Вольга Трубач

  • 28.10.2016
  • Аўтар: 34mag
  • 5170

Актывістка Вольга Трубач дзеліцца досведам у арганізацыі культурнага жыцця Маладзечанскага і Вілейскага раёнаў, расказвае, чаму беларусы лічаць ірландскія танцы больш вартымі, чым беларускія, і пры гэтым не скардзіцца на актывістскую «карму».

 

 Гераіня:  Вольга Трубач 29 гадоў, мае адукацыю псіхолага і менеджара па турызме, кіруе этнаграфічным клубам «Кола».

 Чым займаецца:  папулярызацыя беларускай культуры ХІХ–ХХ стагоддзяў на тэрыторыі сучасных Маладзечанскага і Вілейскага раёнаў.

 

Сайт      VK

Арыгінальная дата публікацыі – 28.10.2016. Матэрыял выходзіць з невялікімі праўкамі, якія дазваляюць зразумець, як мянялася гераіня і яе актывізм праз гады.

 

 

Гісторыя Вольгі

– Пасля вучобы ва ўніверсітэце я размеркавалася ў дзіцячы летнік на Нарачы, дзе два гады працавала псіхолагам. У маім корпусе жылі дзеці да 12 гадоў, я імі вельмі праніклася: непасрэдныя, добрыя і кажуць тое, што ў галаве. Ніякіх «дарослых» шаблонаў.

Жыць было сумна. Уся моладзь працавала ў «Зубронку», які знаходзіўся аж праз два санаторыі ад нашага. Таму часам на Нарач прыязджалі мае сябры, мы вандравалі па мястэчку. Таксама я шмат чытала падчас размеркавання, бо было дакладнае адчуванне, што пасля магчымасці не будзе. Так яно і адбылося.

Пасля адпрацоўкі я месяц тусавалася ў сталічнай турфірме. У прамым сэнсе збіла набойкі, а заробак так і не атрымала. Таму і пераехала ў Маладзечна: бацькі набылі тут кватэру. Горад гэты я не любіла з дзяцінства. Сюды з Вілейкі мы па шмоткі на выходных ездзілі. Я доўга не разумела, навошта яшчэ Маладзечна патрэбны.

«З Маладзечна я ездзіла па тусоўку ў Менск, але з часам захацелася свайго, мясцовага»

Хутка адчула смак свайго кута – уладкавалася выхавацелькай у дзіцячы садок. Аднак праз некалькі тыдняў злягла з гаймарытам – арганізм сігналізаваў, што трэба мяняць працу, гэтая не мая. Пасля былі паўстаўкі псіхолагам у іншых садках. Але мне не падабалася сістэмная пісаніна і рэдкія заняткі з дзецьмі. Таму з працы ў дзяржаўных установах я сышла, уладкавалася ў прыватны цэнтр педагогам дадатковай адукацыі, а цяпер разам з сёстрамі развіваю сваю прыватную студыю ранняга развіцця ў Вілейцы.

З Маладзечна я ездзіла па тусоўку ў Менск, але з часам захацелася свайго, мясцовага. Так выпадкова знайшліся аднадумцы, з якімі і арганізавалі роварныя «Тутэйшыя квэсты».

 

 

«Нядаўна тэлефануе мужчына і пытаецца: “Мне 40 гадоў. Я магу танчыць з вамі? І ўвогуле: да вас хто-небудзь ходзіць?”»

Пра «Кола» і вар’яцтва

– За «Кола» дзякуй Студэнцкаму этнаграфічнаму таварыству і Цімафею Акудовічу. Узімку 2016-га мы разам калядавалі ў вёсцы Плябань на Маладзечаншчыне. Ды так натхніліся атмасферай, што вырашылі аб’яднацца і рабіць нешта падобнае, але сваё. Разам з Аленай Мятлюк схадзілі ў былы Палац чыгуначнікаў, дзе зараз працуе цэнтралізаваная клубная сістэма Маладзечанскага раёна, папрасілі памяшканне. Зараз ладзім тут танцавальныя вечары і пачынаем займацца традыцыйнымі спевамі з Юляй Бондар. У мясцовым RedBar некалькі разоў таксама рабілі дударскія вечарыны.

Увогуле ў Маладзечне мала актыўных і цікаўных людзей. Вось нядаўна тэлефануе мужчына і пытаецца: «Мне 40 гадоў. Я магу танчыць з вамі? І ўвогуле: да вас хто-небудзь ходзіць?» Не разумею, як можна ўвесь час залежыць ад кагосьці.

