Усе мы родам з гета, імя якому постсавок. Стылістыка, менталітэт, жыццёвыя стратэгіі – гэта можна альбо любіць, альбо ненавідзець, аднак непазбежна ўсім нам давядзецца пераасэнсаваць свае карані. Мы пагутарылі з вялікім аматарам трэшу 90-х і новай зоркай эстонскай хіп-хап сцэны Томі Кэшам пра культурныя коды рускага гета і тое, чаму трэба любіць сваіх хэйтэраў.
GUEZ WHOZ BAK
Каля трох год таму на прасторах сеціва з’явіўся эпатажны відэакліп пад назвай GUEZ WHOZ BAK – на аўтасметніку, у акружэнні паўаголеных дзяўчат, якія нібыта трапілі на сэт наўпрост з рэйву пачатку 90-х, хлопец дзівакаватага выгляду чытае англамоўны рэп з жорсткім рускім акцэнтам. Масоўка смажыць яечню з беконам, катаецца на роварах ды твёркае, нібыта афраамерыканкі з Брукліна, на старых тачках. Так маглі б выглядаць фрыкі з Die Antwoord, калі б яны былі ўзрошчаны не ў гета Кейптаўна, а недзе ў запаведніках постсаўка. Насамрэч герой кліпа і аўтар трэка – эстонец на імя Томі Кэш, вядомы на той час у вузкіх колах як прафесійны стрыт-танцор Томас Тамеметс.
У музыку Томі прыйшоў праз заняткі танцамі: «Танцоры ўмоўна падзяляюцца на дзве групы: першая – гэта тыя, каму падабаецца паўтараць чыесьці рухі і харэаграфію, а другая – гэта тыя, каму падабаецца выдумляць свае ўласныя, фрыстайліць і ўдзельнічаць у батлах. Я адношу сябе да другой катэгорыі: я праводзіў шмат часу з бі-боямі, пасля заставаўся сам-насам у зале, пачынаў прыдумляць свае рухі і камбінацыі. Уначы, калі мае бацькі спалі, я працягваў танцаваць, здымаючы на камеру свой адбітак у дзвярах калідора».
Да з’яўлення вобраза «прафешнл рок супер стар фром Эстонія» Томі прыбіраў папкорн з падлог кінатэатраў, абслугоўваў турыстаў у мясцовых кафэхах ды працаваў на падтанцоўцы падчас выступаў розных мясцовых зорак. Гэтыя заняткі наводзілі на яго смяротную нуду, аднак катарсіс быў не за гарамі. «Калі я знаходзіўся на сцэне, у мяне было адчуванне таго, што я самастойна магу рабіць сваё шоу, – узгадвае Томі. – Неяк у нас з сябрамі была тусоўка, мы распалілі і пачалі фрыстайліць – атрымалася няблага». Хутка наш герой сышоў з працы для таго, каб працаваць над стварэннем уласнага праекта.
«Я проста быў першым у Эстоніі, хто зняў сабе добры кліп і распрацаваў уласны самабытны стыль»
У верасні 2012 года выйшаў той самы першы кліп GUEZ WHOZ BAK. Відэа паглядзелі ды ўпадабалі сябры рэпера, якія і пачалі расшарваць яго па альтэрнатыўнай эстонскай моладзі. А потым эстонскае «Радыё 2» дало за гэты сінгл дагэтуль нікому не вядомаму boom-bap-выканаўцу прэмію «Дэма года». Папулярнасць Томі пачала набіраць абароты. У хуткім часе ён зняў яшчэ парачку правакатыўных кліпаў ды запісаў альбом пад назвай EUROZ DOLAZ YENIZ, на прэзентацыі якога сабраліся 800 чалавек, што для альтэрнатыўнай сцэны Таліна амаль неверагодна. «У Эстоніі ўсе музыкі збольшага вельмі стэрэатыпныя: калі ты рэпер, у цябе абавязкова павінен быць гангста-бэкграўнд, а папсу ў асноўным робяць трэшавыя цёткі з адсутнасцю густу. Я проста быў першым у Эстоніі, хто зняў сабе добры кліп і распрацаваў уласны самабытны стыль», – пасміхаецца Кэш.
