Купалаўскі. Вольных не звольніць

Сезон у Купалаўскім мусіў пачацца іначай, прычым – з гучнага камбэка. Але, але. Новапрызначаная адміністрацыя тэатра падпісала 58 заяў на звальненне – заяў тых, хто сышлі за Паўлам Латушкам, якога пазбавілі пасады дырэктара з-за нязгоды з дзяржапаратам. Годны па-грамадзянску, прафесійна, па-чалавечы, Купалаўскі стаў для нас узорам і салідарнасці. З любоўю і падзякай да тэатра прыгадваем гістарычныя хайлайты, узнаўляем хроніку пратэсту і гутарым з купалаўцамі пра пошукі будучыні. Верым, што гэта толькі антракт.

 

Вартасць Купалаўскага тэатра сканцэнтраваная ў складніках яго азначэнняў – нацыянальны, акадэмічны, носіць імя паэта Янкі Купалы, – але значна перасягае гэты шэраг. Без уліку апошніх падзей, цягам стагоддзя свайго існавання ён сабраў за плячыма колішнія амплуа губернскага тэатра, падмосткаў таварыства драмы і камедыі, тэатра ў эвакуацыі падчас Другой сусветнай, лаўрэата шматлікіх прэмій.

 

 

 Шэсць фактаў пра найстарэйшы тэатр краіны 

 

Купалаўскаму тэатру – 100 год.

Купалаўскі – амаль равеснік беларускай дзяржаўнасці, культуры «маладой Беларусі». Адначасова ён нязменны сучаснік беларуса: нас з табой, нашых бацькоў, іх бацькоў і далей. Размаіты ад пачатку, як сама краіна, як праграма адкрыцця першага тэатральнага сезона (1920 год) са спектаклямі паводле твораў Ажэшкі, Шолам-Алейхема і Чэхава ў выкананні беларускай, яўрэйскай і расійскай труп.

 

Фасад Купалаўскага ў цяперашнім абліччы бачылі яшчэ ўдзельнікі Першага Усебеларускага з’езду 1917 года.

Адвечны будынак тэатра таксама мае ўласную гісторыю, якая вядзе адлік ад 1890 года. Да стварэння Купалаўскага тэатра ў будынку на рагу Аляксандраўскага сквера месціўся Менскі гарадскі тэатр. У «Памятнай кніжцы Менскай губерніі на 1910 г.» будынак апісваўся як «лепшы ў горадзе па прыгажосці і вытанчанасці». Цяперашняе аблічча Купалаўскага аднаўляе гістарычны антураж, у якім удзельнікі Першага Усебеларускага з’езду (1917 год) абвясцілі права беларусаў на незалежнасць, самавызначэнне і стварэнне дэмакратычнага ўраду.
 

У 2007 годзе на гэтай сцэне ў апошні раз з’явіўся бел-чырвона-белы сцяг.

101-ы тэатральны сезон меўся вярнуць у бягучы рэпертуар тэатра «Тутэйшых» – адну з найбольш знакавых пастановак паводле аднайменнай п’есы Янкі Купалы (рэжысёр – Мікалай Пінігін). Адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі ў 1992-м, спектакль на паўтара года забаранілі пасля рэферэндуму ў 1995-м, па выніках якога дзяржаўным сцягам Беларусі стаў чырвона-зялёны. У ліпені 2002 года «Тутэйшых» паставілі зноў, але неўзабаве п’еса з афіш знікла. У 2007-м, да 125-годдзя Янкі Купалы, п’есу паказалі, быццам у апошні раз. А ў траўні 2010-га абвясцілі, што «Тутэйшыя» адпраўляюцца ў архіў «зусім і назаўсёды». Афіцыйна: з нагоды састарэлых дэкарацый. На думку многіх гледачоў, сапраўдная прычына ў тым, што напрыканцы спектакля на сцэне з’яўляўся бел-чырвона-белы сцяг. Прэм’ерны паказ адноўленага яханта праграмы, які быў запланаваны на чэрвень 2020-га, перанесла пандэмія. Тэатралы чакалі камбэка 23 верасня, але не дачакаліся. Калі ж узгадаць сёлетнія прыгоды карцін з галерэі «Арт-Беларусь», падаецца горка іранічным, што ў новым сезоне разам з «Тутэйшымі» нас чакала прэм’ера пластычнага спектакля «En souvenir de Шагал».

 

Купалаўскі шануе традыцыі. І стварае новыя.

