18588 0

Пінскі Mad Max

У 1896 годзе амерыканская чыгуначная кампанія Missouri-Kansas-Texas Railroad арганізавала незвычайную імпрэзу: на вачах 40 тысяч гледачоў супрацоўнікі кампаніі сутыкнулі два лакаматывы на хуткасці 45 міль у гадзіну. Гэтае краш-шоу стала своеасаблівай прадцечай аўтадэрбі – спорту, дзе шляхам сутыкнення трэба прымусіць матор праціўніка замоўкнуць. Апошнім часам аўтадэрбі набірае папулярнасць і ў Беларусі. Мы з’ездзілі ў Пінск, дзе ў суботу, 5 снежня, прайшла чарговая сесія мотабойкі.


Пахмурнае неба толькі пачынае прачынацца, калі мы ва ўтульным салоне хуткаснага мікрааўтобуса пакідаем абдымкі сталіцы. Мы накіроўваемся на поўдзень, у адно з двух сэрцаў беларускага Палесся – у самабытны Пінск, дзе ў гэтую суботу, пятага снежня, чатырнаццаць аўтамабільных монстраў павінны сутыкнуцца ў смяротным баі на мясцовым мотабольным стадыёне. Цёплыя позневосеньскія пейзажы ўпіваюцца ў нашу свядомасць, стомленую аселым жыццём.

«Нараджэнне баявога юніта адбываецца за пятнаццаць кіламетраў ад горада, у вясковым гаражы»

Праз чатыры гадзіны Пінск паўстае перад намі. Мы прыехалі на дзень раней, каб засняць працэс падрыхтоўкі да спаборніцтва, але наш герой пакуль не бярэ слухаўку, і мы бязмэтна шпацыруем па набярэжнай. Калі мы ўжо страчваем надзею пранікнуць у таямніцы экстрэмальнага цюнінгу, ператэлефаноўвае Андрэй, сябар заўтрашняга ўдзельніка аўтабойкі. Ён падхоплівае нас па дарозе ў майстэрню. Высвятляецца, што нараджэнне баявога юніта адбываецца за пятнаццаць кіламетраў ад горада, у вясковым гаражы, і калі б не шчаслівы збег абставінаў, самі мы ніколі не знайшлі б туды дарогі.

 

 

Нараджэнне баявога юніта

Па дарозе Андрэй распавядае нам пра структуру і правілы будучага дэрбі: «Барацьба будзе праходзіць у двух класах: “база” і “анлім”. “Базавыя” машыны можна ўмацоўваць толькі ўнутры каркаса: вакол кіроўцы, рухавік, трансмісію. У пілота рамяні бяспекі, шлем. Каркас не дазваляе машыне пры ўдары змінацца. Нават калі яна перакуліцца, з кіроўцам будзе ўсё ў парадку. “Анлім” – гэта цяжкі клас. Машыны абвараны вакол сапраўдным экзашкілетам з трубаў. Танк заязджае на такую – і нічога». Машыны бяруцца хоспісныя, то-бок якім застаецца ўжо адзіны шлях – на металалом. Пасля апгрэйду іх нават можна прадаць даражэй праз павелічэнне агульнай масы жалеза. Але ёсць кабылкі, якія ўдзельнічаюць не адзін раз і ўжо маюць культавы статус.

Наш герой, 31-гадовы Саша, у дэрбі ўдзельнічае ўпершыню. Сваім жалезным сябрам ён абраў савецкую нятленку – першыя «Жыгулі», «капейку». Кажа, што ягоны светапогляд фармаваўся ў савецкія часы, што ўсе мы разам і трэба адно аднаму дапамагаць. Гэтыя ідэі ён і жадае данесці сваім удзелам у спаборніцтве. Саша сустракае нас ля прыватнага дома і запрашае ўнутр.

«Машыну мы ўзялі тыдзень таму, – распавядае ён. – Арганізатары прапанавалі: “Паспрабуеш? Зробіш?” Кажу: “Знойдзеце машыну – давайце”. У нядзелю прыгналі, і вось з панядзелка ваюю. Людзі дапамаглі з трубамі, хто што мог. Варылі тры-чатыры гадзіны ўтрох. З аўтавозам нам таксама пашанцавала – знайшлі, яе ж нельга на дарогу выпускаць. Зараз прыедзе чалавек, дапаможа карбюратар адрэгуляваць». Іра, Сашава жонка, частуе нас кавай, мы адаграемся і пытаемся, ці не боязна ёй адпускаць мужа на гонкі. «Канешне, я хвалююся, – адказвае яна. – Насамрэч, хацела пайсці сама, але ў гэты раз не жаночае дэрбі. Жаночага дэрбі яшчэ не было, але мы ўсё падбіваем арганізатараў».

Мы даем нырца ўнутр драўлянага гаража, дзе нас сустракае чырвоны механічны волат з ужо ўвараным у нетры каркасам з трубаў. У гаражы – звычайны бессістэмны парадак, дзе можна знайсці неабходныя рэчы нават раней, чым пачнеш іх шукаць. Хлопцы наладжваюць карбюратар, мяняюць свечы, прыварваюць у салоне радыятар, Іра арганізоўвае стабільныя пастаўкі гарачых напояў. Стрэлкі гадзінніка паволі замаруджваюцца, час становіцца ліпкім, гаворка перацякае на тэмы рыбалкі і сучасных нораваў. У момант краху помпы ахалоджвання мы, канчаткова скалеўшы ад холаду, падаемся ў хату. Гаспадары прапаноўваюць нам заночыць у прагрэтым печкай пакоі. Цяжка адмовіцца!

