Мікіта Моніч
- 27.04.2016
- 2973
Мікіта Моніч − чалавек, які змог абараніць магістарскую па будызме, вывучыць кітайскую і спалучыць у сабе любоў да адукацыі ды тэатру. У інтэрв’ю 34mag Мікіта расказвае, як зарганізаваць паспяховы фестываль моваў, а таксама распавядае пра «движуху», якую трэба ствараць, каб не было сумна.
Герой: Мікіта Моніч, 29 гадоў, займае пасаду навуковага працаўніка Нацыянальнага мастацкага музею Беларусі, адзін з арганізатараў Менскага фестывалю моваў, аўтар папулярных мастацкіх экскурсій.
Чым займаецца: Распаўсюджвае нефармальную адукацыю ў сценах дзяржаўных установаў.
Сайт ВК FB
Арыгінальная дата публікацыі – 27.04.2016. Матэрыял выходзіць з невялікімі праўкамі, якія дазваляюць зразумець, як мяняўся герой і яго актывізм праз гады.
Гісторыя Мікіты
– Я нарадзіўся ў Менску. Тут скончыў школу, потым – факультэт міжнародных адносінаў БДУ паводле спецыяльнасці «Лінгвакраіназнаўства – усходнія мовы». Гэткім чынам, паводле адукацыі я міжнароднік і перакладчык з кітайскай. Але пасля размеркавання аказаўся ў Нацыянальным мастацкім музеі. Выйшла гэта так: яшчэ з 2008 года я браў удзел у праектах музею, там мы пазнаёміліся з Аленаю Сянкевіч – галоўным у нашай краіне экспертам у мастацтве Усходу. Ведаеце, яна фантастычная жанчына, сапраўдны майстар, настаўнік, якога шукаеш. Натуральна, праз магчымасць вучыцца ў яе я і вырашыў спачатку пайсці ў Мастацкі на практыку, а пасля наагул застацца там працаваць.
Потым абараніў магістарскую па кітайскім філасофскім будызме VI–IX стст. і аказаўся ў аспірантуры Універсітэту культуры з тэмаю «Навуковая атрыбуцыя будысцкай бронзы».
«Мы жадаем вярнуць Мастацкаму статус лідара ў культурнай прасторы»
«Цяпер у фондах Мастацкага музею захоўваецца больш за 1500 прадметаў мастацтва Усходу, і толькі 200 з іх выстаўляецца»
Чаму Мастацкі − гэта крута
– Атрыманыя веды дапамагаюць мне ў працы. Цяпер у фондах музею захоўваецца больш за 1500 прадметаў мастацтва Усходу, і толькі 200 з іх выстаўляецца. Ёсць шмат справаў у атрыбуцыі, размеркаванні, а таксама ў разуменні таго, што мы наагул маем. Апроч таго, трэба яшчэ прасоўваць інфармацыю пра гэты від мастацтва ў грамадства, дзеля гэтага, напрыклад, мы чытаем лекцыі. Так, першы блок лекцыяў па гісторыі ды культуры Кітаю я рабіў у «ЦЭХу» ў жніўні 2015 года. Было вельмі цікава. Сустрэчы адбываліся па панядзелках увечары, звярніце ўвагу – улетку, калі нікога ў Менску няма. Агулам курс з 4 заняткаў наведалі больш за 360 чалавек, пры тым, што ўваход быў платны. Мне здаецца, гэта вельмі дзіўна і крута. У музеі, апроч навуковай працы, мы займаемся арганізаваннем выставаў, шукаем, каго і што можна прывезці. Таксама я ствараю пэўныя сувязі з людзьмі, якія прыязджаюць да нас. Распавядаю пра тыя рэчы, якімі нам варта ганарыцца. Напрыклад, няшмат хто ведае, што Мастацкі музей мае адную з найлепшых калекцыяў класічнага рускага мастацтва ў свеце. А гэта так.
Выйшла так, што цяпер Мастацкі не мае свайго месца ў сацыяльнай прасторы. Людзі, што жывуць у Менску, не заўсёды ведаюць, установа якога ўзроўню ёсць тут. Нашая мэта – нагадаць аўдыторыі пра існаванне музею, паказаць яго высокую якасць, расказаць, чаму туды трэба прыходзіць, чаму ім варта ганарыцца.