Стыль рускага гета Коплі
Стыль Томі – такі сабе russian trash з дыванамі, спартыўнымі гарнітурамі Adidas, кіпамі грошай ды праваслаўнымі абразамі. Па сутнасці гэта пяшчотны сцёб над хіп-хап- светам з прысмакам постсавецкага каларыту, а менаванне сябе рэп-суперстарам – здаровая самаіронія. Здаецца, Томі ўвабраў у свой вобраз горшае ад культурнай спадчыны 90-х, але ён гэтую культуру любіць і прасоўвае ў масы. Іншая адметнасць артыста – моцны рускі акцэнт. «Мой тата – рускамоўны, і ў свой час мяне вельмі натхніла, наколькі кепска ён размаўляе па-англійску», – тлумачыць Томі і падкрэслівае, што ўсе культурныя коды, якія прысутнічаюць у яго творчасці, – гэта сапраўдная настальгія па дзяцінстве, праведзеным у рускім гета Коплі падчас шалёных 90-х.
Коплі – адзін з самых бедных раёнаў Таліна, дзе жывуць у асноўным рускамоўныя. На вуліцах часта сустракаюцца да болю знаёмыя нам хлопчыкі ў спартовых гарнітурах і туфлях, якія пры наступленні цемры наводзяць страх на эстонцаў. Фактычна талінскія Коплі – гэта менскія Шабаны. «Гэта як Дэтройт, мёртвы горад, дзе нічога няма і нічога не адбываецца. Коплі – адзінае месца ў Таліне, дзе можна паслухаць цішыню», – сцвярджае сам Томі. Ягоны дом – звычайны пяціпавярховік, што самотна стаіць на ўскраіне горада на ўзбярэжжы Балтыйскага мора. Побач знаходзіўся дзіцячы дом, катлаван ды баракі з тусоўкай мясцовых гераіншчыкаў. «Цяпер, калі я больш не жыву ў Коплі, а проста прыязджаю туды на шпацыр, я бачу нашмат болей, я бачу там сваё адлюстраванне. Гэтыя ўражанні разам з успамінамі з'яўляюцца для мяне звышважнай інспірацыяй», – кажа наш герой.
«Мой тата – рускамоўны, і ў свой час мяне вельмі натхніла, наколькі кепска ён размаўляе па-англійску»
Томі, сапраўднае дзіця 90-х, з задавальненнем узгадвае той побыт, у якім вырасла добрая частка цяперашняй моладзі: «Мы жылі ў аднапакаёвай кватэры. Гэты пакой быў адначасова і спальняй бацькоў, і маім псеўдапакойчыкам, што аддзяляўся ад бацькоўскай часткі секцыяй, адваротны бок якой упрыгожвалі фоташпалеры з матацыклістамі. У мяне быў касетны прайгравальнік і касета Эмінема The Eminem Show, тая, з чырвонай заслонай на вокладцы. Я слухаў яе і спрабаваў хуценька набіраць тэкст на друкарцы, прыдумляючы свае словы на неіснуючай англійскай мове».
З іншага боку, на густ Томі моцна паўплывалі перавагі бацькоў: «У нас бесперапынку транслявалі нейкія музычна-гумарыстычныя праграмы з рознымі Кіркоравымі і Пугачовымі. Я ніколі не слухаў эстонскія песні, я не ведаю эстонскіх выканаўцаў, бо сам абіраў, што слухаць. Ужо тады ў мяне сфармаваўся ўласны музычны густ».
А сёння Томі сам фармуе густ аматараў музыкі, маладых і не вельмі: «Гэта так дзіўна – можна пабачыць маленькую дзяўчынку, якая слухае мой трэк на мабіле, а побач ідзе яе мамка ды падпявае». Аднак звычайна публіка неадназначна рэагуе на фрыкаватага і дзёрзкага выхадца з рускага гета. «Няма такіх артыстаў, у якіх шмат прыхільнікаў і аніводнага хэйтэра. Хэйтэраў трэба любіць: калі ты выклікаеш спрэчкі – ты паспяховы. Я на іх не зважаю, у мяне тэмперамент рок-зоркі: галоўнае, каб падабалася мне самому, маім блізкім і таму, каго я паважаю як артыста», – прапаведуе Томі.
