Ініцыятыва Prickled Berries запрашае на сустрэчу па сумесным пісьме
- Рубрыка: УЛОЎ
- 04.07.2025
- 70
12 ліпеня фемінісцкая ініцыятыва Prickled Berries ладзіць анлайн-карайтынг: прапануюць сумесна папрацаваць над тэкстамі пра цялеснасць.
Карайтынг (англ. co-writing) – гэта фармат, дзе можна ў спрыяльных умовах стварыць новы тэкст, за які не атрымлівалася сесці раней, ці дарабіць той, што ўжо ёсць. Разам з пісьменні:цай тоні лашдэн удзельніцы і ўдзельнікі зробяць некалькі практыкаванняў, напішуць невялічкія тэксты і атрымаюць магчымасць іх абмеркаваць, калі будзе такое жаданне. Запрашаюць усіх ахвочых пісаць, досвед не мае значэння.
Тэматычны фокус – «летнія цялесныя перажыванні: потныя целы, целы ў вадзе, целы на пяску, у лесе і на лузе, целы за працай, за адпачынкам і ў сэксе». Што атрымаецца напісаць – залежыць толькі ад удзельніц і ўдзельнікаў. Важна разумець, што на карайтынгу не навучаюць пісьму, а спрыяюць яму, і ніякіх «заліковых работ» па выніку тут няма.
Сустрэча пройдзе з 13:00 да 14:30 па менскім часе. Збіраюцца на платформе Zoom.
Удзел бясплатны, трэба толькі зарэгістравацца праз гугл-форму.