Як я стаў сапёрам
– Гадоў у 15, пасля звычайнай школы, я перайшоў у кадэцкую вучэльню. Гэта было маё самастойнае рашэнне – пайсці ў такую сферу. Відаць, у свой час на мяне моцна паўплывалі айчынныя фільмы пра вайну.
Мне было нецікава сядзець у класе, больш падабалася вывучаць усё самому. З часам я зразумеў, што хачу займацца стварэннем выбуховак ды іх абясшкоджваннем, але не ведаў, дзе гэтаму можна навучыцца. І аднойчы на сайце нашай кадэцкай вучэльні ўбачыў рэкламу, якая запрашала на працу кінолагаў, спецназаўцаў і мінёраў. Сабак я люблю, але не змог бы штодзень вазіцца з імі. Я не хацеў біць людзей, таму не пайшоў у спецназ. Ты ж нават не ведаеш, за што б’еш іх – табе проста загадваюць гэта рабіць. А праца ў стварэнні выбуховых рэчываў падалася мне самаю незвычайнай.
«Тады я памяняў профіль: замест стварэння выбуховак стаў вучыцца знішчаць іх. Усе вельмі здзівіліся, бо заробак у сапёра значна меншы, чымся ў мінёра»
Мы праводзілі эксперыменты ў пакоі, даверху набітым выбуховымі рэчывамі. Яшчэ ў нас бывалі практычныя заняткі ў горадзе: у Тбілісі шмат старых дамоў, у якіх ужо немагчыма жыць. Мы разлічвалі неабходную колькасць выбуховых рэчываў і знішчалі гэтыя будынкі. Праз пару месяцаў навучання я здаў іспыты і атрымаў найвышэйшыя балы.
А потым адзін мой сябар і калега загінуў у Іраку. Ён быў для мяне прыкладам для пераймання, заўсёды вясёлы – ніколі не скажаш, што ён вайсковец. Мне стала зразумела, што на вайне занадта лёгка памерці і трэба з гэтым змагацца. Тады я памяняў профіль: замест стварэння выбуховак стаў вучыцца знішчаць іх. Усе вельмі здзівіліся, бо заробак у сапёра значна меншы, чымся ў мінёра. Але ж гэта не галоўнае.
Будні
– Я стараюся прачынацца на досвітку. Падымаюся на дах, 20 хвілінаў займаюся ёгай. Прымаю душ, снедаю, правяраю пошту. Потым за мной прыязджае шафёр на службовай машыне. Нашая частка стаіць за 35 км ад Тбілісі, бо ў горадзе забаронена праводзіць выпрабаванні з выбуховымі рэчывамі, а нам часам трэба рабіць эксперыменты. Дарэчы, за 100 км ад Тбілісі ёсць горы, на тэрыторыі якіх у нас шмат працы: там засталося шмат мінаў з часоў руска-грузінскай вайны.
Можа здацца, што праца сапёра – чыста практычная. Але яна не заключаецца ў пастаянным размінаванні. Насамрэч у ёй ёсць шмат нюансаў, таму вельмі важна мець добрую тэарэтычную базу. Мы праводзім шмат часу на занятках і ў лабараторыях. У мяне нават ёсць рабочая біблія – падручнік па супрамаце. Ён на рускай, таму мне даводзіцца падцягваць гэтую мову. Шмат што таксама залежыць ад надвор’я: напрыклад, пасля дажджу зямля змяняе свае ўласцівасці, ад гэтага размінаванне адбываецца інакш, чымся пры сухой зямлі. Шмат якія сапёры гінулі проста таму, што не ўлічвалі кірунку ветру ды іншых умоваў надвор’я.
Размінаванне выконвае каманда з некалькіх сапёраў і кінолагаў: сабакі могуць зрэагаваць на пах пораху.
Сапёры ідуць на заданне ў спецвопратцы, якая важыць 40 кг. У нас ёсць металашукальнікі, якія выглядаюць як палкі даўжынёю 1,5 м. Чым адчувальней прылада, тым большая глыбіня, на якой яна можа выявіць метал. У сярэднім гэта 1,5 м. Калі сэнсар рэагуе на матэрыял, у навушніках раздаецца шум. З дапамогаю металашукальніка сапёр вызначае контуры міны і пачынае раскопкі. Але спачатку трэба пераканацца, што на гэтым надзеле толькі адная выбухоўка: часцяком міны размяшчаюць цэлым россыпам і яны злучаныя міжсобку дратамі.
«Калі бачыш, як бацькі аплакваюць загінулага на вайне сына, ужо не мае значэння, за што ён змагаўся»
Сапраўдны сапёр паводле контуру міны хутка можа вызначыць, фабрычная яна ці самаробная. Фабрычную лёгка абясшкодзіць проста на месцы, а з самаробкамі бывае складаней: часам яе трэба пакласці ў кантэйнер і адвезці ў лабараторыю. У залежнасці ад матэрыялу, з якога вырабілі міну, вынікае спосаб яе абясшкоджвання.
Нельга сказаць, што ўсе міны выбухаюць ад аднаго толькі дотыку да іх. Яны могуць рэагаваць на масу, шум, тэмпературу – гэта сапёр разумее з вонкавага выгляду прылады. Некаторыя міны запускаюцца не адразу, а праз нейкі час.
