Лена Мялешка

  • 08.07.2016
  • Аўтар: 34mag
  • 4131

Журналістка і моладзевая актывістка Лена Мялешка распавяла 34mag, як сваімі сіламі можна ажывіць і мадэрнізаваць любімую лесапаркавую зону, калі дзяржаўныя ўстановы не хочуць гэтым займацца.

 

 Гераіня:  Лена Мялешка, 26 гадоў. Журналістка, стваральніца праекту «Наша Сцежка» у Салігорску. Зараз у дакрэце, і актывізм паставіла на паўзу, але праект жыве сваім жыццём, таму што валанцёры здолелі палепшыць інфраструктуру зялёнай зоны для карыснага і здаровага адпачынку.

VK

Арыгінальная дата публікацыі – 08.07.2016. Матэрыял выходзіць з невялікімі праўкамі.

 

Гісторыя Лены


– Я скончыла інстытут журналістыкі, і па размеркаванні мяне накіравалі ў родны Салігорск. У мяне было два месяцы да пачатку работы на мясцовым тэлеканале, і я пачала актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці: арганізоўвала велапакатушкі, суботнікі і многае іншае.

Я заўсёды вельмі любіла нашу лесапаркавую зону, таму што часта бавіла там час у дзяцінстве. Але цяпер звярнула ўвагу на тое, што яна стала вельмі запушчанай. Там заўсёды шмат смецця, уся інфраструктура даўно развальваецца, і многія людзі прыходзяць туды проста выпіць піва на лавачках. Таму мы з сябрамі сталі праводзіць суботнікі, прыбіраць тэрыторыю, але праз тыдзень там зноў станавілася брудна.

Аднойчы мы задумаліся: як зрабіць так, каб наша праца была эфектыўнай? І стала зразумела, што гэты лес трэба цалкам перафарматаваць, перазагрузіць.

Калі зрабіць яго камфортным і прыемным, людзі перастануць там гадзіць, стануць ставіцца да яго больш сур’ёзна. Падчас абдумвання гэтай ідэі я натыкнулася на інфармацыю пра шоу «Горад» і зразумела, што гэта менавіта тое, што трэба. Мы з камандай падалі заяўку і ў выніку выйгралі.

 

 

 

Пачатак сцежкі


– Раней на «Нашай Сцежцы», або на «Сцежцы Здароўя», было зусім страшна. Усе савецкія аб’екты былі абшарпаныя, фарба на іх аблупілася. Невялікі фургончык, які выконваў функцыі распранальні і склада спартыўнага інвентара, быў увесь размаляваны непрыстойнымі надпісамі. За старымі столікамі пастаянна збіраліся выпівакі. Да таго ж у лесе не было скрыняў для смецця, і адна кінутая на зямлю паперка праз тыдзень ператваралася ў звалку. У сукупнасці гэта ўсё стварала досыць панурае ўражанне, хацелася як мага хутчэй адтуль уцячы. І пры гэтым лес – транзітная зона ў горадзе: практычна ўсе жыхары Салігорска кожны дзень там праходзяць.

На дзяржаўным узроўні тут пастаянна праводзяцца мерапрыемствы накшталт спартыўнага арыентавання і бегу, але да нас ніхто з простых актывістаў не праводзіў тут нічога падобнага. Гэты лес знаходзіцца на балансе ЖКГ, і яна не спраўляецца з усёй працай, таму дадзеная тэрыторыя была ў такім сумным стане – з дарогі ж не відаць, і гэта галоўнае. Пытанне аб рэканструкцыі ўздымалі гадоў дзесяць таму: адзін чалавек ад ФАК (фізкультурна-аздараўленчы комплекс) пісаў у газеты, звяртаўся ў выканкам, але так і не давёў справу да канца. Ён спадзяваўся, што калі напісаць адзін артыкул, то адразу ўсё зменіцца. Мы вырашылі не проста заявіць пра тое, што ёсць праблема, але і зрабіць нешта сваімі рукамі, таму прынялі ўдзел у «Горадзе».

 

 

 

Show must go on


– Шоу «Горад» – гэта нейкае чараўніцтва. Я вельмі хвалявалася, што мне будзе некамфортна сярод удзельнікаў, але ўсе апынуліся крэатыўнымі і ідэйнымі людзьмі, з якімі мы былі на адной хвалі. Было бачна, што ўсе ад душы займаюцца сваімі справамі, і таму мы шчыра адно аднаго падтрымлівалі, дзяліліся вопытам. Вельмі класна было пагутарыць з аднадумцамі, бо ў сваім горадзе я часта сустракаю неразуменне: людзі пытаюцца, навошта я займаюся нейкім гарадскім актывізмам і ці ёсць у мяне наогул праца.

Наш праект пастаянна дапаўняўся новымі ідэямі, якія з’яўляліся ледзь не пасля кожнай лекцыі і гутаркі. Я зразумела, што нам патрэбен брэндынг, лагатып, фірмовыя пазнавальныя колеры, каб у людзей адразу была візуальная асацыяцыя са словамі «Наша Сцежка».