У гэтым сэнсе адзін з галоўных момантаў нашых намаганняў – правядзенне «Ночы музеяў» і «Вераснёвай ночы» – дзвюх самых вялікіх імпрэзаў Мастацкага за год. Мы спрабуем узнавіць той узровень імпрэзаў, які быў раней, а таксама прыўнесці штосьці новае і цікавае. Мы жадаем вярнуць Мастацкаму статус лідара ў культурнай прасторы.
Таксама ў Мастацкі я прыцягнуў і тэатр. Яшчэ ў школе я займаўся ў аматарскай трупе, а, калі пачалося ўніверсітэцкае жыццё, зразумеў, што мне вельмі не стае «движухи». Тады мы прыдумалі ды зладзілі з сябрамі Студэнцкі тэатр ФМА (пазней Босы студэнцкі тэатр – заўв. 34). Зрабілі некалькі спектакляў, узялі ўдзел у шэрагу фестываляў ды імпрэзаў. Калі я скончыў БДУ, тэатр, які аб’ядноўвае людзей з розных факультэтаў, розных універсітэтаў, а таксама школьнікаў, плаўна перайшоў у музей.
Пра Фестываль моваў
– Не магу сказаць, што заўсёды шукаю варыянты, каб нешта зрабіць. Я або ўкідаю ідэю і чакаю, калі яна пачне развівацца, або далучаюся да нейкай актыўнасці, або проста мне прапаноўваюць нешта. Менавіта так было з Менскім фестывалем моваў. Галоўны арганізатар і аўтар ідэі Антон Сомін паехаў вучыцца ў Маскву. Некалькі гадоў браў там удзел у Маскоўскім фестывалі моваў, пасля стаў арганізатарам і суарганізатарам мясцовага фэсту і, нарэшце, падумаў, што ў Менску такога няма і было б крута зрабіць такое ў Беларусі. Урэшце праз знаёмых Антон звярнуўся да мяне з прапановаю далучыцца. Сабралася невялічкая банда «неабыякавых» таварышаў, якая зладзіла першы маленькі фестываль на філфаку БДУ ў 2012 годзе. Усім вельмі спадабаліся. Мы зразумелі, што трэба працягваць працаваць далей. Сёлета, традыцыйна ў апошнюю нядзелю сакавіка, адбыўся ўжо сёмы Менскі фестываль моваў.
«Мы шукаем тых людзей, якія могуць перадаць свой агонь, расказаць, што ім падабаецца ў мове, што іх турбуе, чаму яны яе вывучаюць»
Фестываль – не проста шэраг лекцыяў пра розныя мовы, гэта яшчэ і людзі, якія іх прэзентуюць. Галоўнае пры адборы выступоўцы – ягоная прэзентацыйная яркасць. І толькі ўжо пасля – профільнасць атрыманай адукацыі. Разумееце, нам не вельмі патрэбныя навукоўцы, якія фантастычна ведаюць мову, разбіраюцца ў ёй, але не могуць цікава распавесці пра гэта. Хутчэй, мы шукаем тых людзей, якія могуць перадаць свой агонь, распавесці, што ім падабаецца ў мове, што іх турбуе, чаму яны яе вывучаюць. Карацей, якія змогуць распаўсюдзіць сваю любоў на ўсю аўдыторыю. Мэта выступоўцы – уразіць і зачараваць. Праграма максімум – натхніць пайсці вучыцца. Большасць выступоўцаў мы знаходзім тут, у Менску, з іх ёсць як носьбіты мовы, так і не. Напрыклад, Аківа Фурусава прэзентаваў японскую мову, ён носьбіт, а вось Ар’ян Аскары прэзентаваў карэйскую, хоць напалову іранец паводле паходжання. Хтосьці прыязджае да нас з Масквы, з Пецярбургу, кагосьці мы шукаем праз моўныя клубы, універсітэты, этнічныя супольнасці. Некаторых выступоўцаў мы знаходзім праз знаёмых, іншых – праз суполкі ў сацыяльных сетках, часам людзі самі на нас выходзяць.
«Ар’ян Аскары прэзентаваў карэйскую мову, хоць напалову іранец паводле паходжання»
Беларуская, руская, карэйская
– Сярод тых моваў, якія прысутнічаюць на фестывалі, безумоўна, карыстаюцца попытам руская, беларуская і англійская. Я думаю, з прычыны таго, што людзі ідуць на іх дзеля пошуку чагосьці нечаканага. Усё ж гэта самыя распаўсюджаныя мовы ў краіне.
