Наперад у мінулае
1980-я – час вялікіх адкрыццяў чалавецтва. Менавіта тады пабачыў свет першы Macintosh і людзі знайшлі сабе ў камп’ютары новага сябра, з якім атрымоўвалася камунікаваць. Гэта быў час развіцця відэафармату VHS і эпоха, якая падаравала нам Mario з 8-бітнымі гукамі, што дагэтуль захоўваюцца ў глыбінях памяці. У той жа час нямецкі сінт-поп- гурт Kraftwerk выпусціў альбом з назвай «Камп’ютарны свет» – музыкі заўважылі, як моцна мы сталі звязаныя з тэхнікай, а назвай апошняга трэка былі словы «It’s more fun to compute». З таго моманту развіццё тэхналогій набыло неверагодную хуткасць, чалавецтва паляцела наперад, да новых гарызонтаў, а эстэтыка, гукі і стайл 1980-х адсунуліся ў дальні кут на антрэсолях. Дзеля таго, каб калісьці зноў пабачыць свет.
«Кавінскі ў 1986 годзе разбіўся на сваёй Ferrari, а праз 20 гадоў вярнуўся ў цяперашні свет у выглядзе замбака, каб несці ў масы культуру амерыканскіх 1980-х»
Тое, што зараз клічуць сінтвэйвам і рэтравэйвам, зарадзілася ў Еўропе яшчэ ў сярэдзіне 2000-х, калі французскі прадзюсар College захапіўся эстэтыкай відэасалонаў і кіно васьмідзясятых, узгадаў гучанне першых камп’ютарных гульняў і распачаў уласныя музычныя эксперыменты. Прыкладна ў той жа час нешта найшло на іншага французскага прадзюсара Венсана Беларжэ, які выдумаў вобраз маладога чалавека на прозвішча Kavinsky. Паводле легенды, Кавінскі ў 1986 годзе разбіўся на сваёй Ferrari, 20 гадоў паляжаў мёртвы, зразумеў, што цяперашняя моладзь не ведае, што рабіць з музыкай, ды і наогул паводзіць сабе неяк расхістана, і таму вярнуўся ў цяперашні свет у выглядзе замбака, каб несці ў масы культуру амерыканскіх 1980-х.
У Кавінскага ўсё атрымалася: ягоны трэк Nightcall аб рамантычным аўтааматары, які сярод ночы тэлефануе дзяўчыне, каб тая даведалася пра ягоныя пачуцці, добра пасаваў у якасці саўндтрэка як да прыгожай паўнаметражнай стужкі Drive з Раянам Гослінгам, так і да коўба, у якім прэзідэнт адной усходнееўрапейскай краіны тэстуе новае кола МКАД. У 2013 годзе Беларжэ разам са сваім альтэр эга выпускае паўнавартасны альбом Outrun, які дае старт новаму музычнаму напрамку – Outrun Electro.
«Амерыканскія васьмідзясятыя – гэта нашыя дзевяностыя»
Ягор Касцючэнка (aka Ezhi) – менскі прадзюсар і музычны энтузіяст – адразу адчуў водгук у сваёй душы на гучанне рэтравэйву. Нягледзячы на тое, што ён нарадзіўся, калі прыдуманы Кавінскі ўжо разбіўся на сваёй «Ферары», гэта ніяк не замінала Ягору атрымліваць асалоду ад прагляду «Жахаў на вуліцы Вязаў» ці рубіцца ў «Сегу», таму што, як той казаў: «Амерыканскія васьмідзясятыя – гэта нашыя дзевяностыя».
Зразумела, гукі блізкіх сэрцу яшчэ з дзяцінства аналагавых сінтоў выклікалі хвалю настальгіі і не маглі не падабацца. Ягор паглыбляўся ў праслухоўванне новых і старых мелодый ды спрабаваў пісаць нешта свае, натхняючыся саўндтрэкам да любімага з малых гадоў серыялу «Паліцыя Маямі». З цягам часу высветлілася, што яшчэ адзін сталічны музыка Яўген Tune Crashers па вечарах, пасля цяжкай працы саўнддызайнерам, таксама прапіраецца па Outrun Electro.
«Нават знайшоўся гітарыст з Вілейкі пад псеўданімам Starblaster, які моцна хацеў паспрабаваць свае распрацоўкі на публіцы»
Ezhi и Tune Crashers вырашылі зрабіць праект выключна для душы, не прэтэндуючы на нешта прынцыпова новае, і паспрабавалі прапхнуць рэтравэйв у менскія масы. Так пачалася эра Minsk’81. Спачатку хлопцы зрабілі суполку ў сацсетках, дзе шэрылі свае неануарныя аўтран-электра- міксы, якасныя рэтравэйв-рэлізы і афішы CinemaScope з адрэстаўраваным «Тэрмінатарам» і дзвюма часткамі «Назад у будучыню». Не без задавальнення адзначалі, што музыка знаходзіць прыхільнікаў. Прыйшоў час выходзіць у афлайн, і першая туса Minsk’81 у бары «Хуліган» пачалася з паказу кароткаметражкі KungFury. Гэты кінашэдэўр, зняты ў 2015 годзе, здолеў змясціць усяго ў 30 хвілін экраннага часу безліч фішак 80-х змешаных з разначаснымі падзеямі гісторыі – ад вікінгаў і MC Hummer да барацьбы з Гітлерам.
Ежы, які падаецца нам даволі сэнсітыўным да жаданняў публікі, з максімальнай увагай падышоў да стварэння антуражу настальгічнага дыска . Пад інтра з гукаў амерыканскіх хорараў «Хуліган» заліўся характэрным злучэннем сіняга і чырвонага колераў, праектар свяціў на фон зялёнай сеткай, на бары прадаваўся суперапельсінавы пунш з серыялу пра Халка Хогана, а на танцпляцоўцы кожны меў шанец наваляць іншаму ў «Мортал Комбат». Першыя тусоўкі атрымалі добрыя водгукі і да стваральнікаў руху пачалі далучацца энтузіясты, якія, як высветлілася, таксама рубяцца па благаславёных васьмідзясятых. Нават знайшоўся гітарыст з Вілейкі пад псеўданімам Starblaster, які моцна хацеў паспрабаваць свае распрацоўкі на публіцы. Наступным разам ён выйшаў на танцпол і пачаў граць на электрагітары адначасова з дыджэй-сэтам – атрымалася, быццам удзельнікі тусы трапілі ў кульмінацыю якога-небудзь суперблакбастара тых часоў.
Візуал – Gustav Goodstuff, Poliakowa, Dasha Yeutuch.
Жнівень 13-га. Сустракаемся з менскім ugly-татуіроўшчыкам Ромам Жукоўскім, каб даведацца пра новы трэнд ugly tattoo.
Як наша аўтарка ў якасці перакладчыцы амаль тыдзень пратусіла з легендай – спадаром Эніё Марыконэ.
Мы пагутарылі з самым дзікім рэперам Эстоніі, які лечыць застарэлыя траўмы постсаўка іроніяй і трэшам.
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
Адсочвай маніфлоў, адкладай на мару, пампуй добрыя звычкі.
Пра дом, пра памяць, пра боль, у якім усе роўныя.