Лена Куляшова

  • 30.11.2015
  • 2152

Лена Куляшова адвучылася сем гадоў у Вільні і з задавальненнем вярнулася ў Ліду. Мы пагутарылі з дзяўчынай пра рамантыку пазасталічнага жыцця, пра тое, як адкрыць сэканд-хэнд у правінцыі, знаходзіць час на дапамогу бяздомным жывёлам і чаму ў Лідзе ўсё толькі пачынаецца.

 

 Гераіня:  Лена Куляшова, 30 гадоў. Скончыла ЕГУ па спецыяльнасці «медыя і камунікацыя» і ІПД па спецыяльнасці «менеджар-эканаміст». Заснавальніца сэканд-хэнда Flea shop і праекта дапамогі бяздомным жывёлам Zoo help у Лідзе.

 Чым займаецца:  дапамагае маламаёмасным ды бежанцам; дапамагае знайсці новых гаспадароў бяздомным жывёлам.

VK  |  ОК

Арыгінальная дата публікацыі – 30.11.2015. Матэрыял выходзіць з невялікімі праўкамі, якія дазваляюць зразумець, як мянялася гераіня і яе актывізм праз гады.

 

 

«Калі я з'язджала пасля школы з Ліды, думала: “Божа, як выдатна, нарэшце!”»

Гісторыя Лены

– Калі я з'язджала пасля школы з Ліды, думала: «Божа, як выдатна, нарэшце!» Я вяла спецыяльны каляндар, закрэсліваючы дні да ад'езду, і лічыла, што больш ніколі сюды не
вярнуся. Праз сем гадоў я ўспамінала гэта і дзівілася, як жа ўсё змяняецца. Дастаткова пажыць у іншай краіне, каб зразумець – хачу дадому. Мне тут падабаецца.

Я, напэўна, у душы правінцыялка. Не ведаю, з чым гэта звязана. Можа, з тым, што ўсё маё свядомае і несвядомае жыццё прайшло ў гэтым горадзе. Мне падабаюцца больш блізкія сувязі з людзьмі, тут немагчыма выйсці на вуліцу і ні з кім не павітацца. Гэта горад-вёска, у якім ты кожнага ведаеш, і тут усё вельмі міла. У Вільні я сябе адчувала не як дома, горад нібы ўтульны, прыгожы, архітэктура, усё супер. Але з часам я зразумела, што не архітэктура робіць горад, а людзі. Можна сказаць, я вярнулася праз людзей, для мяне горад гэта і ёсць людзі.

Мне здаецца, людзі даўно прызвычаіліся вінаваціць усё і ўсіх вакол, акрамя сябе. Горад не той, людзі не тыя, усё не так, а я ж такі цудоўны, чаму нічога не адбываецца ў маім жыцці? Трэба проста пастаянна рухацца, а рухацца можна і ў мястэчку з пяццю тысячамі насельніцтва.

 

 

«Штомесяц мы развозім рэчы па бліжэйшых вёсачках, маламаёмасных сем'ях, дапамагаем бежанцам»

Flea shop у правінцыі

– Сэканд адкрыўся ў другой палове 2013 года, пасля таго як я вярнулася з Вільні. Я праніклася гэтай еўрапейскай традыцыяй, а ў нас тое не асабліва развіта, пры тым што я бачу, якая прапанова на нашым рынку ёсць, і яна не радуе. Людзям хочацца мець у гардэробе больш стылёвыя і модныя рэчы па даступным кошце. Гэта не першы сэканд у Лідзе, але ў маім раёне не было ніводнага.

Сэканд Flea shop запрацаваў па адрасе Паўднёвы гарадок, 25. Я купляла абсталяванне на польскіх звалках, рабіла ўсё з падручных матэрыялаў. Унутры і звонку ўсё размалёўваў мастак Жэня Ковек. Пачынала ўсё я сама, потым падключыўся мой малады чалавек, цяпер гэта сямейны бізнэс. За рэчамі я традыцыйна езджу ў Вільню.

У нас вельмі шырокі асартымент. У краму прыязджаюць дзяўчаты на крутых машынах, пенсіянеры, маладыя мамы, багатыя, небагатыя, сябры, сябры бацькоў. У нас вялікае памяшканне, у ім жа мы адкрылі заакрамку, і 5% прыбытку аддаем яму. Як ідуць справы? Закрывацца мы дакладна не плануем, плануем пашырацца. 