Голымі рукамі выбухоўкі не зліквідуеш. Апроч звычайнай адвёрткі, трэба яшчэ некалькі адмысловых інструментаў. Калі сапёр вызначае, на што рэагуе міна, ён адцінае сувязь паміж выбуховым рэчывам і батарэйкаю. Але не ўсё так проста, як паказваюць у фільмах. У самаробных мінах можна сустрэць мноства рознакаляровых дратоў, якія ўстаўляюць, каб абдурыць дылетанта. Каб вызначыць, які дрот вядзе да выбуховай прылады, трэба з дапамогаю адмысловага інструмента спраўдзіць кожны з іх на зарад. Калі прыбор зрэагуе як «мінус на мінус» – значыць, гэты дрот і ёсць небяспечны.
Вайна
– На вайне няма тых, хто мае рацыю. Вайна – гэта фабрыка для вытворчасці грошай. Бо хто ўсе гэтыя людзі, якія ідуць ваяваць? У асноўным гэта беспатольныя, у якіх няма адукацыі, грошай і ежы. Галоднымі людзьмі вельмі лёгка кіраваць – ім проста абяцаюць залатыя горы, і яны вядуцца. Кіруюць імі тыя, у каго грошай і ўлады ў дастатку. Для іх не важныя пачуцці і думкі іншых.
На вайне мы бачым людзей, у якіх амаль няма ежы, і часам аддаем ім свой сухі паёк. Аднойчы я аддаў свой абед нейкаму бедняку, і тут жа пачалася бойка з тае прычыны: аднекуль набеглі іншыя людзі. Калі людзі галодныя, яны гатовыя на любыя вар’яцтвы.
Ёсць яшчэ і тыя людзі, якія проста хочуць абараніць сваю радзіму. Але на вайне няма паняцця правоў чалавека і роднай зямлі. Няма праўды – ёсць толькі інфармацыя, якую дае дзяржава.
У кіно звычайна ёсць герой, які змагаецца за радзіму і гераічна памірае за яе свабоду. Калі ў рэальным жыцці бачыш, як бацькі аплакваюць загінулага на вайне сына, ужо не мае значэння, за што ён змагаўся.
Нядаўна я вярнуўся з чарговай камандзіроўкі ў Сірыю. Там цяпер такая сітуацыя, што некаторыя сем’і вымушаныя прадаваць сваіх дзяцей на органы, каб самім з’ехаць з краіны. Прычым пакупнікі не сірыйцы, вядома, а людзі з заходніх краінаў. На жаль, гэты бізнес цяпер там вельмі развіты.
«Калі ўвечары я шпацырую ў Сірыі, Афганістане, Украіне ці Іраку і бачу, як дзеці гуляюць у дзіцячым садку, побач з якім я ўдзень абясшкодзіў міну, то адчуваю палёгку»
Яшчэ я сядзеў там у турме. Мы з калегамі адзначалі ў нейкім бары тое, што вярнуліся з задання цэлыя. Што было далей – сам не памятаю. Кажуць, я ўдарыў чалавека, які аказаўся нейкім важным тузам, і выбіў яму зуб. У судзе мне вынеслі прысуд: 5 гадоў. А сябрам, якія былі разам са мною, далі штраф $ 10. Кіраўнік майго штабу ўмяшаўся, і мой тэрмін скарацілі да аднаго месяца. Гэта ўсё вельмі дзіўна, бо я не люблю боек і ніколі не бяру ў іх удзелу.
У мяне ёсць фотаздымкі з розных войнаў, але ім наўрад ці хтосьці паверыць. У маёй працы вельмі важна ведаць, калі можна гаварыць, а калі трэба маўчаць.
Штодзень я выконваю працу, якую мала хто ў гэтым свеце робіць. Калі ўвечары я шпацырую ў Сірыі, Афганістане, Украіне ці Іраку і бачу, як дзеці гуляюць у дзіцячым садку, побач з якім я ўдзень абясшкодзіў міну, то адчуваю палёгку. Я не люблю сваю працу, але хтосьці мусіць яе рабіць. Так, у мяне не было вясёлага бесклапотнага студэнцтва, але я не шкадую пра гэта. Мае найлепшыя гады прайшлі на мінных палях, але я рабіў добрую справу. У той час, калі мае аднагодкі тусаваліся, праводзілі час у клубах, ганялі на машынах і жылі сённяшнім днём, я думаў пра спакойную будучыню сваіх дзяцей. Калі няма міру, усё губляе значэнне.
Цяпер я ўжо хачу змяніць сваю прафесію і стаць эколагам, ахоўваць прыроду, таму вучуся ў магістратуры па гэтай спецыяльнасці.
Ілюстрацыі by Sheeborshee
У новай рубрыцы «Кар’ера» джэдаі сваёй справы распавядаюць аб прафесіянальным досведзе. У першым выпуску – 44-гадовы журналіст Васіль Сямашка.
З'едлівы рэпорт з канцэрта амерыканскай рэп-рок-банды Hollywood Undead.
Аляксандр Найдзёнаў вучыць 34mag, як рабіць добры часопіс, і блытаецца ў сваіх альтэр-эга.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.