Краўдфандынг дня: фільм пра Ельню
- 09.12.2019
- 6701
Улетку 34 пісаў пра электронны сэт, які планавалі адыграць, флануючы на паветраным шары над заказнікам Ельня. Дык вось, усё атрымалася, і цяпер рабяты збіраюць грошы на постпрадакшан дакументалкі пра самае вялікае верхавое балота Беларусі.
Ідэя з сэтам належыць праекту KURS:RA, каманда якога перамагла ў намінацыі «Размечтайся и сделай» ад Фонду «Добра» на конкурсе сацыяльных праектаў Social Weekend. Мэта задумы – уразіць гледачоў прыгажосцю заказніка і расказаць пра праблему асушэння балот у нашай краіне. Адмыслова для гэтай справы ў Беларусь прыляцеў з туру па Паўночнай Амерыцы дыджэй MODD. У здымках таксама паўдзельнічалі трэвел-блогер Лёня Пашкоўскі, балатазнаўца Дзмітрый Грумо, арнітолаг Аляксандр Вінчэўскі, заснавальнік праекта YelnyaTrip Дзяніс Лагун ды іншыя людзі, якім не фіялетава на стан вялізнага і прыгожага балота.
Ельня – гэта 9000-гадовае балота, якое з'яўляецца домам для безлічы раслін і 130 відаў птушак. Многія неабыякавыя чытачы цікавіліся, ці не нашкодзіць музыка ў паветры насельнікам Ельні, але рабяты з KURS:RA запэўнілі: усё было ціха і акуратна.
Прэзентаваць дакументалку і дыджэйскі сэт плануюць у Менску 13 лютага. Замовіць квіток на паказ можна на старонцы краўд-кампаніі. Запрашальнік на закрыты паказ абыдзецца ў 20 BYN. Таксама можна набыць стылёвы мерч, гарбату з ельнінскіх зёлак, паход на Ельню, лагатып сваёй кампаніі ў цітрах або штосьці яшчэ. Сабраныя сродкі пойдуць на мантаж, падрыхтоўку субцітраў на англійскай мове, а таксама распаўсюджванне фільма і арганізацыю прэм'еры.