Лена Карпілава

  • 29.06.2015
  • 3031

 

Арганізатарка Minsk Design Week и куратарка «Школы архітэктурнага мыслення для дзяцей» Лена Карпілава распавяла 34mag пра тое, як маладыя дызайнеры шукаюць сваё месца пад сонцам.

 Гераіня:  Лена Карпілава, 30 гадоў. Скончыла менскі мастацкі каледж імя Глебава на аддзяленні жывапісу і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў па спецыялізацыі «Мастацтвазнаўства». Заснавальніца і экс-каардынатарка праекта Minsk Design Week. Куратарка «Школы архітэктурнага мыслення для дзяцей».

 Факты:  Тыдні дызайну пад куратарствам Лены Карпілавай адбываліся ў Менску тройчы – у 2012-м, 2015-м і 2016-м годзе. Па сутнасці, гэта была першая спроба зрабіць маштабны праект, прысвечаны беларускаму прадметнаму дызайну, і вывесці яго на еўрапейскі ўзровень. У 2017-м годзе пад назвай Minsk Design Week прайшло мерапрыемства кампаніі «Экспафорум», якая раней выступала ў якасці партнёра MDW. Імя Лены Карпілавай з брэндам MDW больш не звязанае.

«Школа архітэктурнага мыслення для дзяцей»  |   FB

Minsk Design Week

Арыгінальная дата публікацыі – 29.06.2015. Матэрыял выходзіць з невялікімі праўкамі, якія дазваляюць зразумець, як мянялася гераіня і яе актывізм праз гады.

 

Гісторыя Лены

– Я вучылася на жывапісца ў мастацкім каледжы, пасля адзін год правяла ў ЕГУ, але кінула ўнівер ды вярнулася ў Менск. Слаба ўяўляючы, як можна ў Беларусі працаваць мастаком, а тым больш вольным мастаком, мы з сябрам накіраваліся ў Саюз дызайнераў. Я ўжо і не памятаю, з якой прапановай я да іх прыйшла – падаецца, тое быў нейкі праект, звязаны з выданнем часопіса. Але з гэтага нічога не атрымалася. Тым не менш у Саюзе я засталася і працавала там два гады – сярод іншага дапамагала ў правядзенні выставаў і конкурсаў.

Пасля звальнення пачалося вольнае плаванне ў статусе індывідуальнага прадпрымальніка. Я шукала партнёраў і рабіла праекты, якія мяне цікавілі, пачала выпускаць дызайнерскую біжутэрыю Karpilava. Потым я сталася супрацоўніцай прадпрыемства «Экспафорум», якое, дарэчы, дапамагло нам арганізаваць Minsk Design Week-2015.

 

 

 

 

 

Што такое Minsk Design Week?

– MDW быў незалежная ініцыятыва па развіцці і прасоўванні дызайну ў Беларусі. Цягам тыдня на пачатку траўня праходзілі выставы, падмацаваныя праграмай кінапаказаў, лекцый і прэзентацый – усё было аб’яднана тэмай дызайну. Асноўную ўвагу мы надавалі прадметнаму і прамысловаму дызайну. Яго праявы можна сустрэць паўсюль у штодзённым жыцці – ад крэслаў у кавярнях да агульнага выгляду тралейбусаў. Навошта ўсё гэта было? Каб адкрыць новыя імёны ў беларускім дызайне, аб’яднаць прафесійную супольнасць, пазнаёміць дызайнераў-пачаткоўцаў са спецыялістамі і прадпрыемствамі, што можа дапамагчы іх кар’еры.

Першая выстава Minsk Design Week адбылася ў 2012 годзе, але тады я рабіла яе з іншай камандай. Пазней каманду праекта склалі я, дызайнер і архітэктар Юра Таўбкін, архітэктар Андрэй Каравянскі. Юра Таўбкін мае талент дыпламата – гэта ён размаўляў са спонсарамі і пераконваў іх падтрымаць праект. Абодва хлопцы далучыліся да маёй амаль прыватнай ініцыятывы праз шчырую адданасць дызайну, і таму ў нас атрымалася рабіць вялікую падзею зусім невялікімі сіламі. Таксама нам вельмі дапамагалі валанцёры, за што ім асобны дзякуй.

Пасля 2012-га непасрэдна «тыдзень дызайну» мы не праводзілі два гады запар, але ў 2014-м зладзілі выставу беларускага прадметнага дызайну за мяжой. Яна прайшла ў Літве і называлася «AlbaRuthenia. Belarusian design now». Там мы паказалі аўтарскія прадметы асвятлення, мэблю і інтэр’ерныя аксэсуары, створаныя маладымі беларусамі. Гэта была спроба ўключыць родны дызайн у агульнаеўрапейскі кантэкст.

 

 

 

 

 

Як праходзіў Minsk Design Week-2015?

– Minsk Design Week-2015 складаўся з выставы прадметнага дызайну – акрамя беларусаў, былі ўдзельнікі з Польшчы, Расіі, Літвы і Украіны. Украінскі дызайнер Юра Цэгла прывёз вельмі крутыя гамакі, якія ў яго замовілі для выкупу ў першы ж дзень выставы. Дадому ён вяртаўся без багажу і вельмі задаволены. Для нас гэта таксама асалода – ведаць, што на экспанаты ўдзельнікаў ёсць попыт. З беларусаў былі Максім Шняк, Ігар Салаўёў, асабіста мне вельмі спадабаліся студыі Doppo і Hetta – яны робяць дызайнерскую мэблю.

