Спіс літаратуры на лета

  • 02.06.2018
  • Аўтар: 34mag
  • 9464

34mag, як надзейны таварыш, падрыхтаваў табе вялікі спіс літаратуры на лета. Тут і дэтэктывы, і бэстсэлеры, і антыўтопіі  - трымай 34 кніжкі, якімі можна падсілкаваць сваю свядомасць.

 

5 дыхтоўных дэтэктываў     5 крутых антыўтопiй     5 выдатных біяграфій

5 бэстсэлераў апошніх гадоў     4 «прафесійныя» кнігі     4 кнігі пра актывізм

6 маст-рыд з класічнай літаратуры

 

 

 5 дыхтоўных дэтэктываў 
 

Эдгар По «Забойства на вуліцы Морг»

(The Murders in the Rue Morgue)

Уласна, апавяданне, з якога дэтэктывы пачаліся як жанр. Менавіта малады Агюст Дзюпэн стаў родапачынальнікам дэдуктыўнага метаду, якім пазней «падзяліўся» з Шэрлакам Хомсам і Эркюлем Пуаро.

 

 

Агата Крысці «Аб’яўлена забойства»

(A Murder is Announced)


 
Навошта чытаць пра міс Марпл? Таму што Агата Крысці настолькі па-майстэрску пераносіць чытача ў Брытанію першай паловы 20 стагоддзя, што табе прама хочацца запарыць гарбаты ў парцалянавым кубку з англійскімі ружамі. Але спярша пераканацца, ці не падсыпалі табе стрыхніну.

 

 

Барыс Акунін «Азазэль»

(«Азазель»)


 
Акунін – цудоўны майстар стылю. Пасля яго кніг ты часова замест «what the f*ck?» будзеш казаць «извольте, сударь». У прыдачу – выдатная дэтэктыўная гісторыя з канспіралагічнымі замашкамі.

 

 

Умберта Эка «Імя ружы»

(Il nome della Rosa)

Дэтэктыў для інтэлектуалаў ад вядомага італьянскага прафесара па семіётыцы. Тут табе і загадкавая гісторыя ў сярэднявечных дэкарацыях, і дакладная рэканструкцыя «цёмнай эпохі», і філасофскае эсэ пра сярэднявечную і сучасную культуры. Выдатнае слоў-чытво на лета.

 

 

Біл Уілінгем «Паданні: Воўк сярод нас»

(Fables: The Wolf Among Us)

Кніга коміксаў, на аснове якой ёсць яшчэ і відэагульні. Тыраны акупуюць магічныя землі, што прыводзіць да масавай міграцыі жыхароў у Амерыку, дзе яны ствараюць свой новы дзівосны свет. Пачвары-тыраны пранікаюць і сюды і, каб здавацца мірнымі жыхарамі, вымушаныя прымаць чароўнае зелле, якое называецца «гламур».

 

 

 5 крутых антыўтопiй 


 
Кадзуо Ісігуро «Не адпускай мяне»

(Never Let Me Go)

Самы папулярны твор Нобелеўскага лаўрэата па літаратуры, проста маст-рыд для любога аматара антыўтопіі. Як жыць, калі раптам даведваешся, што ты не паўнавартасны чалавек, а ўсяго толькі донар органаў? Колькі перасадак ты перажывеш? Вечныя пытанні доўгу і сацыяльнай няроўнасці – аўтар бянтэжыць класічнымі пытаннямі жанру. Будзе над чым памазгаваць на вакацыях.

 

 

Уільям Голдынг «Валадар мух»

(Lord of the Flies)

З-за авіякатастрофы на бязлюдным востраве аказваецца група дзяцей. І калі спачатку розум яшчэ дамінуе ў іх суполцы, то далей скокі ўсчынаюць глыбінныя страхі і інстынкты. Нуарная рабінзанада, якая ўскалыхвае веру ў безумоўную дабрыню чалавека.

 

 

Мішэль Уэльбэк «Пакора»

(Soumission)

Не чытаць Уэльбека – значыць не ведаць пра сучасную еўрапейскую літаратуру роўным лікам нічога. Скандальная «Пакорлівасць» падымае пытанні, пра якія многія насмельваюцца казаць толькі шэптам. Па сюжэце прафесар французскай літаратуры раптам пачынае заўважаць, што іслам, зусім далёкі ад яго жыцця, пачынае пускаць у яго свае чэпкія карэньчыкі. Чым справа скончыцца – чытай у песіміста Уэльбека. Толькі занадта моцна не ўражвайся.

