Тры гісторыі пераезду ў Польшчу

  • 08.11.2019
  • Аўтар: 34mag
  • 8438

Чым вабіць беларуса заходняя краіна-суседка і чым можа расчараваць? Сумесна з Польскім інстытутам грамадзянскага супрацоўніцтва 34mag распытаў пра гэта трох чалавек, якія пераехалі ў Польшчу з розным досведам і рознай матывацыяй. У выніку атрымалася тры вялікія гісторыі пра тое, як суайчыннікі(-цы) «апалячваліся» – у адзіночку, з сям'ёй і нават з цэлым бізнэсам. Пачытай, каб не набіваць тыповых гузакоў і пакаваць валізкі больш асэнсавана.

 

 Вераніка Хваль 

кандытарка, пераехала ў 2019 годзе

– Я ніколі не бачыла сябе той, хто жыве ў Беларусі. Мне, па-першае, не падабаецца клімат: дзевяць месяцаў на год холад, гэта проста жудасна. Па-другое, не пасуюць шмат якія рысы беларускага характару: адсутнасць культуры спажывання ежы, хаджэння ў завядухі, у музеі, адсутнасць культуры прыгожа апранацца і гэтак далей.

Усё робіцца, каб выжыць, пражыць, – і гэта вельмі сумна, людзі ходзяць азлобленыя і непрыветлівыя. У Менску гэта яшчэ не так адчуваецца, але ў меншых гарадах вельмі цісне. Шмат каму няма чым заняцца, асабліва моладзі. Так, я разумею, што «хто шукае – той знойдзе», але хацелася б, каб гэта было больш развіта.

У Беларусі поўна класных праектаў і неверагодных людзей, але такая вось агульная маса, у якой ты вымушаны знаходзіцца, – досыць стомленыя людзі. І я не хацела б знаходзіцца ва ўмовах, калі нейкія праекты робяцца не для чагосьці, а насуперак, і народу даводзіцца пераадольваць шмат перашкод. Не хачу, каб мяне атачала такая атмасфера.

Насамрэч ніколі не збіралася пераязджаць у Польшчу. Польшча для мяне была… ну як у вёску выправіцца. З дзяцінства часта ездзіла туды з розных нагодаў, але мяне ніколі гэтая краіна асабліва не вабіла. Потым, аднак, высветлілася, што, паколькі ў мяне ёсць польскія карані, то я з «картай паляка» [дакументам, які пацвярджае прыналежнасць да польскага народа. – заўв. 34] магу палегчаным спосабам атрымаць грамадзянства. Літаральна за два гады можна зрабіць пашпарт, што дае права працаваць і спакойна жыць у Еўропе.

Калі я пра гэта даведалася, то адразу ж падалася на экзамен на «карту паляка». Чарга ў Горадні была два гады, у Менску – год, а ў Беластоку тэрмін чакання быў тры месяцы, і я падалася ў Беласток. Нейкая база польскай мовы ў мяне была, і я проста спампавала спіс пытанняў. Адказы на гэтыя пытанні ў мяне таксама былі, але, шчыра кажучы, я ні разу іх не чытала, а знайшла нейкі сайт, дзе ў форме падкастаў распавядалася ўсё, што трэба ведаць па тэмах. Спампавала іх сабе на тэлефон – заплаціла за гэта ў раёне дзесяці еўра – і тры месяцы слухала інфармацыю. Таксама глядзела блогі на ютубе, проста каб узгадаць польскую мову.

«Ведала, што сюды будзе цяжка пераехаць, і ведаю, што падацца яшчэ кудысьці будзе не менш цяжка: усюды ёсць свае нюансы, бюракратыя і псіхалагічныя моманты»

Экзамен прайшоў досыць лёгка: мяне асабліва не мучылі. Галоўнае – даць зразумець, што ты сапраўды збіраешся жыць у Польшчы і працаваць у Польшчы. Мне задалі пару пытанняў, а праз паўтара месяца карта была гатовая і я магла ехаць.

Ехала практычна ў нікуды. Але было пэўнае месца, дзе б я вельмі хацела працаваць, і так выйшла, што ў іх была адкрытая вакансія.