 

 

 

 

 

«“Базавыя” машыны можна ўмацоўваць толькі ўнутры каркаса: вакол кіроўцы, рухавік, трансмісію»

 

 

 

 

 

 

 

«Тэрыторыя будучай бойкі абнесена гумавымі коламі і ад душы ўдобрана пяском»

 

Стальныя гладыятары на арэне

Зранку мы едзем на аўтавозе ў горад. Ля пад’езду да стадыёна назбіралася чарга па квіткі, якая трохі шалее, калі бачыць пракачаны экспанат за нашымі плячыма. З ім мы мінуем пост аховы і ганарліва робім кола пашаны вакол падрыхтаванай да дэрбі пляцоўкі. Тэрыторыя будучай бойкі абнесена гумавымі коламі і ад душы ўдобрана пяском, напэўна, для брутальнасці відовішча і прабуксоўкі байцоў. Побач з арэнай у лінію выцягнуліся сапраўдныя стальныя гладыятары, якія сваім рыкам даюць зразумець, што іх стрымлівае толькі гаспадар, інакш стадыён будзе разнесены на трэскі.

У цэнтры стадыёна адбываецца лёсаванне і тлумачэнне правілаў: калі разумееш, што тваёй тачцы капец, падымаеш руку ўгару, каб больш не бамбілі. Калі выехаў за колы, трэба вярнуцца і тады толькі браць разгон, каб лупануць па праціўніку. Стартуем па-амерыканску: машыны едуць па коле – сцягі ўзнятыя, сцягі апушчаныя – бойка пачынаецца. Выйграе той, хто можа яшчэ завесціся. Два заезды «базы», потым «анлім», зноў «база». Другі раўнд. Паехалі!

На арэну выязджаюць першыя тры гульцы: гібрыдная Shelby-Волга, другі Golf і нашая чырвоная «капейка». З калонак раве Personal Jesus у мэнсанаўскім выкананні, гледачы нястрымна пляскаюць у ладкі. Машыны кружляюць, як крумкачы, гатовыя перагрызці адно аднаму глоткі ў любую секунду. Узмах сцягам! Пасля першага ўдару ў «капейкі» задзіраецца капот, але Саша не губляецца. Бачна, што ягонаму агрэгату не хапае цягі, каб нанесці моцны ўдар. Але ў гэтым раўндзе церпіць больш за ўсіх «Волга» – у яе выварочвае пярэдняе кола. Саша ў пэўны момант таксама глохне, але прычына вельмі прыкрая – адарвалася педаль газу. «Гольф» – пераможца! Машыны распаўзаюцца па норах залізваць раны, на сцэну заступаюць наступныя рвачы.

Адыходзім на кава-паўзу – астудзіць пыл і сагрэць душу. На трыбунах народу няшмат, але, напэўна, дастаткова для бясснежнай снежаньскай суботы. Вакол стадыёна дзяжураць паўтузіна службаў: пажарныя, медыкі, МНС, нават заўважаем машыну размініравання. Карацей, усё спакойна і пад кантролем.

 

 

Жыццё і смерць «анлімаў»

Вяртаемся якраз на хардкор: у коле гойсаюць зубатыя «анлімы», рыхтуючыся да скокаў смерці. Удар, яшчэ ўдар, удар пад дых. Цікава, што праз непрабівальную браню корпус амаль не шкодзіцца. Адзіны шлях да перамогі – лупануць так, каб унутры нешта адвалілася. Праз працяглую мітусню і серыю атак пераможцам выходзіць баранавіцкі «Митяй» – сапраўдны цягнік, які быццам сышоў з аднаго з пастаментаў багатага на чыгуначныя артэфакты горада.

«Машыны счапіліся так, што павыкручвалі адно аднаму колы, а дым валіў, як з ямайскага чыліму»

Відовішчам нумар адзін аказваецца бойка паміж пінскім «Фордам Скорпіа» і пінскім «Гальфом». Машыны счапіліся так, што павыкручвалі адно аднаму колы, а дым валіў, як з ямайскага чыліму.Працягласць усяго шоу – чатыры гадзіны, але адразу пасля кульмінацыі мы падышлі да Сашы развітацца. Ягоная тачка вылецела пасля другога кола бойкі – адарвалася цяга. Але ён не падаецца расчараваным, са шчырай усмешкай наш герой кажа: «Мая мэта была дасягнута. Па-першае, я хацеў давесці сабе, што змагу. Па-другое, прыцягнуць людзей да гэтага мерапрыемства. Не для таго, каб пабіцца, а каб людзі ўмелі гэтым займацца. Трэба ўмець усё, і калі моладзь будзе да гэтага імкнуцца, яны паадрываюцца ад сваіх камп'ютараў і пачнуць рабіць нешта сваімі рукамі. Хачу сказаць, што калі ёсць жаданне – ёсць тысяча магчымасцяў, калі жадання няма – ёсць тысяча прычын».

З лёгкім сэрцам мы пакідаем стадыён, на ўваходзе замаўляем сабе па некалькі чабурэкаў і паступова распушчаемся на радарах Палесся.

 

 

 

Мерапрыемства арганізавана баранавіцкім аўтаклубам «СтритЛайн».

Шчыры дзякуй за гасціннасць Сашы і Іры, а таксама Кірылу, які з лёгкасцю быў гатовы ўпісаць нас у сябе.


Відэа by Кірыл Сынкоў


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ

Пакуль няма ніводнага каментара

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.