Беларускі арт гэтай вясной: must visit і ключавыя дасягненні
- 06.04.2026
- 47

Фота: Cemra. Ziamliačka, 2025
Вясна ў беларускім мастацтве сёлета выглядае насычана: яскравыя падзеі запланаваныя ад Менска да Амстэрдама, беларускія творцы здабываюць асабістае прызнанне і ўбудоўваюцца ў сусветныя кантэксты. Распавядаем, што варта ўключыць у спіс must visit, а таксама дзелімся важнымі навінамі беларускай арт-сцэны.
Падзеі ў Менску
Выстава аднаго шэдэўра
З 8 красавіка ў Нацыянальным мастацкім музеі выставяць, бадай, самую вядомую карціну Марка Шагала – «Прагулка». Пабачыць шэдэўр у Менску можна будзе да 6 ліпеня.
Нагадаем, што «Прагулку» Шагал напісаў у Віцебску (у 1917 годзе), на ёй выяўлены сам мастак і яго жонка Бэла.
Базавая база – Арт-Мінск
«Арт-Мінск 2026» адкрыецца ў Палацы мастацтва 24 красавіка і працягнецца да 7 чэрвеня. Гэты фестываль застаецца галоўным вясновым зборам беларускай арт-сцэны: у адной прасторы сыходзяцца знаёмыя імёны і новыя працы. Настойліва раім трапіць на куратарскія экскурсіі, сачыць за раскладам зручна тут.
Беларускія дні дызайну і архітэктуры
Міжнародная дызайн-выстава ладзіцца ўжо пяты раз. Праект збірае пад адным дахам дызайн-выставу і форум для дызайнераў і архітэктараў. Сёлета заяўленыя 400+ брэндаў і 80 спікераў. Сачыць за івэнтамі, каб трапіць на цікавую лекцыю, прасцей за ўсё ў інстаграме праекта. Даты – 13–15 траўня.
Кірмаш сучаснага арту
У канцы траўня ў Менску пройдзе чарговы OFF MUSEUM ART FAIR – кірмаш сучаснага мастацтва, які паступова перарастае ў нешта большае. Калі ў папярэдніх эдыцыях OFF MUSEUM ART FAIR будаваўся вакол секцый Young Art, Objects, Graphic Art і Paintings, то цяпер асобна вылучаны яшчэ дызайн-кірунак. З упэўненасцю можна казаць, што перад намі ўжо не проста падзея на выходныя, а фармат, вакол якога канцэнтруецца свая публіка і будуецца свая інфраструктура. Цудоўна!
Падзеі ў замежжы
Фота: Cemra. Ziamliačka, 2025
Грац: гара беларускай зямлі на фоне аўстрыйскіх гор
У Kunsthaus Graz адбылася персанальная выстава Цемры «Ziamliačka». У шкляной прасторы Needle мастачка паказала 225 кілаграмаў беларускай глебы, сабранай у форму кургана, і шкляны флакон з эсэнцыяй гэтай самай зямлі. Рэалізацыя праекта заняла пятнаццаць месяцаў. Так, глебу праўда везлі з Беларусі! Выстава скончылася, але лічым важным уключаць у нашы агляды падзеі, якія сталі маркерамі сезона. «Ziamliačka» – акурат з такіх.
Зальцбург: архіпелаг сувязяў
Да 10 красавіка ў зальцбургскай Galerie Fünfzigzwanzig працуе «Softshell Archipel» – групавая выстава, сярод удзельнікаў якой – беларусы Уладзімір Грамовіч і Леся Пчолка. У аснове праекта не столькі адна агульная тэма, колькі сетка сувязяў, падабенстваў і выпадковых супадзенняў паміж працамі, з якіх паступова складваецца супольны ландшафт. Прыгожая і, трэба прызнаць, даволі дакладная метафара для цяперашняй беларускай мастацкай прысутнасці ў Еўропе.

