На выходных пройдзе анлайн-частка кніжнага фестывалю Pradmova
- 31.10.2024
- 1532
2 і 3 лістапада па ўсім свеце можна будзе далучыцца да імпрэзаў фестывалю інтэлектуальнай кнігі Pradmova.
У праграме літаратурнага ўік-энду – літаратурныя прэзентацыі, дыскусіі, інтэрактыўныя сустрэчы, прысвечаныя абмеркаванню літаратуры і тэмаў вакол яе.
Поўная анлайн-праграма – на сайце фестывалю.
Рэкамендуем звярнуць увагу на такія пазіцыі:
Дыскусія пра дэкаланізацыю мовы, культуры і сябе – з аўтаркай і перакладчыцай кнігі «Мое баба – Діректор морга». Аўтарка – Голя з Ополя (Воля Аполька) – жыве ў Новай Зеландыі і вядзе інстаграм на палескай гаворцы, з ёй выходзіла інтэрв’ю на 34, пра кніжку і не толькі. Перакладчыца – Вольга Касцюк – знайшла спосаб перанесці вайб палескай гаворкі на глебу англійскай мовы, і гэта досыць цікавы эксперымент.
Размова пра адлюстраванне гендарных і сацыяльных праблем у літаратуры – з пісьменніцай Вольгай Гапеевай. На сустрэчы прэзентуюць новую кнігу вершаў Вольгі – «Пад асобнымі коўдрамі», а таксама прапануюць пагутарыць пра раман «Самота, што жыла ў пакоі насупраць», які закранае тэму эмпатыі і адзіноты чуллівага чалавека ў сучасным свеце.
Запіс аўдыякнігі ў прамым эфіры. «Кніжны воз» запрашае на творчую кухню: у нядзелю можна будзе не толькі паназіраць за працай па стварэнні аўдыяверсіі кнігі «Матулін дзень» Надзеі Ясмінска, але і паўдзельнічаць у выбары голасу для персанажа.
Знаёмства з гістарычнымі беларускімі шрыфтамі і прэзентацыя праекта «Шрыфтавы архіў» Алы Пігальскай. Даследчыца і дызайнерка засяродзіцца на гістарычных шрыфтах у дызайне вокладак (на падставе гістарычных прататыпаў кірыліцы: скорапісу ВКЛ, паўустава, буквіцы і лацінскага алфавіта: готыкі і гуманістычнага курсіву). А напрыканцы сустрэчы можна будзе напісаць сваё імя розным відамі гістарычнага пісьма.
Прэзентацыя навучпоп-зіна Pamyłka. Падчас сустрэчы можна будзе даведацца, як ствараецца часопіс, які яднае вакол сябе беларускіх навукоўцаў і не толькі. Яшчэ каманда распавядзе пра прэмію Бізон Гігс, якую плануе стварыць. Загадзя пазнаёміцца з «памылкаўцамі» і іх філасофіяй можна праз вось гэту размову.
Прэзентацыя sci-fi бэстсэлера «Марсіянін» па-беларуску. Нарэшце касмічная рабінзаніяда Эндзі Ўіра пра касманаўта, што загруз на Марсе і выжыў дзякуючы бульбе, зажыла беларускімі словамі. Людзі, якія працавалі над гэтым выданнем, паразважаюць пра «марсіянства» сучасных беларусаў і беларусак, пра падтрымку супольнасцяў і магчымасці рабіць нешта разам.
Размова пра экапісьмо. Лабараторыя фемінісцкага пісьма «Расцяжэнне» запрашае паразважаць пра тое, якія моўныя, сюжэтныя, ідэалагічныя стратэгіі знаходзяць аўтаркі для таго, каб пісаць пра прыроду без аб’ектывацыі.
Дыскусія пра сучасныя фарматы існавання паэзіі. Разам з мастаком і кінематаграфістам Антосем Сівых можна будзе паразважаць пра тое, як лічбавыя фарматы дапамагаюць беларускім вершам дасягаць сваёй аўдыторыі і як паэтычнае слова жыве ў сацсетках, графічных медыя, відэа. Пойдзе гутарка і пра розныя інтэрактыўныя магчымасці.
Трансляцыі будуць праходзіць у YouTube і Facebook.