Ксенія Зянькова

  • 27.02.2017
  • Аўтар: 34mag
  • 3088

Мы сустрэліся з арганізатаркай і заснавальніцай віцебскага праекта «Тыдзень дызайну», выкладчыцай Ксеніяй Зяньковай, каб запытаць, навошта ёй лішні «груз» у дадатак да асноўнай дзейнасці, што дае гэты праект і чаму не заўсёды трэба выпраўляць памылкі.

 

 Гераіня:  Ксенія Зянькова, 35 гадоў, старэйшы выкладчык кафедры дызайну, магістр мастацтвазнаўства Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, дызайнерка, музыка.

 Чым займаецца:  ладзіць «Тыдзень дызайну» для студэнтаў мастацка-графічнага факультэта ВДУ.

 

VK

 

 

Творчасць vs. педагогіка

– Большую частку жыцця я малявала, але, калі паўстала пытанне выбару прафесіі, я зразумела, што мастачкай быць не хачу, аднак хачу звязаць жыццё з творчасцю. Так паступіла ў Віцебскі тэхналагічны ўніверсітэт на спецыяльнасць «дызайн». На той момант у горадзе гэта была адзіная ўстанова, якая давала такую адукацыю. Потым кафедра дызайну адкрылася і ў Педагагічным універсітэце, і калі шукалі спецыялістаў, якія б ведалі 3D-мадэляванне, запрасілі мяне ў якасці выкладчыцы. Так я тут і засталася.

А ў 2015-м мы на кафедры арганізавалі першую выставу нашых студэнтаў. Яна была прысвечана свяцільням. На наступны год разам з маёй каляжанкай Таццянай Гурко вырашылі зрабіць нешта больш маштабнае, і так нарадзіўся праект «Тыдня дызайну», які мае не толькі творчы, але і педагагічны характар: мы ўсё ж такі выкладчыцы.

«Асноўная ідэя – стварыць творчую атмасферу, каб было весела і было што ўспомніць»

Наконт творчасці: мы хацелі ўсіх актывізаваць, унесці цікавыя змены ў жыццё, каб студэнты і кафедры дызайну, і мастацка-графічнай, і разьбы па дрэве аб’ядналіся нейкім чынам і паўзаемадзейнічалі адно з адным. Творчай працы, канешне, у нас і так хапае, але студэнты розных спецыяльнасцяў няшмат часу камунікуюць паміж сабой.

Прыдумаўшы назву «Тыдзень дызайну», мы планавалі спачатку прапанаваць удзел непасрэдна тым, хто вывучае дызайн прадметна-асяроднага наваколля, а потым падумалі, чаму б нам не папрацаваць усім: керамістам, тым, хто працуе з дрэвам, масткам. Асноўная ідэя – стварыць творчую атмасферу, каб было весела і было што ўспомніць.

Педагагічная мэта: навучыць рабят самастойнасці, бо большую частку прац яны робяць выключна самі.

 

 

«Мы разам са студэнтамі ўсё абмяркоўваем, як зрабіць лепей, што хто думае і прапаноўвае»

Хто, што, як

– У 2016 годзе удзельнічала каля ста чалавек, у 2017-м трошкі больш, а па колькасці прац увогуле дайшло да чатырохсот. І ў той раз мы ўзялі і аб’ёмны дызайн, і графічны, і мультымедыйны. У 2018-м катэгорыі былі ўжо такія: «Аб’ёмны дызайн», «Графічны дызайн», «Дызайн асяроддзя».

Не ўсе рабяты хочуць прымаць удзел, але большая частка. А тыя, хто спачатку аднекваецца, уліваюцца потым, калі бачаць, як усе іншыя працуюць. Ну і шмат хто баіцца, адчувае сабе не вельмі ўпэўнена, бо гэта хоць і ўніверсітэцкая, але ўсё ж такі выстава. Мы не прымушаем, але стымулюем.