Леся Пчолка «TRY TO READ MY STONES». Фота: Леся Пчолка
%2C%202022.jpeg)
Уладзімір Грамовіч «Rebellious Things (New Wind)». Фота: Philipp Pess
Антвэрпэн: маўклівыя аповеды
28 красавіка ў VCRB Gallery ў Антвэрпэне адкрыецца «Silent Narratives» – групавая выстава з удзелам Яўгена Шадко. Разам з ім у праекце – Радзіён Петроф, Віктар Паўкштэліс і Эдвардас Рацевічус. Ідзе выстава да 7 чэрвеня; у дзень адкрыцця галерэя таксама ладзіць размову з мастакамі. Хто ў Бельгіі, завітайце!
Варшава: забытыя вобразы
28 сакавіка ў варшаўскай галерэі TBA адкрылася «Margins» – першая персанальная выстава Уладзіміра Грамовіча ў Варшаве і яго першая сольная прэзентацыя з галерэяй. Праект працуе з тым, што звычайна застаецца па краях гістарычнай памяці: забытымі вобразамі, незафіксаванымі гісторыямі, рэчамі, якія нібыта былі, але так і не сталі «афіцыйнымі». Цэнтральная праца выставы – фрэска «When the banner becomes a landscape», створаная спецыяльна для галерэі. Паўпразрысты сцяг без надпісу тут завісае паміж знаёмым і няўлоўным, паміж рэччу і яе знікненнем. Выстава будзе працаваць да 30 красавіка, раім зазірнуць.
Варшава: цацкі і сакральнае
9 красавіка а 18:00 у варшаўскай JEDNOSTKA Gallery адкрыецца персанальная выстава Іллі Спрынджука «Cross Talk». Праект уключаны ў серыю «New JEDNOSTKA», дзе галерэя паказвае мастакоў, якія выходзяць на польскую арт-сцэну. У «Cross Talk» Спрынджук звязвае дзіцячыя цацкі і сакральныя сімвалы – два інструменты, праз якія чалавек з самага пачатку вучыцца ўпарадкоўваць рэальнасць, ствараць рытуалы і даваць сабе адчуванне бяспекі. Для мастака, які даўно працуе з тэмамі памяці і кантролю, гэта выглядае як больш асабісты працяг практыкі.


Дзюсельдорф: выява + музыка = О?
11 красавіка ў Дзюсельдорфе адкрыецца «)O(» – супольны праект мастака Андрэя Дурэйкі і кампазітаркі Аляксандры Даншовай. У цэнтры праекта – уласна знак «О»: і як літара, і як форма, і як гук, і як структура пустэчы, што абводзіць прастору вакол сябе. Той выпадак, калі выяўленчае мастацтва і музыка збіраюцца ў адзіны рытм.
Выстава будзе ісці да 26 красавіка.
Дзюсельдорф: напластаваная памяць
17–19 красавіка на Art Düsseldorf 2026 варшаўская HOS Gallery пакажа работы DINKA разам з Norbert Delman. Калі хочацца лепш зразумець яе практыку, варта мець на ўвазе, што Дзінка Леонава працуе найперш з акварэллю, асабістай памяццю і сямейным фотаархівам: яе вобразы часта выглядаюць размытымі, напластаванымі, нібыта вось-вось распусцяцца.
Венецыя: неафіцыйна, але ў афіцыйнай праграме
9 траўня ў Венецыі адкрыецца «Official. Unofficial. Belarus.» – паралельная падзея 61-й Міжнароднай мастацкай выставы La Biennale di Venezia. Праект будзе працаваць у Chiesa di San Giovanni Evangelista да 22 лістапада. Гэта важны беларускі сюжэт вясны ўжо хаця б таму, што гаворка пра ўваход у афіцыйную collateral programme біенале. Чакаем адкрыцця і прыглядаемся да квіткоў у Венецыю.
Прызы
Шабохін – у шорт-лісце FluxusMuseum
Праект Сяргея Шабохіна Asymmetrical Glossary трапіў у лік адабраных для FluxusMuseum Prize for Experimental Video 2026. Конкурс ладзіць FluxusMuseum у грэцкай Парыкіі на востраве Парос і прысвячае яго эксперыментальнаму відэа і moving-image practices. Для мастака, які даўно працуе з архівам, інстытуцыйнай крытыкай і беларускай культурнай памяццю, гэта выглядае як вельмі арганічнае траплянне ў міжнародны кантэкст.
Фота-«Оскар» для беларускі
Беларуская фатографка Саша Вялічка ўвайшла ў лік 15 мастакоў і мастачак, адабраных у асноўную праграму Foam Talent 2026 (а заявак арганізатары атрымалі амаль 3000!). Яе праца «Called to the Carpet» будзе прадстаўленая на выставе ў амстэрдамскім Foam з 6 чэрвеня да 28 жніўня, а таксама ў Foam Magazine і ў прэзентацыі Deutsche Börse Photography Foundation. Для беларускай фатаграфіі гэта вельмі прыкметная навіна: Foam Talent лічыцца адной з самых важных міжнародных платформаў.

Фота: Саша Вялічка
Памяць
Пайшоў з жыцця Юрый Абдурахманаў
У сярэдзіне сакавіка з намі не стала Юрыя Абдурахманава – даследчыка Парыжскай школы, куратара, аўтара лекцый і публікацый, які шмат гадоў вяртаў у беларускі кантэкст імёны мастакоў, без якіх гісторыя мастацтва ХХ стагоддзя выглядае няпоўнай. Ён даследаваў і папулярызаваў спадчыну Хаіма Суціна і Файбіш-Шрагі Царфіна, працаваў з музейнымі і выставачнымі праектамі ў Смілавічах і Менску, фактычна дапамагаў збіраць наноў цэлы пласт беларускай мастацкай памяці.
Сумная нагода згадаць, што інфраструктуру мастацтва робяць не сцены і кабінеты, а людзі, якія гадамі, амаль незаўважна, збіраюць яе па частках.
(Фота: Onliner)