Першы тыдзень жыла ў хостале побач з працай. Гэта быў максімальна непрыемны час, таму што кожны дзень я шукала кватэру. Шукала і ў Facebook, і на папулярных сайтах. У выніку знайшла праз нейкі сайт а-ля агенцкіх: гэта калі ты за нумар тэлефона даеш сайту адсотак ад сумы за першы месяц арэнды.

Калі казаць пра дакументы, то мне трэба было падацца на «карту сталага побыту», гэта значыцца на ПМЖ. Інфармацыю па дакументах я глядзела на сайце Urząd Cudzoziemców – аддзела па працы з замежнымі грамадзянамі.

Запісваешся анлайн, прыносіш туды дакументы. Ва ўстанове сядзяць зусім мілыя супрацоўнікі, нідзе паміж людзьмі няма шкла. Мужчына проста забраў дакументы і сказаў чакаць. Праз два месяцы мне прыйшло SMS, што мая карта гатовая.

Праз апку мабільнага банка я аплаціла мінімальную суму за выраб гэтай карткі. Працэдура была такая: прыходзіш з чэкам, аддаеш ім «карту паляка» і атрымліваеш «карту побыту» наўзамен. Яшчэ трэба было зарэгістравацца і атрымаць ID-нумар. Гэта робіцца так: ідзеш у іншы аддзел па працы з замежнымі грамадзянамі і запаўняеш заяву, усё. Атрымліваеш гэты нумар і жывеш сабе спакойна, плаціш падаткі.

Наступным летам я змагу падаць дакументы на грамадзянства. Для гэтага трэба будзе напісаць заяву, так званы «внёсок», прынесці сертыфікат аб здачы на ўзровень мовы B2 і пашпарт. Усё досыць проста.

«Галоўнае – даць зразумець, што ты сапраўды збіраешся жыць у Польшчы і працаваць у Польшчы. Мне задалі пару пытанняў, а праз паўтара месяца карта была гатовая і я магла ехаць»

Каб атрымаць грамадзянства, мне трэба пражыць тут як мінімум год. А далей паглядзім. Ведала, што сюды будзе цяжка пераехаць, і ведаю, што падацца яшчэ кудысьці будзе не менш цяжка: усюды ёсць свае нюансы, бюракратыя і псіхалагічныя моманты. Магчыма, да мяне проста павінна прыйсці пачуццё дому, але ці прыйдзе яно?..

Тут не так весела, як у Менску, дзе ўвесь час праходзяць лекцыі, барахолкі, фестывалі. Вядома, ёсць усякія мерапрыемствы, але яны не так моцна асвятляюцца. Можа, з-за таго, што горад большы. У Менску неяк адчуваліся групы людзей, тусоўкі, а тут яны, хутчэй за ўсё, ёсць, але я не асабліва іх адчула.

Затое ў краме з табой заўсёды вітаюцца і на вуліцы могуць проста ўсміхнуцца. Усё неяк больш цывілізавана. Калі не хочаш ні з кім размаўляць, можаш проста адправіцца на касу самаабслугоўвання, самастойна ўсё прабіць і аплаціць. Тут больш даверу да людзей, і ўсе быццам жывуць лягчэй.

Калі мне чагосьці не хапае па працы, я магу проста пайсці ў краму, купіць гэта і даць спецыяльны NIP-нумар індывідуальнага прадпрымальніка, а яны проста выставяць рахунак, па якім усё аплачваецца за кошт фірмы. Можна проста праехаць на рынак і на NIP-нумар купіць усё неабходнае для сваёй кавярні. За наяўны разлік, але афіцыйна. У Беларусі гэта немагчыма.

Вядома ж, і ў Польшчы ёсць свае замарочкі, але агульнае адчуванне – лёгкасць. Нягледзячы на тое, што я жыву ў цэнтры горада, дзе размяшчаецца шмат дзяржустаноў, вакол якіх пастаянна курсіруюць паліцыянты, тут не адчуваецца пастаяннага ціску з боку паліцыі. Ты выходзіш з хаты без пашпарта. А калі прыязджаеш назад у Беларусь, цябе быццам абдаюць халоднай вадою.