«У мяне тэмперамент рок-зоркі: галоўнае, каб мая творчасць падабалася мне самому, маім блізкім і таму, каго я паважаю як артыста»
Часам хэйтэры хэйцяць з-за спасылак на рускія рэаліі. «Расізм – гэта доля найбольш тупых людзей. Я напалову эстонец, напалову рускі, у мяне дзве родныя мовы, таму чапляцца да мяне праз гэта – глупства. Аднак збольшага мая публіка складаецца з нармальных людзей, яны выраслі ў 90-я і ведаюць, што мы жывем разам праз пэўныя гістарычныя прычыны», – выдае Томі.
Аднымі з найбольш заўзятых фанатаў Томі Кэша з’яўляюцца яго ўласныя бацькі: «Калі мяне пытаюцца, ці шакуюць маіх бацькоў аголеныя дзяўчаты з кліпаў, я адказваю, што дзяўчаты не голыя, а ў майтках, а жанчына ў майтках – гэта звычайнае відовішча. Маці мая часам нават выхваляецца, што Томі Кэш – гэта яе сын».
Прафешнл рэп суперстар фром Эстонія
Зараз Томі цалкам забяспечвае сабе кэшам праз выступы ў розных краінах Еўропы і апошнім часам у Расіі. У яго трэвел-лісце – Фінляндыя, Чэхія, Літва, Латвія і Расія, з асаблівым гонарам Томі ўзгадвае свае выступы ў Маскве на witch house вечарыне, якая сабрала пад 8000 удзельнікаў. «Адным з маіх улюбёных канцэртаў з'яўляецца прэзентацыя майго бясплатнага альбома ў талінскай арт-прасторы Telliskivi, уваход на якую мы таксама зрабілі бясплатным», – успамінае Кэш. У выніку на ўваходзе склаліся вялізныя чэргі, нават давялося на нейкі час затрымаць выступ.
«Шмат хто кажа, што музыкай зарабляць немагчыма. А справа ў тым, што не трэба быць музыкантам, зараз музыканты – гэта тыя, хто грае ў пераходах. Зараз зусім іншы час, трэба рабіць усё: музыку, перформанс, медыякантэнт. Я – не музыкант, я – артыст, мая творчасць – гэта не толькі трэкі, гэта ўвесь “камплект” рознага роду артэфактаў», – тлумачыць Томі прычыну свайго поспеху.
Сярод фанатаў папулярнасцю карыстаюцца артэфакты ў выглядзе жорсткіх фаташоп-калажаў, якія Томі рэгулярна змяшчае на сваіх старонках у сацсетках. На выявах звычайна адлюстраваны Томі і мядзведзі, Томі ў спартыўных нагавіцах і вялікія жанчыны ў бялізне, Томі-аднарог на фоне дываноў і г.д.
«Зараз не трэба быць музыкантам, трэба рабіць усё: музыку, перформанс, медыякантэнт»
Сёння Томі працуе і гастралюе з трыма сваімі сябрамі, якія і складаюць яго банду. Гэта дыджэй і гукарэжысёр Лаўры і дзве Анны: Анна-менеджар, якая займаецца карэспандэнцыяй ды прадакшнам, і Анна-дызайнер, якая выбудоўвае сэты. Зусім хутка з’явіцца прадукт супрацоўніцтва з расійскім рэйв-гуртом Little Big, плануецца калабарацыя з праектам DJ Oguretz і ідзе праца над новым альбомам.
Томі падсумоўвае: «Далей паглядзім – мне цяжка сказаць, што са мной будзе заўтра, таму не маю звычкі заглядаць наперад». Цалкам прадказальная стратэгія для таго, хто вырас у шалёныя 90-я.
Официальный сайт Facebook Instagram Soundcloud Youtube
Фото из официальной страницы «ВКонтакте» и из личного архива героя.
Анатолий Ульянов – о том, кто на самом деле убил Михаила Пищевского и почему это касается каждого из нас.
Працягваем узгадваць старыя скарбы 34mag. Лістапад 2014-га. У Беларусь вяртаецца Рома Свечнікаў і дае першае вялікае інтэрв’ю пасля кругасветкі.
Як наша аўтарка ў якасці перакладчыцы амаль тыдзень пратусіла з легендай – спадаром Эніё Марыконэ.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Пра дом, пра памяць, пра боль, у якім усе роўныя.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.