У нас застаецца шмат адзення, мы аднойчы вырашылі адпраўляць яго не на склад, а туды, дзе яно будзе больш карысным. Штомесяц мы развозім рэчы па бліжэйшых вёсачках, маламаёмасных сем'ях, дапамагаем бежанцам. Уцекачам мы дапамагалі восенню 2015-uf, калі быў пік перасялення. Ім выдавалі хаты тут, у вёсках, мы збіралі ў людзей прадметы мэблі, інтэр'ера, посуд і плюс з крамы вялікія мяхі. У месяц ад 50 да 100 рэчаў мы аддаем і ў царкву, і ў Чырвоны Крыж. Як толькі з'яўляецца той, каму гэта трэба, – адразу рэагуем. Першапачаткова мы самі шукалі людзей, а потым ведаеш як гэта пачынае працаваць – дзесьці пачулі, хтосьці расказаў. Таксама мы ўдзельнічалі ў экалагічнай акцыі па ўборцы нашага горада «Зробім», праводзілі дабрачынны распродаж для збору грошай на аперацыю дзіцяці, і ў дзень абароны жывёл шукалі ўсё неабходнае для лапаў і хвастоў.

 

 

«Максімум у мяне адначасова было 10 катоў на ператрымцы, калі казаць пра сабак – то 5 шчанюкоў»

Праект Zoo help

– Праект Zoo help займаецца дапамогай бяздомным жывёлам. Гэта ініцыятыўная група неабыякавых людзей, усе дзяўчаты. У нас ва ўсіх свае сем'і, працы, але мы стараемся знаходзіць час на тое, чаго тут ніхто не робіць, – дапамагаем жывёлам. Мы знайшлі дом для прыблізна сотні хвастоў. Мы падбіраем іх з вуліцы, адвозім да ветэрынара, калі трэба – стэрылізуем, лечым, робім усё для таго, каб потым прыстроіць. Як правіла, за свае грошы.

Мы ўсе на роўных, у нас няма лідараў, мы стараемся адна адну падтрымліваць і існуем у выглядзе сяброўскай тусоўкі. Асноўных у нас 6-7 чалавек, ёсць тыя, хто прыходзіць і сыходзіць. Дапамагаць жывёлам у тэорыі нашмат прасцей, чым насамрэч. Трэба сапраўды гарэць гэтай ідэяй для таго, каб не шкадаваць часу і сілаў.

Напачатку нам дапамагаў усяго адзін ветэрынар у горадзе, а цяпер усё дактары ідуць нам насустрач, таму што разумеюць:паток жывёл велізарны. Яны дапамагаюць, бясплатна аглядаюць, робяць аперацыі. Лідскае тэлебачанне падключылася да акцыі «Сусветны дзень абароны бяздомных жывёл» і зрабіла пра нас рэпартаж. Стала крыху лягчэй гэтым займацца. У Лідзе ёсць яшчэ некалькі груп дапамогі жывёлам, але афіцыйна ў нас няма ні прытулкаў, ні гадавальнікаў. Мы ўсе між сабой знаёмыя, бо горад невялікі, у кожнага розныя функцыі, разам стараемся скласці агульны пазл.

Усе жывёлы знаходзяцца на ператрымцы ў нас дома альбо часам мы шукаем новыя ператрымкі – людзі даглядаюць жывёл на ўмовах таго, што мы забяспечваем кормам і ўсім неабходным. Максімум у мяне было адначасова 10 катоў на ператрымцы, калі казаць пра сабак – 5 шчанюкоў. Пры тым што ў мяне ёсць свае котка і сабака. Мой малады чалавек вельмі цярплівы, мне здаецца, іншы б мяне ўжо даўно выгнаў.

 

 

«Як кажа наш сябар з Менска: “Ліда – горад іпэшнікаў”»

Рэнесанс у Лідзе

– Ліда цяпер на стадыі «запуску»: быццам бы тут мала чаго ёсць, але ўсе людзі нашага ўзросту з тусоўкі пачынаюць чымсьці займацца, нешта адкрываць. Як кажа наш сябар з Менска: «Ліда – горад іпэшнікаў». Кожны другі – прадпрымальнік, усе пачынаюць запаўняць свабодныя нішы, і тым самым фармуецца дзвіж, які працуе між сабой па бартэры. Тусоўка невялікая, чалавек 15, усіх актыўных у горадзе я яшчэ не ведаю. Хтосьці адкрывае кавярню, хтосьці квэст-рум, хтосьці даўно займаецца клубным жыццём – месцаў для баўлення вольнага часу ў нас сапраўды няшмат.

Не сумна мне тут пасля Вільні? Наогул я лічу, што адгаворкі недарэчныя – горад не той, людзі не тыя. Усё толькі ад чалавек залежыць. Калі яму падабаецца месца, дзе ён жыве, то сумна не будзе, заўсёды знойдзецца занятак. Так, часам даводзіцца нейкія забавы вышукваць, але ў цэлым не сумна. Што я больш за ўсё люблю ў Лідзе – яе блізкасць да прыроды: за дзесяць хвілінаў дарогі можна ад'ехаць у лес альбо да возера. Калі ты ўмееш весяліцца, то шукаць нічога не трэба, усё само прыходзіць.

 

Фота by Игорь Колас