 

 

 Алёна Шпак 

рэдактарка, журналістка, пераехала ў 2012 годзе

– Насамрэч з'ехаць менавіта ў Польшчу – гэта было вельмі спантаннае рашэнне, хоць жаданне эміграваць куды заўгодна паўстала яшчэ ў 2011 годзе. Памятаю Менск пасля разгону пратэстаў: увесь горад быў як згвалтаваны. Адчуванне безнадзеі – вось, бадай, асноўная прычына для эміграцыі.

Муж працаваў у IT-кампаніі, я скончыла ўнівер і рабіла першыя журналісцкія крокі. Добра памятаю вечар: мы сядзім на кухні на Някрасава і абмяркоўваем, куды б паехаць пажыць. Запісваем на аркушы плюсы і мінусы, і тут муж кажа, што прасцей за ўсё ў Польшчу паехаць, а там паглядзім: спадабаецца, дык застанемся, не – вернемся.

Варыянты тыпу Амерыкі ці Канады палохалі (і палохаюць мяне да гэтага часу): гэта занурэнне ў зусім іншае ментальнае асяроддзе, цяжкая адаптацыя, адлегласць. А Польшча – лайт-версія, хоць і тут, як высветлілася, трэба з'есці сваю порцыю гаўна. Лёгка толькі на канапе сядзець, ва ўсім астатнім здараюцца цяжкасці.

Ад прыняцця рашэння да пераезду прайшло месяцаў сем. Муж зрабіў візу праз бізнэс-інкубатар, і, па сутнасці, менавіта рабяты з інкубатара дапамаглі з інфармацыяй па ўсіх пытаннях. Мы ж з дачкой атрымалі нацыянальныя візы.

Калі дакументы былі гатовыя, мы ўзялі квіткі на самалёт, папярэдзілі гаспадароў здымнай кватэры, павольна распрадалі нейкія рэчы праз «Куфар». У Варшаву прыляцелі з трыма чамаданамі, дзіцячым вазком і камодай. Здавалася, што прыехалі проста на адпачынак, і гэтае адчуванне часткова захавалася да сёння.

Кватэру знялі загадзя, таму па прылёце адразу паехалі «дадому». Там у мяне быў шок ад вышыні столяў: тры метры, велізарныя вокны – адчуваеш сябе як у музеі. Паколькі ў нас не было ні посуду, ні пасцельнага, нічога, мы паехалі ў «Ікею».

Па адчуваннях гэта вельмі падобна да ўладкавання часовага жылля. Хто жыў два-тры месяцы на моры, той прыкладна ўяўляе сабе, як гэта: грошы маюць іншую каштоўнасць (здаецца, што ўсе нядорага), людзі падаюцца толькі прыемнымі і цікавымі, а сам ты – вандроўнік, які адкрывае новую гісторыю. Літаральна праз паўгода эйфарыя змяняецца раздражненнем.

«Грошы маюць іншую каштоўнасць (здаецца, што ўсе нядорага), людзі падаюцца толькі прыемнымі і цікавымі, а сам ты – вандроўнік, які адкрывае новую гісторыю»

Першае, і галоўнае, з чым даводзіцца сутыкнуцца, – моўны бар'ер. Нягледзячы на тое, што польскай мовай я займалася з дзявятага класа, а ў сям'і мамы гэта была мова ўжытку, размаўляць аказалася складана. Быццам бы ўсё зразумела, але насамрэч не. Толькі праз два-тры гады жыцця ў моўным асяроддзі прыйшло разуменне культурнага кантэксту, навін у газеце і нейкіх складаных прыколаў. Асабіста мне дапамаглі курсы польскай, выхад на працу, атрыманне моўнага сертыфікату, камунікацыя з нэйтывамі. Вельмі крута для паляпшэння мовы працуе прагляд ідыёцкіх серыялаў па тэлеку. (Але не пераборшчвай: польскія шоу ў вялікіх аб’ёмах небяспечныя для псіхікі!)

Другое пасля мовы – паперы. Польшча бюракратызаваная, і, калі ты жалішся на беларускую бюракратыю, можаш смела памножыць усё на пяць, каб уявіць, як ідуць справы тут. У аддзеле для замежнікаў табе адразу дадуць зразумець, дзе тваё месца ў харчовым ланцугу польскага грамадства, але адбывацца гэта будзе тактоўна і з усмешкай.

