Бабай пад ложкам: як хорар стаў ключавым жанрам сучаснасці?

Сёння хорары не проста пужаюць — ды і чым ты напужаеш людзей, якія чытаюць навіны? — але дапамагаюць пражыць асабістыя і калектыўныя траўмы ці хоць на крок наблізіцца да іх асэнсавання. Тое, ад чаго бяжыш, прыходзіць да цябе ў бяспечнай прасторы кінатэатра пад пах папкорну ды пшыкі кока-колы, і становіцца ўжо не так страшна зазірнуць гэтым дэманам у твар. Разважаем, як жахлівікі сталі самым яркім і вострасацыяльным жанрам кінематографа, і раім дадаць сёе-тое ва ўласны ўоч-ліст.

 

Пра важнае, але без настаўленняў

Пасля прагляду хорару «28 Years Later: The Bone Temple» (2026) Ніа Дакоста ловіш сябе на думцы, што найбольш страшнае ў гэтым фільме не зомбі і не шматметровая вежа з чарапоў, а хеўра псіхапатычных маладзёнаў, якія заходзяць у дом без запрашэння. Яны не заражаныя вірусам, які ператварае іх у пачвар, што з рыкам выдзіраюць шкілет з тулава. Аднак і людзьмі яны застаюцца толькі тэхнічна: бо гэтыя чалавекі — без чалавечнасці. Яны заб’юць чыста дзеля забаўкі, але абавязкова абгрунтуюць забойства высокай філасофіяй. І калі зомбі — ахвяра «віруса лютасці» і тэарэтычна мае шанец вылекавацца, ачуняць і ўспомніць, што ён чалавек, то ці ёсць шанцы ў гэтых псіхапатаў? Як выпарыць вірус з галавы забойцы? Ці ў стане чалавецтва вынайсці прышчэпку ад такога віруса? Або талерантнасць да гвалту будзе расці і пад блюрам «sensitive content» у інстаграме нас нічога не ўразіць?

 


«28 Years Later: The Bone Temple» (2026)

 

Вось так жанравае кіно з шырокага пракату наштурхоўвае на разважанні пра рознае-важнае. Жанр жахаў даўно перарос маньяка ў масцы, які ўяўляе сабой чыстае зло і трушчыць усіх на сваім шляху (але найперш, канешне, салодкія парачкі, якія бессаромна кахаюцца па-за шлюбам). Цяпер пасля прагляду хорару мы можам абмеркаваць любыя нашыя страхі: праблемы ў адносінах, ізаляцыю, сямейныя траўмы, класавую няроўнасць, заклапочанасць новымі тэхналогіямі.

 

«Ніхто не вучыць цябе, як жыць, не ладзіць лекцыі пра “ўразлівыя групы насельніцтва” і нават на эмпатыю не цісне»

 

Там, дзе рэалістычная драма размаўляе з намі тонам пагардлівай усёзнайкі, класна зроблены жах забярэцца пад скуру, пацягне за нерв. Ён прамовіць важнае не ў лоб, а праз метафару і атмасферу. Калі ты глядзіш «I Saw the TV Glow» (2024) Джэйн Шонбрун пра падлеткаў, захопленых дзіўным тэлесерыялам, ты адчуваеш, як гэта — жыць не сваё жыццё. Ніхто не вучыць цябе, як жыць, не ладзіць лекцыі пра «ўразлівыя групы насельніцтва» і нават на эмпатыю не цісне. У такім хорары ты разумееш штосьці не галавой, а нервовай сістэмай. Табе страшна, агідна, трывожна, невыносна, цікава. У спадарожніцтве з класнымі рэжысёрамі адбываецца радыкальнае перажыванне, якое складана апісаць словамі. І ты з нецярпеннем чакаеш іх новых фільмаў.

 


«I Saw the TV Glow» (2024)

 

Не дзіўна, што жахі намінуюцца на першакласныя прызы — і атрымліваюць іх. Дэбютны фільм Джордана Піла «Get Out» (2017) узяў «Оскар» за найлепшы арыгінальны сцэнар. Галоўны герой тут дазнаецца пра вычварэнскі механізм бяссмерця: старыя людзі перасяляюцца ў целы маладых — і гэта безумоўна фільм пра расу, бо як «донары» тут прымусова выкарыстоўваюцца чорныя людзі. Але Піл не кажа праз экран прапісных ісцін: а-та-та, рукі прэч ад тых, каго дзесяцігоддзямі эксплуатавалі і прыніжалі. Ён зачароўвае цябе жудаснай гісторыяй. Ты праходзіш з Крысам шлях яго трывогі, цябе разам з ім прыкуюць да фатэля, каб увесці ў гіпноз.

