Учора ў бары ДК адбылася публічная дыскусія «Як ставіцца да алкаголю?», дзе героi з розным бэкграўндам і стаўленнем да спіртнога разважалі пра прычыны, наступствы і лячэнне алказалежнасці. Арганізатарамі выступіла групоўка Ginger Brothers, а спікерамі – цэлы россып разнамасных людзей. Атрымалася настолькі жывая размова, што мы аформілі яе ў п’есу.
Дзеючыя асобы:
Антон Кашлікаў, рэдактар 34mag.net
Макс Старцаў, арганізатар канцэртаў, першы арт-дырэктар бара «Хуліган»
Лукас Нілсан, каардынатар адукацыйных праграм Шведскай моладзевай арганізацыі цвярозасці (UNF)
Іна Каласоўская, псіхолаг, дырэктарка Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання псіхалагічнай дапамогі «Абуджэнне»
Аляксей Мінчонак, журналіст, прадзюсар тэлеканала «Белсат»
Андрэй Сушко, арганізатар мерапрыемства, праваабаронца
Васіль, слухач
Юля, слухачка
Дзея I
(і адзіная)
З’ява I
Прастора ДК, вулічны холад, два дзясяткі чалавек сядзяць у верхняй вопратцы. Малады шведскі эксперт Лукас распавядае аб навуковых даследаваннях, якія тычацца алкаголю.
Лукас Нілсан. (Паказвае на слайды сваёй прэзентацыі.) Мы ўсе ведаем пра негатыўныя наступствы ўжывання алкаголю: пахмелле, млоснасць, стомленасць, дрымотнасць, захворванні печані і сардэчна-сасудзістай сістэмы, імпатэнцыя. У нейкі момант мы задумаліся: «А якія ёсць пазітыўныя наступствы?» Людзі ўжываюць алкаголь, каб стаць больш кантактнымі, вясёлымі. Але што насамрэч адбываецца, калі людзі п’юць?
(Паказвае на слайд, на якім умоўна адлюстраваныя дзве групы людзей.)
Правялі эксперымент над дзвюма групамі людзей. Першая група думае, што яна ўжывае алкаголь, але насамрэч у іх шклянках няма спіртнога. З другой групай наадварот – людзі не думаюць, што яны п’юць алкаголь, але ў рэчаіснасці ў іх келіхах ён ёсць. І што атрымліваецца? Першыя вядуць сябе больш раскавана, а другія – не. Гэта і ёсць эфект плацэба. Калі вы ўжываеце алкаголь, вы п’янееце ад сваіх чаканняў.
(Заскоквае на стол.)
Алкаголь дазваляе нам рабіць тое, што недапушчальна ў цвярозым стане. Калі пасля цяжкага тыдня я хачу танцаваць на стале, то сацыяльныя нормы не дазволяць мне зрабіць гэта проста так. Але калі я п’яны, людзі мяне зразумеюць.
(Спускаецца на падлогу.)
Алкаголь не з’яўляецца сімвалам весялосці. Вы самі вызначаеце. Вам не трэба апраўданне, каб рабіць тое, што хочаце. Алкаголь не робіць вас больш сацыяльнымі і таварыскімі – вы можаце дасягнуць гэтага і без спіртнога.
З’ява II
Усё тое ж месца, той жа холад, спікеры садзяцца на крэслы перад аўдыторыяй. Знаёмства.
Антон Кашлікаў. (Па ходзе маналогу нядбайна расшпільвае кашулю, пад якой бачная футболка з надпісам «Калі я п'яны – я культавы».) Дзякуй за прэзентацыю, мы можам згаджацца са сказаным або не. Лукас, please, take your seat. Я хачу паклікаць людзей, якія былі настолькі ветлівыя, што пагадзіліся на суд гледачоў.
(Запрашае Макса Старцава, Іну Каласоўскую, Аляксея Мінчонка.)
Макс Старцаў – прамоўтар, арганізатар вечарынак, чалавек, які робіць канцэрты. Увогуле ў мяне ёсць шмат пытанняў да яго. Іна Каласоўская – псіхолаг «Навінак», калі гаварыць зразумелай менчукам мовай. Таксама ў арганізацыі «Абуджэнне» дапамагае людзям, залежным ад алкаголю. Аляксей Мінчонак – журналіст тэлеканала «Белсат», які рэзка завязаў з алкаголем. Я Антон Кашлікаў, працую ў часопісе 34mag.net, які даволі шмат займаецца прапагандай адказнага спажывання алкаголю. Я настроены на сумленны дыялог, таму што ў нас няма мэты прыйсці да адназначнай высновы. Для пачатку я б хацеў спытаць: хто калі апошні раз ужываў алкаголь?