Але вернемся да добрага. Гэтая краіна вучыць жыць расслаблена, вучыць любіць выходныя і з'язджаць кудысьці на працяглыя святочныя канікулы. Праз некаторы час сыходзіць адчуванне безвыходнасці, якое беларусам па дэфолце выдаюць пры нараджэнні. Бязмерна радуе адсутнасць бяздомных жывёл і наогул годнае да іх стаўленне. А павазе да асобы ў Польшчы вучаць з самага малодшага ўзросту. Калі мая дачка пайшла ў школу, для мяне адкрыўся дзівосны новы свет: аказваецца, вучыцца можна без страху і зневажанняў.

Калі ты паглядзіш на Варшаву праз Google Maps, то ўбачыш, як шмат зеляніны ўдалося захаваць. Паркавыя зоны і проста дрэвы будуць у любым раёне. Нават трамваі па траўцы ездзяць! Што тычыцца дагляду за тэрыторыямі жылых комплексаў – тут усё таксама на вышэйшым узроўні, але важна разумець, што ва ўсяго ёсць кошт. Людзі рэальна плацяць вялікую камуналку. Людзі рэальна прыбіраюць за сабакамі, і гэта правіла. Пры гэтым цэнтр Варшавы не здаецца вылізаным, як цэнтр Менска. У Варшавы чуваць сэрцабіцце, яна жывая! І смачна пахне.

Пахі – асобная тэма. Да пераезду я не ведала, як пахне раніца, як пахнуць зімовыя святы. Вядома, у Беларусі ёсць хатнія пахі: напрыклад, пах кулічоў у пад'ездзе на Вялікдзень, – але вуліцы ў нас нейкія «нежылыя», казённыя. А тут сам горад пахне – велізарная колькасць булачных, кавярняў, этнічных устаноў, вінарняў.

«Гэтая краіна вучыць жыць расслаблена, вучыць любіць выходныя і з'язджаць кудысьці на працяглыя святочныя канікулы»

Жыццё ў Польшчы пасуе тым, хто мае патрэбу ў рэабілітацыі: мора, горы, распродажы і расслабон. Сюды не варта ехаць па вялікія грошы і «дасягацельства»: усё арыентаванае на сярэдні клас, які большай часткай жыве ў крэдыт.

З працай было па-рознаму, але прафесія журналіста дазваляе працаваць выдалена, што з'яўляецца велізарным плюсам. Тэхніка інтэрв'ю па скайпе адпрацаваная мной на 10 з 10, бо іншых варыянтаў сустрэчы з героямі ў мяне няма, а сапраўдныя джэдаі не шукаюць лёгкіх шляхоў.

Свет уладкаваны так, што адлегласці маюць усё меншае значэнне. Знаходзячыся ў розных гарадах, мы з маім сябрам і суаўтарам Андрэем Дзічэнкам змаглі напісаць п'есу, спектакль па якой паставіў рэжысёр Валодзя Шчэрбань, а ён наогул жыве ў Лондане. Так з'явіліся «Левыя дысідэнты», якіх нядаўна паказалі ў Менску.

За сем гадоў жыцця ў Варшаве ў мяне з'явілася мноства знаёмых з розных краін і прафесійных сфер, але ўсе блізкія сябры знаходзяцца ў Беларусі. Гэта крыху «адзінота ў сетцы»: тваё сэрца жыве ў вайберы і тэлеграме, а цела – у фізічнай рэальнасці. Тут шмат тых, з кім можна патусіць, але мала тых, з кім я магу дазволіць сабе шчырасць.

Галоўным плюсам эміграцыі я лічу адукацыю дзіцяці і магчымасць паказаць ёй як мага больш. Сама, дарэчы, таксама зараз давучваюся, ці, дакладней нават, перавучваюся. Не выключаю, што, калі дачка зможа жыць самастойна, вярнуся старэць дадому.