Няма жорсткага адбору, мы бачым, што некаторыя слабей за іншых, але гэта нармальна: немагчыма адразу зрабіць шэдэўр, ды трэба спрабаваць. Таму наш праект не пра паказнік якасці дызайну. Не, гэта больш выстава вучэбных прац.

Як мы атрымліваем такую колькасць экспанатаў? У пачатку года студэнты, рыхтуючы праекты, якія абавязкова трэба зрабіць па вучэбным плане, ведаюць пра тое, што потым гэта можа пайсці і на выставу. Дарэчы, у іх адразу прачынаецца жаданне зрабіць як мага лепш, знаходзіцца матывацыя. Да таго ж яны робяць штосьці не па праграме, а ад сябе.

Пасля завяршэння тыдня частку прац разбіраюць, частка застаецца тут, у 2016-м рабяты рабілі арт-крэсла, атрымалася вельмі якасна, потым яны адаслалі яго на менскую выставу-біенале «ПОСТУЛАТ».

 

 

Праблемы, радасці і планы

– З плюсаў хацелася б адзначыць, што нечаканая колькасць людзей хоча дапамагчы, без просьбаў, самі падыходзяць, запытваюць, што могуць зрабіць. Яшчэ адзін прыемны момант – тое, што мы ўсе неяк аб’ядналіся. Я заўважаю, як хлопцы са старэйшых курсаў дапамагаюць рабіць макеты малодшым, настаўнікі яшчэ больш працуюць са студэнтамі і робяць з імі сумесныя праекты.
 
Калі ж казаць пра мінусы – нам не хапае спецыялізаванага выставачнага абсталявання. Мы, канешне, выкручваемся і даем рады сваімі сіламі: папера, скотч – добрыя памагатыя, таксама мы адкрылі для сябе такі матэрыял, як чорны спанбонд – ён паслужыў нам выдатнымі дэкарацыямі і драпіроўкай. Мы заказваем нешта са сваёй кішэні, спонсараў у нас няма. Але трошкі дапамагаюць універсітэцкі БРСМ і прафсаюз.

«Тыдзень дызайну – гэта старт»

Усе разам

– Я ніколі не займалася падобнымі праектамі, і ўсё арганізаваць адразу бывае складана. Шмат дапамогі атрымліваем ад актыўных студэнтаў і студэнтак. Наташа Дагіль, напрыклад, цікавіцца архітэктурай і ландшафтным дызайнам, дамовілася са ZROBYM, і вось у 2017 годзе ў нас была іх лекцыя. А яшчэ лекцыі-прэзентацыі ад Андрэя Бедунько, спецыяліста па аднаўляльнай энергетыцы, пра энергаэфектыўныя тэхналогіі ў будаўніцтве, ад спецыяліста па камп’ютарнай графікі Паўла Зямчонка пра шэйпавыя анімацыі і іншыя.

Таксама мы арганізоўваем майстар-класы і выступы студэнтаў: тыя, хто цікавяцца чымсьці незвычайным, што не дае адукацыйная праграма (напрыклад, фітадызайн ці хэнд-мэйд), дзеляцца досведам і ведамі з іншымі.

Мы разам са студэнтамі ўсё абмяркоўваем, як зрабіць лепей, што хто думае і прапаноўвае. Я стараюся іх слухаць і шчыра скажу, што 90 адсоткаў ідэй разглядаю і спрабую ўвасобіць у жыццё. Я лічу, што трэба працаваць у рэжыме супрацы: студэнты дзеляцца крэатывам і ідэямі, настаўнікі – вопытам.
 
Я спрабую больш давяраць рабятам і менш кантраляваць. Потым, калі здараецца нейкі касяк, у мяне запытваюць, маўляў, ты не магла сказаць, як трэба было зрабіць? А я лічу, што памылкі граюць важную ролю ў развіцці, і яны будуць бачныя чалавеку і без маіх заўваг.