«Калі стаў крыху старэйшым, то, выпіўшы больш сваёй нормы, раніцай быў неадэкватным. Думаў аб тым, дзе паесці кітайскай ежы або харчо...»
Аляксей Мінчонак. Гэта было ў 2014 годзе на фестывалі, і я ведаў, што ў апошні раз п’ю.
Іна Каласоўская. (Спакойным, мерным голасам.) У 2001 годзе, 16 лістапада. З тых часоў ні кроплі алкаголю. Я зразумела, што ў мяне ўзнікаюць праблемы, і вырашыла, што гэта перашкаджае майму жыццю.
Макс Старцаў. (Вельмі ціха.) У 2016 годзе, 23 кастрычніка.
Антон Кашлікаў. (Удакладняльна.) Гэта значыць, што ўчора?
Макс Старцаў. Мы выйгралі ў футбол і адзначылі гэта півам.
Антон Кашлікаў. Лукас, у тваёй падказцы напісана, што ты працуеш з пытаннямі алкагалізму з 2009 года. То-бок ты з 18 гадоў займаешся гэтай праблемай. Калі ты піў увогуле?
Лукас Нілсан. У 2009 годзе. Перад уступленнем у арганізацыю я даваў пісьмовае абяцанне, што больш не буду піць.
З’ява III
У якой абмяркоўваюцца назіранні і статыстычныя дадзеныя.
Антон Кашлікаў. Я б пачаў дыскусію з сур’ёзнай інтанацыі. Іна, пытанне да вас. Пастаянна ўсплывае страшная статыстыка пра тое, што ў нас усё дрэнна з алкаголем. Гэта так ці не? У суседніх краінах наўпрост на вуліцах відаць, што ў людзей значна больш праблем са спіртным.
Іна Каласоўская. Беларусы сапраўды ўжываюць вельмі шмат – каля 17 літраў спірту ў год. У прынцыпе, усе людзі пакутуюць на адыктыўныя паводзіны. Не бывае такога, што чалавек наогул ні ад чаго не залежыць. Абсалютная свабода – гэта ілюзія.
Антон Кашлікаў. Макс, пытанне да цябе. Ты працуеш з моладдзю. Ці можаш ты сказаць, як шмат беларуская моладзь п’е і як яна сябе паводзіць? З якімі крайнімі наступствамі ты сутыкаўся?
Макс Старцаў. Ты ж таксама трапляеш у гэтую катэгорыю.
(Смяшкі ў зале.)
У кожнага чалавека стан ап’янення залежыць ад рыс характару, настрою. Нехта напіваецца і становіцца ўзлаваным, а хтосьці наадварот – становіцца мяккім і пухнатым. Я бачыў усе тыпы алкагольнага ап’янення, працуючы ў «Хулігане», і аднолькава паважаю тых, хто п’е і не п’е.
(Абводзіць позіркам суседніх спікераў.)
Пры гэтым не ўсе п'юць толькі па тых прычынах, якія былі пазначаны ў прэзентацыі. Чаму праігнаравалі людзей, якія ўжываюць алкаголь з-за яго смакавых якасцяў? Лукас, а як жа кактэйльная культура, значна старэйшая за вашу арганізацыю?
(Адабральны смех, гучаць словы ад розных людзей: «Вось, і я пра тое ж».)
Лукас Нілсан. Ёсць шмат прадуктаў, якія таксама прыемныя на смак. Але чамусьці ніхто не есць кілаграмы смачнага сыру і шакаладу на вечарынках. Ёсць нешта яшчэ, акрамя смакавых якасцяў. Шкода, якую наносіць алкаголь грамадству, вельмі вялікая.
З'ява IV
У якой спікеры распавядаюць пра свае спробы кінуць піць і ў якой да дыскусіі падключаюцца самі слухачы.
Антон Кашлікаў. Давайце пагаворым пра тых, хто збіраецца кінуць шкодныя звычкі, заняцца спортам, каб схуднець, і пра тых, хто гэта робіць. Апошніх значна менш. Аляксей, раскажы пра свой прыклад.