Пра «Кола» ў горадзе ведаюць: у мясцовых суполках ВК пра нашы мерапрыемствы пішуць, а людзі перапошчваюць. Аднак прыходзяць да нас адныя і тыя ж. Я разумею, чаму нашыя дударскія вечарыны зліліся – з’явілася плата за ўваход, але танцы і шмат іншага мы робім бескаштоўна. Але людзі ўсё роўна не ідуць.

Мне падаецца, што такія паводзіны – асаблівасць беларускай псіхалогіі. З дзяцінства нас гоняць, бо трэба. А калі «трэба», то нецікава і нястатусна. Вось і мы са сваімі мерапрыемствамі... Нас амаль заўсёды за артыстаў на вуліцы прымаюць. А мяне некаторыя лічаць гарадской вар’яткай. Маўляў, больш за ўсіх патрэбна. Мне ж падаецца, што я гарадская жабрачка. Хаджу і ўгаворваю наведаць мерапрыемствы, нешта паўтараючы пра беларускую культуру ды традыцыю.

А «Кола» – гэта насамрэч пра беларускасць. Праўда, для мяне гэта стыль жыцця. У людзей жа, атрымоўваецца, нейкія іншыя каштоўнасці ў жыцці і поўная адсутнасць павагі да свайго. Затое, калі б прыехалі ў Маладзечна ірландцы са сваімі танцамі, то ўсе глядзелі б на гэтае дзіва дзіўнае. І плацілі за «відовішча» немалыя грошы.

Добра, што хоць кропачна, але людзі ўсё ж аб’ядноўваюцца ў тусоўкі. Я веру, што праз некалькі гадоў яны могуць раскруціцца ў прыстойныя ініцыятывы. Бо ў кожнага з нас ёсць сябры і знаёмыя. Ды і жывём мы ў калектыве.

 

 

Пра «ліміт валанцёрства»

– У Маладзечна я вольная ва ўсім. Захацела – паехала ў лес. А трэба – пайшла ў райвыканкам, каб дамовіцца пра правядзенне мерапрыемства. Напрыклад, наконт сумеснага мерапрыемства з гульнёй-даведнікам «Адрыў» дамовіліся сапраўды хутка.

Я лічу, што Маладзечна не стае адзінага тусовачнага месца для моладзі. У горадзе ж трэба не толькі працаваць і выхоўваць дзяцей. Павінна быць свая тусоўка, па якую многія і едуць у вялікія гарады. Не ведаю, ці ўзялася б я за арганізацыю такой тусовачнай кропкі. Зараз я шмат часу аддаю працы ў Вілейцы, бо «Кола» – крута і класна, аднак амаль не прыносіць прыбытку.

Мой «ліміт валанцёрства» паціху сканчаецца. Але я думаю, што яно – мая карма. Бо нездарма я неаднаразова чула пра сябе: «Гэта – дзяўчына-“общественница”».

«Я лічу, што Маладзечна не стае адзінага тусовачнага месца для моладзі. У горадзе ж трэба не толькі працаваць і выхоўваць дзяцей»

 

 

Таксама Вольга кіравала праектам «Тутэйшыя квэсты», які існаваў у 2015–2017 гадах. Першы квэст прайшоў у Маладзечне і сабраў усяго дзесяць чалавек, аднак пра мерапрыемства было шмат станоўчых водгукаў у мясцовых СМІ, таму арганізатаркі «рушылі» яшчэ і на Вілейку, Смаргонь і Заслаўе. Журы VI Фестывалю нефармальнай адукацыі нават адабрала праект у лік пераможцаў у намінацыі «Падзея горада», але прыйшоў час – і «Тутэйшыя квэсты» ўсё ж такі закрыліся.

А вось этнаграфічны клуб «Кола» і ў 2018-м годзе толькі расце і шырыцца. Яго ўдзельнікі па-ранейшаму калядуюць, валачобнічаюць, прыходзяць танчыць «карапет у абед» у арганізацыі Маладзечна. Клуб далучыўся да праекта «Спеўны сход».

Таксама Вольга ўзялася за ўзнаўленне прадзедавай сядзібы 1912 года і марыць стварыць у вёсцы Любкі пульсуючую культурную пляцоўку Вілейшчыны: ладзіць тут імпрэзы, майстар-класы, экскурсіі ды фэсты. Акурат зараз ідзе краўндфандынг: грошы патрэбныя на замену бярвенняў, стварэнне светлавога афармлення музейных экспазіцый, бурэнне воднай скважаны, мантаж каналізацыі. Вольга хоча ладзіць тут імпрэзы, майстар-класы, экскурсіі ды фэсты.

 

Тэкст і фота by Юлія Шаблоўская