Гісторыя Купалаўскага – гісторыя купалаўцаў. Сцвярджаюць гэта і дасюль гучнае імя Стэфаніі Станюты, і афішы Уладзіміра Цэслера, і сапраўдная рэжысёрская школа Мікалая Пінігіна – бо і «Ураджай» (рэж. Дзмітрый Цішко), і «Шляхціца Завальню» (рэж. Алена Ганум) ставілі ягоныя вучні. Апроч таго, акадэмічны тэатр прыхільны да новых формаў і скарыстоўвае іх на поўную. Так, падчас 100-га, юбілейнага сезона з’явіўся «Купалаўскі часопіс», жывыя трансляцыі «Купалаўскі online» і «Купалаўскі дома», праекты «Паўлінка на Купалле», «Чытаць я хацеў!».

 

Рэпертуар тэатра – анталогія беларускай драматургіі.

Калі на пачатку мінулага стагоддзя п’есы Купалы інсцэнізавала беларускае драматычнае таварыства, хіба мог сабе ўявіць драматург, што пакіне сваё імя яго нашчадкам? Кожны тэкст, што трапляе ў Купалаўскі, – вялікі гонар і вялікае выпрабаванне для аўтараў, для сучаснікаў і класікаў, для беларусаў і замежнікаў. Рэпертуар тэатра збірае бясконцую анталогію, дзе побач з Дуніным-Марцінкевічам, Дударавым, Макаёнкам з’яўляюцца Папова, Пражко, Кавалёў, Бахарэвіч і Горват.

 

Купалаўскі з’яўляецца нацыянальным культурным брэндам.

Сёння Купалаўскі і купалаўцы – і асалода для гледачоў, і крутая візітоўка. Рэч не ў гастролях у Лондане, Парыжы, Маскве, Вільні ды іншых гарадах свету. Але ў рэакцыі палешукоў на «Радзіва “Прудок”»: «Гэта ўсё пра мяне, гэтая бабуля – мая бабуля…» Рэч не ў тым, што цягам двух тыдняў гэтай вясной каля 65 000 чалавек глядзела online-паказы. Але ў тым, што злавіць сабе квіткі на спектаклі Купалаўскага была тая яшчэ задача.

 

 

 Што здарылася сёлета? Пратэсная хроніка 

 

13 жніўня

Калектыў Купалаўскага заяўляе, што паказ спектакляў часова прыпыняецца, і абвяшчае гатоўнасць да забастоўкі. У звароце, падпісаным прыблізна дзвюма сотнямі супрацоўнікаў, тэатр заклікае да пераліку галасоў прэзідэнтскіх выбараў. Ад сілавых структур Купалаўскі патрабуе спыніць гвалт адносна мірных грамадзян і парушэнне іх праў.

 

14 жніўня

Генеральны дырэктар Купалаўскага Павел Латушка – на сустрэчы з міністрам культуры Юрыем Бондарам. Увечары ён далучаецца да ўдельнікаў мірнай акцыі на плошчы Незалежнасці і заклікае главу МУС, яго намесніка і іншых адказных за жорсткае абыходжанне з затрыманымі, падаць у адстаўку.

 

16 жніўня

Дырэктар і акцёры Купалаўскага падпісваюць адкрыты зварот да беларусаў, перадусім – да беларускай арміі. У ім просяць неадкладнай адстаўкі і ўзбуджэння крымінальных спраў супраць тых, хто аддаваў «злачынныя загады», а таксама супраць «усіх службовых асоб, вінаватых ці тых, хто мае дачыненне да гэтых злачынстваў».

 

17 жніўня

Па-над тэатрам лунае бел-чырвона-белы сцяг. Патрабаванне зняць яго купалаўцы сустракаюць адмовай. З Паўлам Латушкам датэрмінова разарваная працоўная дамова (паводле артыкула 259 працоўнага кодэкса РБ). Калектыў тэатра масава падпісвае заявы на звальненне.

 

18 жніўня

Юрый Бондар прыязджае ў Купалаўскі. Супрацоўнікі тэатра выстаўляюць ультыматум: альбо на пасаду дырэктара вяртаецца Латушка, альбо міністр падае ў адстаўку. У адваротным выпадку купалаўцы звольняцца.

 

19 і 20 жніўня

Тэрмін ультыматума скончыўся без змен. Нацыянальныя сцягі зніклі з фасада, а сам будынак аказваецца зачыненым для супрацоўнікаў. Паводле афіцыйнай версіі – у сувязі з «санітарна-эпідэміялагічнай апрацоўкай усіх памяшканняў тэатра». Унутры, паказваюць па тэлебачанні, – Валерый Грамада, выконваючы абавязкі дырэктара, і асобы ў форме.

 

21 жніўня

Купалаўскі ідзе на прастой. Калектыў тэатра піша каля 80 заяў на імя Грамады (ранейшыя страцілі юрыдычную сілу).

 

25 жніўня

Сустрэча акцёраў з в.а. дырэктара не адбываецца, бо сам Валерый Грамада адмовіўся прысутнічаць.