Наконт лагатыпа ў мяне была ідэя: турнік, да якога прыкладзены трыпутнік, бо інфраструктура – гэта балючае месца лесу. Мой сябар-дызайнер намаляваў лога, мы раздрукавалі банеры, налепкі, сталі іх расклейваць. Раней я ніколі не звярталася да спонсараў – усё рабіла з дапамогай сяброў і знаёмых. Але падчас шоу наладзіла кантакт з адным друкаваным цэнтрам, і нам зрабілі 20-адсоткавую зніжку як сацыяльнаму праекту. З часам іншыя кампаніі нават самі тэлефанавалі і пісалі нам, прапаноўвалі свой удзел: настолькі гэтая ідэя закранула людзей. Вядома, не ўсе, да каго я звярталася па фінансавую падтрымку, згаджаліся нам неяк дапамагчы. Але адмова – гэта вопыт, выклік сабе, праз які трэба прайсці.

 

 

 

Суботнік па-новаму


– Пасля перамогі на шоу і атрымання ўзнагароды мы правялі вялікі суботнік у лесе. Каб прыцягнуць увагу да мерапрыемства, я вырашыла зрабіць фотасэт з прыгожымі падкачанымі дзяўчынамі і хлопцамі, каб паказаць: «Сцежка Здароўя» – гэта не нейкае маркотнае савецкае месца, а сучасная лакацыя для класных спартыўных мерапрыемстваў. За адзін дзень знайшла фатографа і мадэляў, і за пару гадзін мы правялі здымкі.

На суботніку мы прыбіралі смецце, прыкручвалі урны, ставілі самаробныя лавачкі і вешалі паказальнік і дзве карты, якія я распрацоўвала. Прыйшоў адзін ініцыятыўны хлопец і павесіў шэсць шпакоўняў з надпісам «Наша Сцежка», што дзіўна, бо ён нават не папярэджваў нас пра гэта загадзя. Яшчэ прыйшлі дзве жанчыны з гаспадаркі, якія прыбіраюць «Сцежку Здароўя», і былі ў шоку: яны ніколі не бачылі, што людзі самі прыходзяць, прыбіраюць і ставяць скрыні.

Каб мерапрыемства не было сумным і прымусовым, мы арганізавалі вялікую культурную праграму. Студыя ёгі правяла для нас занятак, быў майстар-клас па зумба-фітнесу, прыходзілі хлопцы з клуба гістарычнай рэканструкцыі і паказвалі баі на мячах, была гульня ў алтымат фрысбі, рамеснікі прапаноўвалі свае вырабы, мясцовыя крышнаіты частавалі ежай. Дом культуры будаўнікоў бясплатна прадаставіў нам гукавую апаратуру і генератары.

Больш за ўсё нам дапамагалі валанцёры і прыватныя кампаніі, але дзяржструктуры таксама ўдзельнічалі – у першую чаргу аддзелы архітэктуры і ідэалогіі выканкама, якія ўсё ўзгаднілі і дазволілі. ЖКГ дала нам трактар для вывазу смецця.

Але як усё адбывалася. Першапачаткова я папрасіла выканкам пасадзейнічаць у прыцягненні ЖКГ. Ім пераслалі мой ліст з просьбамі і прапановамі. Калі я стэлефанавалася з дырэктарам ЖКГ, ён перанакіраваў мяне да нейкага мужчыны, і той сказаў нешта накшталт: «Вам заняцца няма чым? У нас нічога няма. Усё, што мы вам можам даць, – гэта трактар. Але навошта вам трактар? Там жа няма смецця!» Мне прыйшлося доўга тлумачыць, што сцежку прыбіраюць толькі на бачных участках. У выніку нам усё ж такі далі трактар, а фарбу і урны прыйшлося набываць самім. Ну, дзякуй і на тым.

Калі ЖКГ у апошні момант паведаміла, што сметнікаў няма, за адзін дзень я знайшла ў Менску кампанію, якая займаецца вырабам металаканструкцый, і заплаціла каля 100 еўра са сваёй кішэні за скрыні. Потым звярнулася да дырэктара адной нашай IT-кампаніі, і ён згадзіўся пакрыць выдаткі на гэта. Мой тата з’ездзіў у Менск і прывёз нам новыя сметніцы. У той жа дзень мы з сябрамі выкопвалі ямы на «Сцежцы Здароўя», бетанавалі іх, каб затым усталяваць скрынкі – і ўсё гэта адбывалася пад дажджом. Потым вырашылі замаляваць усякія пенісы на фургончыку-распранальні – у 8 гадзін вечара пачалі фарбаваць і скончылі, калі ўжо сцямнела, а на суботніку яшчэ дадалі графіці.

 

 

 

Пра змены


– Пасля суботніка мы не спыніліся і сталі далей развіваць «Сцежку Здароўя». Літаральна праз тыдзень мы адкрылі пляцоўку для ўсходніх практык, каб усе жадаючыя прыходзілі туды займацца ёгай. Раней на гэтым месцы былі столікі, дзе людзі проста бухалі, а праз год там сталі займацца спортам. Было прыемна назіраць, што на «Сцежцы» з’яўляецца ўсё больш людзей, якія проста сядзяць, размаўляюць, чытаюць, адціскаюцца, ладзяць пікнікі.

 

Тэкст by Captain White
Фота by latishka