 

 

Маргарэт Этвуд «Аповед служанкі»

(The Handmaid's Tale)

Вангуем, ты ўжо глядзіш другі сезон аднайменнага серыяла, і прызнаем: экранізацыя рамана вельмі крутая. Але раім вярнуцца да першакрыніцы, таму што кніга прымушае варушыцца на целе кожны валасок яшчэ мацней, чым фільм. Тым больш што гэта адна з нямногіх фемінісцкіх антыўтопіі. Пасля дзяржаўнага перавароту ў ЗША да ўлады прыходзіць ультраартадаксальны рэлігійны ўрад, а яго галоўная павестка дня – зрабіць усё для таго, каб насельніцтва краіны не працягвала імкліва скарачацца. Гвалтоўным спосабам ствараецца атрад служанак – фертыльных жанчын, якія абавязаны вырабляць нашчадкаў. Боль і страх, знявагі і гвалт, разлучаныя сям'і, пастаянныя смяротныя пакаранні, кантроль над жыццём людзей і татальная несвабода – хэпі-энду не чакай.

 

 

Альгерд Бахарэвiч «Белая муха, забойца мужчын»

Адзін з беларускіх замкаў з таго самага спісу ЮНЕСКА захоплівае банда дзёрзкіх амазонак. Адзін з палонных пазнае ў лідарцы захопніц сваё першае каханне і дзівіцца зменам у дзяўчыне: з ціхай мілкі яна ператварылася ў сапраўдную ваяўніцу, якой ёсць што прад'явіць гэтаму мужчынскаму свету. У працэсе апавядання ты даведаешся сумныя гісторыі кожнай з амазонак і зразумееш: ім было за што помсціць.

 

 

 

 5 выдатных біяграфій 

 

Яўген Тарле «Напалеон»

(«Наполеон»)

Адна з лепшых біяграфій французскага палкаводца. Падчас чытання ты настолькі натхняешся запалам маладога Банапарта, што перастаеш скроліць сацсетачкі і ідзеш вучыць кітайскую мову.

 

 

Энтані Кідзіс «Павуцінне са шнараў»

(Scar Tissue)

Нават калі ты паўторыш толькі адну старонку з таго, пра што піша ў сваіх мемуарах саліст Red Hot Chili Peppers Энтані Кідзіс, то ўжо можаш заносіць сябе ў Залу славы рок-н-ролу.

 

 

Трэвар Бэйкер «Том Ёрк. У Radiohead і сола»

(Thom Yorke – Radiohead & Trading Solo)

Першая выдадзеная біяграфія Тома Ёрка, якая датуецца 2009 годам. У ёй сабраны інтэрв'ю з аднакласнікамі, сябрамі, прадзюсарамі, музыкамі, відэамэйкерамі – усімі тымі, хто істотна паўплываў на станаўленне гэтага загадкавага хлопца з адным з самых вядомых галасоў на планеце.

 

 

Ліндэр Кані «Джоні Айв. Легендарны дызайнер Apple»

(Jony Ive. The Genius Behind Apple's Greatest Products)

Дызайнер з дыслексіяй перакуліў сусветнае ўяўленне пра тое, якімі павінны быць тэлефоны і камп’ютары: менавіта дзякуючы яму мы асабліва любім усю тэхніку, якая пачынаецца на «ай». Дарэчы, аўтар гэтай кнігі напісаў яшчэ дзве: «Унутры мозгу Стыва» (Inside Steve's Brain) і «Культ Маку» (Cult of Mac).

 

 

Браян Крэнстан «Жыццё ў ролях»

(A Life in Parts)

Калі нават летам ты не дазваляеш сабе пусціцца ва ўсе цяжкія, то хоць бы пачытай біяграфію галоўнага героя культавага серыяла Breaking Bad. Але ўсё ж рэкамендуем не забыцца пра сябе сярод чужых гісторый.

 

 

 

 5 бэстсэлераў апошніх гадоў 
 

Юваль Ной Гарары «Sapiens. Кароткая гісторыя чалавецтва»

(Sapiens: A Brief History of Humankind)

На любым свецкім раўце табе параяць прачытаць гэты важкі талмуд ізраільскага прафесара Юваля Гарары. Вучоны ў лёгкай і крыху сенсацыйнай форме ўмясціў у амаль паўтысячы старонак усю гісторыю чалавецтва, якое, на яго разуменне, прыйшло да «поспехаў» сярод іншых відаў дзякуючы сваёй здольнасці да вымыслаў: багоў, нацый, грошай і іншых калектыўных фантазмаў.

 

 

Дона Тарт «Шчыгол»

(The Goldfinch)

Выбух. Пыл. Трупы. Трынаццацігадовы хлопчык выносіць з музея карціну Карэла Фабрыцыуса – і пайшло-паехала: уцёкі з дому, махлярства, наркотыкі, забойства. І хоць гаворка ідзе пра жыццё аднаго героя, чытаецца кніга як сага. Атрымала Пулітцэра ў 2013 годзе.