У сваім наступным фільме «Us» (2019) Джордан Піл напэўна разважае пра клас і прывілеі, але гэта, зноў жа, зроблена тонка, да мурашоў. Раптам аказваецца, што ў людзей існуюць двайнікі, якія шмат гадоў жылі ў няволі і забыцці, бо гэта быў няўдалы дзяржаўны эксперымент. Аднойчы ў іх з’яўляецца шанец узяць сваё: з двайнікоў пераўтварыцца ў адзіных уладальнікаў гэтых целаў, гэтых жыццяў. Вядома, яны не стануць міндальнічаць. А глядач выйдзе з сеанса з шырока расплюшчанымі вачыма — «Што гэта было?» — і зразумее, што мяжу паміж дабром і злом давядзецца правесці самастойна.

 


«Get Out» (2017)

 


«Obsession» (2025)

 

Соль на сямейныя раны: балюча-гаюча

Хорары прапануюць бясконцы прастор для абмеркавання адносін, што вельмі актуальна для таго ж Threads. Усе сходзяць на «Obsession» (2025, Кары Баркер) — і давай разважаць пра тое, што ёсць аб’юзам і дзе пачынаецца гвалт. Заадно можна перагледзець рамкамы, на якіх раслі, і зніякавець ад таго, як пад соусам рамантыкі нам прадавалі ідэі пра каханне, якога трэба дабівацца (= сталкінг), і прыналежнасці адно аднаму да канца жыцця (= уласніцтва).

Герой «Абсэсіі» — сарамлівы Бэар, тыповы персанаж такіх рамкамаў, які не ўмее выказаць пачуцці і пакрысе плавіцца ў агні свайго жадання. Сказаць каляжанцы Нікі, што ён у яе закаханы, — складана. Давядзецца адкрыцца, а раптам яна яму адмовіць? Ці яшчэ горш — пасмяецца з яго? Куды лепш скарыстацца чароўнай палачкай з дзіўнаватай крамы, загадаўшы жаданне: «Няхай Нікі пакахае мяне больш за ўсіх на свеце». І вось Нікі жыць не можа без Бэара, не адводзіць ад яго вачэй, не ведае, чым заняць сябе ў яго адсутнасць, люта раўнуе, прыліпла як сала да падэшвы. Зрэдку праз чары прабіваецца яе свядомасць — свядомасць чалавека, які аказаўся ў адносінах супраць сваёй волі. Але гэта можна праігнараваць, бо «каханне» патрабуе некаторых ахвяр. Усе гэта ведаюць!

Пра ахвяры ў літаральным сэнсе вядзецца ў «Midsommar» (2021, Ары Астар), падзеі якога разгортваюцца ў суполцы жорсткага культу, куды трапляе дзяўчына з ПТСР і партнёр, які хацеў быў яе кінуць, але ў складаны час застаецца побач. Па сутнасці, фільм уяўляе сабой страшную казку, дзе галоўная гераіня губляе адну сям’ю і знаходзіць новую, як Беласнежка ці Папялушка, а на гэтым шляху ёй трэба разабрацца ў адносінах з мужчынамі.

 


«Midsommar» (2021)

 

Аўтары хорараў з усіх бакоў падыходзяць да тэмы сямейных траўм і працягваюць у розных выглядах пераносіць на экраны дэманаў з нашых галоў. Калі ў 1980 годзе Джэк Нікалсан увасобіў такога дэмана ў «Ззянні», кіно не спадабался ні тагачасным крытыкам, ні Стывену Кінгу, па раману якога Стэнлі Кубрык гэта зняў. Нягледзячы на тое, персанаж няўдахі-пісьменніка, які глушыць творчую імпатэнцыю алкаголем і радыкальна выплёхвае фрустрацыю на жонку і сына, застаўся ў кінагісторыі. Што ж, недарма Нікалсан зламаў каля 60 дзвярэй на здымках сцэны, якая пасля стала мемнай!

