Як удасканаліць свой гардэроб? 4 крокі
- 04.04.2026
- 81
Нам вельмі падабаецца свядомае стаўленне да стылю і моды. Вінтажкі, апсайклінг, своп-тусоўкі, сэканды – мы ведаем, што для цябе гэта ўсё таксама не пусты гук. Таму дзелімся тут сваімі анлайн-крыніцамі з pre-loved адзеннем, спасылкамі на блогерак, якія за тры хвіліны навучаць апсайклінгу, і выключна добрымі навінамі пра фэшан.
Плюс-вайб рэчы, якія здарылася з індустрыяй моды за мінулы год
Справядлівасць для швачак. У 2023 годзе ўрад Бангладэш распачаў крымінальныя справы супраць 48 000 швачак, якія выказвалі незадаволенасць мінімальнай зарплатай у $196 у месяц. Летась, пасля глабальнага ціску актывістаў(-ак) і байкотаў некаторых брэндаў, абвінавачанні былі знятыя. Актывісты(-кі) і прафсаюзы працягваюць выбіваць правы на бяспеку на заводах, на прававую абароны ды лепшыя заробкі.
Больш разумення пра тое, што ў шафе. Новая тэндэнцыя ў еўрапейскім тэкстыльным сектары – лічбавыя пашпарты прадукцыі, якія захоўваюць ключавую інфармацыю аб экалагічным і сацыяльным следзе прадукцыі, ад сыравіны да варыянтаў утылізацыі. У 2025 годзе Inditex і PVH прынялі ўдзел у пілотных праграмах па ўсёй Еўропе. Неўзабаве спажыўцы змогуць атрымліваць доступ да празрыстых дадзеных праз QR-коды.
Попыт на няшкодныя матэрыялы. Кампанія Mirum, якая першая ў свеце зрабіла альтэрнатыву скуры без пластыку, прыцягнула $ 200+ млн інвестыцый. Mirum прапануе раслінны матэрыял з какосавых адкідаў, корку і рысу; замест поліурэтану для яго вытворчасці выкарыстоўваецца натуральны драўняны каўчук. Крута, калі грошы ідуць на такое, праўда?
Бан футра. CFDA, арганізацыя, якая адказвае за Тыдзень моды ў Нью-Ёрку, абвясціла, што з верасня 2026 года забароніць выкарыстанне футра на сваіх подыумах – за выключэннем футра жывёлаў, якіх здабываюць традыцыйным паляваннем для свайго існавання карэнныя супольнасці.
Менш бруду ў рэках. Адным з фіналістаў прэміі Earthshot Prize, што падтрымлівае файныя рашэнні для планеты, летась стала кампанія Colorifix, якая таксама змяняе свет моды. Colorifix выкарыстоўвае секвенаванне ДНК для стварэння экалагічных фарбавальнікаў – «вучыць» мікробаў узнаўляць прыродныя колеры, што дазваляе замяніць таксічную хімію чыстай біялогіяй і такім чынам захаваць нашы рэкі ад забруджвання.

4 крокі, каб зрабіць свой гардэроб больш дасканалым
1 / Пераасэнсаваць свае звычкі
Тое, што нам хочацца набываць і набываць, часта мяняць старое на свежанькае, здараецца не зусім па нашай волі. Гэта ўплыў капіталізму, і над гэтым варта паразважаць. Вельмі часта за жаданнем набыць новую сумку ці кросы хаваецца прага хуткага дафаміну. І гэта таксама ок! Але каб не траціць больш грошай, чым хочацца, і не марнаваць прыродныя рэсурсы, варта пашукаць, чым яшчэ можна пацешыць свой мозг. Можа, завесці новае хобі?
Калі зноў не абышлося без набегу на «Куфар» ці Vinted, не смуткуй. Спрабуй насіць адзенне як мага даўжэй, дарыць яго сябрам і сяброўкам, аддаваць тое, што не трэба, тым, каму спатрэбіцца. Карацей, што заўгодна, але як можна радзей выкідаць.
І памятай: натуральная тканіна лепшая не толькі для нашага цела, але і для прыроды, бо поліэстр, напрыклад, раскладаецца да 200 гадоў.
2 / Апранацца на рэсэйле
Самая даступная і вядомая крыніца pre-loved адзення – сэканды (вось тут знойдзеш спіс топавых свопаў і вінтажак Менска, Варшавы і Тбілісі).
Дзе, акрамя «Куфра» можна знайсці штосьці анлайн, калі ты ў Беларусі? Лаві інстаграмы вінтажных крам: оп, оп, оп і оп.
Для тых, хто за межамі, раім The Vintage Bar, hewi, Vestiare Collective, The RealReal, Rebag, Depop. Пра Vinted ты і без нас ведаеш.