 

 

Андрусь Горват «Радзiва Прудок»

Такіх смешных і цёплых дыялогаў ты не знойдзеш ні ў адной кнізе. Вядома, бо галоўныя героі апавядання – рэальныя жыхары Прудка, вёскі, куды на кліч крыві пераехаў галоўны герой рамана (ён жа – аўтар). Тут цябе чакаюць замілавальныя гісторыі пра коз, ката, градкі, вясковых жыхароў і іх наіўную шчырасць. Але за ўсімі гэтымі хіханькамі пастарайся не выпусціць глыбіню і толькі беларусам зразумелыя душэўныя стогны.

 

 

Віктар Пелевін «S.N.U.F.F.»

Пераказваць змест кніг Пялевіна – справа бессэнсоўная. Калі сцісла, то «S.N.U.F.F.» – гэта пра каханне на фоне сацыяльных катастроф.

 

 

Джонатан Франзен «Бязгрэшнасць»

(Purity)

Тонкі раман амерыканскага пісьменніка, у якім праз гісторыю дзяўчыны на імя Піп (скарочана ад П’юрыці) распавядаецца аб пранікненні віртуальнай рэальнасці ў жыццё звычайнае, пра стасункі з бацькамі, пра комплексы, грошы і нават пра журналісцкія расследаванні.

 

 

 

 4 «прафесійныя» кнігі 
 

 

Том Дэмарка «Deadline. Раман пра кіраванне праектамі»

(The Deadline: A Novel About Project Management)

Гэтую кнігу трэба чытаць таму, хто зайшоў ужо па шчыкалатку ў акіян менеджменту і сутыкнуўся з першымі хвалямі няўдач. Яна не загрузіць цябе сухой інфармацыяй і пакажа, што нават мастадонты кіравання сутыкаюцца з праблемамі. Рыхтуй нататнік, каб выпісваць best practices.
 

 

Іцхак Адзізес «Ідэальны кіраўнік»

(The Ideal Executive: Why You Cannot Be One and What To Do About It)

Класічны дапаможнік для кіраўнікоў(-ц) і менеджараў(-к), які табе параіць любы больш-менш адукаваны HR. Чытаць абавязкова, каб зразумець, што ўсюды атрымаць поспех немагчыма, а ідэальных кіраўнікоў(-ц) (як і наогул людзей) проста не існуе.

 

 

Мацей Ганапольскі «Кісла-салодкая журналістыка»

(«Кисло-сладкая журналистика»)

З'едлівая кніга ад тэлевядучага з дваццацігадовым стажам. З яе ты даведаешся, чаму не трэба ісці ў журналістыку (так кажуць усе бывалыя); як узяць інтэрв'ю і не аблажацца; якую адказнасць на сябе бярэш. Таксама аўтар прэпаруе некалькі ўстойлівых прафесійных міфаў: пра раскрыццё герояў, прэзентабельнасць і расшыфроўку тэкстаў.

 

 

Сэм Уолтан «Як я стварыў Walmart»

(Made in America: My story)

Гісторыя амерыканскай мары: як з маленькай крамы ў правінцыйным мястэчку зрабіць сусветна вядомую сетку рознічнага гандлю. Рэкамендуем для чытання не толькі прадпрымальнікам(-цам), але ўсім, хто шукае матывацыю для чаго заўгодна.

 

 

 

 4 кнігі пра актывізм 

 

Наомі Кляйн «Гэта змяняе ўсё: капіталізм супраць клімату»

(This Changes Everything: Capitalism vs. the Climate)

Перадапошняя кніга вядомай канадскай актывісткі, заўзятай праціўніцы глабалізму, выразна тлумачыць, чаму свабодны рынак – гэта не тое, што нам патрэбна, і чаму, калі мы не зменім нашу эканоміку, кліматычныя ўмовы зменяць нас. Кніга ўвайшла ў спіс бэстсэлераў, чытаецца лёгка і ўвогуле падымае свядомасць.
 
 

 

Пітэр Сінгер «Вызваленне жывёл. Новая этыка нашага абыходжання з жывёламі»

(Animal Liberation: A New Ethics for Our Treatment of Animals)

Класічны твор руху за правы жывёл. Аўстралійскі філосаф Пітэр Сінгер параўноўвае стаўленне чалавека да іншых відаў з расізмам беласкурых і заклікае распрацаваць юрыдычны бок пытання. Кніга выдадзена ў 1975 годзе і дагэтуль з’яўляецца галоўным падручнікам абаронцаў братоў нашых меншых.