Аляксей Мінчонак. Тыя, хто ведае мяне даўно, памятаюць, што я быў у два разы большым. Я пачаў прытрымлівацца пэўнай дыеты, у якую алкаголь зусім не ўпісваўся. Потым, калі я дасягнуў жаданага эфекту, вырашыў зусім адмовіцца ад спіртнога. Цяпер я магу легчы спаць, калі хачу, і адразу заснуць. А яшчэ ў нашай краіне алкаголь – класны спосаб дзяржавы зарабляць на нас, а мяне гэта не задавальняе.
Антон Кашлікаў. (Пасмейваючыся.) Цікавы палітычны падтэкст.
Аляксей Мінчонак. Не скажу, што страціў сяброў, але стаў радзей з імі бачыцца.
(Разумеючы смех слухачоў.)
Яшчэ адна прычына, па якой я кінуў піць зусім, – у маёй прафесіі нельга з кімсьці выпіць, а з кімсьці – не...
(Шчыры смех Антона.)
...таму немагчыма піць мала. Я больш не ўжываю алкаголь, і мне ўжо не трэба тлумачыць людзям, чаму я не п’ю менавіта з імі.
«Чаму праігнаравалі людзей, якія ўжываюць алкаголь з-за яго смакавых якасцяў? Лукас, а як жа кактэйльная культура, значна старэйшая за вашу арганізацыю?»
Антон Кашлікаў. У мяне пытанне да гледачоў, але спачатку задам яго Максу як адзінаму пітушчаму спікеру. Скажы, ці былі моманты, калі ты больш-менш сур’ёзна задумваўся пра тое, што трэба завязваць? І чаму не атрымлівалася?
Макс Старцаў. Зараз я працую над новай установай, таму прыняў рашэнне не піць па буднях. Але ў мяне не было момантаў у жыцці, калі я думаў адмовіцца ад алкаголю цалкам.
Антон Кашлікаў. Можа, хто-небудзь з аўдыторыі хоча падзяліцца сваёй гісторыяй?
Галасы з залы. Добры дзень, мяне завуць Андрэй, я праваабаронца. Я не п’ю, калі хварэю. (Смех, рэдкія апладысменты.) Мая праца звязана з аналітыкай, работай з людзьмі, юрыдычнымі паняццямі – і для гэтага патрэбна цвярозая галава. (Другая хваля смеху.) Раней я мог тусавацца да дзвюх, а на наступны дзень прыязджаць на працу да 8-9. Калі стаў крыху старэйшым, то, выпіўшы больш сваёй нормы, раніцай быў неадэкватным. Думаў аб тым, дзе паесці кітайскай ежы або харчо...
(Гаворку Андрэя працягвае яго суседка.)
Я Юля, і ў мяне быў перыяд, калі я не ўжывала алкаголь і не ела мяса. Думаю завязваць са спіртным пасля злоўжыванняў, якія часцей за ўсё звязаны з няякасным алкаголем.
(Трэці чалавек падымае руку, каб выказацца.)
Мяне завуць Васіль, і так атрымалася, што сёння я ўжо быў пад мухай, але тут так холадна, што я працверазеў.
З’ява V
Кульмінацыя дыскусіі, дзе ўдзельнікі зрываюцца на крык, абмяркоўваючы працу з алказалежнымі. У зале нават становіцца трохі гарачэй.
Антон Кашлікаў. Пытанне да Іны: як шмат маладых людзей з тых, з кім вы працуеце?
Іна Каласоўская. У нас 50 ложкаў у аддзяленні.
Антон Кашлікаў. Яны звычайна занятыя ўсе?
Іна Каласоўская. Сёння 54. Восень.
Антон Кашлікаў. Хто гэтыя людзі па ўзросце?
Іна Каласоўская. Такія ж людзі, як вы, як я. Старэйшыя, маладзейшыя. Розныя.
Антон Кашлікаў. Які самы малодшы?
Іна Каласоўская. Самы малодшы 1995 года нараджэння. Насамрэч гэта сур’ёзная праблема – куды падзець 16-гадовага падлетка, калі ён звяртаецца да нас па дапамогу, таму што няма бальніц для падлеткаў. А ў прытулках няма спецыялістаў, якія могуць дапамагчы.
Антон Кашлікаў. Як чалавек да вас трапляе? Бацькі прывозяць ці сам звяртаецца?
Іна Каласоўская. У вас на вечарыне можа быць чалавек, які танцуе, спявае, паводзіць сябе так, як вам падабаецца. Вы дакладна ведаеце, што ён добра сябе адчувае? Вось такіх да нас і прывозяць.