Уваход на выставу быў бясплатны, адзінае, што мы прасілі наведнікаў запаўняць невялічкія анкеты, гэта дапамагло вызначыць аўдыторыю праекта. Дарэчы, для брэндаў арэнда выставачнай плошчы таксама нічога не каштавала.

Другая выстава – так званых «малых архітэктурных формаў» – прайшла ў Траецкім прадмесці. Там шмат зацікаўленасці выклікаў удзел студыі Лебедзева. Яшчэ адна экспазіцыя была прысвечаная плакату, выканаўцамі былі студэнты Акадэміі мастацтваў.

Таксама ў межах Minsk Design Week мы зладзілі вялікую праграму майстар-класаў, можна сказаць мануальных. Па працы з керамікай, шклом, драўнінай, быў нават майстар-клас па друку ў тэхніцы лінагравюры – агулам восем воркшопаў. Усе заняткі вялі прафесіяналы, якія прадстаўляюць або буйныя прадпрыемствы, або з’яўляюцца незалежнымі дызайнерамі, як, напрыклад, Раман Сустаў. Нягледзячы на тое, што ўдзел быў платны, ахвотнікаў набралася дастаткова – некаторыя майстар-класы нават дзяліліся на дзве групы. За кошт уваходу слухачы атрымоўвалі неабходныя матэрыялы і пасля заканчэння маглі забраць з сабой зробленую імі дызайнерскую рэч. Верагодна, людзям сёння не стае адчування чагосьці сапраўднага, матэрыяльнага ў сваёй руцэ – адсюль і попыт на ўдзел у майстар-класах.

 

«Наша місія была звесці маладога беларускага крэатыўшчыка з мясцовымі вытворцамі»

 

Яшчэ адна ініцыятыва, якую атрымалася рэалізаваць, – конкурс на стварэнне дызайнерскага крэсла. 6 траўня на футбольным манежы сем фіналістаў зрабілі макет свайго крэсла ў лайф-рэжыме, а журы абрала пераможцу, ёй стала Марыя Віршыч.

І апошні пункт – дзелавая праграма: у нас было васямнаццаць падзей цягам чатырох дзён! Спікерамі выступалі дызайнеры, куратары, прадстаўнікі кампаній з Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі ды Італіі. Хэдлайнерамі сталіся польскі крытык дызайну Рэнэ Вавжкевіч і міланскі архітэктар і дызайнер Джузэпэ Маранда, а таксама вядомая ў Беларусі дызайнерка інтэр’ераў Наталля Галонская. Мы былі прыемна здзіўленыя колькасцю слухачоў, часам залы былі перапоўненыя.

Па ініцыятыве Юры Таўбкіна ландшафт асноўнай выставы ў 2015-м цалкам змяніўся, цяпер на занятай прасторы з’явілася цэнтральная плошча, нібыта ў маленькім еўрапейскім горадзе. На ёй кавярня «Зерне» прадавала каву, адбываліся лекцыі і сустрэчы, дзеці малявалі крэйдай на дошках, а хтосьці нават катаўся на самакаце. Мы пераканаліся, што нават такія нестандартныя пляцоўкі, як футбольнае поле, можна прыстасаваць для культурніцкіх ініцыятыў.

У 2016 годзе Minsk Design Week адбыўся 23–29 красавіка і быў аб’яднаны тэмай «Веды». Фарматы ўдзелу прапаноўваліся такія: экспазіцыя на футбольным манежы і на адкрытай гарадской прасторы, адукацыйная частка, аднадзённая бліц-прэзентацыя нерэалізаваных праектаў Show the project!, майстар-класы і дзіцячыя праграмы.

 

 

 

Хто такі беларускі дызайнер?

– У Беларусі навучацца прадметнаму дызайну можна ў Акадэміі мастацтваў, дзе існуюць кафедры прамысловага дызайну ды інтэр’ера і абсталявання. Мне падаецца, што наш дызайн – рамесны, ці інакш – народны, у ім шмат паўтарэнняў. Беларускія дызайнеры за мяжой ахвотна асімілююцца і застаюцца, бо там іх працу цэняць.

Часам, калі я пытаюся «Як ты плануеш свой праект рэалізоўваць?», чую ў адказ – «Ну, як-небудзь». І тады пачынаю думаць, што нашыя дызайнеры крыху лянівыя. У гэтым і ёсць галоўнае адрозненне аматара ад дызайнера: апошні павінен дакладна разумець, якія матэрыялы яму спатрэбяцца для выканання задумкі, у якой колькасці, колькі будзе ў выніку каштаваць прадукт, якія ў праекта ўвогуле «шанцы на жыццё».

Місіяй Minsk Design Week было звесці маладога беларускага крэатыўшчыка з мясцовымі вытворцамі. Паказаць прадпрыемствам «маладых і яскравых» і прастымуляваць іх працаваць разам. У нас на фабрыках, вядома, яшчэ няма перадавых тэхналогій па выкананні нейкіх прадуктаў, якія ёсць у той жа Літве. Але наша ўзаемадзеянне з беларускімі прадпрыемствамі паказала, што дамовіцца з імі цалкам рэальна.

 

Фота by Лёша Заяц