 

26 жніўня

З Купалаўскага тэатра звольненыя 58 супрацоўнікаў, у тым ліку – 36 акцёраў.

 

 

 Што далей? 

 

Мікалай Заяц, прэс-сакратар

 

«Купалаўскі – гэта не толькі сцены»

«Мы збіраліся зусім інакш пачынаць 101-ы сезон, падчас якога Купалаўскі тэатр павінен быў адзначыць стогадовы юбілей. Яшчэ некалькі дзён таму наш аддзел распрацаваў планаванне па прасоўванні нашых прэм'ер, мелі намер зладзіць святочныя вечары з нагоды стагоддзя. Варта адзначыць, што Купалаўскі – гэта, напэўна, самы актыўны беларускі тэатр. Менавіта мы аднымі з першых пачалі паказваць спектаклі ў сеціве, сінхронна перакладаць іх для гасцей з замежжа, рабіць шмат цікавых ініцыятыў і праектаў. Сёння некаторым планам спраўдзіцца няма магчымасці. Купалаўскі – гэта не толькі сцены і будынак з багатай гісторыяй, гэта яшчэ і таленавітыя людзі. Многія акторы імкнуліся патрапіць у Купалаўскі менавіта з-за калектыву, менавіта з-за таго, якія людзі тут працуюць. Гэта ж матывавала і многіх гледачоў прыходзіць на спектаклі. Цяпер сабраць такі калектыў будзе праблемай. Тэатр, які натхнёна захоўваў багацце беларускай культуры, сёння штучна паралізаваны.

Культура – гэта не аб'ект спекуляцый у частцы адносінаў да дзяржавы. Купалаўцы па-за палітыкай – гэта не значыць, што яны не маюць сваёй пазіцыі, гэта значыць, што яна ёсць, яна ва ўсіх розная, але ніколі не становіцца прычынай разладу. Купалаўцы – гэта людзі творчасці і культуры, яны не працавалі і не працуюць на дзяржаву. Калі будынак тэатра належыць дзяржаве, гэта абсалютна ніяк не павінна датычыцца таго, якія погляды маюць супрацоўнікі, што там працуюць. Дзяржава існуе для таго, каб рэгуляваць грамадскія ўзамадзеянні, а не для таго, каб дыктаваць, каму і як думаць. З гэтым купалаўцы заўсёды ў стане разабрацца самастойна. Дзяржава не павінна дыктаваць нам, якія каштоўнасці мы павінны зберагаць».

 

 

Эрык Арлоў-Шымкус, артыст аркестра

 

«Цяпер нам трэба навучыцца жыць у новых абставінах»

«Думаю, шмат хто ў тэатры быў маральна гатовы да звальнення. Наш мастацкі кіраўнік [Мікалай Пінігін. – заўв. 34mag], калі мы першасна сказалі пра заявы, ужо трымаўся гэтай пазіцыі.

Купалаўскі – гэта ў першую чаргу акторы, але насамрэч яшчэ шмат іншых службаў (сярод якіх і музыкі). Гэта асобы, твары, бо часта людзі ходзяць не на спектаклі, а менавіта на канкрэтных актораў, якіх ведаюць і пазнаюць. Таму зараз хочацца перадусім захаваць калектыў. Ёсць некаторыя ўнутраныя рознагалоссі, але гэта натуральна, бо яны павінны быць у любым калектыве. Да таго ж яны паказваюць плюралізм меркаванняў. Апошнія падзеі нас толькі аб’ядналі.

Купалаўскі для купалаўцаў як дом. Вельмі шкада пакідаць наш будынак, але ён усё роўна застаецца толькі будынкам. А ёсць мы, ёсць людзі, якія любяць нас і падтрымліваюць. Гэта нікуды не знікне. Калі сітуацыя ў краіне зменіцца, лічу, што мы без праблем вернемся. Нават у той самы тэатр, які будзе нас чакаць. Пакуль ён не пад нашым кантролем: зараз яго гвалцяць, але нічога з гэтым мы, на жаль, зрабіць не можам.

Цяпер нам трэба навучыцца жыць у новых абставінах, суарганізавацца. Дагэтуль быў пэўны класічны фармат працы, з прыходам ковіду паявіліся новыя анлайн-фарматы. Гэта вельмі клёва, бо тэатр здолеў адаптавацца пад новыя ўмовы і яшчэ больш пашырыць аўдыторыю. Ёсць розныя ідэі, як мы можам далей граць, як можам працягваць дыялог з гледачом: ці то на новай пляцоўцы, ці то якімсьці новым чынам нашкталт сустрэч з аматарамі тэатра. Зараз шукаем варыянты.

