Альгерд Бахарэвіч выдаў дзве новыя кнігі анлайн
- Рубрыка: УЛОЎ
- 21.06.2021
- 20529
Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч вырашыў не чакаць лепшых для беларускай культуры часоў, калі яго творы мусяць выйсці на найлепшай паперы ў найлепшым выдавецтве, і выдаў дзве кнігі разам у анлайнах. «Тэатр шчасьлівых дзяцей» і «Плошчу Перамогі» можна купіць і спампаваць на рыдэр за вельмі невялічкія грошы – па 5,18 рублёў за кожную.
«Для мяне гэта штосьці зусім новае – выступаць у ролі электроннага аўтара, – напісаў Альгерд у Facebook. – Таму хвалююся – і спадзяюся, што рашэньне маё было правільнае. У іншай Беларусі ў гэтых кніг будзе іншы фармат».
«Тэатр шчасьлівых дзяцей» аўтар анатуе як беларускае фэнтэзі з элементамі палітычнага трылеру. Кніга адрасаваная дзецям, але і дарослым, магчыма, будзе цікавая, бо яе героі задаюцца пытаннямі кшталту «ці чуе нас Бог, калі мы маўчым?». «Плошча Перамогі» – гэта «раман-прыпавесьць, які толькі прыкідваецца гістарычным – а насамрэч выводзіць чытача са свайго “ніколі і нідзе” наўпрост у ХХІ стагодзьдзе зь ягоным новым успрыманьнем праўды, хлусьні, інфармацыі і ўлады».
Рэдактарам абедзвюх кніг выступіў Сяргей Шупа. Вокладку для дзіцячай кніжкі зрабіла Кацярына Дубовік, для «Плошчы» – Юлія Цімафеева. Тэхнічнай падрыхтоўкай выданняў займалася «Электронная кнігарня».
Спампаваць на litres.ru «Тэатр шчасьлівых дзяцей» і «Плошчу Перамогі»