«Тыдзень дызайну» – гэта старт. Студэнты могуць паспрабаваць свае сілы, а ў наступны раз даслаць працы на рэспубліканскія ці нават замежныя конкурсы, бо адразу прымаць удзел у нечым маштабным, канешне, страшна. Ды і ўвогуле, удзел у праекце дае магчымасць падрыхтаваць рэальную рэч, а не толькі макет з паперы, папрацаваць з тымі матэрыяламі, з якімі дагэтуль не сутыкаліся.

 

 

«Калі здараецца нейкі касяк, у мяне запытваюць, маўляў, ты не магла сказаць, як трэба было зрабіць? А я лічу, што памылкі граюць важную ролю ў развіцці»

Як прайшоў «Тыдзень дызайну – 2018»

– На «Тыдні дызайну – 2017» студэнты выставілі 64 (!) свяцільні, таму зноў казаць: «Рабіце, што пажадаеце» – было не варыянт. Стала ясна, што неабходна неяк накіроўваць удзельнікаў. Мы праглядзелі ў інтэрнэце сучасныя выставы дызайнераў, прыдумалі тэму прасторы і вырашылі з ёй працаваць – гэта значыць, ствараць нейкія прасторавыя, аб'ёмныя канструкцыі з падручных недарагіх матэрыялаў: драўлянага брусу, нітак, фанеры і нават поліэтылену. Але практычна ўсё засталося на ўзроўні ідэі, рэалізаваць яе мы не паспелі. Затое сёлета мы сталі актыўна развіваць тэму фірмовага стылю, і было шмат работ, прысвечаных менавіта яго распрацоўцы.

Каб адкрыццё «ТД» у нашым камерным выставачным зальчыку запомнілася лепш, мы запрасілі музычную групу. Было выдатна слухаць каверы Шаўчука ў мяккай аранжыроўцы: студэнты падпявалі і не хацелі сыходзіць на афіцыйную частку адкрыцця.

Сёлета мы запрасілі незалежнае журы з горада, дзеючых дызайнераў, педагогаў: загадчыцу кафедры дызайну і моды Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта Наталлю Абрамовіч; вядучага мастака-мадэльера абутковай кампаніі «Марка» Соф’ю Пчалко; заснавальніка дызайн-студыі GRAFIT Уладзіміра Платоненка, заснавальніцу дызайн-студыі 5D3D – і, дарэчы, нашу выпускніцу – Юльяну Сайдакову.

Заўважу, што ў 2018 годзе работ было менш звычайнага – 210, а ўдзельнікаў – 125. І  гэта зразумела: першы запал сыйшоў, студэнтам хочацца ўзмацнення матывацыі і дапамогі ў плане ідэй. Але ўвогуле «ТД» стаў болей прадуманым, прафесійным. Спікераў прыходізілі паслухаць і госці, і выкладчыкі, і загадчыкі кафедраў, і нават людзі з іншых факультэтаў.

 

 

Пра планы і перспектывы

– У наступным годзе мы хочам вылучыць асноўныя напрамкі, нейкія сучасныя тэндэнцыі, каб накіраваць студэнтаў, вызначыць канкрэтную мэту, і, вядома, быць у трэндзе. Для ўдзельнікаў гэта спросціць задачу – будзе зразумела, у якім кірунку рухацца.

Таксама важна зрабіць «ТД» больш папулярным. Пакуль пра яго ведаюць не многія, і нам не хапае людзей, якія займаліся б прасоўваннем ініцыятывы ў медыя і па іншых каналах. А самае галоўнае, чаго мы хацелі б, – гэта аб'яднаць на выставе «ТД» розныя універсітэты, каледжы Беларусі, а таксама міжнародныя ВНУ. Гэта і павысіла б ўзровень нашых работ, і зрабіла б выставу больш разнастайнай.

«Спікераў прыходізілі паслухаць і госці, і выкладчыкі, і нават людзі з іншых факультэтаў»

Фота by Таня Алiпчыкава

Матэрыял створаны ў межах сумеснай ініцыятывы Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацый, CityDog.by, 34mag.net, платформы Talaka.by і анлайн-часопіса «Имена».