 

 

 Вадзім Цітоў 

прадпрымальнік, Scan & Buy, пераехаў у 2019 годзе

– Я заснавальнік і ўладальнік праекта-сэрвісу для рытэйлу, з якім мы прайшлі адбор у два польскія акселератары: Startup Hub Poland і Huge Thing. У першага праграма пачыналася крыху раней, і мы прыехалі для ўдзелу ў ім. Нам быў прапанаваны поўны пакет, інакш кажучы арганізатары паклапаціліся пра ўсё: візы, прыезд, размяшчэнне, юрыдычныя моманты, звязаныя з запускам кампаніі. І ўсё гэта – за кошт польскай дзяржавы, якая зацікаўленая ў тым, каб у краіне адкрываліся новыя бізнэсы, з'яўляліся працоўныя месцы і, адпаведна, расла эканоміка.

Зрэшты, грошы, якія табе даюць, не так важныя – яны хутка трацяцца. Куды важней тое, што ты атрымліваеш выхад на людзей, якія ведаюць, як прайсці той шлях, што збіраешся прайсці ты. Акселерацыйныя праграмы – гэта перш за ўсё кам'юніці, дзе ты атрымліваеш ментарскую дапамогу.

Чаму мы адправіліся менавіта ў Польшчу? Польшча была бліжэйшым і буйным рынкам: 40 мільёнаў чалавек, плацежаздольнае насельніцтва, развіты бізнэс; у краіне 400 банкаў і куча рытэйлераў – нашых кліентаў. Паехаць у Англію ці Германію было б добра, але гэта складаней і фінансава, і па дакументах. На мой погляд, выходзіць на еўрапейскі рынак праз польскую кампанію – аптымальны варыянт.

У студзені я пераехаў у Варшаву. Для пошуку жылля вельмі добра працуюць групы ў Facebook, але тут варта быць асцярожным. Напрыклад, я глядзеў трохпакаёвую кватэру ў цэнтры: маладая пара запэўнівала мяне, што яны самі жылі тут, а цяпер ім нешта не падыходзіць і яны хочуць здаваць. Але я заўважыў, што ў пакоях цалкам аднолькавая мэбля, і было відавочна, што гэта кватэра з Airbnb – ашуканцы знялі яе і пераздаюць з двайным залогам.

«Посуд на стале будзе стаяць дакладна так жа, як на фотаздымках, а калі на фота былі ручнікі, то яны будуць дакладна такія ж і дакладна там жа»

У Варшаве вельмі шмат прафесійных арэндадаўцаў, якія маюць па некалькі кватэр. Цікава, што кватэры яны здаюць у дакладнасці як на малюнку, які ты ўбачыў у інтэрнэце. Посуд на стале будзе стаяць дакладна так жа, як на фотаздымках, а калі на фота былі ручнікі, то яны будуць дакладна такія ж і дакладна там жа. У прынцыпе, нічога асаблівага: ікееўскі стол, зялёная сурвэтка, прыгожа расстаўленыя куфлі, прыгожа развешаныя карцінкі – але ўсё гэта прыемна і ўтульна. Нашым варта было б такому павучыцца.

Большасць уладальнікаў хочуць заключаць дагавор арэнды мінімум на год. І ўсё афармляецца афіцыйна праз банк. Да дамовы прымацоўваецца дакумент з умовамі пражывання, дзе на дзвюх старонках можа быць апісана ўсё: колькі чалавек можа пражываць у кватэры, хто ў ёй можа спыняцца і на колькі, ці могуць тут жыць хатнія жывёлы, ці можна паліць і гэтак далей. Не падабаюцца ўмовы – проста не здымаеш кватэру.

Каб арандаваць жыллё ў Польшчы, ты павінен абзавесціся нумарам сацыяльнага страхавання – PESEL. З гэтым жа нумарам ты можаш зрабіць бясплатны электронны ключ, які адкрывае доступ да любых дзяржпаслуг і бізнэсу. Калі ў Беларусі ЭЛП трэба купляць для кожнага бізнэсу, то тут ты атрымліваеш ключ бясплатна і асабіста для сябе. Робіцца гэта за пятнаццаць хвілін. І калі вы, дапусцім, ствараеце кампанію ўдваіх, то проста два чалавекі сваімі асабістымі ключамі падпісваюць дамову.