Сумняюся, што які-небудзь з тэатраў пойдзе на тое, каб стаць “штрэйкбрэхерам”, замяніць сваіх жа калег – ёсць акторская салідарнасць. Нават калі так, гэта зойме час. Зрабіць спекталь з нуля займае мінімум 2–3 месяцы падрыхтоўкі ў актыўным тэмпе, без уліку працы рэжысёра над самой канцэпцыяй спектакля, а калі ставіць яго нанова з новымі людзьмі – трэба мінімум паўгода. З улікам таго, што ў верасні мела адзначацца стагоддзе Купалаўскага тэатра, цяпер хіба што могуць запусціць нейкія эстрадныя калектывы, выкарыстоўваць тэатр як пляцоўку. Але ў такім разе ім трэба будзе шукаць і новую аўдыторыю».

 

Крысціна Дробыш, актрыса
 

«Купалаўскі будзе жыць, пакуль не памрэ апошні купалавец»

«Гэта ўдар пад дых. Як быццам хтосьці блізкі памірае: ты разумееш, што гэта непазбежна, чакаеш, і табе здаецца, што ты падрыхтаваны, але, калі здараецца, усё адно гэта ўдар, які трэба прыняць. Моцны ўдар, хоць мы і былі падрыхтаваныя. У мяне, напрыклад, гэта сем сезонаў, у кагосьці – шаснаццаць, трыццаць, сорак. Калі мы клалі першую заяву, я асабіста разумела, што, хутчэй за ўсё, так яно і скончыцца. Цяпер спрэчныя пачуцці: адчуваеш сябе вольным, але воля гэтая трохі балючая.

З аднаго боку, кожны мае права звольніцца. З іншага – мы ўсе разумелі, што пратэст пераўтварыў гэтае права ў пытанне да міністэрства: ці вы гатовыя пайсці на гэты крок? І яны былі гатовыя.

Маю заяву аб звальненні падпісаў чалавек, якога я ніколі ў жыцці не бачыла. Ён не бачыў ніводнага спектакля, на спектаклях я яго ні разу не бачыла. Хутчэй за ўсё, ён нават не ведае, як я выглядаю, і маё прозвішча, напэўна, ведае толькі з дакументаў, каб паставіць яго “на аловак”. Так мяне звольніў чалавек, якога я нават не знаю. Выгнаў з дому.

За сем гадоў я засвоіла тое, што ў тэатры ты вучышся пераймаць традыцыі, якія дзясяткамі гадоў складалі людзі. Купалаўскі – гэта традыцыя. Ёсць пэўная годнасць, якую ты нясеш незалежна ад абставін. Справа ў тым, што ты мусіш яе несці і ў паўсядзённым жыцці: бо купалавец не проста той, хто працуе ў тэатры, – гэта трошкі большае, трошкі вышэйшае. Мне спадабалася думка ў каментарах, што Купалаўскі будзе жыць, пакуль не памрэ апошні купалавец.

Рэпертуару цяпер няма. Няма ніводнага спектакля, які можна было б зараз сыграць, дзе быў бы для гэтага поўны склад. Болей таго, няма ніводнага рэжысёра, які б займаўся ўводамі ў спектакль кагосьці іншага. Калі ўзяць у тэатр новых людзей, набраць рэжысёраў (я б паглядзела ў вочы таму, хто прыйдзе) – гэта ўсё адно не месяц, не два, а добрыя паўгода падрыхтоўкі. Што будуць мець людзі? Толькі тэкст. Купалаўскі спектакль – гэта не тэкст, гэта сэнс. Таму не ведаю, што выйграла ўлада і міністэрства тым, што падпісалі заявы.

Што будзе далей? Мы плануем жыць. Мы сям’я, а сям’ю не пакідаюць. Мы розныя, у нас могуць быць розныя меркаванні. Мы можам горача спрачацца і быць нязгоднымі адно з адным, але на тое яна і сям’я, каб, можа, і не разумець таго, хто побач, але проста безумоўна любіць.

Я вельмі хачу, каб мы былі, каб мы жылі.

Правілаў у гэтай гульні няма. Мы спрабавалі існаваць, падпарадкоўваючыся законным шляхам. Але яны правілаў не маюць, і мы мусім быць да гэтага гатовымі. Канешне, мы будзем уважлівымі і ўсе далейшыя крокі будзем трансляваць у народ. Мая просьба -- не губляйце нас з далягляду, будзьце побач.

“Паўлінка” пачынаецца са словаў, што падчас Другой сусветнай вайны тэатр быў у эвакуацыі. Цяпер я кажу, што тэатр у эміграцыі. Але мы будзем жыць. Колькі зможам, будзем жыць».

 

Фота: flejtmotiv