Па выставе Лазара Хідэкеля правядуць анлайн-экскурсію
- Рубрыка: УЛОЎ
- 10.04.2020
- 5310
15 красавіка ў 19.00 адбудзецца анлайн-экскурсія па выставе Лазара Хідэкеля «Нас зразумеюць праз 100 год». Лазар Хідэкель – адзін з заснавальнікаў аб’яднання УНОВІС, мастак-авангардыст, першы супрэматычны архітэктар, які на стагоддзе апярэдзіў свой час.
Экскурсія праводзіцца ў апошні дзень працы выставы ў рамках праекта #UNOVIS100. Яна будзе бясплатнай і даступнай у мабільнай аплікацыі VOKA ці на сайце voka.tv з любой прылады і ў сетцы любога аператара Беларусі ды іншых краін свету без аўтарызацыі. Правядзе экскурсію Кацярына Ізафатава – адна з куратарак выставы, загадчыца аддзела сучаснага беларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея, кандыдат мастацтвазнаўства. Яна распавядзе, у чым значнасць творчасці Лазара Хідэкеля, чаму ён апярэдзіў свой час і што такое супрэматычная архітэктура. Так што, калі ты не паспеў(-ла) забегчы ў музей, а цяпер сядзіш на каранціне, – самы час падключыцца.
Спецыяльна для выставы ў Мінску з Нью-Ёрка былі дастаўленыя каля 100 арыгінальных работ з асабістага архіва сям’і Лазара Хідэкеля: раннія супрэматычныя кампазіцыі, эскізы касмічных пасяленняў, планы «Горада-сада», «Аэрагорада», «Аквагорада», першы архітэктурны экалагічны маніфест «АЭРА», а таксама дакументы УНОВІСа.
Фотарэпорт пра месцы УНОВІСа ў Віцебску ад 34travel
Праект #UNOVIS100 рэалізуецца Цэнтрам беларуска-яўрэйскай спадчыны, Музеем гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча і кампаніяй А1 пад патранатам Нацыянальнай камісіі па справах UNESCO ў Беларусі.
Фота: murmurash