Не забываем пра гаражоўкі, своп-паці, free markets. Няма ў тваім горадзе? Зрабі сам(-а), чаму не. Cабраўшыся гуртам у 15 чалавек, можна так абмяняцца, што новых рэчаў на год хопіць (кажам са свайго досведу).
3 / Рамантаваць і абнаўляць
Замест таго каб адразу пазбыцца кашулі з плямай ці джынсаў з дзіркай, можна аднесці іх людзям, якія ведаюць, як гэта разруліць. Альбо паспрабаваць зрабіць штосьці самастойна. «У мяне рукі не адтуль». Разумеем. Але паспрабаваць можна. Глядзі, што ёсць:
– золата інтэрнэту – заліпальныя відэа ў Pinterest па 13 – максімум 30 секунд пра тое, як лёгка зашыць дзірку рознымі спосабамі;
– YouTube-канал, аўтарка якога – Эйпрыл – вучыць шыць з нуля, перашываць і нават рабіць касцюмы для касплэю;
– TikTok, у якога не проста так 5,5 млн падабаек: там табе і натхненне, і лайфхакі для другаснага выкарыстання, і цьюторыялы па апсайклінгу.
@moeyslowfashion Upcycling my old vest into a funky zip top!♻️ upcycled clothing > #upcycledclothing #upcycledfashion #upcycling #thriftflip ♬ The Sweet Escape by Gwen Stefani ft. Akon - ☆ Audios ☆
@moeyslowfashion Upcycling my old top into the cutest ruched top! ♻️ upcycled clothing > #upcycledclothing #upcycledfashion #upcycling #thriftflip ♬ The Sweet Escape by Gwen Stefani ft. Akon - ☆ Audios ☆
4 / Выбіраць годныя брэнды
Не ўсё тое, на чым напісана «эка-скура» ці «organic cotton», ёсць сапраўды нармалёвым для сумлення. Вельмі часта (і не толькі ў мас-маркеце) швачкі працуюць за капейкі, не кажучы пра дзяцей, якія не мусяць працаваць на вытворчасці ўвогуле.
Заўсёды варта капнуць глыбей. Вялікія кампаніі можна прабіць на good on you. За 10 год існавання платформы на ёй прааналізавалі больш за 7000 брэндаў адзення і бьюці-прадуктаў і зрабілі рэйтынг з улікам стаўлення да людзей, жывёл, планеты. Таксама яны прасоўваюць розныя ініцыятывы і пішуць клёвыя артыкулы па тэме.
З маленькімі брэндамі давядзецца разбірацца самастойна. Але можам даць падказку.
«Хачу куртку ад Ksenia Shnaider». – «У нас дома ёсць свая Ксенія». І сапраўды ёсць! Ксюша шмат гадоў у дызайне – яна шыла торбы і заплечнікі яшчэ да з’яўлення Vokladki. А пасля перайшла да апсайклінгу ўбрання. Выглядае экстра. З апошніх прыкольных дызайнаў – выраб касцюма для Iva Sativa і калабарацыя з мастачкай Валерыяй Каплан.
Брэнд Артура Дубовіка – гэта вокладкі для пашпартоў, сумкі, барсеткі, карабіны і мерч з перапрацаваных банэраў, упаковак ад кавы, пакетаў і ўсяго такога. Выглядае не горш за Freitag, а цэны значна прыемнейшыя, значна. Артур перыядычна ладзіць майстар-класы, на якіх можна забабахаць нешта сабе.
Кастамнае ўсё – футболкі, кашулі, гальштукі з рознымі малюнкамі, але з адной эстэтыкай, якую мы б назвалі іранічнай, змрочнай непазбежнасцю. Штосьці такое зэнзішнае, але маладым міленіялам таксама закаціць. Брэнд існуе ўжо 5 гадоў, за ім стаіць дызайнерка Ева.
Заснавальніца «Праекта Этыка» Воля займаецца ручной вышыўкай, кастамізацыяй адзення і яго апсайклінгам. Можна звярнуцца да яе, каб ператварыць абрусы бабулі ў сукенку або набыць гатовую работу. Воля супрацоўнічае з крутымі беларускімі артыстамі, а таксама стылізуе ютуб-шоу «о(б)суждаем». Больш пра яе даведаешся з інтэрв’ю.
Tsuda прапануе адзенне і аксэсуары, зробленыя з фіранак – тых самых, што асацыююцца з лецішчам або бабулінай хатай. Калі думаеш пашукаць больш удалы мікс багемнага стылю і вясковай душы, гэта будзе задача з зорачкай. Інстаграм праекта паказвае самыя нечаканыя спалучэнні свайго адзення з рознымі рэчамі, нават спартовымі шортамі. Для аматараў(-ак) вылучацца – скарб.
Будзем рады разгарнуць гэты матэрыял. Калі ведаеш беларусак і беларусаў, якія робяць адзенне, абутак, аксэсуары з любоўю да планеты (а можа, гэта ты?), пішы на пошту 34editors@gmail.com.