 

 

Чымаманда Адзічы «Нам усім трэба быць феміністамі»

(We Should All Be Feminists)

We Should All Be Feminists – гэта не толькі слоган на цішотцы, які ты можаш убачыць на менскіх рэйвах, але і насычаны гісторыямі зборнік эсэ нігерыйскай пісьменніцы Чымаманда Адзічы. Яе называюць самай актуальнай афрыканскай аўтаркай сучаснасці, а ў Швецыі кнігу ўключаюць у школьную праграму. Твор нарадзіўся з аднайменнай прамовы на TEDx, фрагмент якой нават выкарыстала Беёнсэ ў песне «Flawless».
 

 

Харпер Лі «Забіць перасмешніка»

(To Kill a Mockingbird)

І хоць Харпер Лі не ўзбіралася на барыкады актывізму, яе «Забіць перасмешніка» – гэта адна з самых захапляльных гісторый пра расавую дыскрымінацыю, напісаная ад асобы шасцігадовай дзяўчынкі.

 

 

 

 6 маст-рыд з класічнай літаратуры 
 

 

Джон Фаўлз «Калекцыянер»

(The Collector)

Фрэдэрык замкнёны і захапляецца калекцыянаваннем матылькоў. Ён не вельмі ўмее падтрымліваць гутаркі. Закахаўшыся ў студэнтку Міранду, ён проста вырашае яе выкрасці і замкнуць у падвале свайго дома, зрабіўшы самым каштоўным экспанатам у сваёй «калекцыі». Кніга напісаная ў фармаце дзённікавых запісаў з боку Фрэдэрыка і Міранды.

 

 

Джым Кэрал «Дзённікі баскетбаліста»

(The Basketball Diaries)

Аўтабіяграфія амерыканскага пісьменніка, паэта, панка, баскетбаліста, які ў 13 гадоў падсеў на гераін. Джэк Керуак пасля чытання ўрыўкаў з кнігі сказаў: «Гэты падлетак піша лепш, чым 89% сучасных пісьменнікаў».

 

 

Эрых Марыя Рэмарк «Чорны абеліск»

(Der schwarze Obelisk)

1920-я гады, Германія, любоўная лінія, хваробы – класічныя тэгі кніг Рэмарка. Асаблівасць гэтага твора – пераклічка з аўтабіяграфічнымі фактамі з жыцця аўтара: напрыклад, галоўны герой таксама грае на аргане, працуе ў агенцтве рытуальных паслуг і ў капліцы мясцовай бальніцы.

 

 

Габрыэль Гарсія Маркес «Палкоўніку ніхто не піша»

(El coronel no tiene quien le escriba)

Аповед, напісаны цягучай, як калумбійская спёка, мовай, – тое, што трэба для прарыву эмацыйнай плаціны. Сямідзесяцігадовы палкоўнік, герой Тысячадзённай вайны, шмат гадоў чакае ліст з прызначэннем яму пенсіі. Але ліст не прыходзіць. І жыць палкоўніку з жонкай больш няма на што. Апошняя надзея мужчыны хоць нешта зарабіць – баявы певень, які праз доўгіх 45 дзён павінен уступіць у сваю першую сутычку. Акрамя сацыяльных тэм і ўсяго іншага, «Палкоўніку ніхто не піша» – гэта яшчэ і пра тое самае сапраўднае каханне ў горы і ў радасці да самай старасці. «Яе вочы колеру сіропу зірнулі проста ў яго вочы колеру сіропу» – ну хіба гэта не выдатна?

 

 

Альфрэд Бэстэр «Тыгр! Тыгр!»

(The Stars My Destination)

Фантастычны раман пра будучыню, дзе існуе тэлепартацыя, людзі асвойваюць многія планеты Сонечнай сістэмы і жывуць разам з пачварамі і вырадкамі. Галоўны герой Гулівер Фойл набывае сэнс жыцця толькі тады, калі губляецца ў адкрытым космасе, а міма пралятае карабель «Ворга-Т» і не аказвае дапамогу небараку. Гулівер ставіць сабе мэту – адпомсціць экіпажу – і для гэтага нарошчвае суперздольнасці.

 

 

Фёдар Дастаеўскі «Браты Карамазавы»

(«Братья Карамазовы»)

Завяршаем нашу падборку кнігай, якую трэба было прачытаць яшчэ на летніх вакацыях у старэйшай школе. Гісторыя завязаная на высвятленні маёмасных адносін унутры сямейства Карамазавых, але ў працэсе раскрываюцца яшчэ і тэмы Бога, маралі, свабоды.

 

КАМЕНТАРЫ (1)

L.
L. | 5.06.2018 00:18

отличный материал спасибо большое 34маг вы самые-самые!

3 0 +3