Дзе паваланцёрыць? Падборка актуальных праграм

Сабралі спіс актуальных валанцёрскіх магчымасцяў для тых, у каго ёсць пара-тройка свабодных гадзін на тыдзень і жаданне ўнесці свой уклад у цікавыя ініцыятывы і праекты: ад кінафестывалю да тэхналагічнай канферэнцыі.

 

Кінафестываль «Паўночнае Ззянне» (Northern Lights)

Магчымасць стаць часткай крутога кінафестывалю Паўночных і Балтыйскіх краін, паглядзець усе фільмы праграмы і знайсці новыя знаёмствы.

 Што рабіць:  суправаджаць замежных гасцей, перакладаць Q&A сесіі ды іншыя матэрыялы, складаць прэс-рэлізы, каардынаваць працу СМІ і задачы па SMM, ствараць фотасправаздачы і дапамагаць у любых іншых пытаннях.

 Кантакты:  запаўняй анкету да 22 лютага.

 

Ініцыятыва «Больш цела!»

Маладая жаночая ініцыятыва «Больш цела!» верыць у сілу сястрынства і дапамагае жанчынам прыняць сябе і сваё цела. Калі табе блізкая тэма бодзіпазітыву, то лаві выдатную магчымасць рэалізаваць свой творчы і прафесійны патэнцыял у імя добрай справы ў кампаніі аднадумцаў.

 Што рабіць:  ствараць фота- і відэакантэнт, весці сацсеткі, дапамагаць у арганізацыі і правядзенні мерапрыемстваў.

 Кантакты:  запаўняй анкету.

 

Кааператыў «Вольная Думка»

Адукацыйны кааператыў «Вольная Думка» шукае перакладчыкаў! Калі табе цікава на ўласным вопыце даведацца, як працуе калектыў з гарызантальнай сістэмай кіравання, – гэта твой шанец. Будуць рады як дасведчаным, так і спецыялістам-пачаткоўцам.

 Што рабіць:  перакладаць або вычытваць гатовыя тэксты на тэмы анархізму, фемінізму, экалогіі, крытычнай тэорыі.

 Кантакты:  telegram @VDLibraryBot.

 

Фестываль «Мова Фэст»

22 лютага «Мова Фэст» збярэ ў ОК16 больш за 50 беларускіх арганізацый, ініцыятыў і творчых калектываў, каб адзначыць Міжнародны дзень роднай мовы. Сёлета арганізатары пашырылі фармат мерапрыемства і ім вельмі патрэбныя валанцёры, якія будуць дапамагаць на працягу ўсяго фестывалю.

 Што рабіць:  запоўні анкету, каб арганізатары маглі з табой звязацца і прапанаваць актуальныя варыянты супрацоўніцтва. Асобна просяць дапамагчы з арганізацыяй пляцоўкі Асамблеі НДА – прэзентаваць грамадскія ініцыятывы, уладкаваць споты і абазначэнні, дапамагчы гасцям і арганізатарам пляцоўкі на месцы.

 Кантакты:  пішы ў інстаграм.

 

Дабрачынны праект «КаліЛаска»

«КаліЛаска» прапагандуе ідэю паўторнага выкарыстання рэчаў і садзейнічае скарачэнню звышспажывання ў наш няпросты час канс’юмерызму і хуткай моды. Праект збірае, сартуе і размяркоўвае рэчы: 95% адпраўляецца да людзей, якія жывуць у нястачы, а 5 % рэалізуецца ў краме ці на рэгулярных маркетах. На выручаны падчас продажу прыбытак і існуе праект. Ахвотных прынесці свае рэчы – дзясяткі, а вось валанцёраў хапае не заўсёды. Але ты можаш дапамагчы!

 Што рабіць:  разбіраць і сартаваць рэчы ў дні прыёмкі.

 Кантакты:  валанцёрскі чат праекта.

 

Venture Day 2020

Venture Day 2020 – міжнародная тэхналагічная канферэнцыя для інвестараў, прадпрымальнікаў, інаватараў і стартапаў. Валанцёры канферэнцыі гарантавана атрымаюць эфектыўны нетворкінг і практыку speaking skills. А студэнты могуць разлічваць на рэкамендацыйны ліст і вызваленне ад пар.

 Што рабіць:  прасоўваць мерапрыемства ў сацыяльных сетках, камунікаваць са спікерамі на англійскай мове, наладжваць святло і гук, рэгістраваць і каардынаваць удзельнікаў канферэнцыі на пляцоўцы.

 Кантакты:  запаўняй анкету.

 

Танцавальны конкурс GLOBAL WEEKEND-2020

GLOBAL WEEKEND-2020 – гэта міжнародны конкурс танцавальных калектываў, які пройдзе вось ужо сёмы раз. Калі ў цябе ёсць вопыт арганізацыі мерапрыемстваў любых маштабаў і ты неабыякавы(-ая) да танцаў – далучайся.

 Што рабіць:  сустракаць і суправаджаць удзельнікаў, дапамагаць у афармленні і дэкараванні, дапамагаць у арганізацыі майстар-класаў, сачыць за парадкам у зале і на сцэне, размяшчаць удзельнікаў па грымёрках, фатаграфаваць і здымаць відэа, узнагароджваць удзельнікаў.  

 Кантакты:  запаўняй анкету да 03.03.20.

 

Курсы беларускай мовы «Мова Нанова»

Самыя масавыя курсы беларускай мовы шукаюць фатографа-валанцёра. Выдатная магчымасць забіць адразу трох зайцоў: падцягнуць беларускую, стаць часткай крутой каманды і развіць свае навыкі ў фатаграфіі.

 Што рабіць:  фатаграфаваць!

 Кантакты:  пішы ў тэлеграм.

 

Сядзіба «Шанці Дом»

Валанцёрства – адзін з асноўных напрамкаў экалагічнай ёга-сядзібы, таму добраахвотнікаў на летнія праграмы шукаюць ужо зімой. Выдатны варыянт для тых, хто хоча адпачыць душой і целам, але памятай, што жадаючыя паваланцёрыць у жніўні павінны валодаць англійскай мовай.

 Што рабіць:  гэтым летам сядзібе патрабуюцца вега-кухар(-ка), ёга-асістэнт(-ка), інжынер-будаўнік(-ца), фермер-садоўнік(-ца), фатограф/відэаграф-журналіст(-ка).

 Кантакты:  запаўняй анкету па спасылцы.

Фота на галоўнай: palasatka