Калі ў цябе ёсць кампанія ў Польшчы, ты можаш атрымаць нацыянальную гадавую візу і знаходзіцца ў краіне ўвесь год. Да гэтага ў мяне была звычайная турыстычная, якая дазваляе знаходзіцца ў Польшчы 90 дзён. Пры гэтым ніхто не тлумачыць, як гэтыя 90 дзён лічацца. Калі я падаваўся на «карту сталага побыту», то ў сувязі з наплывам украінцаў тут утварылася велізарная чарга: падаўся я 13-га сакавіка, а карту не атрымаў дагэтуль. Мне паставілі штамп, і на падставе гэтага штампа я мог знаходзіцца ў Польшчы 90 дзён, аднак, калі я выехаў у Беларусь, аказалася, што я перавысіў ліміт, на мяжы яны нешта доўга лічылі, начальнік змены выпісаў мне кучу папер і сказаў: «Едзьце ў Менск, вам адкрыюць нацыянальную візу на падставе вашых дакументаў». Нацыянальную візу мне зрабілі за два дні, і я вярнуўся. З «картай побыту» ўжо можна будзе ездзіць туды-сюды без візы і знаходзіцца ў Еўрасаюзе без абмежаванняў.

«Наогул трэба ўважліва ставіцца да дакументаў і лепей наймаць людзей, якія дакладна ведаюць, як гэта ўсё падаваць. Таксама, калі хочаш жыць у гэтай краіне, трэба вучыць мову»

Так склалася, што польскую мову я ведаю: проста жыў у Горадні і, як усе гарадзенцы, глядзеў польскае тэлебачанне. Зараз я стараюся ўсе дакументы, якія мне прыходзяць, прачытаць самастойна, каб запомніць, як пішуцца словы, зразумець структуру сказаў, вывучыць устойлівыя выразы.

Палякі вельмі лаяльна ставяцца да беларусаў і, калі мы ў чымсьці памыляемся, заўсёды гатовыя дапамагчы. Тут адчуваецца розніца менталітэтаў: яны такія – «ну памыліўся, і добра, з кім не бывае!», на дарозе прапусцяць, у метро не будуць штурхаць, і наогул адзін да аднаго дабрэйшыя. У нас жа яшчэ не зусім зжыты посттраўматычны бээсэсэраўскі сіндром.

Інфраструктура ў Варшаве вельмі развітая. У цябе за вуглом абавязкова будзе крама, хай нават дарагая Żabka. А калі не залянуешся, то пройдзеш яшчэ метраў трыста ў танны Carrefour. Тут у кожным доме ёсць крама, кавярня, цырульня. Усё літаральна ў крокавай даступнасці. І вельмі добра развіты транспарт: метро, аўтобусы, трамваі, гарадскія электрычкі. Напэўна, мне толькі два разы прыйшлося скарыстацца таксі, каб дабрацца ў незнаёмае месца і хутчэй.

Пра цэнаўтварэнне можна разважаць доўга. Так, у Менску кажуць, што бурыта па пяць рублёў – гэта дасягненне. А ў Варшаве бурыта каштуе пяць злотых, і гэта ў два разы танней, пры тым, што арэнда вышэй і зарплаты больш. Тут раніцай ты ў цэнтры горада можаш заплаціць за кубачак кавы і атрымаць сняданак за злоты. Або купіць гарачую курыцу-грыль за шэсць. Вялікая канкурэнцыя – ніхто не імкнецца зарабіць з адной курыцы на «мэрсэдэс».

 

 

 

Гэты матэрыял мы падрыхтавалі сумесна з Польскім інстытутам грамадзянскага супрацоўніцтва – няўрадавай арганізацыяй, якая дапамагае грамадзянам суседніх краін беспраблемна пераехаць у Польшчу на вучобу, працу ці на пастаяннае месца жыхарства. Марыш перабрацца ў Польшчу, як нашы героі? Інстытут праводзіць канферэнцыі, трэнінгі і семінары, якія будуць табе карысныя. Напрыклад, цяпер праходзіць адукацыйная праграма «Добры старт у Польшчы» – там нават індывідуальнага ментара выдаюць. А калі ты ўжо здзейсніў(-ла) сваю мару, ды разгубіўся(-лася) па прыедзе – праграмы Польскага інстытута грамадзянскага супрацоўніцтва дапамогуць з пошукам жылля, працы і легалізацыяй твайго пражывання.
 

 Усе дэталі тут. 

 

 

Фота: palasatka

УНП 191751509
ООО «Ирвинга группа»