Антон Кашлікаў. Тых, якія весяляцца?
Іна Каласоўская. (Часам зрываючыся на крык.) Які весяліўся-весяліўся і раптам вырашыў патанчыць з дзяўчынай, якая прыйшла да яго. Адкрыў балкон – а тут мама: «Што ты тут стаіш?» – «Да мяне дзяўчына прыйшла». Вось такіх да нас і прывозяць.
Голас з залы. Незразумела, што з балконам.
Іншы голас у зале. Ніякай дзяўчыны не было.
Андрэй Сушко. Раскажыце, як да вас кагосьці могуць прывезці.
Аляксей Мінчонак. Ніхто нікога не можа прывезці. Так, алкаголікі могуць ствараць вялікія праблемы для сваёй сям’і. Але калі чалавек проста б’е посуд і не прычыняе шкоды здароўю людзей, з гэтым нічога нельга зрабіць. Бацькі не могуць узяць сваю дачку і адвезці яе на лячэнне, таму што без згоды самога пацыента з ім нічога рабіць нельга.
Іна Каласоўская. (Паступова паніжаючы голас да шэпту.) Мне здаецца, што вам трэба проста прыйсці на экскурсію.
З’ява VI
Развязка дыскусіі, у якой удзельнікі абмяркоўваюць дзяржаўнае рэгуляванне і адказнае спажыванне алкаголю.
Антон Кашлікаў. Ёсць шмат спосабаў, як дзяржава спрабуе гэта рэгуляваць. Ад сухога закона да поўнай свабоды. Як пісьменна паводзіць сябе дзяржаве ў гісторыі з алкаголем?
Лукас Нілсан. Сусветная арганізацыя аховы здароўя прытрымліваецца трох напрамкаў: павышэнне коштаў, забарона рэкламы, абмежаванне даступнасці алкаголю. Згодна з ААН, гэта паспяхова працуе ў любой краіне.
Аляксей Мінчонак. Вопыт Швецыі можна смела пераносіць у Беларусь, таму што нашы краіны падобныя па менталітэце. Таксама вельмі важна якасць. Наша гарэлка каштуе 2,5 даляра – і пасля 100 грамаў можна проста не прачнуцца раніцай. Але, што б ні казалі чыноўнікі, наша дзяржава зацікаўлена ў тым, каб гарэлкі было шмат.
Антон Кашлікаў. Ці верыце вы ў адказнае спажыванне?
Аляксей Мінчонак. Я не веру ў гэта. Чалавек п’е шмат, каб напіцца. А навошта піць мала?
(Смяшкі ў зале.)
«Чым больш у маладых людзей магчымасцяў займацца нейкімі рэчамі, тым менш яны будуць піць. Верагодна»
Антон Кашлікаў. Макс?
Максім Старцаў. (Паціскае плячыма.) У мяне рознае спажыванне бывае: часам адказнае, а часам і не вельмі. І я нармальна сябе адчуваю з гэтай нагоды.
Лукас Нілсан. Да тых часоў, пакуль ёсць адказнае спажыванне, ёсць і адваротнае.
Антон Кашлікаў. Абмежаванне – гэта забарона. Напэўна, ёсць яшчэ нейкая альтэрнатыва. Чым больш у маладых людзей магчымасцяў займацца нейкімі рэчамі, тым менш яны будуць піць. Верагодна.
Лукас Нілсан. Так, мы праводзілі даследаванне ў Швецыі і высветлілі, што многія непаўналетнія людзі ўпершыню паспрабавалі алкаголь проста ад нуды. Так што калі моладзі будзе дзе тусіць без алкаголю, мы многага дасягнем.
(На гэтай урачыстай фразе дыскусія абвяшчаецца закрытай, арганізатары шчодра дораць майкі і сумкі з надпісам «П̶О̶К̶Л̶О̶Н̶Я̶Й̶С̶Я̶!̶ СОМНЕВАЙСЯ!», хтосьці сыходзіць у бар.)
Заслона.
Сімбіёз сучаснага мастацтва і прыроды з 9 па 13 жніўня ля вёсак Чарэя і Белая Царква.
Агляд краўдфандынгавых платформаў: ад кананічнага Kickstarter да мясцовых Ulej, Talaka і MaeSens.
На што пісаць, як апрацоўваць і дзе пабліць – ультыматыўны гайд для аматараў пабубніць.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.