Як працаваць з дому: зручныя анлайн-сэрвісы
- 17.03.2020
- 4995
Што ж, з панядзелка многія арганізацыі адправілі сваіх супрацоўнікаў дадому. Але планёркі, мітапы і справаздачы ніхто не адмяняў. Мы паглядзелі, якія бясплатныя сэрвісы, акрамя Skype, дапамогуць збірацца анлайн і не губляць сувязі з калегамі і сябрамі.
Гэтым сэрвісам можна карыстацца анлайн з браўзера або спампаваць лёгкую праграму на камп’ютар ці смартфон. Бясплатная версія дае магчымасць дадаць у відэаканферэнцыю да 100 удзельнікаў, весці запіс як з камеры, так і з працоўнага стала. Запрасіць калег можна даволі проста – скінь ім спасылку ў агульны чат. Адзіны момант, калі ты звязваешся тэт-а-тэт, абмежаванняў няма, а вось калі ў цябе сустрэча на тры і больш асоб, ваша канферэнцыя можа цягнуцца толькі 40 хвілін. Пасля гэтага вам давядзецца яе перазапусціць. Паралельна з відэасувяззю можна пакідаць каментары ў чаце канферэнцыі, які будзе даступны на экране справа.
Праграма хутчэй знаёмая геймерам, але ж для працы яна таксама цалкам прыдатная. На сваёй стартавай старонцы кампанія напісала: «Настаў час зрынуць Skype і TeamSpeak». Так што рабяты амбіцыйныя. Праграма даступная для Windows, Mac, Linux, Android, iOS, таксама ёсць браўзерная версія. Яна падтрымлівае галасавыя і тэкставыя чаты, у тым ліку перасылку розных файлаў, дае магчымасць праводзіць відэаканферэнцыі. Каб знайсці знаёмага для відэачата, трэба ведаць яго логін, а каб не згубіць, варта дадаць яго ў сябры. Таксама ў ёй можна ствараць «пакоі», каб абмяркоўваць нешта ў групах.
Кампанія вырашыла не скнарнічаць і з 10 сакавіка зняла абмежаванне на колькасць карыстальнікаў у камандзе і дазволіла планаваць відэаканферэнцыі ў бясплатнай версіі. Для таго каб скарыстацца інструментам, трэба наладзіць свой уліковы запіс Microsoft. Пасля гэтага можна будзе спампаваць праграму на сваю прыладу ці выкарыстаць вэб-версію. Анлайн можна ствараць каналы, каб было лягчэй арганізаваць працу па праектах ці камандах, запрашаць сваіх калег праз спасылку ў чат. Яшчэ ў кожнага ўдзельніка ёсць 2 Гб асабістага сховішча файлаў і 10 Гб для агульнага доступу.
Акрамя таго, Microsoft вырашыла падтрымаць прадпрыемствы, школы і бальніцы і прапануе на паўгода ўзяць бясплатную версію прэміяльнага ўзроўню. Раней яна была даступная толькі для Кітая, але з пачатку сакавіка – па ўсім свеце. Яна, напрыклад, дае магчымасць захоўваць больш вялікія файлы і запісваць сустрэчы, але для таго, каб яе падключыць, вам трэба будзе звязацца непасрэдна з аддзелам продажу кампаніі.
Дарэчы, калі твая кампанія ўпершыню сышла на выдаленку, можаш зірнуць на парады Microsoft, як эфектыўна арганізаваць працу з дому.
Паколькі ўсе сэрвісы Google аб’яднаныя адным уліковым запісам, калі ў цябе ёсць пошла на gmail, тут дадаткова рэгістравацца не прыйдзецца. Уваходзь у свой акаўнт – і тэлефануй. Дадаць субяседнікаў можна праз запрашэнне, якое будзе ім дасланае на пошту, або проста праз спасылку на званок. У левай частцы экрана будзе весціся чацік: ён створаны хутчэй для нейкіх каментароў па ходзе гутаркі, таму яго гісторыя не захаваецца і знікне, калі закончыцца сустрэча. Калі выкарыстоўваць відэачат разам з іншымі анлайн-сэрвісамі кампаніі, атрымліваецца вельмі зручна. Можна разам уносіць праўкі ў агульныя гугл-дакументы ці дадаваць звесткі ў гугл-табліцы. А ўсе сустрэчы заносіць у гугл-каляндар, каб калегі не забыліся. Hangouts больш падыходзіць для невялікіх кампаній, бо ў відэасустрэчы могуць удзельнічаць да 25 чалавек.
Але ж Google таксама занепакоілася аб арганізацыях, школах і ВНУ, таму да 1 ліпеня адкрыла бясплатны доступ да пашыраных функцый G Suite і G Suite for Education. Цяпер на відэасустрэчы можна запрашаць да 250 удзельнікаў і трансляваць анлайн на 100 000 гледачоў, а таксама запісваць і захоўваць усё на гугл-дыску. Усё класна, акрамя таго, што гэты сэрвіс не падыходзіць для сяброўскіх сустрэч: трэба сапраўды прадстаўляць нейкую арганізацыю, каб ім карыстацца. Падчас рэгістрацыі ў G Suite неабходна пазначыць ці стварыць свой дамен у сеціве, а ў G Suite for Education трэба пакінуць даныя сваёй школы ці ВНУ.
Калі трэба з кімсьці звязацца ў адзін клік – гэта твой варыянт. На сайце ўводзіш назву гутаркі – і яна ствараецца аўтаматычна. Далей расшар спасылку сярод сваіх калег – і ўсе зроблена. Абмежавання па колькасці ўдзельнікаў тут няма, злева экрана размешчаны чацік. Ёсць некалькі дадатковых функцый для відэа: яго можна не толькі запісваць і захоўваць на Dropbox, але і стрыміць на свой ютуб-канал. Сэрвіс мае яшчэ адну прышпільную функцыю: адразу на ўсіх удзельнікаў можна ўключыць відэа з YouTube. Так што на перапынку паміж важнымі і вельмі важнымі справамі разам з калегамі зможаце паглядзець усе смешныя ролікі ў інтэрнэце, быццам бы вы, як і раней, сядзіце ў офісе.
Яшчэ можна «падымаць руку», каб на экране было бачна: табе ёсць што сказаць. А потым у меню паглядзець статыстыку, хто з удзельнікаў актыўнічаў у дыялогу, а хто больш маўчаў і слухаў.