Што глядзець на Beat Weekend 2019?
- 19.09.2019
- 5752
З 10 па 13 кастрычніка ў Менску ў пяты раз пройдзе фестываль дакументальнага кіно пра музыку і новую культуру Beat Weekend. Публікуем поўную праграму фэсту.
Галоўнае пра Beat Weekend 2019
Праект, як заўжды, падтрымлівае рухавік аўтарскага кіно ў масы Cinemascope.
Паказы пройдуць у кінатэатры «Ракета» (які нядаўна абвясціў, што з Cinemascope яму больш не па дарозе).
Ажно тры фільмы з сямі прысвечаныя клубнай сцэне. Галоўны конь у гэтай запрэжцы – кіно пра берлінскіх фэйскантрольшчыкаў, сярод якіх, канешне, Свэн Маркварт з клуба Berghain, які калі ўжо разверне цябе на ўваходзе, то не дапамогуць ні слёзы, ні скуголенне пра тое, што ты марыш трапіць на лепшы рэйв у сваім жыцці.
Да стагоддзя вялікай архітэктурнай школы Баўхаўз прывязуць фільмец «Дух Баўхаўзу».
Мова паказаў: арыгінал + рускія субцітры.
Кошт: адзін сеанс = 7 BYN.
Квіткі: у касах «Ракеты» ці на сайце Bycard.by (клікай ніжэй па назвах, калі хочаш набыць квіток).
Поўная праграма
Рэжысёр: Мэт Тырнаур
10 кастрычніка, 19:00
13 кастрычніка, 21:00
Фільм 2018 года пра легендарны нью-ёркскі клуб 70-х. Людзі, якія жылі ў эпоху, калі нюхаць какос і спаць абы з кім было яшчэ модна, распавядаюць пра той час. На фоне транслююцца вогненныя архіўныя кадры.
Схадзіць на гэтае кіно варта хоць бы затым, каб яшчэ раз прызнаць: так, Нью-Ёрк нават 50-гадовай даўніны куды больш прасунуты ва ўменні жыць у кайф, чым твой родны горад.
«Берлінскі фэйскантрольшчык» / Berlin Bouncer
Рэжысёр: Дэвід Дытль
10 кастрычніка, 21:00
12 кастрычніка, 19:10
Гісторыі трох легендарных фейскантрольшчыкаў, якія стаялі на дзвярах галоўных клубаў Берліна з канца 90-х да нашых дзён: Свэна Маркварта (Berghain), Смайлі Болдуіна (Delicious Donuts) і Фрэнка Кюнстэра (King Size). Камера праводзіць герояў на зыходзе дня і сустракае на досвітку. Глядач назірае за жыццём клубным, за жыццём «звычайным» і – пры пэўным узроўні эмпатыі – можа раздзяліць настальгію па тых часах, калі адзін клуб мог сфармаваць цэлую эпоху, а адзін фэйскантрольшчык – цэлы клуб.
Над музычным складнікам фільма працавалі Tiefschwarz і Isolation Berlin.
«Raving Riot: Рэйв каля парламента»
Рэжысёр: Сцяпан Паліванаў
11 кастрычніка, 19:30
Кіно пра падзеі траўня 2018 года ў Тбілісі: памятаеш, паліцэйскія наляцелі з антынаркатычным рэйдам на галоўны грузінскі тэхна-клуб Bassiani і вялі сябе далёка не па-джэнтльмэнску? Рэйверы тады не сталі разжоўваць соплі, седзячы па дамах, а выйшлі на вуліцу з мірным пратэстам.
Спантанны рэйв пад будынкам парламента на вуліцы Руставелі доўжыўся два дні. Відовішча для беларусаў настолькі ж фантастычнае, як фінал Лігі чэмпіёнаў БАТЭ – Рэал Мадрыд.
Рэжысёр: Шэймус Мёрфі
11 кастрычніка, 21:00
13 кастрычніка, 19:00
Стужку пра спявачку неверагодна тонкага густу і тонкай душы Пі Джэй Харві зрэжысараваў яе блізкі сябра – фатограф і вайсковы карэспандэнт Шэймус Мёрфі. Парачка здзейсніла сумеснае падарожжа па гарачых кропках планеты, а на выхадзе атрымаўся аўдыявізуальны калаж, дзе песні з «The Hope Six Demolition Project» нараджаюцца з кадраў паездкі (тут, напрыклад, кабульскі кінатэатр, падлога якога ўсыпаная кулямі).
На праглядзе можна злавіць катарсіс, быццам пабываў(-ла) на жывым канцэрце. Ну і бонусам: дзе ты яшчэ пабачыш, як Пі Джэй рагоча і разважае пра кошт сваіх басаножак?
«Everybody in the Place: Рэйв як забастоўка»
Рэжысёр: Джэрэмі Дэлер
12 кастрычніка, 17:50
Немарудная лекцыя пра феномен эйсід-хаўсу, якую сучасны мастак Джэрэмі Дэлер чытае старшакласнікам звычайнай англійскай школы.
На працягу гадзіны Дэлер распавядае пра росквіт падпольных рэйваў на фоне сацыяльных катаклізмаў у час прэм’ерства Маргарэт Тэтчэр. Думка яго мудрагеліста віхляе туды-сюды, каб прывесці да прастой высновы: усе нашы дзеянні – яны пра палітыку. Нават калі ў суботу мы збіраемся бавіць час не на мітынгу, а на рэйве.
«Дух Баўхаўзу» / Bauhaus Spirit: 100 Years of Bauhaus
Рэжысёры: Нільс Болбрынкер, Томас Тыльш
12 кастрычніка, 21:00
Пра Баўхаўз ужо да халеры ўсяго выйшла, паспрабуй скажы тут новае слова. Аднак гэтая стужка – больш, чым традыцыйны экскурс у гісторыю, яе пазіцыянуюць як «хуткую ін'екцыю сутнасці сучаснай культуры», і яно неяк так і ёсць.
У аўтараў атрымалася выйсці на сур’ёзную размову пра будучыню гарадоў і супольнасцяў. Тут табе і рэпартаж з рэвалюцыйнай стакгольмскай школы без адзінага кабінета, і кадры з кінаінструкцыі Вальтэра Гропіуса пра новы побыт, і размова з дзвюма выпускніцамі амерыканскай рэінкарнацыі Баўхаўзу пра тое, якім неверагодным рэчам іх там вучылі.
Рэжысёры: Bang Bang Education
13 кастрычніка, 17:00
Аўтары гэтага кіно сабралі 33 аўтарытэтных дызаў з Расіі (без Арцемія Лебедзева не абышлося), каб паразважаць пра нацыянальнае ўспрыманне прыгажосці. Калі табе нешта гавораць такія гучныя імёны, як Валерый Галыжанкоў, Пакрас Лампас, Антон Шнайдэр, Дзяніс Башаў, Алег Пашчанка, то варта схадзіць паслухаць, якія, на іх думку, этычныя ды эстэтычныя каштоўнасці нясе рускі дызайн свету.