mediatech.by. Хутка можна будзе замовіць квіткі.
Кантэнт пакуль не раскрываюць. Вядома толькі, што ў асноўную праграму ўвойдуць каля 20 фільмаў. Можна будзе паглядзець, куды рухаецца сінематограф Швецыі, Даніі, Фінляндыі, Ісландыі, Нарвегіі, Літвы, Латвіі і Эстоніі па частцы гульнявых стужак і дакументалак. Упершыню праграму разбавіць кароткі метр. Яшчэ адна навінка: пашыраная праграма маладога белкіно.
Сёлетні слоган – «Слухаць і чуць». Гэта ўсё пра эмпатыю: каманда фэсту заклікае гледачоў(-ак) практыкавацца ў спачуванні тым, хто побач, клапаціцца пра сябе, сваіх блізкіх і наваколле.
У стварэнні новай візуальнай канцэпцыі ўзялі ўдзел актывістка ініцыятыўнай групы «Маршыруй, дзетка!» Святлана Гатальская, крэатыўная дырэктарка і пісьменніца Вера Філенка ды іншыя героі.