 

«Аўтары хорараў з усіх бакоў падыходзяць да тэмы сямейных траўм і працягваюць пераносіць на экраны дэманаў з нашых галоў»

 

Але гэта ўсё цьмянее ў параўнанні, напрыклад, з вобразам Эсі Дэвіс у фільме «The Babadook» (2014, Джэніфер Кент), які метафарычна (і вельмі страшна) распавядае гісторыю страты мужа і бацькі. Да хлопчыка пачынае прыходзіць звышнатуральная істота, і спачатку здаецца, што малому трэба прапіць пігулачкі, але хутка адкрываецца, што пігулкі патрэбныя яго маці, бо тое, што пужае малога, жыве ў ёй. Гэта сапраўды класны фільм, каб паразважаць пра тое, як мы перажываем страту блізкіх і што замятаем пад дыванок сваёй свядомасці. (Але фільм страшны, мы папярэдзілі.)

 


«The Babadook» (2014)

 

Дзіўныя атракцыёны

Чым скончыцца «Адысея», ты напэўна ведаеш. Чым скончыцца жах — не заўжды або не да канца. Калі гэта ўвогуле высакалобае кіно кшталту фільмаў Джуліі Дзюкарно, то бывае нават складана ўчапіцца за логіку таго, што адбываецца. Давядзецца суцэльна аддацца вайбу. Бо што яшчэ зробіш, калі табе расказваюць гісторыю дзяўчыны, якая зацяжарыла ад аўтамабіля, забіла процьму ні ў чым не павіннага народу, а цяпер прыкідваецца юнаком, якога шмат гадоў таму згубілі яго бацькі («Titane», 2021, залатая пальмавая галінка ў Канах). Застаецца толькі чакаць, каго ж яна народзіць. А пасля, як перавядзеш дух, можна паразважаць і пра гендарныя ідэнтычнасці, і пра страх перад тэхналогіямі, за развіццём якіх ужо ніхто не паспявае, а што на розуме ў тых машын — хто яго ведае. Можа, разыдземся палюбоўна, а мо і не. Песімісты, вядома, абіраюць прагнозы аўтараў «Чорнага люстэрка».

 


«Titane» (2021)

 


«Backrooms» (2026)

 

Акрамя шырокага поля для разважанняў, хорары даюць і цікавы эстэтычны досвед. Крыпіпаста з інтэрнэтаў пераносіцца на вялікі экран («Backrooms», 2026, Кейн Парсанс), каб паразважаць пра тое, што хаваецца ў антрэсолях нашай падсвядомасці. Але гледачам будзе і проста цікава паказытаць нервы ў лімінальных прасторах, дзе жоўценькія шпалеры ды мігаценне офіснага святла тэлепартуюць ва ўсе казённыя дамы, што былі абыдзеныя за жыццё.

 

«Жоўценькія шпалеры тэлепартуюць ва ўсе казённыя дамы, што былі абыдзеныя за жыццё»

 

Калі ж захочацца больш густога наратыву і вынаходлівых сюжэтных паваротаў, вэлкам у свет «Weapons» (2025, Зак Крэгер). Аднойчы ўначы 17 вучняў трэцяга класа знікаюць без вестак. Застаецца толькі адзін. Разгадка звязаная з ім? Ці штосьці не тое з настаўніцай? Як бацькі перажывуць такую трагедыю? Камера пераключаецца з аднаго героя на іншага, мы паслухмяна цягнем за гэтую нітачку, каб разматаць страшны клубок, у якім можна пабачыць нават алегорыю на скулшуцінг, але гэта будзе зусім не тое, што ты бачыў(-ла) у фільмах пра школьную страляніну. У шматлікіх момантах будзе нават смешна (хоць і страшна таксама будзе).

 


«The Lighthouse» (2019)

 

Пацягнула на большы псіхалагізм? Вось табе «The Lighthouse» (2019) Роберта Эгерса ў эстэтыцы твораў Эдгара Алана По і Говарда Лаўкрафта, чорна-белы артхаус у фармаце 4:3, натхнёны марскімі байкамі пра звар’яцелых суворых дзядзек. Нашпігаваны рознымі адсылкамі для разумнікаў-кінафілаў, гэты фільм нагадае пра мізэрнасць чалавека перад сіламі прыроды і марнасць яго амбіцый падпарадкаваць сабе тое, што шматкроць больш за яго.

Так, фільмы, згаданыя тут, вельмі розныя, а дыяпазон мастацкай палітры занадта шырокі: ад інтэрнэтаўскай крыпіпасты да сур’ёзна-замарочанага фестывальнага кіно. Але іх яднае жаданне пакапацца ў чалавечай прыродзе і расказаць нам нешта пра нашыя трывогі. Каб нешта разумець, трэба ў гэта ўзірацца. А там, глядзіш, прыйдзе палёгка.