Беларускую, напрыклад, у нас колькі год запар прэзентаваў Рубэн Бівальд, немец, славіст, які распавядае на лекцыі пра тое, як вывучыць мову і размаўляць на ёй. Лектарка Людміла Моніч прэзентавала рускую мову як замежную. Яна шыкоўна распавяла пра ўвесь «жах» мовы, пра тое, як наагул фантастычна цяжка вывучаць славянскія мовы далёкім ад іх іншаземцам. З усходніх моваў цяпер самая папулярная – карэйская. Попыт на яе нават большы, чымся на кітайскую. Хутчэй за ўсё, на гэта ўплывае маскультура, якая прыйшла да нас. Але зноўку падкрэслю, што цікавасць публікі да той або іншай мовы моцна залежыць ад прэзентатара. Ад ягонай асобы. У эпоху кішэннага інтэрнэту фактамі складана кагосьці здзівіць, ты здзіўляеш тым, як ты гэта робіш, адносінамі, манераю, артыстычнасцю, сваёй асобаю. Нават калі ты нясеш суперунікальны кантэнт, які не мае цікавай формы, людзі не будуць уражаныя.
У сітуацыі даволі моцнай дэфармацыі сістэмы адукацыі, маргіналізацыі ўсяго актыўнага, пэўнага рэгрэсу змястоўнасці цікавыя штукі сыходзяць з фармальных інстытуцыяў. Яны аказваюцца дзесьці на адкрытых пляцоўках, у барах, там, дзе з’яўляецца месца для іх. Адукацыя – гэта не толькі «Што», але і «Як». Бо чытаць лекцыю – гэта не паводле канспекту чытаць, гэта працаваць з аўдыторыяй. І гэтаму трэба вучыцца.
Праблемы Фестывалю моваў
– Па-першае, межы росту. Мы разумеем, што можна павялічваць колькасць моваў, але не бясконца і, да таго ж, навошта кожны раз намагацца рабіць больш? Вось мы знайшлі гэтую разумную мяжу – 50 моваў, досыць. Па-другое, праблема і пошук людзей, тых, хто можа прыйсці як прэзентатар, зрабіць нешта і, самае галоўнае, зрабіць гэта добра.
Гэтаксама не забывайцеся пра матэрыяльны бок фестывалю, мы ўкладаем у яго сродкі, але нічога не зарабляем на ім, ён цалкам бескаштоўны. Нам значна дапамагае філалагічны факультэт БДУ, але штосьці мы робім і за свае грошы, атрымліваючы за гэта вялікую маральную асалоду. Разумееце, у межах факультэцкай пляцоўкі зрабіць нешта камерцыйнае юрыдычна немагчыма. Так, мы маглі б пайсці шукаць нейкую іншую пляцоўку, але дзе ты яе знойдзеш? Нам, праз фармат фестывалю, патрэбныя больш як 15 аўдыторыяў, да гэтага яшчэ актавая зала – такога ў Менску няма. Таму мы існуем так, як існуем. БДУ атрымлівае пэўны піар і грунтоўнае мерапрыемства, а мы – «движуху».
У 2019 годзе на фэсце прэзентавалі 50 моваў, зладзілі літоўскі і іспанскі размоўныя клубы, правялі 15 лінгвістычных лекцый, а таксама лекцыі па беларускім фальклоры, этнаграфіі, распавялі пра праект «Этнаўсё».
«Я жыву тут, я жадаю жыць тут, значыць, трэба ствараць “движуху”, каб не было сумна»
Эфект матыля
– Мой эгацэнтрызм і энергетычнае вампірства прымушаюць быць актыўным. Я ўкідаю ўсё, што ёсць, і атрымліваю асалоду ад таго, што справа дае ў адказ. А, па-другое, тут дзее добра знаёмая нам усім максіма: «Калі ўсе з’едуць, то хто застанецца». Я жыву тут, я жадаю жыць тут, значыць, трэба ствараць «движуху», каб не было сумна. Калі ёсць ідэі, іх абавязкова трэба рэалізоўваць. Да таго ж практыка дэманструе вялікую верагоднасць гэтак званага «эфекту матыля»: ніколі не ведаеш тых карысных магчымасцяў ды цікавых знаёмстваў, якімі адгукнецца твая неабыякавасць да жыцця.
Тэкст by Сцяпан Балашоў
Фота by Captain White